Вы тут

Якiя каштоўнасцi захоўвае Беларускi дзяржаўны архiў-музей лiтаратуры i мастацтва?


Вiзiтоўка юбiляра

Сёння гэта ўстанова з'яўляецца сапраўднай культурнай скарбнiцай. За 60 гадоў iснавання Беларускi дзяржаўны архiў-музей лiтаратуры i мастацтва сабраў больш за 520 фондаў i калекцый. Яны створаны на аснове асабiстых архiваў выдатных асоб, а таксама дакументаў творчых саюзаў, выдавецтваў, тэатраў, рэдакцый часопiсаў i газет, Беларускага музея iмя Iвана Луцкевiча ў Вiльнi, кiнастудыi «Беларусьфiльм», Белдзяржфiлармонii, Беларускай акадэмii музыкi i iншых. Напрыклад, тут можна папрацаваць з асабiстымi архiвамi i зборамi пiсьменнiкаў Я. Купалы, Я. Коласа, А. Адамовiча, М. Гарэцкага, В. Быкава, У. Караткевiча, кампазiтараў А. Багатырова, Г. Вагнера, Я. Глебава, В. Залатарова, Ю. Семянякi; акцёраў i рэжысёраў Г. Абуховiч, А. Кiстава, А. Клiмавай, Г. Макаравай, П. Малчанава, Б. Платонава, К. Саннiкава, С. Станюты, У. Уладамiрскага, Р. Янкоўскага; спевакоў Л. Александроўскай, I. Балоцiна, С. Друкер, М. Забэйды-Сумiцкага, Р. Млодак; мастакоў i скульптараў I. Ахрэмчыка, В. Волкава, А. Глебава, А. Грубэ, А. Кашкурэвiча, А. Марыкса, С. Селiханава, А. Тычыны i многiх iншых.


Архiў-музей захоўвае рарытэты, датаваныя ХIХ — пачаткам ХХ стагоддзя. Гэта рукапiс другой часткi «Беларускага архiва старажытных грамат», падрыхтаваны I. Грыгаровiчам (1825 год); рукапiсная «Беларуская хрэстаматыя» 1889 года, якую «сабраў i ўлажыў Бранiслаў Эпiмах-Шыпiла»; запiсная кнiжка сям'i Кастравiцкiх, у якой захоўвалiся лiсткi з аўтографамi паўстанцаў 1863 года (спачатку яна належала дзеду, пасля бацьку i нарэшце пiсьменнiку, мастаку, грамадскаму дзеячу Казiмiру Кастравiцкаму — Карусю Каганцу); бiяграфiчныя дакументы Цёткi; рукапiсны часопiс беларускiх студэнтаў-нарадавольцаў «Гоман» (1884); лiст М. Шагала свайму настаўнiку Ю. Пэну з Парыжа (1927—1928) i iншыя дакументы. Сярод многiх унiкальных кнiг i выданняў, якiя захоўвае архiў-музей — газеты «Наша доля», «Наша нiва», «Вольная Беларусь», «Звон»; часопiсы «Маладняк», «Узвышша»; стараверская перадрукоўка Псалтыра 1645 года, выкананая ў 1849 годзе, восем выданняў (пачынаючы з 1898 года) паэмы «Тарас на Парнасе», першыя выданнi твораў М. Багдановiча, Я. Купалы, Я. Коласа,кнiгi В. Ластоўскага, Я. Лёсiка i многiя iншыя.

У музейным фондзе каля тысячы прадметаў дзеячаў лiтаратуры, культуры, мастацтва: вазы, карцiны, фалерыстыка (узнагароды), строi, якiя належалi выканаўцам народных песень, тут набярэцца цэлая калекцыя друкарскiх машынак i гадзiннiкаў, захоўваюцца музычныя iнструменты В. Яфiмава, М. Шнэйдэрмана, В. Скорабагатава.

Адным з найбуйнейшых сховiшчаў дакументальных крынiц па гiсторыi лiтаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра i музыкi Беларусi карыстаюцца айчынныя i замежныя даследчыкi. БДАМЛМ супрацоўнiчае з многiмi беларускiмi i замежнымi ўстановамi, удзельнiчае ў рэспублiканскiх i мiжнародных канферэнцыях, выдае дакументальныя зборнiкi.

Гiсторыя

Доўгi час у Беларусi архiўныя ўстановы не камплектавалiся асабiстымi архiвамi, унiкальныя дакументы, фатаграфii, рукапiсы, рэдкiя выданнi, што захоўвалiся ў прыватных уладаннях, маглi гiнуць. Шмат рукапiсаў ляжала ў шафах лiтаратурна-мастацкiх часопiсаў i газет. Шафы бясконца папаўнялiся i паўстала пытанне, што з гэтым рабiць, бо такiя зборы нельга было аднесцi да афiцыйных дакументаў, але ж яны мелi каштоўнасць — так i з'явiлася думка аб стварэннi спецыялiзаванага архiва. 9 чэрвеня 1960 года такая ўстанова была створана пастановай Савета Мiнiстраў БССР.

У гэтым жа годзе ў межах узаемаабмену дакументамi памiж нацыянальнымi рэспублiкамi ў Беларусь паступiла частка архiўных дакументаў Беларускага музея iмя Iвана Луцкевiча, створанага калiсьцi ў Вiльнi. Дзякуючы старанням братоў Луцкевiчаў былi захаваны вельмi значныя часткi асабiстых архiваў Цёткi, Тарашкевiча, Ластоўскага, Жаўрыда, асобныя рукапiсы Купалы i Коласа, Бядулi, Канстанцыi Буйло i многiх iншых. На вялiкi жаль, гэты музей быў лiквiдаваны ў 1945 годзе, а яго архiўныя фонды падзелены, частка з iх засталася ў Лiтве.

Пачалося выяўленне крынiц камплектавання дакументамi асабiстага паходжання. Архiвiсты шукалi спадчыннiкаў, хто мог валодаць такiмi дакументамi, працаваць непасрэдна з самiмi фондастваральнiкамi — старэйшымi пiсьменнiкамi, кампазiтарамi, мастакамi. Але людзi гатовы былi перадаваць не толькi дакументы, але i рэчы. На той час творчых музеяў было няшмат. I архiвiсты ўзялi на сябе абавязак збiраць i рэчы, якiя належалi вядомым, выдатным асобам i ў будучым маглi б дапоўнiць, упрыгожыць любую музейную калекцыю. У 1976 годзе была прынята пастанова Савета мiнiстраў, падмацаваная рашэннем ЦК КПБ (па ўспамiнах старэйшых супрацоўнiкаў, сам Пётр Машэраў да гэтага прычынiўся), па стварэннi архiва-музея. Нават была задума падабраць у горадзе будынак з выставачнымi заламi, але яна не рэалiзаваная i дагэтуль. Установа так i засталася музеем-сховiшчам, але яе скарбы запатрабаваныя. Напрыклад, у БДАМЛМ захоўваюцца асабiстыя фонды мастакоў, эскiзы для многiх вядомых карцiн. Так, сама работа Волкава «Мiнск. 3 лiпеня 1944 года» знаходзiцца ў экспазiцыi Нацыянальнага мастацкага музея, а эскiзы дэталяў, герояў карцiны i дакументы мастака зберагае Беларускi дзяржаўны архiў-музей лiтаратуры i мастацтва. Дзякуючы копiям i муляжам, зробленым на аснове захаваных тут скарбаў, многiя музеi (у тым лiку краязнаўчыя, школьныя) могуць папаўняць свае экспазiцыi, ствараць часовыя выстаўкi.

Некранутая спадчына?

— Пошук i збiранне каштоўных дакументаў нiколi не спыняецца?

— Мы працуем з дакументамi, якiя да нас паступаюць, вывучаем адрасы на канвертах карэспандэнтаў, чытаем успамiны, газетныя публiкацыi, сустракаемся з людзьмi, якiя былi знаёмыя з дзеячамi лiтаратуры i мастацтва, могуць даць нам адрас пэўнай крынiцы, — расказвае дырэктар Беларускага дзяржаўнага архiва-музея Ганна Запартыка. — I гэтыя пошукi не толькi ў межах Беларусi. Сёння многа фондаў, якiя створаны дзякуючы захаваным асабiстым архiвам, сабраным, па сутнасцi, з усiх рэспублiк былога СССР. Яшчэ ў 70—80-я гады архiвiсты многа падарожнiчалi, перапiсвалiся, атрымлiвалi дакументы. З Яраслаўля прывезлi рэчы i архiў сям'i Багдановiча, з Саратава — архiў Язэпа Дылы, з Ташкента — Сцяпана Лiхадзiеўскага, з Масквы — Адама Бабарэкi, Аляксея Каўкi, Ларысы Аляксеевай. З Санкт-Пецярбурга паступiў унiкальны, адзiн з самых вялiкiх, архiў Лукаша Бэндэ, дзе ёсць уласныя рукапiсы, фатаграфii i асабiстыя дакументы i цэлая калекцыя сабраных iм дакументаў дзеячаў лiтаратуры i мастацтва ад сярэдзiны ХIХ стагоддзя да 1940-х гадоў. Там ёсць копii i шмат арыгiналаў, рукапiсы Максiма Гарэцкага, Паўлюка Труса, Аркадзя Куляшова i многiх iншых. З Латвii прыйшлi архiвы паэта Пятра Сакола, з Польшчы — Сакрата Яновiча, Юрыя Туронка. Былi паступленнi з Вялiкабрытанii, Злучаных Штатаў, Аўстралii. Трэба выказаць удзячнасць усiм, хто нам дапамагае камплектаваць фонды, — Вiтаўту Кiпелю, Янку Запруднiку, Адаму Мальдзiсу.

— Дзякуючы архiву можна ўбачыць творы пiсьменнiкаў, некранутыя цэнзурай. Цi моцна яны могуць рознiцца ад таго, што было надрукавана?

— Такiм узорам несупадзення можа быць, напрыклад «Эпитафия без елея. Страницы воспоминаний партизана» лiтаратуразнаўца Навума Перкiна. У свой час успамiны друкавалiся, але былi моцна адцэнзураваныя, арыгiнал вельмi пацярпеў. У 2013 годзе з нашага архiва ўзяты арыгiнал рукапiсу i выдадзены. У зборнiку «Над хвалямi Серабранкi», якi падрыхтаваны дзякуючы асабiстаму архiву Iвана Козела, некаторыя з яго п'ес можна пабачыць упершыню. Iнстытут лiтаратуры пры падрыхтоўцы збору твораў абавязкова працуе ў архiве. Важна прасачыць тэксталагiчныя змены, абазначыць у каментарыях, гэта неабходна для спасцiжэння творчай лабараторыi пiсьменнiка. Зараз супрацоўнiкi Iнстытута лiтаратуры працуюць з фондам Янкi Брыля, раней такая работа вялася з фондамi Iвана Шамякiна, Iвана Навуменкi, Iвана Мележа.

— На якi час яшчэ даследчыкам хопiць работы з архiўнымi дакументамi? Якiя тэмы наогул не раскрытыя?

— Калi я прыйшла ў архiў на работу адразу пасля вучобы ва ўнiверсiтэце, адчула, як мала мы ведаем пра нашу лiтаратуру. Наколькi яна была «шматнаселеная»! Мы мелi не толькi магутны лес, але i падлесак, якi не паспеў рэалiзаваць свае магчымасцi, талент. Адным аўтарам перашкодзiлi рэпрэсii, другiм — вайна. Калi Янка Брыль гаварыў, што ў яго было пасведчанне пiсьменнiка пад нумарам 6, ад гэтага станавiлася крыху жахлiва. Цi хто задумваўся, чаму пiсьменнiкаў было так мала ў пасляваенны час? Калi мне трэба было заглыбляцца ў праблемы камплектавання, чытаць даведнiкi i бясконца ўдакладняць бiяграфiчныя звесткi, я раптам заўважыла, што многiя пiсьменнiкi апынулiся на новабудоўлях Сiбiры, Далёкага Усходу, Поўначы. Многiя з iх не былi ўзноўлены ў членстве Саюза пiсьменнiкаў, хоць у тыя часы гэта было вызначальным, але архiвiсты старалiся як мага болей захаваць, наш музей-архiў камплектаваўся i такiмi фондамi. Пра многiх асоб сталi ўспамiнаць толькi ў канцы 80—90-х гадоў. Сёння iх iмёны вядомыя. Iх фонды ёсць у нас, яны запатрабаваныя даследчыкамi, тымi, хто вывучае гiсторыю лiтаратуры, працуе ў акадэмiчных iнстытутах, на кафедрах гуманiтарных ВНУ, краязнаўцамi. Студэнты пiшуць курсавыя i дыпломныя на базе дакументаў, якiя захоўваюць фонды.

Сёння можна разглядаць многiя праблемы i пад iншымi ракурсамi. Трэба вывучаць у комплексе ўласна гiсторыю, паўсядзённасць, жыццё грамадства на пэўным адрэзку часу, канкрэтную асобу пiсьменнiка. А гэта i ёсць уплывы на лiтаратуру, на жанры, на сюжэты i г. д. Калi пачнём ствараць сваю энцыклапедыю лёсаў, разгорнутых, панарамных даследаванняў, мы зможам зацiкавiць i сучаснага чытача, i наступныя пакаленнi нашай лiтаратурай. Яна вельмi багатая. Даследаваннi павiнны быць сучасныя, з улiкам тых дакументаў, якiя сёння адкрытыя. Лiтаратура становiцца iншай, але тое, што было ў нашай гiсторыi, мы павiнны вывучаць: выдаваць кнiгi, зборы твораў, каб не забываць, не разрываць гэтыя перыяды, пакаленнi.

— Але разрыў адбыўся. Кнiгi знiшчалiся, часопiсы i выданнi забiралi з бiблiятэк. Многiя асобы проста не паспелi выдаць свае творы. Пэўны час мы не ведалi пра iснаванне некаторых пiсьменнiкаў, пэўнай лiтаратуры. Што сёння робiцца для таго, каб лiквiдаваць прабелы?

— У двух тамах, якiя падрыхтавалi супрацоўнiкi архiва, прысвечаных Адаму Бабарэку, вялiкая колькасць рукапiсаў апублiкавана ўпершыню. Гэта выдатны лiтаратурны крытык, фiлосаф, паэт. Ён тлумачыў сучаснаму чытачу творы Кузьмы Чорнага, Язэпа Пушчы, Уладзiмiра Дубоўкi, даносiў нацыянальную iдэйную значнасць. Да таго, як яго асабiсты архiў паступiў да нас, рэдкiя людзi маглi бачыць цi меркаваць, што захавалiся працы — не толькi тыя, што выйшлi ва «Узвышшы» цi «Маладняку», але i тое, чаго крытык не змог апублiкаваць, пра што толькi марыў. Гэта i тыя тэксты, якiя былi напiсаны iм у высылцы ў 1930-я гады, перапiска.

У нас ладзiцца многа выставак. На экскурсii прыходзяць студэнты i школьнiкi. Пра кожны з фондаў можна рабiць асобныя перадачы. Мы рыхтуем зборнiкi. «Сцежкамi жыцця» — архiў Паўлiны Мядзёлкi, вядомай дзяячкi беларускага адраджэння. Пад адной кнiжнай вокладкай таксама можна знайсцi цэлы архiўны збор Зоськi Верас, у свой час яго перадала сама пiсьменнiца з Вiльнi. У нас захавалiся выданнi 20-х гадоў з працамi Усевалада Iгнатоўскага, дзякуючы чаму мы змаглi падрыхтаваць адпаведны зборнiк. Разам з супрацоўнiкамi Акадэмii музыкi працавалi над кнiгай, у якой сабраны ўспамiны пра Анатоля Багатырова i рэдкiя фатаграфii i дакументы, якiя былi перададзены ў архiў яго спадчыннiкамi. На падставе нотных рукапiсаў, якiя знаходзяцца ў розных фондах, выдадзены «Творы беларускiх кампазiтараў ХIХ—ХХ стагоддзяў».

— Сучасныя тэхналогii дапамагаюць вяртаць спадчыну?

— Так, мы працуем з цэлым светам. Калi выяўляем дакументы, якiя датычацца жыцця i дзейнасцi нашых пiсьменнiкаў, у дзяржаўным сховiшчы iншай краiны стараемся атрымаць электронныя копii. Копii могуць паступаць i ад прыватных асоб. Напрыклад, дзякуючы сям'i сябра Уладзiмiра Караткевiча Фларыяна Няўважнага, мы атрымалi каштоўныя электронныя копii. Але сёння на 98 працэнтаў наша праца звязана з папяровымi дакументамi. Зараз разбiраецца агромнiсты (да 100 архiўных скрынак) фонд Рыгора Барадулiна, апрацаваны фонд Генадзя Бураўкiна. Разбiраецца архiў Нiла Гiлевiча. Паступаюць да нас архiвы многiх сучасных дзеячаў. Сямён Букчын прыходзiць да нас, можа расказаць багата цiкавых гiсторый, пракансультаваць. Гэта вельмi добра, калi мы можам працаваць з самiм фондастваральнiкам. Праца з традыцыйнымi папяровымi дакументамi яшчэ не хутка сыдзе з архiўнай практыкi.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Як зазiрнуць у рукапiсы класiкаў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.