28 кастрычніка, серада

Вы тут

З балота пад Івацэвічамі ўзнялі рэшткі бамбардзіроўшчыка і астанкі лётчыкаў


У балоцістай мясцовасці на поўдні Івацэвіцкага раёна, што на Брэстчыне, за апошняе дзесяцігоддзе не раз знаходзілі рэшткі самалётаў, збітых у баях Вялікай Айчыннай вайны. Амаль кожны раз актывістам пошуку дапамагалі сведчанні мясцовых старажылаў. Некаторыя з дзяцінства памяталі жахлівыя падрабязнасці, іншым месца падзення паказвалі бацькі. Тут ішлі жорсткія баі, асабліва ў першыя дні вайны. Шмат савецкіх лётчыкаў засталіся ў вільготнай пашчы балота.


Вось і нядаўна, у верасні, удалося ўзняць рэшткі яшчэ аднаго самалёта і даведацца аб яго экіпажы. Гэты самалёт, савецкі дальні бамбардзіроўшчык ДБ-3Ф, удзельнікі гісторыка-патрыятычна-тэхнічнага атрада «Авіяпошук-Брэст» шукалі доўгія восем гадоў. У іх была інфармацыя, што ў пойме ракі Грыўды ў 1941 годзе ўпаў самалёт. Энтузіястам пошуку гісторыю гібелі машыны расказаў жыхар вёскі Плехава Аляксандр Брыль. Праўда, Аляксандру Андрэевічу тады было ўсяго чатыры гады. Але ад бацькі ён ведаў, што самалёт падаў, пралятаючы літаральна над хатай. Яшчэ бацька ўспамінаў, што, паводле яго назіранняў, лётчыкі спрабавалі дапамагчы агнём байцам нейкага падраздзялення, каб тыя маглі выйсці з акружэння, але машына была збітая.

Аднаго з тых лётчыкаў вяскоўцы знайшлі і адразу пахавалі. А вось рэшткі машыны яшчэ тырчэлі з балота і ў 50-х, і ў 60-х гадах. Менавіта 83-гадовы Аляксандр Брыль урэшце стаў правадніком атрада на цяперашнім этапе пошукаў. Варта сказаць, што за восем гадоў раён пошукаў звузіўся. Байцы атрада праверылі мясцовасць металадэтэктарамі. І да пачатку верасня ўжо амаль дакладна ведалі месца знаходжання бамбардзіроўшчыка. Вядома, без тэхнікі падняць з зямлі тое, што засталося ад машыны, было б немагчыма. Таму па дапамогу звярнуліся ў Івацэвіцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Магутны гусенічны экскаватар падняў фрагменты самалёта. Удалося дастаць з зямлі рухавікі з нумарамі, па якіх аказалася нескладана высветліць нумар часці самалёта і членаў экіпажа.

Кіраўнік атрада «Авіяпошук-Брэст» Уладзімір Бухта звязаўся з расійскімі калегамі з атрада «Вымпел». Літаральна за некалькі хвілін з дапамогай Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі яны даведаліся, што знойдзены двухматорны самалёт быў прыпісаны да 212-га дальняга бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. Яго экіпаж не вярнуўся з выканання баявога задання 24 чэрвеня 1941 года.

На трэці дзень вайны тут, пад Івацэвічамі, загінулі камандзір звяна Іван Даўгаленка, штурман — старшы лейтэнант Васіль Савянкоў, стралок-радыст сяржант Святаслаў Сінельнікаў. Даўгаленка лічыцца пахаваным у брацкай магіле на станцыі Даманава, гэта яго цела знайшлі і пахавалі мясцовыя жыхары. Двое ж астатніх членаў экіпажа па дакументах праходзяць як зніклыя без вестак. Вельмі высокая верагоднасць, што іх косныя астанкі пошукавікі знайшлі сярод абломкаў самалёта. Далейшую работу, як і патрабуе заканадаўства, зробяць спецыялісты 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Беларусі.

...У архівах знайшліся здымкі членаў экіпажу. Яны, такія маладыя і прыгожыя, не паспелі паваяваць і загінулі. Аж да гэтай пары яны лічыліся тымі, хто не вярнуўся з баявога задання. У вайну і адразу пасля яе гэта было як кляймо, бо такія людзі заўсёды былі пад падазрэннем. «А вось цяпер праз 79 гадоў мы вярнулі ім, іх нашчадкам добрае імя. Цяпер іх праўнукі могуць з гонарам сказаць, што прадзед гераічна загінуў у баях за Радзіму», — гаворыць Уладзімір Бухта. Уладзімір мае намер стварыць музей узнятых самалётаў. Фрагменты тэхнікі захоўваюцца ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой».

Гісторыка-патрыятычна-тэхнічны атрад «Авіяпошук-Брэст» за гады існавання ўстанавіў месцы падзення дзясяткаў самалётаў, вярнуў з небыцця імёны больш чым 20 лётчыкаў, якія былі ў спісах тых, хто прапаў без вестак. Вось толькі летась у Целяханах Івацэвіцкага раёна 22 чэрвеня з вайсковай пашанай перапахавалі астанкі стралка-радзіста Іл-4 Карпа Ваўка, ураджэнца Палтаўскай вобласці. Яго знайшоў названы атрад. А літаральна праз два месяцы тут жа хавалі яшчэ аднаго знойдзенага атрадам лётчыка Голікава з Падмаскоўя. Гэта стала вынікам яшчэ адной паспяховай пошукавай аперацыі, тады зноў з балота ўзнялі самалёт. Цяпер вось — гэты бамбардзіроўшчык. Пошукі працягваюцца. Як вядома, вайна не лічыцца скончанай, пакуль не будзе пахаваны апошні салдат. Многія з іх яшчэ чакаюць вяртання сваіх добрых імёнаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: На трэці дзень вайны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.