Вы тут

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай


«Здыму лецішча пад Мінскам, не далей за 50 кіламетраў ад МКАД. Пажадана з выгодамі ў доме. Маляўнічае месца, лес і вадаём паблізу вітаецца. Разгледжу ўсе варыянты. Выберу нядорага». Так выглядае аб'ява ў інтэрнэце маладой сям'і ці пары, якія зразумелі, што сёлета адпачываць за мяжу яны, хутчэй за ўсё, не паедуць. Вось толькі «нядорага» ва ўсіх рознае...


Усплёск быў крыху раней, але і даражэй

Гэтай вясной на рынку арэнды жылля ў сталіцы з'явіўся новы трэнд: многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Традыцыйна ў сярэдзіне вясны актывізуюцца арандатары загараднага жылля на летні перыяд, але ў гэтым сезоне такіх кліентаў стала яшчэ больш. Сёння да спажыўцоў, якія шукаюць дом на лета для сябе і сваёй сям'і, дадаліся і тыя, хто сур'ёзна разглядае «фазэнду» як месца для ізаляцыі ад вялікай колькасці людзей. А вось летась асаблівага ўсплёску попыту на арэнду загараднай нерухомасці не назіралася. І  калі параўнаць май гэтага года з маем мінулага, то можна смела сказаць, што попыт узрос больш чым на 40 %.

Як адзначыла начальнік аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая, пераважна новымі жыхарамі вёскі сталі прадстаўнікі бізнесу, якія могуць працаваць на дыстанцыі. Яны разглядаюць варыянты паблізу Мінска, куды можна замовіць дастаўку прадуктаў і іншых неабходных тавараў, — напрыклад, Бараўляны, Калодзішчы, Гарадзішча. Там можна заставацца побач з усёй неабходнай інфраструктурай, у першую чаргу з паліклінікамі і медыцынскімі цэнтрамі, і пры гэтым звесці да мінімуму кантакты.

Але добраўпарадкаваныя дачы, прыстасаваныя для здачы ў арэнду цэлы год, каштуюць шалёных грошай. Вось, напрыклад, невялікі і просценькі гасцявы домік побач з сасновым борам за сем кіламетраў ад Мінска каштуе 840 рублёў у месяц — як вам? Вадаём непадалёк, ёсць інтэрнэт і нават абсталяванае месца для шашлыкоў. Здаецца на лета, але трэба ўнесці перадаплату за два месяцы. У каго такія грошы сёння лішнія?

Купляем і арандуем па мінімуме

З-за пандэміі многія перагледзелі стаўленне да каштоўнасцяў. Нам зноў сталі даспадобы ўласны ўчастак, дом, агарод. Па словах дырэктара агенцтва нерухомасці «Загарадны дом і кватэрны цэнтр» Уладзіміра ЧАРНУШЭВІЧА, у прыгарадзе Мінска назіраецца высокі сезонны попыт на загарадную нерухомасць. З-за ранняй вясны дачы пачалі актыўна прадавацца яшчэ ў сакавіку. Пік продажаў прыйшоўся на красавік—май. Многія захацелі перабрацца з гарадоў бліжэй да прыроды — людзі спадзяюцца перачакаць там пандэмію. Назіраецца цікавая тэндэнцыя — уласнікі дач скасоўваюць дагаворы аб продажы, таму што вырашаюць захаваць за сабой домік, які стаў раптам патрэбны ім самім.

Пакупнікі ў асноўным арыентуюцца на недарагія дачы цаной ад 5 тысяч да 10 тысяч долараў. Больш капітальныя пабудовы з санвузлом у доме і лазняй каштуюць цяпер да 25—30 тысяч «зялёных».

Павышаны попыт на недарагія дачы сведчыць аб зніжэнні пакупной здольнасці. Цяпер амаль усе хочуць арандаваць дачу з мінімальнай цаной — да 100 долараў у месяц. За гэтыя грошы кліент хоча ўтульны домік з усімі выгодамі, абавязкова з нармальнай каналізацыяй і пажадана падключанай пральнай машынай. Вось тут і сутыкаецца сфера пажаданняў з рэальнасцю. На рынку сёння дастаткова недарагіх дач (200—300 рублёў у месяц), але яны амаль усе з камфортам сябруюць толькі напалову. Туалет у іх, як правіла, на вуліцы. Мыць рэчы давядзецца ўручную, а інтэрнэт, як і якасная сотавая сувязь, ёсць не заўсёды і не ўсюды. Пра гарачую ваду даводзіцца толькі марыць.

У глуш, далей ад людзей

Усё большай папулярнасцю ў гарадскіх людзей карыстаюцца «мядзведжыя куты» — так на рыэлтарскай мове называюцца асобна размешчаныя ўчасткі ў ціхіх адасобленых месцах: зносіны з прыродай і мінімум кантактаў з людзьмі.

У былыя часы кліенты пры выбары ўчастка перш за ўсё кіраваліся такім крытэрыем, як адлегласць. Было важна, каб «кут» размяшчаўся недалёка ад горада. Лецішча разглядалася як дом выхаднога дня. Але стаўленне беларусаў да гэтага пытання мяняецца. Людзі пачынаюць разглядаць дачу або загарадны дом не толькі як месца адпачынку ў выхадныя дні, але і як месца правядзення сезоннага адпачынку.

Дача стала месцам, дзе ёсць асабістая прастора па абодва бакі ўваходных дзвярэй. Там прасцей перажыць ізаляцыю. Лягчэй трымаць дыстанцыю ў два метры, ды і ў дваццаць пры жаданні не складаней.

Пад Віцебскам, у краі азёр, яшчэ можна знайсці адносна недарагія пасутачныя дачы. Зусім сціплыя бунгала будуць каштаваць ад 5 да 10 рублёў у суткі на чалавека. На Браслаўскіх азёрах звычайныя дачныя домікі прапануюцца ўжо за 15—17 рублёў у суткі. Там жа, але каля возера з лодкай для рыбалкі, з лазняй, саўнай, з дзіцячай пляцоўкай арэнда будзе ацэньвацца з разліку 20 рублёў на чалавека ў суткі.

Ёсць тут, праўда, і шыкоўныя дамы на берагах азёр — па 120 рублёў у суткі. Але даражэй за ўсё будуць дамы ў скандынаўскім стылі з вялізнымі вокнамі, якія выходзяць на Мінскае мора, за 8500 рублёў у месяц. Здзівілі і некаторыя дачы за 40 кіламетраў ад Мінска: выглядаюць нармальна, але не цудоўна, а арэнда каштуе 700—900 рублёў у месяц. Многія з катэджаў, якія знаходзяцца пад Мінскам, выглядаюць шыкоўна, як і іх кошт. Попыт нараджае прапанову: раней яны не здаваліся.

Амаль або зусім бясплатна

Адзначым яшчэ адзін значны фактар — гэта транспартныя зносіны паміж домам і дачай. Калі ў вас няма асабістага аўтамабіля, а ў абранае месца трэба дабірацца амаль гадзіну на электрычцы і яшчэ трохі на перапоўненым аўтобусе...

Дарэчы, менавіта з прычыны падобных нязручнасцяў асобныя ўласнікі прапануюць вельмі апетытныя ўмовы арэнды. Напрыклад, каля Капыля ёсць наогул бясплатнае асобнае жыллё, якое прапануюць за догляд і сімвалічныя грошы (10 рублёў у месяц). У аб'яве так і гаворыцца: «Здам доўгатэрмінова дом у невялікай вёсцы (90 кіламетраў ад Мінска). Пажадана пара ці мужчына, у якога рукі растуць з правільнага месца. Дом просты, вясковы, без выгод. Сад, агарод, возера, лес — усё ёсць. Проста месца дзікае — крама ў суседняй вёсцы».

Дачамі цікавяцца практычна ўсе

— Традыцыйна вясной мы назіраем павышаны попыт у сегменце загараднай нерухомасці, — кажа аналітык партала realt.by Арцём Сахарэвіч. — Гэта адлюстроўвае статыстыка наведванняў адпаведнага раздзела на партале. Сёлета ў красавіку наведвальнасць радзела вырасла амаль удвая супраць звычайнага — рэкордны вынік за ўсю гісторыю. Гэта значыць, на рынку павышаная актыўнасць. На думку спецыяліста, людзі звяртаюць увагу на невялікія ўчасткі, дзе можна было б пераседзець вірусны крызіс. Пакупнік прад'яўляе менш патрабаванняў да якасці хаткі — важнейшы сам факт яе наяўнасці.

Сяргей КУРКАЧ

Фота: okidoki.ru

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.