21 кастрычніка, серада

Вы тут

За летнія месяцы на дарогах краіны загінулі пяць дзяцей


Канец жніўня, пачатак верасня — самы небяспечны па рызыцы здзяйснення ДТЗ перыяд. Дзеці, якія цяпер вяртаюцца з адпачынку ў горад, вельмі расслабленыя, ім праблематычна сканцэнтраваць увагу і кантраляваць сітуацыю на дарозе. Таму дарослым трэба ім дапамагчы — прайсці разам да навучальнай установы і паказаць усе небяспечныя ўчасткі з інтэнсіўным аўтатранспартным рухам.


Як расказала старшы інспектар па асаблівых даручэннях галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Ганна Банадык, усяго за летнія месяцы на дарогах краіны загінулі пяць дзяцей, яшчэ 103 непаўналетніх атрымалі траўмы.

Спецыяліст адзначыла, што ў цэлым па краіне за сем месяцаў зменшылася колькасць ДТЗ з удзелам непаўналетніх. Разам з тым назіраецца невялікі рост колькасці загінулых. Са студзеня да ліпеня ў 204 дарожна-транспартных здарэннях загінулі 13 дзяцей і 212 атрымалі траўмы. З 13 загінулых 8 дзяцей былі пасажырамі транспартных сродкаў, трое — пешаходамі і двое — веласіпедыстамі.

А вось статыстыка, якая прымушае задумацца: 72 % дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх адбылося па віне кіроўцаў. Калі дзесяць гадоў таму дзеці часцей выступалі ў ролі парушальнікаў і 80 працэнтаў здарэнняў здзяйснялася па іх віне, то цяпер складваецца сітуацыя з дакладнасцю да наадварот.

99 непаўналетніх сталі ўдзельнікамі ДТЗ і атрымалі траўмы ў якасці пешаходаў (трое з іх загінулі і 96 атрымалі траўмы). Ганна Банадык звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што з 99 дзяцей 49 атрымалі траўмы на пешаходных пераходах: 33 — на нерэгуляваных і 16 — на рэгуляваных.

— Мы навучылі школьнікаў пераходзіць дарогу па пешаходным пераходзе, і цяпер вельмі шмат залежыць ад увагі кіроўцаў, якія не заўважаюць дзяцей з-за іх невысокага росту або не гатовыя да іх раптоўнага з'яўлення на дарозе, — заўважыла Ганна Банадык. — чатырнаццаць непаўналетніх пешаходаў перасякалі праезную частку па-за пешаходнымі пераходамі, дваццаць раптоўна выбеглі на дарогу, шэсць атрымалі траўмы, рухаючыся па абочыне або па краі праезнай часткі, дзевяць дзяцей былі траўміраваныя ў двары і адзін малы — на прыпынку грамадскага транспарту.

27 непаўналетніх сталі ўдзельнікамі ДТЗ у якасці веласіпедыстаў (двое загінулі і 25 — параненыя). Здараецца, хоць і не часта, што ДТЗ здзяйсняюць непаўналетнія, якія кіруюць аўтамабілем, мапедам або матацыклам.

Па словах старшага інспектара,  на працягу двух летніх месяцаў праводзіліся абследаванні вулічнай дарожнай сеткі паблізу ўстаноў дашкольнай і сярэдняй адукацыі. Асноўным выяўленым недахопам стала адсутнасць ці неналежны стан дарожных знакаў — такіх парушэнняў было больш за 2,5 тысячы. Разам з гэтым была выяўлена патрэба ва ўсталяванні штучных няроўнасцяў паблізу 170 устаноў адукацыі, тратуараў — паблізу 235 і вонкавага асвятлення — паблізу 159 устаноў адукацыі.

Ганна Банадык нагадала, што напярэдадні новага навучальнага года ў Беларусі праходзіць акцыя «Увага — дзеці!». Для прафілактыкі парушэнняў правіл дарожнага руху і забеспячэння парадку паблізу школ з 1 верасня будуць арганізаваны дзяжурствы міліцыянераў. Нарады ДПС таксама пракантралююць пропуск пешаходаў, выкананне правіл прыпынку і стаянкі, перавозкі дзяцей.

А 28 жніўня па ўсёй краіне пройдзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Будзьце прыкладам свайму дзіцяці!». Як паведаміла прадстаўнік ведамства, з мэтай прыцягнення ўвагі юных удзельнікаў дарожнага руху да транспартных сродкаў, што набліжаюцца, на момант правядзення спецмерапрыемстваў МУС рух транспартных сродкаў у светлы час сутак павінен ажыццяўляцца з уключаным блізкім святлом фар.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: ​Дзеці на дарозе: кіроўцам не расслабляцца!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.