Як пазнаёміцца са Слуцкам бліжэй? Можна гадзінамі гуляць па яго вуліцах, можна прачытаць пра яго шмат літаратуры, а можна сумясціць прыемнае з карысным і наведаць Слуцкі краязнаўчы музей, у якім зусім нядаўна была праведзена поўная рэканструкцыя.
Суправаджаў нас па экспазіцыі загадчык філіяла «Музей этнаграфіі» дзяржаўнай установы «Слуцкі краязнаўчы музей» Валерый Ажэўскі.
— Гэта адзін з трох будынкаў канца XVІІІ стагоддзя. На жаль, у сувязі з рознымі гістарычнымі падзеямі горад, які мае тысячагадовую гісторыю, не багаты на помнікі архітэктуры, — пачаў свой аповед ён.
Узнік гэты будынак дзякуючы барону Францу Фердынанду Шталю, які ў 1797 годзе быў накіраваны ў Слуцк гараднічым.
— На той момант гэта была ўскраіна Слуцка і гэта быў яго загарадны дом, які ператварыўся ў адно з самых значных месцаў у горадзе, — тлумачыць Валерый Ажэўскі.
Пасля смерці барона гэты будынак выкарыстоўваўся па самых розных прызначэннях. Напрыклад, да рэвалюцыі тут быў павятовы дваранскі збор, а пасля — і клуб, і будаўнічая арганізацыя. Слуцкаму краязнаўчаму музею гэты помнік архітэктуры перадалі ў 1966 годзе.
Капітальнага рамонту не праводзілася з 1980-х гадоў, і будынку ўжо была неабходна рэканструкцыя, якая пачалася ў 2016 годзе. Гэта былі маштабныя рамонтныя работы. Па словах супрацоўнікаў, на месцы засталіся толькі сцены. Калі ж усё было прыведзена ў парадак, прыйшла чарга афармлення зусім новай сучаснай экспазіцыі. Напярэдадні «Культурнай сталіцы 2023 года» Слуцкі музей паўстаў поўнасцю адноўленым.
— У савецкія часы экспазіцыі ствараліся выключна паводле храналагічнага прынцыпу. Мы ж пасля рэканструкцыі вырашылі расставіць акцэнты і паказаць наш горад, у першую чаргу, праз выдатных асоб і важныя гістарычныя падзеі, прытрымліваючыся храналогіі, — дзеліцца Валерый Ажэўскі.
Так, ва ўсёй экспазіцыі адзначаны выдатныя гістарычныя асобы. У тым ліку і княгіня Анастасія Слуцкая, якую ў народзе празвалі беларускай Жаннай д’Арк.
— У пачатку 1500-х гадоў актыўна здзяйснялі набегі крымскія татары. І вось у 1505 годзе дваццацітысячная арда з’явілася пад горадам Слуцкам, — распавядае наш экскурсавод. — Горад яны цалкам спалілі, а замак узяць не змаглі. На той момант князя Сямёна Алелькавіча не было на месцы, таму абарону ўзначаліла яго жонка.
У гісторыі сярэднявечнай Беларусі гэта, мабыць, адзіны прыклад жанчыны-ваяўніцы.
Дарэчы, менавіта яна пасля спалення горада і заклала асновы планіроўкі Слуцка з рыначнай плошчай, якая цяпер з’яўляецца цэнтральнай. Случчане памятаюць гэтую легендарную жанчыну, яе помнік стаў годным упрыгожаннем замкавай гары. А яго паменшаная копія знаходзіцца ў экспазіцыі краязнаўчага музея.
Сярод сямі залаў музея ёсць асобная выстаўка, прысвечаная слуцкім паясам. Па асаблівых нагодах паказваюць арыгінальны пояс XVІІІ стагоддзя, у звычайныя дні госці музея могуць назіраць яго дакладную сучасную копію.
З’явіліся ў новай экспазіцыі і такія новаўвядзенні, як фотазона ў зале «На рубяжы стагоддзяў», у якой паказаны Слуцк канца XІX— пачатку
XX стагоддзя.
— Справа ў тым, што ў 1896 годзе сюды пераехаў з Віцебска мешчанін Самір Юхнін, які тут адкрыў фотаатэлье, — расказвае Валерый Ажэўскі. — Гэта быў адзін з самых вядомых фотамайстроў на тэрыторыі Беларусі таго часу. Менавіта дзякуючы яму захавалася вельмі шмат здымкаў з відамі Слуцка пачатку XX стагоддзя.
Зусім іншы настрой у наступнай зале, прысвечанай войнам ХІХ—XX стагоддзяў. Тут і асабістыя рэчы салдат і партызан, і спіс спаленых вёсак, і тагачасныя газеты, і шмат фотаматэрыялаў.
Працягваецца знаёмства са Случчынай сучаснай і касмічнай залай. Пры чым тут космас? Уся справа ў тым, што гэты горад па праве лічаць касмічнай сталіцай Беларусі: за ўсю гісторыю ён узгадаваў каля 30 спецыялістаў, звязаных з касмічнай тэматыкай.
Напрыклад, дзякуючы ўраджэнцу Случчыны канструктару Сямёну Козбергу адбыўся першы палёт чалавека ў космас. Менавіта яму дастаўся першы аўтограф Юрыя Гагарына пасля вяртання на Зямлю, які дагэтуль захоўваецца ў Слуцкім краязнаўчым музеі.
Завяршаецца знаёмства са Слуцкім краязнаўчым музеем — залай прыроды. Тут прадстаўлены жывёльны і раслінны свет Слуцкага краю. Для юных наведвальнікаў прадугледжана інтэрактыўная зона для правядзення музейна-педагагічных заняткаў экалагічнай накіраванасці.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».