Вы тут

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?


Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. Фiзiчна прывабныя работнiкi валодаюць сацыяльнымi i камунiкатыўнымi навыкамi, якiя ўплываюць на памер iх заработнай платы. Прыгожыя людзi зарабляюць прыкладна на 12 % больш, а прывабныя брокеры па нерухомасцi прыносяць больш грошай.

Такiм людзям уласцiвая высокая ўпэўненасць у сабе i iм часцей тэлефануюць работадаўцы пасля гутарак. Прывабныя жанчыны маюць перавагi пры вядзеннi перамоваў з мужчынамi, да таго ж апошнiя больш схiльныя цярпець несправядлiвасць, калi маюць справу з прыгажунямi. Заўважана таксама, што прывабныя людзi з большай верагоднасцю будуць абраныя на дзяржаўную пасаду, а яшчэ прывабныя дырэктары павышаюць кошт акцый сваiх кампанiй. Псiхолагi называюць гэты феномен «прэмiяй прыгажосцi».


Браты-блiзняты Багданавы (цi, як iх клiчуць на радзiме ў Францыi, Igor i Grichka Bogdanoff) — адны з самых вядомых ахвяр пластыкi на планеце. Французскiя тэлевядучыя зрабiлi не адзiн дзясятак аперацый, i сёння яны выглядаюць як два монстры з фiльма жахаў.

Знешнасць пераўтвараецца ў валюту

Цi варта здзiўляцца, што эстэтычная пластычная хiрургiя з кожным годам становiцца ўсё больш папулярнай i запатрабаванай? Зоркi поп-культуры, iмкнучыся падтрымаць веру ў казачнасць свайго жыцця, iмкнуцца да недасяжнага iдэалу цела. Актрысы, мадэлi, тэлевядучыя, шоўмены, чыя прафесiя моцна залежыць ад знешнасцi, ствараюць моду на ўдасканаленне цела i адначасова становяцца яе ахвярамi. Змяненнi ў знешнасцi, нават калi тыя аказалiся няўдалымi, становяцца iнфармацыйнымi нагодамi. Вобразы фрыкаў хоць выклiкаюць здзiўленне, але адначасова адкрываюць iм шлях на тэлеэкраны i старонкi часопiсаў.

Самымi запатрабаванымi ў свеце лiчацца аперацыi па павелiчэннi грудзей, следам iдзе рынапластыка (карэкцыя носа), на трэцiм месцы — падцяжка твару. Але ў кожнай канкрэтнай краiне ёсць свае асаблiвасцi: калi ў Венесуэле хударлявыя далiкатныя подыумныя мадэлi робяць грудзi памеру D, то ў Iране, дзе жанчыны вымушаны прыкрываць адзеннем цела i валасы, на першае месца выходзiць рынапластыка, а ў ААЭ — аперацыi, накiраваныя на паляпшэнне контураў цела. Дарэчы, урад Бразiлii адмянiў падатак на пластычныя аперацыi, апелюючы да таго, што яны непасрэдна ўплываюць на фiзiчнае i псiхiчнае здароўе, а таму павiнны быць даступныя ўсiм.

Хачу вусны, як у Анджалiны Джалi

«Медыцынскiя тэхналогii i знешнасць чалавека: чаму мы iмкнёмся да фiзiчнай прыгажосцi?» — анлайн-дыскусiю на гэту тэму iнiцыяваў Рэспублiканскi цэнтр бiяэтыкi.

— Што такое фiзiчная прыгажосць? Цi ёсць межы для ўдасканалення знешнасцi? Што павiнен сказаць спецыялiст, калi бачыць бессэнсоўнасць i нават шкоднасць змен, на якiх настойвае пацыент? I цi ёсць адваротны бок у працэсу змянення знешнасцi? — акрэслiла праблемнае поле дыскусii кiраўнiк Рэспублiканскага цэнтра бiяэтыкi, дацэнт кафедры грамадскага здароўя i аховы здароўя БелМАПА Валерыя САКОЛЬЧЫК. — Калi ў мяне ёсць грошы i я хачу стаць сацыяльна паспяховым чалавекам, гэта азначае, што я магу перароблiваць сваё цела пастаянна, пакуль дазваляюць сродкi, цi ўсё ж такi мне трэба ў нейкi момант спынiцца? А хто ўвогуле ўстанаўлiвае каноны прыгажосцi? Цi не атрымаецца так, што ў будучынi знешнасць чалавека стане вынiкам работы пластычных хiрургаў i генетыкаў, якiя будуць карэктаваць наша цела? А, можа, усё ж такi ёсць сэнс захаваць нашу натуральнасць i разнастайнасць?

— На мой погляд, у грамадстве адбылася пераацэнка каштоўнасцяў, чаму ў немалой ступенi паспрыялi сацыяльныя сеткi i сродкi масавай iнфармацыi, — падзялiўся сваiм бачаннем сiтуацыi ўрач-хiрург Мiнскага навукова-практычнага цэнтра хiрургii, транспланталогii i гематалогi Яўген КОТАЎ. — Людзi шмат часу праводзяць у «Iнстаграме», дзе нас ацэньваюць па знешнасцi. Iдзе сапраўдная барацьба за «лайкi». Мы чакаем знешняй ацэнкi: ад калег, сяброў, фанатаў i гэтак далей. Мы вельмi залежныя ад нашага акружэння. Знешнасць выйшла на першы план i стала пэўным iнструментам для вымярэння нашага сацыяльнага статусу i фiнансавых магчымасцяў. I калi зазiрнуць у будучыню, мяркую, што гэта тэндэнцыя будзе толькi ўзмацняцца, хоць бы таму, што з'яўляюцца новыя тэхналогii i магчымасцi, пластычная хiрургiя iмклiва развiваецца i становiцца ўсё больш даступнай.

Прагрэс цывiлiзацыi змянiў толькi спосабы дасягнення мэт: калi ў XIX стагоддзi асiную талiю забяспечваў тугi гарсэт, то ў XXI стагоддзi — аперацыя па выдаленнi рэбраў. Каб убачыць, да чаго прыводзiць дыктат знешнасцi, даведзены да абсалюту, дастаткова паглядзець на Паўднёвую Карэю, дзе пануюць жорсткiя стандарты прыгажосцi, настолькi суровыя, што знешнасць выкарыстоўваецца як iнструмент у канкурэнтнай барацьбе пры прыёме на работу нароўнi з прафесiйнымi навыкамi. У краiне неверагодна распаўсюджаная пластычная хiрургiя: хоць бы аднойчы пластычную аперацыю рабiла кожная пятая яе жыхарка... А ў сучаснай Японii, напрыклад, увайшлi ў моду хiрургiчныя аперацыi, якiя забяспечваюць клiентцы... ямачкi на шчоках падчас усмешкi.

Нацягнуць, зрэзаць, «засунуць» iмпланты, каб «гарманiзаваць знешнасць» цi «стаць падобнай на якую-небудзь вядомую асобу», — гэта рэальнасць, навязаная рэкламай i модай. Ёсць тэндэнцыя, якая насцярожвае: пад нож пластычнага хiрурга ўсё часцей кладуцца здаровыя i прывабныя маладыя жанчыны, а дзяўчаты-падлеткi чакаюць дасягнення паўналецця, каб зрабiць вусны «як у Анджалiны Джалi» цi грудзi «як у Мэрылiн Манро».

Дачка цяперашняга прэзідэнта ЗША Іванка Трамп выглядае міла і прыемна. Праўда, яе амаль ідэальны жаноцкі профіль стаў вынікам вельмі якаснай пластычнай хірургіі.

«Давайце зробiм нешта...»

— Сувязь памiж фiзiчнай прывабнасцю i поспехам абсалютна вiдавочная, — канстатуе Валерыя Сакольчык. — Але калi зазiрнуць у «Iнстаграм», то там усе атрымлiваюцца аднолькава прыгожыя: ва ўсiх падобныя вусны, грудзi, валасы... А куды падзелася iндывiдуальнасць? Няўжо яна ўжо зусiм не цэнiцца? Мы зараз стройнымi шэрагамi iдзём да грамадства аднолькавых людзей i, што самае страшнае для мяне, — усе будуць аднолькава прыгожыя. Ад гэтай прыкрасцi воку нельга будзе адпачыць: усюды адны толькi лялькi Барбi... Хто вырашае, якi павiнен быць прыгожы чалавек? Няўжо толькi спецыялiсты ў пластычнай хiрургii?

— Пластычная хiрургiя сёння iмкнецца якраз да натуральнасцi i анатамiчнай дасканаласцi, — запэўнiвае ўрач мiнскай Гарадской бальнiцы хуткай медыцынскай дапамогi, хiрург-камбустыёлаг i пластычны хiрург Iгар ШПIЛЕЎСКI. — Яна аб'ядноўвае два вялiкiя кiрункi: рэканструкцыйна-аднаўленчую i эстэтычную хiрургiю. Першая накiравана на змяншэнне або выпраўленне нейкiх прыроджаных дэфектаў або дэфектаў знешнасцi ў вынiку атрыманых траўмаў: такiя людзi не адчуваюць сябе ўпэўненымi i iм праблематычна сацыялiзавацца ў грамадстве. А эстэтычная хiрургiя — гэта iмкненне да дасканаласцi. У розных краiнах каноны прыгажосцi — розныя, і кожны з нас можа ўкладваць розны сэнс у гэта паняцце. Таму задача пластычнага хiрурга — не спрабаваць змясцiць чалавека ў пэўныя агульнапрызнаныя рамкi прыгажосцi, а зразумець, чаго ён хоча? Як ён сябе бачыць? Чаму вырашыўся на кардынальныя змены?

Часцей за ўсё да пластычных хiрургаў звяртаюцца людзi ва ўзросце 35+, якiя разумеюць, што iх штосьцi не задавальняе ў знешнасцi. Прычым растлумачыць свой намер яны не заўсёды могуць, прыходзяць i кажуць: «Давайце зробiм нешта, каб было прыгожа». Спецыялiст у пластычнай хiрургii павiнен мець вялiкi аб'ём ведаў, у тым лiку ў сумежных спецыяльнасцях, каб прапанаваць клiенту пералiк нейкiх умяшанняў, растлумачыць iх перавагi i рызыкi. Мая задача — расказаць пра ўсе метады, а вырашаць ужо будзе чалавек сам. Вялiкая частка адказнасцi кладзецца на пацыента. Майстэрства пластычнага хiрурга заключаецца не толькi ва ўменнi «працаваць з нажом», а яшчэ i ва ўменнi размаўляць з людзьмi, тлумачыць iм, падмацоўваючы свае словы нейкiмi данымi. Калi я бачу, што не магу дапамагчы чалавеку дасягнуць таго, да чаго ён iмкнецца, то адпраўляю яго да iншага спецыялiста.

Ёсць пацыенты, якiя ставяць iмпланты, а менш чым праз год iм выдаляюць. I хоць усе падпiсваюць згоду на хiрургiчнае ўмяшанне, урач аказваецца памiж двух агнёў: спачатку ў чалавека было жаданне штосьцi змянiць, а потым — жаданне вярнуць усё назад. Ёсць катэгорыi пацыентаў, якiя сумняваюцца, i пластычны хiрург не бярэцца штосьцi рабiць, калi чалавек не саспеў у сваiм рашэннi. Да слова, у Беларусi любая пластычная аперацыя праходзiць без бальнiчнага, бо размова iдзе не пра здароўе, а пра эстэтыку, што прымушае чалавека яшчэ раз задумацца.

Кінастужка  «Дзевяць з паловай тыдняў» імгненна зрабіла Мікі Рурка сэкс-сімвалам Галівуда і самым высокааплатным акцёрам 80-х. Аднак, спрабуючы выправіць недахопы на твары, атрыманыя ў выніку спартыўных траўмаў, калісьці адзін з самых прывабных мужчын  змяніў сваю знешнасць да непазнавальнасці.

Эстэтычная медыцына — сфера паслуг

— Я, канешне, схiляюся перад майстэрствам пластычных хiрургаў, якiя робяць цуды, але сама працую з людзьмi i разумею, што калi чалавек не ведае, чаго ён хоча, то яго трэба проста гнаць. Вельмi высокая верагоднасць таго, што з цягам часу ён будзе шкадаваць пра тое, што настаяў на «ўдасканаленнi» нейкай часткi свайго цела, — падкрэслiвае ўрач хуткай дапамогi Ала СКЛIФАСОЎСКАЯ-НЯХАЙЧЫК. — Ведаю хлопца, якi быў незадаволены ўласным падбародкам: лiчыў, што той у яго недастаткова мужны. У вынiку праз тры гады вярнуўся, каб выдалiць iмплант, бо «ў яго змянiліся псiхалогiя i мэты ў жыццi», сказаў, што гэта было памылковае рашэнне. У выпадках калi чалавек кiруецца нейкiмi эмоцыямi, калi ён псiхалагiчна няўстойлiвы, не саспеў у сваiх думках i не ведае дакладна, чаго ён хоча, пластычныя хiрургi павiнны думаць найперш не пра грошы, якiя могуць зарабiць, а пра наступствы для няспелай асобы. Тым больш што ў выпадку незадаволенасцi вынiкам пластычнай аперацыi псiхалагiчны стан чалавека можа толькi пагоршыцца. У Германii да работы з пацыентам, якi патрабуе, скажам, змянення формы носа, тут жа падключаюцца i псiхолаг, i псiхiятр.

Часам захапленне пластычнымi аперацыямi пераходзiць усе магчымыя i немагчымыя межы. Павялiчыўшы грудзi, жанчына хоча выправiць форму носа, падцягнуць павекi, пазбавiцца ад тлушчу на клубах цi жываце. Часта парушаюцца прапорцыi твару, але аматараў штучнай прыгажосцi гэта не спыняе. У такiм выпадку можна гаварыць ужо аб псiхалагiчнай залежнасцi...

Назапашана шмат даследаванняў, якiя пацвярджаюць: некаторым жанчынам пластыка насамрэч дапамагае дасягнуць вышынь у жыццi, але бум пластычнай хiрургii стымулюе як сацыяльную несправядлiвасць у адносiнах да прадстаўнiц слабага полу, так i неўрозы. Стаўка на эстэтычную медыцыну як панацэю якраз пацвярджае, што сацыяльны статус жанчын па-ранейшаму залежыць ад знешнiх параметраў у большай ступенi, чым у мужчын. Рашучасць слабага полу легчы пад нож выключна дзеля павышэння сваiх шанцаў на зацвярджэнне ў грамадстве вядзе як да замацавання завышаных патрабаванняў да знешнасцi дам, так i да росту колькасцi тых з iх, хто сыходзiць з дыстанцыi гонкi за поспехам. Кошт такой гонкi — рост колькасцi неўрозаў i дэпрэсiй, якiя доўжацца гадамi.

— А цi не маем мы справу з дыскрымiнацыяй? Калi ў мяне ёсць грошы, я магу бясконца фiзiчна ўдасканальвацца, стаць прыгожай i паспяховай, але ж такiя магчымасцi даступныя далёка не ўсiм? — задала ўдзельнiкам дыскусii зусiм не рытарычнае пытанне Валерыя Сакольчык. — I яшчэ я думаю, што кiравацца чужымi пажаданням трэба вельмi асцярожна. А пластычны хiрург павiнен быць не столькi дарадцам, колькi выканаўцам: працаваць з чалавекам, якi хоча змянiць знешнасць, павiнен найперш псiхолаг. На жаль, але пластычная хiрургiя ўсё больш ператвараецца ў сферу паслуг. Звычайнаму хiрургу ты не можаш навязваць сваё меркаванне, а пластычнаму ўказваеш: тут мне павялiчце, тут паменшыце, а тут адрэжце...

Дарэчы, усялякае дзеянне спараджае супрацьдзеянне. I ўсё больш жанчын лiчаць, што быць падкрэслена жаноцкай, залiшне дагледжанай — не модна, непрыстойна i нават сорамна. Сiлу набiрае рух «За сапраўдны знешнi выгляд». Актрысы пратэстуюць супраць «глыбокай» апрацоўкi фатаграфiй, якiя з'яўляюцца ў гламурных часопiсах: параўноўваючы сябе з бездакорнымi «адфаташопленымi» прыгажунямi, звычайныя жанчыны пачынаюць камплексаваць i прысвячаюць сваё жыццё барацьбе за недасяжны iдэал.

— Намi кiруе нездаровы культ маладосцi, — лiчыць Эма Томпсан. — У 60 гадоў усе iмкнуцца выглядаць на 30!

Падобныя погляды нярэдка выказвала i знакамiтая амерыканка, галоўная гераiня фiльма «Красуня» Джулiя Робертс, якая ўпарта адмаўляецца нават ад «бяскрыўдных» уколаў ботакса.

— Мне вельмi цiкава, якая я стану ў старасцi, — кажа Джулiя. — Я хачу, каб мой твар расказваў маю гiсторыю, i гэта не павiнна быць гiсторыя пра тое, што я схадзiла да пластычнага хiрурга!

— Я лiчу, што ўсе жанчыны павiнны прыкладаць максiмум намаганняў, каб падоўжыць маладосць, але пластычная хiрургiя робiць усiх аднолькавымi, — выказалася i Сальма Хаек. — Маршчын на твары быццам бы i няма, але ён не становiцца ад гэтага прыгожы.

Надзея НIКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Прэмія прыгажосці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.