Вы тут

На роднай мове пра гісторыю


Сярод нас многа цікавых, таленавітых, крэатыўных маладых людзей, і з адным з іх мы вас зараз пазнаёмім. Выпускнік спецыяльнасці «Гісторыя. Айчынная і ўсеагульная» гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Юрый ТАМКОВІЧ з маленства захапляецца гэтай навукай. Хлопец праводзіць экскурсіі па Мінску, здымаецца ў краязнаўчых відэароліках на YоuTubе-каналах, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сваёй навучальнай установы, мае нямала аднадумцаў.


— Першая тэматыка, якой я зацікавіўся яшчэ ў малодшых класах гімназіі, ваенная: чытаў адпаведную літаратуру, глядзеў фільмы. Да таго ж удзельнічаў у алімпіядах па гісторыі, два разы займаў першыя месцы на рэспубліканскім узроўні. Пасля вучыўся ў Ліцэі БДУ, там была вельмі добрая атмасфера, з’явіліся сябры, якія падзялялі мае захапленні. Наш клас быў гістарычнага профілю, таму з аднакласнікамі было цікава пагаварыць пра гісторыю, часам разам падарожнічалі па Беларусі. А паступленне на гістарычны факультэт БДУ стала штуршком для яшчэ большага самаразвіцця. Удзельнічаў у шматлікіх праектах, публікаваў свае матэрыялы на інтэрнэт-партале, які стварыла адна з выкладчыц нашага факультэта. Браў інтэрв’ю ў вядомых асоб нашай краіны: пісьменнікі, мастакі, артысты, акцёры... Таксама пісаў пра свае ўражанні ад вандровак па розных мясцінах Радзімы.

З пачатку пандэміі многія беларусы сталі падарожнічаць па нашай краіне. Юра кажа, што яго сябры і знаёмыя таксама актыўна пыталіся ў яго, куды лепш з’ездзіць і што паглядзець у Беларусі. «Сам я хацеў бы ў найбліжэйшым часе з’ездзіць на Палессе, да Прыпяці», — канстатуе ён.

Суразмоўнік расказаў, што яго вельмі хвалююць пытанні, звязаныя з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі... «Я шмат падарожнічаю і бачу, у якім стане культурныя аб’екты. Так, многае было адноўлена за час незалежнасці Беларусі, той жа Нясвіжскі і Мірскі замкі, але разам з тым ёсць храмы, сядзібы, старыя некропалі, якія дагэтуль маюць не вельмі прывабны выгляд, — іх можна лёгка страціць, калі не ўдзяляць ім увагі», — кажа ён.

Хлопец вядзе рубрыку на YоuTubе-канале свайго сябра, дзе расказвае цікавыя гісторыі, малавядомыя факты аб сталіцы нашай краіны. «Прыемна, што ёсць зваротная сувязь у каментарыях, гледачы хочуць бачыць мяне там часцей. Але сам не планую ствараць уласны канал, бо пакуль няма часу і жадання ў гэтым разбірацца».

А яшчэ Юра часта размаўляе на роднай мове.

— Пачаў вывучаць яе па гістарычных кнігах у гімназіі, шукаў цікавыя супольнасці, групы, пляцоўкі па інтарэсах, дзе можна папрактыкавацца размаўляць па-беларуску. А калі паступіў у Ліцэй БДУ, адчуў, што там усе вельмі любяць нашу мову і актыўна выкарыстоўваюць яе. Менавіта тады дакладна зразумеў, што буду паступаць на беларускамоўнае аддзяленне гістарычнага факультэта БДУ.

Каб паглыбіцца ў гісторыю, суразмоўнік раіць школьнікам паглядзець фільм «Выратаваць радавога Райна» Стывена Спілберга, «Трою» Вольфганга Петэрсена, «Брэсцкую крэпасць» Аляксандра Ката. «З беларускай літаратуры абавязковыя да прачытання Васіль Быкаў, напрыклад, яго аўтабіяграфія „Доўгая дарога дадому“, аповесць „Сотнікаў“ і іншыя. А таксама вершы Янкі Купалы. Быкаў і Купала — два слупы, па якіх можна зразумець, што такое Беларусь».

Зараз Юра займаецца праектам «Памяць і слава», прымеркаваным да 100-годдзя БДУ, фільмы ў рамках якога ўжо змешчаны на YоuTubе-канале гістарычнага факультэта:

— Я вядучы праекта. Праводжу экскурсіі па Вайсковых могілках Мінска, расказваю пра знакамітых дзеячаў БДУ, якія там пахаваны. З цягам часу праект ператварыўся ў цэлы рух — за год мы прыбралі 30 пахаванняў універсітэцкіх выкладчыкаў на розных могілках Мінска. Таксама рыхтую інтэрактыўную карту па міжваенным БДУ — езджу ў архівы і бібліятэкі, дзе збіраю інфармацыю. Адным словам, актыўна ўдзельнічаю ў падрыхтоўцы да святкавання стагоддзя сваёй альма-матар. Я паступіў у магістратуру, потым, магчыма, пайду ў аспірантуру. Хачу займацца навуковай дзейнасцю.

Дар’я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».