Вы тут

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы


20 верасня 1945 года першыя наведвальнiкi прыйшлi ў музей Янкi Купалы, дырэктарам якога стала Уладзiслава Францаўна Луцэвiч — жонка народнага паэта, якая прысвяцiла жыццё захаванню яго памяцi. Тая экспазiцыя знаходзiлася ў былым Доме прафсаюзаў. А ў 1959-м на месцы знiшчанага падчас вайны дома паэта паўстаў той будынак, у якiм Дзяржаўны лiтаратурны музей Янкi Купалы знаходзiцца i цяпер.

Змянялiся часы, змянялiся месцы, змянялася экспазiцыя... Але зноў i зноў вяртае да сябе дом, дзе гучыць камертон беларускай нацыi, жыве яе дух.

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi. Экскурсiю па найбольш адметных экспанатах, якiя нельга прамiнуць, для нас правядзе вучоны сакратар музея Галiна Варонава.


Макет дома, у якiм нарадзiўся Янка Купала

Перад намі выгляд дома ў Вязынцы на той момант, калi ў iм адкрыўся фiлiял музея. Сучасны яго выгляд адрознiваецца ад гэтага макета.

— Справа ў тым, што ў 1970-я да 90-годдзя з дня нараджэння Янкi Купалы, калi ствараўся Купалаўскi мемарыяльны запаведнiк, гэты дом рэканструявалi i вярнулi яму той выгляд, якi ён меў на 1882 год. Так знiкла невялiчкая прыбудова, трысцен, якая з'явiлася пасля таго, як Луцэвiчы з'ехалi з арэнды ў Вязынцы.

Цымбалы

Гэты прадмет, па сцвярджэннi Галiны Юр'еўны, заўсёды прыцягвае ўвагу наведвальнiкаў.

— Добра вядома, што музыку ў сям'i Луцэвiчаў любiлi. Мацi паэта была выдатнай спявачкай, яе нават празвалi «Бянiгна-пявуння». I бацька, Дамiнiк Ануфрыевiч, як прыходзiлi ў фальварак вандроўныя музыкi, заўсёды запрашаў тых у хату, каб ладзiлi канцэрты для дзяцей. Ды i сам Янка, паводле ўспамiнаў блiзкiх, іграў на двух музычных iнструментах — на дудачцы i на скрыпцы. Невыпадкова свой першы паэтычны зборнiк ён назваў «Жалейка».

На цымбалах, якiя можна пабачыць у экспазiцыi, Янка сам не іграў. Але яны былi знойдзеныя ў ваколiцах Вязынкi, радзiмы песняра, i па ўзросце — равеснiкi з паэтам. А дзякуючы сучасным мультымедыйным тэхналогiям у музеi вы пачуеце запiс вясельнага марша, выкананага на цымбалах.

Акно кватэры Эпiмаха-Шыпiлы

На жаль, меморый, прадметаў, якiя помняць Янку Купалу, захавалася не так шмат. Дом паэта быў разбураны, вывезцi ў эвакуацыю мала што змаглi. Але ў трэцяй зале якраз можна пабачыць адзiн з прадметаў, што памятае песняра. I гэта... акно.

— У 1909—1913 гадах Янка Купала жыў i вучыўся ў Санкт-Пецярбургу. Ён кватараваў у прафесара Бранiслава Iгнатавiча Эпiмаха-Шыпiлы, якi быў для яго i апекуном, i добрым сябрам, i першым рэдактарам. У экспазiцыi ўзноўлена частка iнтэр'ера пакоя, у якiм жыў Купала. Рэканструкцыю зрабiлi паводле здымка. Адметнасць ансамбля — аўтэнтычнае акно з дома № 45 на 4-й лiнii Васiльеўскага вострава, якое перавезлi ў наш музей ужо ў 1970-я гады, уманцiравалi, i яно стала своеасаблiвым акном у часе.

Падсвечнiк у выглядзе сфiнкса

Яшчэ адзiн рарытэт — металiчны падсвечнiк у выглядзе сфiнкса. Ён з дома мацi паэта Бянiгны Iванаўны ў фальварку Акопы, што на Лагойшчыне.

— У гэтыя прыгожыя мясцiны Купала прыязджаў амаль штогод, недзе з 1910 па 1926-ы. У Акопах раскрыўся яго талент лiрыка i драматурга. Можна ўявiць, што якраз пасля вандровак па маляўнiчых ваколiцах, пры свечцы ў гэтым падсвечнiку i нараджалiся шэдэўры. Прадмет унiкальны яшчэ i тым, што матэрыяльных успамiнаў пра Акопы захавалася мала, бо ў 1930 годзе сваякi Янкi Купалы, што жылi на гэтым хутары, а гэта сям'я яго малодшай сястры Леакадзii — сама Лёля, яе муж Юльян Раманоўскi, дзецi — трапiлi пад раскулачванне i вымушаныя былi пакiнуць свой дом назаўсёды.

Рукапiс зборнiка «Шляхам жыцця»

Старыя рукапiсы — гэта, вядома, такiя далiкатныя артэфакты, якiя не кожнаму даюць пагартаць. Але ў музеi кожны можа пагартаць рукапiс Купалы з дапамогай электроннай прылады.

— Рукапiс зборнiка «Шляхам жыцця» — вялiзны сшытак, якi паэт перадаў у выдавецкую суполку «Загляне сонца i ў наша ваконца». Гэты зборнiк лiчыцца адной з вяршынь беларускай лiрычнай паэзii.

Тэатральны макет Аскара Марыкса

У зале, прысвечанай тэатральнаму мастацтву, канешне, вочы разбягаюцца... Сцэны са спектакляў, афiшы, касцюмы, фотаздымкi, макеты...

— На маю думку, самы цiкавы з макетаў — той, што створаны Аскарам Марыксам, ён узнаўляе другую дзею пастаноўкi драмы Янкi Купалы «Раскiданае гняздо» на сцэне Першага беларускага дзяржаўнага тэатра. Янка Купала падчас працы над спектаклем даваў Марыксу парады наконт афармлення, i мастак iх выкарыстоўваў.

Аскара Марыкса, славака па паходжаннi, называюць «бацькам беларускай сцэнаграфii». Сярод iншага ён навучыў беларускiх тэатральных мастакоў метаду трохмернага тэатральнага макета, i сёння гэта распаўсюджаная практыка. Макет, на жаль, не 1920-х гадоў, ён узноўлены для музея ў 1947 годзе па просьбе першага дырэктара, Уладзiславы Францаўны Луцэвiч.

Фiлiжанка, сподак i лыжачка

Асобная зала апавядае пра мiнскае жыццё Янкi Купалы. Самае каштоўнае ў гэтай экспазiцыi, на думку Галiны Юр'еўны, — тры, здавалася б, самыя звычайныя, някiдкiя прадметы: крохкая фiлiжанка для кавы, сподак i чайная лыжачка.

— Гэта прадметы з дома Янкi Купалы на вулiцы Кастрычнiцкай, якiя ацалелi, нягледзячы на бамбёжку, што знiшчыла «дом пад таполяй». Яны былi знойдзеныя падчас будаўнiцтва сучаснага музея. Уладзiслава Францаўна Луцэвiч пазнала рэчы са свайго дома. Дарэчы, у нашых наведвальнiкаў ёсць шанец пабачыць самiм, як паэт п'е гарбату: у экспазiцыi, што ўзнаўляе iнтэр'ер яго кабiнета, з дапамогай сучасных тэхналогiй з'яўляецца «прывiд» Янкi Купалы i гучыць запiс яго голасу.

Кампазiцыя «Шлях паэта»

Вядома, нельга абмiнуць iнсталяцыю, створаную мастакамi Паўлам Вайнiцкiм i Аленай Златкавiч. Яна прысвечана таямнiцы трагiчнай смерцi Янкi Купалы, якi загiнуў у 1942 годзе ў лесвiчным пралёце гатэля «Масква». Своеасаблiвы вiр са шкла i сталi... Стары гадзiннiк, на якiм стрэлкi назаўсёды спынiлiся на палове адзiнаццатай вечара — часе смерцi паэта. Тэлефон са знятай слухаўкай — згадвалi, што Купала пакiнуў нумар Мiхася Лынькова пасля тэлефоннай размовы.

— Тут прысутнiчаюць унiкальныя меморыi. Прыступкi ракавога лесвiчнага пралёта, у якiм загiнуў Янка Купала. Фрагменты iнтэр'ера нумара 414, у якiм ён правёў апошнiя днiсвайго жыцця. Гэтыя ўнiкальныя прадметы трапiлi ў музей ужо ў XXI стагоддзi, калi ў 2004-м было прынята рашэнне аб зносе гатэля «Масква». Супрацоўнiкi музея i беларускiя дыпламаты вывезлi гэтыя экспанаты — па сутнасцi, адзiныя сведкi трагедыi. Яны не маюць свайго голасу, але зноў i зноў нагадваюць нам пра тую горкую трагедыю.

* * *

Абавязкова наведайце дом песняра... Тым больш, акрамя стацыянарнай экспазiцыi, там цяпер дзейнiчаюць надзвычай цiкавыя выстаўкi. «Мой клiч вечавы» — да 90-годдзя скульптара Льва Гумiлеўскага, якi з'яўляецца адным з аўтараў помнiка Янку Купалу ў Мiнску, а ў творчым тандэме з сынам Сяргеем стварыў помнiк паэту ў Маскве. Сярод артэфактаў можна пабачыць i макет помнiка Купалу i Коласу «Звон», якi меркавалася паставiць у Варшаве: паэты б'юць у набат. Яшчэ адна часовая выстаўка прысвечана творчасцi народнага мастака Беларусi Васiля Шаранговiча. У мiнулым годзе музей набыў сямнаццаць яго графiчных прац, прысвечаных Янку Купалу.

А ў фае музея знаходзiцца яшчэ адна незвычайная выстаўка — «Вяртанне з папялiшча», якую можна наведаць да канца верасня. Калi нядаўна ў парку Янкi Купалы праводзiлiся земляныя работы, навуковы супрацоўнiк музея Павел Каралёў знайшоў шмат артэфактаў з жыцця даваеннага Мiнска. Рэшткi кафлi, посуду, прадметы побыту... Музей чакае вас з панядзелка да суботы з 10.00 да 17.00.

Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Дом пад таполяй чакае гасцей

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.