Вы тут

Кіроўца аўтакрана пасля 50 скончыў курсы пілота і на юбілей мамы прыляцеў на самаробным самалёце


Гэтую натхняльную гісторыю, якая выклікае выключна захапленне, я даведалася ад дачкі Мікалая Качана — заснавальніцы жаночага клуба «Шчасце сваімі рукамі», які існуе пры Смалявіцкім раённым цэнтры культуры, вядучай трансфармацыйных гульняў Веранікі Піванковай.


Мікалай Дзмітрыевіч побач з дачкой Веранікай каля самалёта, які ён канструяваў разам з сябрам у гаражы.

— Адзін з маіх самых яркіх успамінаў дзяцінства — як сям'ёй ездзілі на поле: мы, дзеці, запускалі ў неба паветраных змеяў, а тата — свае самалёцікі, — кажа Вераніка. — Яны хоць былі і невялікія, але мелі сапраўдны рухавік, які трэба было запраўляць бензінам.

Захапіўся канструяваннем Мікалай Качан яшчэ са школы, з 12 гадоў займаўся ў авіямадэльным гуртку, разам з іншымі хлопцамі ездзіў на зборы.

— Да 50 гадоў тата працаваў звычайным кіроўцам аўтакрана. З яго ўдзелам у 70—80-х было пабудавана шмат прамысловых будынкаў, аэрапорт Мінск-2, — распавядае Вераніка. — Калі тату споўнілася 50, я спытала ў яго: «Ці ёсць у цябе нейкая мара?» І ён прызнаўся, што ў маладосці трызніў аб небе. Казаў, што калі б пазней сустрэў маму, то стаў бы лётчыкам. Але з'явіліся дзеці і прыйшлося думаць не пра мару, а аб тым, як пракарміць сям'ю. ...І, што вы думаеце, неўзабаве пасля той размовы я выпадкова даведалася, што тата знайшоў курсы, дзе навучаюць пілотаў. Вы бы бачылі, з якім энтузіязмам ён хадзіў туды на заняткі ды рыхтаваўся да экзаменаў. У выніку паспяхова здаў іх і атрымаў пасведчанне пілота. Распавядаў, што вучыўся з людзьмі, у якіх былі свае прыватныя самалёты. Ніколі не забуду, як, калі мы з будучым мужам скакалі з парашутам, ён падтрымліваў мяне з кабіны пілота.

Нейкі час Мікалай Дзмітрыевіч працаваў у Мінскім авіяцыйным тэхнічным вучылішчы грамадзянскай авіяцыі ў канструктарскім бюро, збіраў самалёты, потым стаў інструктарам і навучаў лётнай справе курсантаў.

— Аднойчы, калі мае дзеці былі яшчэ маленькімі, мы ездзілі да таты на працу на экскурсію, гэта было вельмі цікава. Але самым незабыўным уражаннем для ўсёй нашай сям'і стаў юбілей маёй бабулі. Тата вырашыў зрабіць на 85-годдзе сваёй мамы сюрпрыз — і прыляцеў у вёску Каліта, што ў Чэрвеньскім раёне, на самаробным двухмесным самалёце. Першай справай прапанаваў пакружыць з ім над вёскай імянінніцы. Бабуля адмовілася, аб чым потым моцна шкадавала. У выніку з татам паляцела я. Гэта было нешта неверагоднае. З усёй вёскі сабраліся людзі: хто — на кані, хто — на веласіпедзе. Было такое адчуванне, што бабуля памаладзела гадоў на 20 — столькі было на яе твары захаплення, эмоцый.

— А можна мне палётаць з вашым татам? — пацікавілася я, уяўляючы, які неверагодны можа атрымацца фотарэпартаж для газеты.

— На жаль, гэта немагчыма. Тата перанёс складаныя аперацыі на галаўным мозгу. Атрымаў групу інваліднасці. Яму цяпер нельга кіраваць самалётам, — на вочы Веранікі наворочваюцца слёзы. — Тату 69. І я вельмі рада, што ён паспеў спраўдзіць мару ўсяго свайго жыцця — узняцца ў неба. Бо да 50 гадоў ён ні разу не лётаў на самалёце, нават у якасці пасажыра... Я да глыбіні душы ўдзячная тату за тое, што ён паказаў нам, сваім дзецям і ўнукам, што не трэба баяцца, што на шляху да запаветнай мары ўзрост не перашкода. Гэтая гісторыя, спадзяюся, будзе маяком не толькі для нашай смя'і, але і для ўсіх людзей, якія прачытаюць гэты артыкул.

Дарэчы, муж Веранікі Піванковай у дзяцінстве захапляўся спортам. А потым сышоў у бізнес. Шмат гадоў усю энергію і час прысвячаў рабоце. І вось, натхніўшыся ў тым ліку і прыкладам цесця, у свае 45 запісаўся на курсы, дзе навучаюць фітнес-інструктараў.

— Ён пайшоў вучыцца не для таго, каб змяніць работу, — удакладняе Вераніка. — У першую чаргу для сябе, каб павысіць узровень ведаў у гэтай тэме, бо апошнім часам ён актыўна трэніруецца ў спартзале. А яшчэ, дзякуючы нашым сямейным падарожжам па Беларусі, падчас якіх мы пазнаёміліся з рознымі цікавымі людзьмі, муж адрадзіў сваю даўнюю мару і цяпер праходзіць курсы па дайвінгу, каб атрымаць сертыфікат і паглыбляцца пад ваду ў любым пункце свету. Я яго падтрымліваю, як падтрымлівала і свайго тату, калі той ішоў да сваёй мары. Бо разумею, што для мужчыны вельмі важна мець захапленне, ад якога свецяцца вочы. Гэта дае зарад энергіі не толькі яму, але і ўсёй сям'і. У нас з мужам чацвёра дзяцей. Калі яны бачаць, што бацькі чымсьці захоплены, у іх таксама з'яўляецца патрэба чымсьці захапляцца. Бо ў іх перад вачыма ёсць жывы прыклад, які з'яўляецца падмуркам у выхаванні. Педагог і шматдзетны тата Яўген Ісачанка, ці проста дзядзька Жэня, з якім я арганізоўвала сустрэчы ў нашым горадзе, пастаянна аб гэтым кажа.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.