Вы тут

Якія мастацкія фільмы паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Здымаць фільмы па матывах літаратурных твораў — гэта заўсёды выклік рэжысёра самому сабе. Бо тваю працу будуць параўноўваць з «першакрыніцай», меркаваць, наколькі ўдала ты «ажывіў» класіку. Прапануем вам звярнуць увагу на некалькі мастацкіх фільмаў, падчас прагляду якіх можна згадаць вядомыя сюжэты з кніг і адкрыць для сябе нязведаныя старонкі творчых біяграфій.


У наступную пятніцу, 25 верасня, на «Беларусь 3» гледачам прапаноўваюць кінастужку «Лёс чалавека» рэжысёра Сяргея Бандарчука. Карціна знятая ў 1959 годзе па аднайменным апавяданні Міхаіла Шолахава. Яна расказвае гісторыю рускага салдата, які ў гады вайны прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, але выстаяў і не страціў здольнасць любіць... Напачатку Вялікай Айчыннай вайны цясляр Андрэй Сакалоў разлучаецца з сям'ёй. Ужо ў першыя дні вайны ён, ранены, трапляе ў палон. Пасля, перажыўшы ўсе жахі вайны, уцякае за лінію фронту да сваіх. А ў кароткім франтавым адпачынку герой даведваецца, што яго жонка і дзве дачкі загінулі. Застаўся толькі сын, але той, на жаль, таксама гіне ў апошні дзень вайны. Прыняўшы ўсе гэтыя навіны, Андрэй знаходзіць сілы жыць далей, не скардзячыся на лёс...

Варта адзначыць, што фільм у свой час быў адзначаны шэрагам узнагарод у розных краінах свету. У самой карціне можна ўбачыць не толькі рэжысёрскі дэбют Сяргея Бандарчука, але і яго самога ў галоўнай ролі.

На канале «Культура» аўдыторыю чакаюць паказы фільма «Авадзень», рэжысёрам і выканаўцам адной з роляў у якім таксама стаў Сяргей Бандарчук. Увасабленне на экране рамана Этэль Ліліян Войніч — гэта выклад гісторыі пра студэнта Артура Бёртана (ён належаў да таемнага аб'яднання, якое мела на мэце адрадзіць Італію і вызваліць яе ад улады Аўстрыйскай імперыі). Па неасцярожнасці ён выдае сваіх сяброў уладам, за што яго аб'яўляюць здраднікам, і цяпер для хлопца — толькі адзін варыянт развіцця падзей... Пра яго даведаецеся падчас прагляду фільма ў аўторак, 22 верасня.

У пятніцу ў ранішнім і ў вячэрнім эфіры пакажуць мастацкі фільм «Атэла» рэжысёра Сяргея Юткевіча, дзе ў аснову пакладзена аднайменная трагедыя Уільяма Шэкспіра. Гісторыю кахання і рэўнасці на экране ўвасобілі ў 1955 годзе, і ў ёй мы зноў можам убачыць Сяргея Бандарчука, на гэты раз у тандэме з Ірынай Скобцавай (праз чатыры гады акцёры стварылі сям'ю і пражылі ў шчаслівым саюзе 35 гадоў, неаднаразова знімаліся разам — у карцінах «Вайна і мір», «Ціхі Дон» і іншыя). Кінакарціна была нават адзначана як «Найлепшая пастаноўка» на ІV МКФ у Канах (1956). Паразважаць на важныя тэмы і пашукаць адказы на вечныя пытанні разам са стваральнікамі кінастужкі можна будзе 25 верасня на «Культуры».

А пры жаданні даведацца больш пра жыццё і творчасць рэжысёра Бандарчука (100 гадоў з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета), не прапусціце дакументальны фільм на тэлеканале АНТ «Сусветы і войны Сяргея Бандарчука» 26 верасня.

Алена ДРАПКО

Фота з сайта kіno-teatr.ru

Загаловак у газеце: Літаратура ў новым фармаце

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.