Вы тут

Як бацька натхніў сваю маленькую дачку стварыць відэафільм пра лётчыкаў


Аляксандр Талкачоў не лётчык, але вельмі любіць тэхніку. Ён вадзіцель велікагрузнага аўто, часта бывае ў працяглых камандзіроўках удалечыні ад дома. Але калі вяртаецца, цалкам аддае сябе сям’і і сваёй 10-гадовай дачцэ. Разам яны і сняданкі гатуюць, і музыкай займаюцца, і, калі трэба, у лялькі гуляюць. Нядаўна вось самалётамі захапіліся.


Даследчыкам быць карысна

Пачалося ўсё з таго, што Віялета даведалася ад дырэктара сваёй гімназіі № 4 у Магілёве Дзмітрыя Аляксеенкі, што іх установа знаходзіцца на месцы былога аэрадрома. «Нічога сабе!» — здзівілася яна і пачала распытваць аднагодкаў, мо нехта яшчэ пра гэта ведае. Тыя, у сваю чаргу, распыталі бацькоў, але нічога істотнага даведацца не атрымалася. І тады дзяўчынка вырашыла даследаваць тэму сама. Бацькі Віялеты, якія таксама вымушаны былі прызнаць, што іх веды па гісторыі гэтага факта вельмі сціплыя, далучыліся і стварылі ўсе ўмовы, каб дзяўчынка вывучыла пытанне як мага глыбей. Яе работа «Абдымаючы неба, альбо З гісторыі магілёўскай авіяцыі» перамагла на гарадскім конкурсе дзіцячых пошукавых, творчых і даследчых работ.

Інфармацыя цалкам унікальная, ніякага, як той казаў, «Гугла». У тэксце — спасылкі на рэальных суразмоўнікаў і, як пацвярджэнне, здымкі з імі. Вядома, дзесяцігадовая дзяўчынка наўрад ці змагла б у адзіночку атрымаць такую інфармацыю і прызнаецца: бацькі паспрыялі. Але яны толькі арганізавалі гэтыя сустрэчы, каб дачка атрымала магчымасць пачуць адказы з першых вуснаў. Тата выконваў яшчэ і ролю аператара, вёў фота- і відэаздымкі.

— Гэта не першае наша даследаванне, вопыт ужо быў, — усміхаецца Аляксандр Талкачоў. — Яшчэ з дзіцячага садка мы штогод нешта даследуем, выпрабоўваем на сабе і здымаем па тэме невялічкія фільмы. Так матэрыял лепей засвойваецца і ў памяці застаюцца нашы сумесныя пошукі і адкрыцці. Па сабе ведаю, што самае карыснае — гэта разам праведзеныя хвіліны.

Аляксандр з настальгіяй успамінае сваё дзяцінства, якое прайшло ў Касцюковічах. Запомнілася, як разам з бацькамі і сям’ёй хроснага хадзілі на прыроду і адпачывалі. Вясёлы быў час. Цяпер ён сам бацька і ведае, што трэба, каб зрабіць дзіця шчаслівым.

Аляксандр з усмешкай успамінае, як яшчэ ў дзіцячым садку са сваёй жонкай Таццянай дапамагалі даследаваць дачцэ тэму пра паходжанне лялек.

— Мы нават на магілёўскую фабрыку ездзілі, дзе лялек робяць, — расказвае ён. — Жонка дамовілася, каб нам дазвол далі, і мы ўсе разам туды памчаліся. Нам усё паказалі і пра ўсё расказалі. І нават дазволілі паўдзельнічаць у творчым працэсе — уставіць ляльцы вока, яна, дарэчы, потым пайшла ў продаж.

Дыспетчарскі тэрмінал на школьным двары

Існуе меркаванне, што мужчынам больш падабаецца выхоўваць сыноў: ёсць каму перадаць свае веды, ды і інтарэсы агульныя: любоў да тэхнікі, футбола, рыбалкі, нарэшце. Аляксандр толькі паціскае плячыма. Дзяўчынкам гэта таксама ўсё цікава.

— Вядома, што хлопчыку гэтыя веды больш патрэбныя, — разважае ён. — Сам помню, як ключы падаваў тату, калі ён аўтамабіль рамантаваў. Але, калі б я сваёй Віялеце прапанаваў дапамагчы мне ў такой справе, яна, мне здаецца, таксама б справілася. Ёй усё цікава. Калі мы выязджаем на рыбалку, паказваю, як вудачку трымаць. Яна стараецца і вельмі радуецца, калі рыба клюе.

Тыя ж самалёты — таксама не зусім дзявочая справа, але Віялета цалкам прасякнулася цікавасцю да іх. Спачатку хадзілі ў абласную бібліятэку імя У. Леніна, па газетах вывучалі гісторыю магілёўскай авіяцыі. Даведаліся, што адразу ж пасля вайны на паўднёвай ускраіне абласнога цэнтра, паблізу ад вёскі Лупалава, якая цяпер з’яўляецца часткай горада, быў размешчаны аэрадром, «офісам» для якога служыла звычайная цыстэрна. У ёй была выразана адтуліна для дзвярэй, а замест мэблі доўгі час выкарыстоўваліся драўляныя скрыні.

— З дачкой мы абышлі ўсю школьную тэрыторыю 4-й гімназіі, дзе яна вучыцца, і звярнулі ўвагу на старую пабудову, — расказвае Аляксандр. — Высветлілася, што гэта адзінае, што засталося ад былога аэрапорта. Так званы дыспетчарскі тэрмінал. Сёння аэрапорт знаходзіцца за 17 кіламетраў ад горада. Мы з’ездзілі туды і распыталі начальніка Аляксея Мазурэнку пра мінулае і сучаснае гэтага авіяпрадпрыемства. А яшчэ нам пашчасціла пазнаёміцца з лётчыкам Ігарам Смотрыкавым, які прыйшоў працаваць у магілёўскую авіяцыю ў 1954 годзе.

Героі нашага часу

Не менш цікавай была экскурсія ў Магілёўскі аэраклуб імя А. Кулагіна. Лётны міні-гарадок знаходзіцца якраз за горадам. Даследчыцу з бацькамі прыняў асабіста начальнік аэраклуба Іван Касім. Ён жа паказаў гасцям базу, пазнаёміў з музеем авіятэхнікі пад адкрытым небам. На адной пляцоўцы тут суіснуюць пасажырскі Ту-134, бамбардзіроўшчык Су-24, знішчальнік Су-27, самалёты Ан-2 і пілатажны Як-52.

— Я, напэўна, уражаны не менш, чым дачка, — прызнаецца Аляксандр. — Столькі ўсяго цікавага адразу ўбачылі. Нам расказалі, якія самалёты выкарыстоўваюцца ў клубе для падрыхтоўкі парашутыстаў, лётчыкаў-спартсменаў, паказалі, якія крылатыя машыны выконваюць акрабатычныя нумары падчас гарадскіх і абласных свят. Нават дазволілі пасядзець за штурвалам Ан-2 і адчуць сябе пілотамі.

На базе аэраклуба функцыянуе спартыўная секцыя авіямадэльнага спорту, пры якой дзеці знаёмяцца з гісторыяй авіяцыі і займаюцца авіямадэліраваннем. Сямейства потым дома паспрабавала рэалізаваць свае веды. Аляксандр зрабіў драўляныя мадэлі, а Віялета — папяровыя.

Дзяўчынцы і яе бацькам пашчасціла сустрэцца ў аэраклубе з героем нашага часу Дзянісам Шкарэндам, уладальнікам высокай узнагароды — ордэна «За асабістую мужнасць». Летась, калі лётчык разам з курсантам выконваў трэніровачны палёт, на дзясятай хвіліне заглух матор. Экіпаж меў права пакінуць самалёт, але Дзяніс узяў кіраванне на сябе і не даў машыне сысці ў штопар. Цудам яны дацягнулі да аэрадрома. Падчас службовага даследавання высветлілася, што ўнутры матора адбыліся разбурэнні, пасля якіх яго ўжо нельга было завесці. Лётчык усё правільна разлічыў, і гэта выратавала і машыну, і яго з напарнікам.

Дзяўчынка так уразілася расповедам, што не магла не спытацца: «Вы ж рызыкавалі сваім жыццём, што вам перашкаджала пакінуць самалёт?» Герой сціпла адказаў: 

«У такія хвіліны спрацоўвае прафесіяналізм, што дае цвяроза ацаніць магчымасці машыны. Да таго ж была рызыка, што пакінуты намі самалёт упадзе на жылыя дамы, загінуць ні ў чым не вінаватыя людзі».

Даследаванне пераўтварылася ў кіно

Ідэя зрабіць па выніках даследавання кіно належыць таце, адзначыла Віялета ў сваёй рабоце. Аляксандр прызнаецца, што работа над тэмай аказалася настолькі захапляльнай, а фота- і відэаматэрыялу назбіралася так шмат, што ён сапраўды прапанаваў зманціраваць фільм. Атрымалася 11-хвілінная стужка з рознымі спецэфектамі, музычнымі застаўкамі, рэтрафотаздымкамі. У ім Віялета бярэ інтэрв’ю ў дырэктара гімназіі, начальніка аэрапорта, кіраўніка аэраклуба... Прычым размаўляе на роднай мове. Дарэчы, яе даследчая работа напісана таксама па-беларуску.

— Калі я паказала гэты фільм аднакласнікам, яны былі ў захапленні, — расказвае Віялета. — І мы вырашылі падзяліцца ім у сацсетках, каб людзі ведалі, якія ў нас цудоўныя лётчыкі. Тата сказаў, што гэта тэма вельмі актуальная ў Год міру і стваральнай працы.

Аляксандр дадае, што фільм пра авіяцыю ў іх дамашняй відэатэцы — адзін з самых цікавых. Ёсць таксама відэазапісы пра фабрыку ляляк, мясцовых шапавалаў. Аляксандр расказаў дачцэ, што яго дзядуля таксама валіў валёнкі. Жыў ён у вёсцы Дзяражня Касцюковіцкага раёна. Пасля сябе пакінуў шмат спецыяльнага інструменту.

— У кожнага ў родзе былі цікавыя продкі, пра якіх трэба расказваць дзецям, — лічыць Аляксандр. — Гэта нагода для гонару і вывучэння нашай гісторыі. Трэба больш знаходзіцца з дзецьмі, каб яны не сядзелі ўвесь час у сваіх гаджэтах. А яшчэ ў іх павінны быць абавязкі. Напрыклад, у нас дома тры кошкі, чарапаха і сабака Дарыда. Яе так Віялета назвала. Да ўрокаў яна паспявае яе пакарміць і пагуляць з ёй на вуліцы. Апошнім часам мы шмат падарожнічаем па Беларусі, знаёмімся са славутасцямі. Ходзім разам на плаванне, любім гатаваць. Дачка падглядзела ў інтэрнэце рэцэпт панкейк-аладак і навучыла нас іх пячы. Вельмі смачная страва.

Аляксандр лічыць, што Дзень бацькі — вельмі патрэбнае і важнае свята.

— Раней мужчын віншавалі 23 лютага, але было несправядліва, што Дзень маці ёсць, а вось Дня бацькі няма, — кажа ён. — Але ж роля бацькі ў сям’і не меншая, чым маці. Было нават крыўдна. Аднак цяпер усё стала на свае месцы. У нас ёсць законнае свята, і гэта вельмі цудоўна. Добрая нагода для таго, каб пабыць разам з сям’ёй і адзначыць гэтую прыгожую дату.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Аляксандра ТАЛКАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.