Вы тут

Працаўладкавацца, пакуль едзе ліфт… Як маладым знайсці сваё «месца пад сонцам»


«Хадзіце на сумоўе з добрым настроем. Не зважаючы на тое, які вынік атрымаеце, вы пазнаёміцеся з вопытнымі спецыялістамі, што ўжо само па сабе вельмі карысна», — лічыць HR-менеджар, кіраўнік аддзела персаналу Qulіx Systems Наталля БУРЭЦ. Эксперт у сферы падбору кадраў ведае, як не праваліць гутарку з патэнцыйным наймальнікам наваспечаным кандыдатам, і гатовая дзяліцца сваім досведам з моладдзю.


— Па-першае, перад сумоўем трэба абмеркаваць сам-насам тыя пытанні, якія маюць для вас прыярытэтнае значэнне, — расказвае суразмоўніца. — Па-другое, спытаць у менеджара, хто будзе прысутнічаць на сустрэчы, які фармат інтэрв'ю, ці трэба нешта паўтарыць, а таксама ці патрэбны нейкія дакументы. На жаль, часта студэнты не запамінаюць назву кампаніі, тых, хто там працуе. Таму парада ўсім — трымайце пад рукой нататнік, каб не пакінуць без увагі важную інфармацыю аб патэнцыйным работадаўцы і вакансіі.

— Якія памылкі найперш перашкаджаюць юнакам і дзяўчатам падчас дзелавой размовы?

— Бывае, што кандыдаты спазняюцца на сумоўе, але не папярэджваюць аб гэтым. А трэба патэлефанаваць HR-менеджару і запытаць, ці можна перанесці сустрэчу на нейкі іншы час. Ужо падчас размовы ў кампаніі з'яўляюцца іншыя пытанні. Напрыклад, бывае, што калі спецыяліст просіць расказаць крыху пра сябе, кандыдат адказвае:
«А навошта? Я ж усё распісаў у рэзюмэ». Помніце, у вас ёсць унікальны шанц расказаць нешта цікавае, каб вас адразу запомнілі.

— Колькі ў ідэале павінна доўжыцца інтэрв'ю з кандыдатам?

— Пачынаючы з паўгадзіны, заканчваючы поўным рабочым днём. Паверце: за 20 хвілін цяжка ацаніць здольнасці і навыкі юнакоў і дзяўчат. Але некаторыя з іх думаюць, што можна справіцца і за хвілін 15. Таму, каб не апынуцца ў няёмкай сітуацыі, лепш даведацца аб гэтым у спецыяліста, з якім вы дамаўляліся на сумоўе. Іншым часам праходзіць хвілін 40, і малады чалавек пачынае нервавацца, коратка адказваць на пытанні. Цікаўлюся: «Што-небудзь здарылася?» На што атрымліваю адказ: «Ці можна хутчэй? Я спазняюся на наступнае сумоўе...» У такім выпадку становіцца незразумела, чаму кіраўнікі аддзелаў, іншыя спецыялісты выдзяляюць для кандыдата час, а ён — не можа. Калі і праходзіце дзве гутаркі ў адзін дзень, то рабіце вялікі перапынак часу паміж імі. Тады будзеце адчуваць сябе больш упэўнена.

— У многіх студэнтаў галоўнай матывацыяй работы ў пэўнай кампаніі з'яўляецца заробак. Як вы да гэтага ставіцеся?

— «Чуў, што тут добра плацяць, таму я хачу да вас». На жаль, такая сітуацыя — не рэдкасць у практыцы. Або іншая: «Гэтая вакансія мяне не вельмі задавальняе, аднак трэба з чагосьці пачынаць...» Не забывайце: кожны наймальнік хоча ўзяць у калектыў таго, хто збіраецца развівацца і доўга знаходзіцца ў кампаніі. Таму выбірайце тую спецыяльнасць, якая сапраўды вам даспадобы.

— Уявім, што кандыдат адказвае на званкі падчас сумоўя ці выходзіць з кабінета, спасылаючыся на тое, што яму вельмі трэба...

— Такія паводзіны недапушчальныя. Тэлефон павінен знаходзіцца недзе далёка ад вас, у адключаным стане, каб не адцягваць увагу ад гутаркі. Калі ўсё ж так склалася, што вельмі трэба адказаць на званок, папярэдзьце спецыялістаў загадзя. Тады ўражанне пра вас не будзе сапсавана.

— А калі негатыўна гаварыць аб папярэднім вопыце работы ў іншым месцы, аб былым работадаўцы?

— Гэта мінус кандыдату, а не колішняму босу. Патэнцыйны наймальнік слухае і думае: а што, калі праз некалькі гадоў будуць такім жа чынам адзывацца і пра яго? Дарэчы, гэта датычыцца і вучобы ва ўніверсітэце, у школе, стасункаў з рознымі людзьмі... Папярэдні вопыт шмат можа расказаць пра вас як аб прафесіянале і асобе.

— Сучасныя кампаніі праводзяць сумоўе не толькі ў звыклым фармаце, але і па тэлефоне або скайпе, выкарыстоўваюць групавое, панэльнае інтэрв'ю, калі пытанні задае не адзін спецыяліст, а некалькі, і іншыя...

— Аднак іншым часам саіскальнікі не вельмі сур'ёзна ставяцца да альтэрнатыўных фарматаў гутаркі са спецыялістамі. Маўляў, гэта толькі падрыхтоўка і можна не напружвацца. Але многія фірмы аддаюць перавагу менавіта такім спосабам правядзення сумоўя. Напрыклад, мы размаўлялі па скайпе з кандыдатам з невялікага горада ў Расіі. Ён вырашыў нас уразіць — сеў на арэлі ў двары свайго дома на фоне прыгожага краявіду. Аднак у гэты ж час яго сусед вырашыў пакасіць газон. Зразумела, што нічога не было чуваць, да таго ж па ноўтбуку хадзіў кот. Вынік: вы павінны знаходзіцца ў асобным пакоі, каб ніхто не перашкаджаў дзелавой размове.

Будзьце ветлівыя са спецыялістамі, якія дамаўляюцца з вамі аб патэнцыйным рабочым месцы. Нават калі вам нецікавая вакансія зараз, гэта не значыць, што так будзе і ў далейшым. Рэкрутары заўсёды робяць пазнакі ў спецыяльнай базе, і праз некалькі гадоў вы можаце пашкадаваць, што выбралі з патэнцыйнымі калегамі не вельмі ветлівы тон размовы.

— Знешні выгляд — важны паказчык для работадаўца ў вызначэнні выніку сумоўя?

— Кандыдаты прыходзяць на гутарку, каб уладкавацца на работу, а не каб прадэманстраваць свой стыль. Таму лепш, каб адзенне было звыклым і зручным. Калі ў паўсядзённасці не носіце касцюмы, то не варта апранаць іх на сустрэчу з наймальнікам. Бывае, што ў кампаніях прыняты дзелавы стыль — тады, напрыклад, класічныя штаны можна замяніць джынсамі, пінжак — кашуляй або світарам у мінімалістычным стылі. У дзяўчат ёсць звычка перад важнымі падзеямі наносіць яркі макіяж, выкарыстоўваць пахучыя духі. Але гэта раздражняе нюхальныя рэцэптары. Лічу, што ўсё добра, калі гэта ў меру.

Ад Наталлі дазналіся пра цікавую магчымасць зрабіць сумоўе больш паспяховым.

— Ёсць такі прыём — Elevator speech, ён шырока выкарыстоўваецца ў асяроддзі стартапаў і бізнесу, але можа быць карысны і пры пошуку работы. Яго асноўная адметная рыса — неабходнасць прадставіць сябе патэнцыйнаму працадаўцу або інвестару за абмежаваную колькасць часу, напрыклад, на працягу якога ліфт вязе пасажыраў на паверх (звычайна ад 30 да 60 секундаў). Самапрэзентацыя ў ліфце — надзейны спосаб зацікавіць вельмі занятага чалавека і працягнуць гутарку пазней у больш камфортнай абстаноўцы.

— Ёсць тое, што выклікае здзіўленне або засмучае вас пасля размовы з кандыдатамі?

— Няўменне задаваць пытанні. Часта іх у юнакоў і дзяўчат няма, а для прадстаўнікоў кампаніі гэта азначае, што і цікавасці да вакансіі, работы менавіта ў іх таксама не хапае. Навошта запрашаць такіх да сябе?... Але не трэба завучваць універсальны спіс пытанняў, які можна сустрэць на многіх сайтах у інтэрнэце. Выберыце толькі тыя, якія для вас сапраўды важныя. І яшчэ: перад сумоўем або пасля не забывайце спытаць у эйчараў, праз колькі часу вам дадуць адказ, падыходзіце вы ім ці не.

Наталля зазначае, што многія студэнты, якія хочуць працаўладкавацца ў кампанію, упэўнены: сацсеткі — гэта іх асабістая прастора. «Але гэта не так. Перад сустрэчай на сумоўі рэкрутары многіх фірмаў абавязкова праглядаюць вашы старонкі. Таму парада ўсім — перад тым, як шукаць работу, уважліва прагледзьце іх. Калі дзесьці сустракаецца нецэнзурная лексіка — з вялікай доляй верагоднасці вас не прымуць на работу, нават калі вы — прафесіянал сваёй справы».

— Якіх маладых людзей сустракаеце на сумоўі найчасцей: няўпэўненых у сабе або наадварот, тых, хто лічыць, што любое зададзенае пытанне яму па сілах?

— Прыкладна аднолькавая колькасць і тых, і іншых. Занадта самаўпэўнены звычайна кажа: «Я гэтага не ведаю, але ж не праблема адкрыць гугл і пачытаць». Зразумела, што ведаць усё немагчыма, і таму калі такая сітуацыя адбываецца раз-другі — гэта прымальна. Але не больш — веды ў галаве па той вакансіі, па якой уладкоўваецеся, быць павінны. Здараюцца і выпадкі, калі кандыдат запэўнівае нас, што ён усё чытаў, амаль усё ведае, але калі мы пачынаем «ганяць» яго па розных аспектах работы, высвятляецца, што словы не супадаюць з рэальнасцю. Або іншая справа: «Я не ведаю адказу на пытанне, магчыма, я ўвогуле нічога не ведаю, лепш пайду дадому...», — кажа юнак або дзяўчына. Але навошта так сябе не паважаць? Не вы вырашаеце, крытычнае няведанне адказу на пытанне ці не, гэта робіць ваш патэнцыйны наймальнік. Таму не настройвайцеся загадзя на дрэнны вынік.

І напрыканцы Наталля Бурэц дадала: «Вас прымаюць на работу за тое, якія вы ёсць на самай справе. Не трэба вельмі старацца, напрыклад, быць камунікабельным, калі ў жыцці вы сціплы, спакойны чалавек. Ненатуральнасць у паводзінах заўсёды кідаецца ў вочы».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена гераіняй

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.