Вы тут

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў


Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца. Свае ўспамiны ў рэдакцыю даслаў мiнчанiн Георгiй Арлоў. Ён нарадзiўся ў 1924 годзе на Барысаўшчыне. Падчас вайны партызанiў. У мiрны час, ужо ў 1951-м, скончыў Беларускi полiтэхнiчны iнстытут, пасля чаго шчыраваў на нiве сельскай гаспадаркi. Кандыдат тэхнiчных навук. Па кар'ернай лесвiцы дайшоў да пасады першага намеснiка дырэктара Усесаюзнага навукова-даследчага i тэхналагiчнага iнстытута механiзацыi сельскай гаспадаркi, быў дацэнтам Беларускага iнстытута механiзацыi сельскай гаспадаркi. Аўтар 60 навуковых прац, мае пяць пасведчанняў на вынаходнiцтвы.


Аповед Георгiя Арлова пра партызанскiя аперацыi з першых вуснаў мы i прапануем сёння.

* * *

14 чэрвеня 1941 года адбыўся наш выпускны вечар у сярэдняй школе № 1 горада Барысава. Здавалася б, атэстат сталасцi цяпер у кiшэнi i з iм адкрыты ўсе шляхi да цiкавага жыцця i далейшай вучобы. Марам, аднак, не наканавана было спраўдзiцца. Праз тыдзень пачалася Вялiкая Айчынная.

Яшчэ перад вайной мы ведалi, што фашызм наш люты вораг. Першыя месяцы акупацыi нашых гарадоў i вёсак пацвердзiлi гэта. Пачалiся арышты i расстрэлы. У лагерах ваеннапалонных сотнямi i тысячамi марылi галоднай смерцю, куды людзей гналi калонамi i забiвалi тых, хто фiзiчна не быў у стане iсцi. Моладзь гналi ў Германiю на катаржныя работы на заводах i ваенных будоўлях, дзе яны памiралi ад голаду i хвароб. Замест памерлых прывозiлi iншую партыю. Сцены дамоў i пабудоў стракацелi аб'явамi з пагрозай расстрэлу пры непадпарадкаваннi ўладам «новага парадку», за хаванне былых чырвонаармейцаў i камандзiраў, праслухоўванне радыё...

У такiх умовах дзейнiчаў наш партызанскi атрад iмя Фрунзэ ў Барысаўскiм, Халопенiцкiм, Крупскiм, Бягомльскiм раёнах. Адносiўся ён да брыгады iмя Кiрава.

Наша сям'я сышла туды ў адну з летнiх начэй 1943 года з вёскi Неманiца, што месцiцца за сем кiламетраў ад Барысава. Агулам нас было каля дваццацi сем'яў — мы, Арловы, Ясюкi, Ляўданскiя, Клiмковiчы, Хоравы, Буйло, Бяганскiя, Паляковы, Серафiмовiчы... На жаль, праз столькi гадоў ужо не памятаю ўсе прозвiшчы. Сышлi мы, кiнуўшы хаты, увесь скарб, жывёлу. Паклалi толькi на вазы самае неабходнае i... пайшлi ў цемру, у смяротную небяспеку. Мы пакiдалi вёску з вялiкай рызыкай быць схопленымi ўжо на гэтым этапе, бо, акрамя палiцэйскага гарнiзона, сюды прыйшла нямецкая часць з фронту. Таму прабiралiся ўначы агародамi.

У найблiжэйшым лесе нас сустрэў камiсар атрада Iгнат Панкевiч з групай партызанаў, якiя ведалi дарогу ў атрад па кантралюемай немцамi тэрыторыi. Цяжкi шлях заняў ажно трое сутак. Iшлi мы начамi па лесе, бездаражы, увесь час рызыкуючы патрапiць на варожыя засады, абыходзячы гарнiзоны. Ад стомы падалi жанчыны, дзецi, конi. Але нейкiм цудам усё ж атрымалася вывезцi з палiцэйскага гарнiзона ў вёсцы амаль усю зброю i боепрыпасы. Пасля трох сутак дарогi, знясiленыя, мы прыбылi на базу атрада. Месцiлася яна на адным з астравоў сярод балот каля возера Палiк i фактычна ўяўляла сабой групу зямлянак.

Такiм чынам, мы прыйшлi ў атрад не з пустымi рукамi. I партызаны мелi ў зброi вельмi вялiкую патрэбу. З нас, неманiцкiх, быў утвораны асобны трэцi ўзвод атрада. Яшчэ два былi створаны з уцекачоў з нямецкага палону армейцаў i з дэсантнiкаў.

Неўзабаве мы выйшлi ў знаёмыя родныя мясцiны на першае баявое заданне. На шашы Мiнск — Масква за месяц засадных баёў i раптоўных нападаў пры дапамозе супрацьтанкавых гранат i пры падтрымцы агнём з вiнтовак i кулямётаў было знiшчана 27 нямецкiх аўтамашын. Я ўваходзiў у дыверсiйную групу, якая складалася з шасцi чалавек. На балоцiстым участку шашы Мiнск — Масква за пяць кiламетраў ад Барысава быў узарваны мост-труба. Аб'езды мы загадзя замiнiравалi. Нямецкiя машыны накiравалiся туды i... падарвалiся на мiнах. Рух на некалькi начных гадзiн быў сарваны на самай важнай для працiўнiка транспартнай артэрыi да фронту.

Падчас гэтага ж выхаду атрада на баявыя дзеяннi ў наваколлi пад Барысавам мы з сябрам па школе атрымалi тол i ўзрывальнiк, тут жа ў лесе змайстравалi самаробную мiну, пайшлi па знаёмых са школьных гадоў дарожках на заданне. Устанавiлi на грунтовай дарозе мiну, на якой крыху пасля падарвалася нямецкая аўтамашына з салдатамi. Хаваючыся ад патрулёў, выразалi вялiкi кавалак наземнага тэлефоннага дроту, у некалькiх месцах адкапалi i перарэзалi шматжыльны падземны кабель. Пасля аказалася, што тым самым мы на некалькi гадзiн перапынiлi сувязь стаўкi Гiтлера з Цэнтральным фронтам. Пасля вяртання атрада на базу нам была аб'яўлена падзяка з далейшым прадстаўленнем да ўрадавай узнагароды.

Мы зрывалi работу нямецкай акупацыйнай адмiнiстрацыi, вялi баi з карнiкамi, якiя спрабавалi прарвацца ў партызанскую зону, разграмiлi два палiцэйскiя гарнiзоны, вялi разведку з перадачай звестак па рацыi за лiнiю фронту. Дзякуючы iснаванню партызанскiх зон доўгi час з многiх вёсак немцы не маглi адправiць у Германiю на прымусовыя работы цi ў канцлагер нiводнага чалавека.

...12 красавiка 1944 года наш атрад разам з iншымi падраздзяленнямi брыгады правёў паспяховы бой з немцамi каля вёскi Сялец. Брыгадай было знiшчана каля 100 гiтлераўцаў. На нашым участку разгарэўся самы жорсткi блiзкi бой. Я ўдзельнiчаў у iм у якасцi кулямётчыка. Нямецкая куля зачапiла мяне.

Увогуле, да лета 1944 года ў нямецкiм тыле ў Беларусi дзейнiчала ўжо шматтысячная партызанская армiя. Яна стварала пастаянную вялiкую пагрозу ўдару па нямецкай лiнii абароны «ззаду». Нямецкае камандаванне перакiнула на барацьбу з партызанамi некалькi дывiзiй. Вораг быў узброены моцна, i таму мы з баямi адыходзiлi да возера Палiк. У блакадных баях у балотах скончылiся боепрыпасы, не было харчавання, медыкаментаў.

Рабiць нiчога iншага не заставалася, i наша брыгада вырашыла iсцi на прарыў. Але радыст злавiў у эфiры вестку пра тое, што пачалася аперацыя «Баграцiён». Мы выйшлi да дарогi Халопенiчы—Бягомль, каб атакаваць нямецкiя часцi. Але замест чарговага бою адбылася сустрэча з перадавымi танкавымi часцямi Чырвонай Армii. Яны свабодна прайшлi па нашай партызанскай зоне, каб акружыць немцаў пад Мiнскам — партызаны не далi фашыстам пабудаваць умацаваннi. Было гэта 28 чэрвеня 1944 года.

Разам са мной ваяваў i бацька, Васiль Нiчыпаравiч Арлоў. Камандзiр атрада Мiкалай Курсевiч ў асабiстым лiсце па ўлiку партызанскiх кадраў запiсаў: «Знаходзячыся ў партызанскiм атрадзе, таварыш Арлоў В. М. да даручаных заданняў ставiўся добрасумленна. Удзельнiчаў у баях атрада ў Барысаўскiм раёне на магiстралi Масква — Мiнск у кастрычнiку 1943 года. А таксама ў лютым 1944 года ўдзельнiчаў i вызначыўся ў баях супраць карнай экспедыцыi пад вёскамi Жартай i Макееўшчына. Адданы справе вызвалення Радзiмы ад нямецкiх акупантаў».

Бацька ў дзень сустрэчы з часцямi Чырвонай Армii знаходзiўся не ў атрадзе. Ён накiраваў дакладную камандзiру з партызанам, якi вяртаўся ў атрад, i пайшоў разам з нашымi салдатамi бiць ворага далей. У часы Грамадзянскай вайны ён быў артылерыстам, досвед тых часоў спатрэбiўся i праз чвэрць стагоддзя. Толькi цяпер ён ужо адбiваў атакi танкаў. У адным з лiстоў-трыкутнiкаў бацька з фронту пiсаў: «Ляжу на дне акопа. Артылерыйскi налёт. Атрасаю з лiста пясок i зямлю ад разрыву снарадаў i пiшу». Чыталi мы гэты лiст, i рукi дрыжалi — а цi не накрыў пры чарговым артналёце нейкi снарад акоп з бацькам. Тройчы ён быў паранены, у тым лiку цяжка — падчас штурму Кёнiгсберга.

Разам з усiмi пераможцамi вярнуўся да любiмай жонкi i дзяцей. На групавым здымку бацька ў пiлотцы ў другiм шэрагу. Побач — мама i сястра. Мой брат Саша перад вайной знаходзiўся на лячэннi ў санаторыi ў Еўпаторыi, што месцiцца ў Крыме. Морам, а потым пешшу праз Каўказскiя горы падлеткаў пераправiлi далей ад баявых дзеянняў. Ён пайшоў працаваць на нафтапромыслы ў Азербайджане. Адно з радовiшчаў выратаваў ад вялiкага пажару i быў за гэта ўзнагароджаны.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.