Вы тут

Хто выступае ў фаер-шоу: артысты ці экстрэмалы?


Аб тым, што такое фаер-шоу, у наш час ведае, напэўна, кожны. Гэта маляўнічае, эмацыянальнае і па-сапраўднаму небяспечнае прадстаўленне. Шоу, у якім артысты гуляюць з агнём у прамым сэнсе слова. Для кагосьці адважныя выступоўцы, што прыручылі стыхію, здаюцца сапраўднымі героямі, а некаторыя лічаць іх вар'ятамі. Хто ж яны: артысты ці экстрэмалы? На гэтае і іншыя пытанні нам адказаў кіраўнік мінскага тэатра агню «Flаmеn» Дзмітрый Пятровіч.


Марта Разумейчык

— З гэтым экстрэмальным відам мастацтва я пазнаёміўся даўно і зусім выпадкова. Аднойчы, гуляючы па вуліцы, сустрэў фаершчыкаў, яны па-майстэрску спраўляліся з агнём. Іх трукі мяне проста скарылі, я вырашыў пагутарыць з імі і пазнаёміўся бліжэй. У выніку, убачыўшы, што мяне гэта справа зацікавіла, хлопцы прапанавалі пазаймацца з імі і павучыцца. Спачатку не аддаваў новаму захапленню шмат увагі — для мяне тое было проста хобі, але потым зацягнула, і ў выніку я стаў прафесіяналам у гэтай сферы.

З часам наш герой зразумеў, што яго жаданні і магчымасці сталі выходзіць за рамкі аднаго артыста і што ён хоча не проста быць часткай нейкага калектыву, а стварыць свой — літаральна з нуля. На шчасце, побач знаходзіліся тыя, хто падтрымаў ініцыятыву Дзмітрыя. Цяпер у яго камандзе сем артыстаў асноўнага складу, аднак колькасць можа павялічвацца ў залежнасці ад сезона.

— Пры наборы «навабранцаў» у шэрагі фаершчыкаў я звяртаю ўвагу на многія фактары. Першае — вядома ж, наяўнасць артыстызму, бо для мяне «ўтаймавальнік агню» — найперш артыст. Ён дорыць людзям шоу, зачароўвае іх, таму харызма лішняй дакладна не будзе. Акрамя таго, чалавек, які ўступіў у гэтую справу, павінен быць творчы і крэатыўны. Абсалютна ўсе нумары мы прыдумляем самастойна, і, акрамя элементаў фаер-шоу, закранаем харэаграфію і тэатральнае мастацтва, а таксама падбіраем музыку і прадумваем уласныя вобразы. Ну і, вядома ж, у нашых артыстаў проста абавязана быць «галава на плячах» і адказнасць. Бо мы круцім не праекцыяй, а сапраўдным агнём, які можа нанесці сур'ёзныя траўмы. Што датычыцца ўзросту і фізічнай падрыхтоўкі, то гэта абсалютна індывідуальна. Але я раіў бы пачынаць не раней за васямнаццаць гадоў.

У арсенале ў «вогненных» артыстаў, акрамя трукаў, маецца яшчэ мноства атрыбутаў, што выкарыстоўваюцца падчас трэніровак і выступленняў. Інвентар разнастайны, самае папулярнае — гэта паі, папросту кажучы — мячыкі на ланцугах. Акрамя гэтага, часта выкарыстоўваецца ланцуг, на якім стаіць кнот, прамочаны гаручай сумессю, ён называецца роуп-дарт. Ёсць яшчэ вееры, палмы, дабл-стаф, каметы, кубы і многае іншае. З усімі вышэйпералічанымі штукамі фаершчыкі ствараюць акрабатычныя, харэаграфічныя, тэатралізаваныя нумары. А вось адзін з самых папулярных трукаў сярод гледачоў — выдзіманне агню — Дзмітрый і яго каманда не выконваюць, нягледзячы на ўсю яго эфектнасць. Ён лічыць яго самым небяспечным і рызыкоўным сярод усіх астатніх, бо нават пры захаванні тэхнікі бяспекі могуць адбыцца неспадзяванкі.

— Наогул, захаванне тэхнікі бяспекі ў фаершчыкаў з'яўляецца прыярытэтным заняткам. Не варта забываць аб тым, што агонь усё-такі не цацка, як бы банальна гэта ні гучала, а стыхія, непадуладная чалавеку, і далёка не заўсёды яна паддаецца кантролю па нашым жаданні. На шчасце, ні ў мяне, ні ў маёй каманды сур'ёзных траўмаў не было, а ўсё таму, што пачаткоўцы праходзяць строгі інструктаж і падрыхтоўку. Пачынаць займацца «навабранцам» трэба абавязкова з трэніровачнага рэквізіту і пад наглядам вопытных артыстаў. Першыя крокі з агнём яны змогуць зрабіць ужо праз некалькі месяцаў, а праз паўгода — паспрабаваць сябе ў ролі артыста. Зрэшты, па тэрмінах усё індывідуальна, у таленавітых навучэнцаў усе гэтыя этапы могуць праходзіць хутчэй. У любым выпадку трэба абавязкова запасціся цярпеннем, стараннасцю і жаданнем працаваць над сабой.

Яўгенія Маджарава.

У прафесіі артыста вогненнага тэатра, як і ў любой іншай, ёсць свае плюсы і мінусы. У ходзе нашай гутаркі Дзмітрый не раз падкрэсліваў вартасці гэтай працы, напрыклад, незвычайнасць, магчымасць творчага развіцця і крэатыўнага мыслення, новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі і, вядома ж, адрэналін, які атрымліваеш вялізнымі дозамі пасля кожнага выступлення. А вось над недахопамі наш суразмоўнік думаў вельмі доўга.

— Мінусам можна назваць хіба што пастаянную занятасць у выхадныя і святы. Хоць з іншага боку, наша работа — гэта і ёсць пастаяннае свята! На мерапрыемствах, дзе мы выступаем, не атрымліваецца сумаваць, так што ў стане апошняга мы знаходзімся пастаянна. Фаершчыкаў нельга параўнаць з людзьмі, якія працуюць у офісе, наш занятак неверагодна цікавы і творчы. Мы не сядзім на месцы з-за раз'ездаў, пастаянна прыдумляем і спрабуем нешта новае і захапляльнае. Таму атрымліваецца, што ў маёй прафесіі для мяне няма недахопаў! (Смяецца).

У звычайны час Дзмітрый са сваёй камандай часта гастралююць па прасторах нашай краіны, таксама выязджаюць за мяжу дзяліцца з калегамі сваім вопытам. У творчым адпачынку, які здарыўся з-за напружанай эпідэміялагічнай сітуацыі, ён прыдумляе і прапрацоўвае з калектывам усё больш новых і цікавых трукаў і нумароў, каб потым з новай сілай скараць сэрцы сваіх гледачоў магіяй агню.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІV курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота дадзены суразмоўнікам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.