21 кастрычніка, серада

Вы тут

Уладзімір Пракапцоў: Грамадскае жыццё заўсёды сувымяраецца з сацыяльнымі памкненнямі грамадства


На пытанні карэспандэнта «Звязды» генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў адказаў у пярэдадзень XXVІІ Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах.


— Уладзімір Іванавіч, нядаўна ў прэс-цэнтры БелТА праходзіла традыцыйная «Экспертная серада». Гаварылі пра выклікі, якія грамадска-палітычная сітуацыя ставіць перад інтэлігенцыяй краіны...

— І я хацеў бы паўдзельнічаць у размове на гэтую тэму. Шкада, што не змог. А ўвогуле, як мне падаецца, пытанне патрэбна ставіць крыху іначай. Варта сёння дыскутаваць, разважаць пра тое, дзе месца нацыянальнай інтэлігенцыі. У стваральных дзеях ці ў акцёрскай барацьбе на вуліцах. Не, я нават не Купалаўскі тэатр маю на ўвазе і ўсё тое, што вакол яго адбываецца. Я проста думаю пра тое, што кожны крок, кожнае рашэнне тых людзей, хто адносіць сябе асабліва да творчай інтэлігенцыі, павінны быць разважлівыя, разумныя. Разбуральныя памкненні — гэта часам выглядае стыльна, смела... Так, для некага смела, можа быць, нават прыгожа, калі ўлічваць мастацкі пункт гледжання. Але што будзе пасля разбурэння і развалу?! Канешне ж, усім зразумелая рытарычнасць гэтага пытання.

— Якой вы бачыце ролю творцаў, мастакоў у шырокім плане — слова, сцэны, мастакоў як майстроў пэндзля, у грамадскім жыцці?

— Грамадскае жыццё, як і палітычнае, заўсёды сувымяраецца з сацыяльнымі памкненнямі грамадства. І адукацыя, культура займаюць сёння не апошнюю ролю ў нашай рэчаіснасці. Пагадзіцеся, і адукацыя, і культура, асветніцкая праца, навуковая работа — усе гэтыя складнікі патрабуюць уніклівай, паўсядзённай карпатлівай працы. Мітынгоўшчына тут не праходзіць. Так, кожны творца — гэта чалавек-адзінка. І, зразумела ж, варта ўлічваць яго індывідуалісцкі характар. Але ў агульнай задачы ўплываў мастацтва, культуры на грамадства нам патрэбна і агульнае разуменне мэт, нам патрэбны адзінства, кансалідацыя ў будаўніцтве суверэннай і незалежнай Беларусі.

Вось нядаўна падзеяй у нашым Нацыянальным музеі сталася выстаўка «Чырвоны код». Колер у розных работах — жывапісе, скульптуры, графіцы — зрабіўся сімвалам, які аб'ядноўвае. І гэты колер, гэтыя работы — з розных часін, розных дзесяцігоддзяў.

— Музей і вы асабіста, Уладзімір Іванавіч, надзвычай шмат робіце для захавання гістарычнай спадчыны ў галіне выяўленчага мастацтва...

— Не буду асобна спыняцца, колькі намі было зроблена па захаванні, кансервацыі Мірскага замка. Гэта частка жыцця, калі хочаце, Нацыянальнага мастацкага... Крыху звярну ўвагу на выдавецкія, кніжныя праекты, звязаныя з прапагандай гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі. Мы ўдзячны, што з музеем у добрых стасунках Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, кніжныя выдавецтвы краіны. І «Беларусь», і «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», і «Мастацкая літаратура» — з усімі гэтымі выдавецтвамі мы вельмі шмат выпусцілі розных выданняў, якія, несумненна, уплываюць на мастацкае выхаванне грамадства, якія разам уяўляюць сабою гісторыка-мастацкую бібліятэку. Дзяржава істотна паспрыяла нараджэнню гэтых кніг, а людзі творчыя, апантаныя, і выдавецкія работнікі, і нашы музейшчыкі, без лішняга шуму, без пустой валтузні, зрабілі тое, што ўжо сёння можна лічыць з'явай на дзесяцігоддзі. З дапамогай гэтых альбомаў, кніг па-новаму, болей шырока можна прачытаць лёсы В. Бялыніцкага-Бірулі, Ф. Рушчыца, іншых мастакоў, зразумець, асэнсаваць іх адносіны з грамадствам і ўладай.

— Зараз нейкая цішыня ў дачыненні да тэмы Музейнага квартала...

— Гэта ўнікальны праект. І цішыня зараз толькі інфармацыйная. Работы, далейшае праектаванне — усё працягваецца. Я асабіста ўдзячны Прэзідэнту нашай краіны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за пастаянную ўвагу да гэтай тэмы. Спадзяюся, што Музейны квартал будзе сапраўдным упрыгожваннем сталіцы Беларусі, будзе прыцягваць у Мінск яшчэ болей турыстаў з далёкага і блізкага замежжа.

— Пандэмія істотна паўплывала на новыя праекты выставачнага характару ў Нацыянальным мастацкім музеі?

— COVІD-19 на ўсё, несумненна, паўплываў. Але гэта яшчэ і выпрабаванне для культурна-асветніцкіх устаноў. Нам даводзіцца яшчэ болей генерыраваць ідэй, прыдумваць прывабных творчых праектаў. І шмат што атрымліваецца. Музей з дня ў дзень запрашае на новыя сустрэчы. Запрашаем у музей і чытачоў «Звязды»!..

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.