Вы тут

Чаму так важна, каб дакументы на нерухомасць былі ў парадку


Адна з галоўных асаблівасцяў будаўніча-тэхнічнай экспертызы ў тым, што аб'ект даследавання не можа трапіць на стол спецыяліста непасрэдна. Таму ўсе агляды адбываюцца на месцы. Часцей за ўсё перад экспертамі ставіцца пытанне вызначыць рэшткавы кошт пабудовы, якая згарэла, і ўстанавіць яе цану па дакументах да пажару. Што да часу года, то пік будаўніча-тэхнічных экспертыз прыходзіцца на восень і на вясну. Калі з вераснем, кастрычнікам, лістападам усё зразумела — праз халады людзі пачынаюць тапіць печы, але не заўжды робяць гэта правільна, — то вясной работа экспертаў звязана пераважна з дачнымі домікамі. Людзі масава прыязджаюць туды з гарадоў і пачынаюць карыстацца электрычнымі прыборамі, якія не заўсёды з'яўляюцца спраўнымі.

Падрабязней пра гэта «Звяздзе» расказаў начальнік аддзела будаўніча-тэхнічных, таваразнаўчых і эканамічных экспертыз упраўлення тэхнічных экспертыз упраўлення ДКСЭ па Мінскай вобласці Віктар Кульбацкі.


— Як менавіта працуюць вашы эксперты?

— Калі казаць наогул, то на месцы здарэння мы ацэньваем фактычны стан пабудовы, па якой пракаціўся агонь. Тут трэба сказаць, што нават калі сцены знішчаны цалкам, то бетонны ці каменны фундамент практычна заўсёды застаецца. Таму хоць невялікі, але рэшткавы кошт у яго будзе. Выключэнне — калі, скажам, гаспадарчая пабудова будавалася без падмурка і перад намі фактычна засталася гара абгарэлага смецця. Сам жа рэшткавы кошт вызначаецца для прыняцця далейшых працэсуальных рашэнняў, асабліва калі справа датычыцца падпалу або іншага спосабу наўмыснага знішчэння маёмасці. Таксама вынікі будаўніча-тэхнічнай экспертызы могуць быць важныя для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, каб ацаніць нанесены будынку ўрон. Вынік будаўніча-тэхнічнай экспертызы важны для прыняцця правільнага працэсуальнага рашэння як следчаму, так і інспектару пажарнага нагляду МНС.

Нярэдка ўзнікаюць пытанні, якія патрабуюць адмысловых ведаў не толькі ў агульнабудаўнічай галіне, але і ў водазабеспячэнні і водаадвядзенні, ва ўладкаванні электрычных сетак, акустыкі... Таму калі трэба вырашыць такое комплекснае пытанне, далучаюцца спецыялісты ў вузкіх сферах.

А вось тэма тэхнікі бяспекі на будаўнічай пляцоўцы сустракаецца ў рабоце судовых экспертаў Мінскай вобласці нячаста. За апошнія тры гады на наш разбор трапіў толькі адзін няшчасны выпадак на будпляцоўцы. Чалавек у двары ехаў на ровары ў цёмны час сутак і ўпаў у неагароджаную яму — зямлю раскапалі для таго, каб правесці рамонт труб.

— А ці бывае так, што чалавек ставіць новы дом замест старога, не чакаючы вынікаў экспертызы?

— І ў нашай практыцы мы сутыкаліся з гэтым. Вось уявіце сабе: выехалі мы для агляду аб'екта, але яго проста не існавала. На ўчастку стаяў ужо новы дом. А як нам правесці ацэнку ўрону ў такім выпадку? Ці, напрыклад, дом згарэў не цалкам, але яго гаспадары ўжо правялі пэўныя аднаўленчыя работы. Зноў жа, пад пытаннем — магчымасць вырашэння пэўнага комплексу пытанняў. Напрыклад, як высветліць кошт рамонтна-аднаўленчых работ, неабходных для ліквідацыі наступстваў узгарання? Як не бывае аднолькавага дома, так не існуе і тыпавога пажару.

— Ці актуальнае пытанне самабудаў для будаўніча-тэхнічнай экспертызы?

— Сцэнарый тут, як правіла, аднолькавы. Скажам, уласнік атрымлівае прысядзібны дом у спадчыну ці набывае яго на другасным рынку жылля і пачынае работы па рэканструкцыі, мадэрнізацыі жылля, узводзіць прыбудовы, пачынае канструяваць новыя гаспадарчыя пабудовы. А вось узгадненні ў мясцовых органах улады бяруцца не заўжды. І нават калі ўмоўная пуня ўжо ўзведзена, то рэгістраваць яе ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку гаспадар не спяшаецца. Да пары гэтая схема працуе. Але адбываецца пажар. І атрымліваецца дзіўная сітуацыя: вось як быццам пашкоджанне гаспадарчай пабудове нанесена, але па дакументах самой пабудовы тут быць не можа...

Таксама мушу адзначыць, што апошнім часам стала больш гарэць аб'ектаў жылой нерухомасці, яшчэ не ўведзеных у эксплуатацыю. У такім разе эксперт пераважна працуе з дакументацыяй, якая маецца ва ўласніка.

— У кампетэнцыю будаўніча-тэхнічнага эксперта ўваходзіць таксама і вызначэнне кошту выкананых будаўніча-мантажных работ. У якіх выпадках гэта робіцца?

— Уласнік жылля заключае дагавор з будаўнічай арганізацыяй або індывідуальным прадпрымальнікам. Аднак, як той казаў, давярай, але правярай. Падчас аналізу праведзенай работы гаспадар праводзіць своеасаблівую рэвізію. І можа з'явіцца сумненне: ці тое за работы было заплачана, ці тое ўвогуле было выканана. У такім выпадку трэба вызначаць аб'ём і кошт таго, што было зроблена. 3 агульнай колькасці нашых даследаванняў у гэтым кірунку знаходзіцца прыкладна трэцяя частка.

Менавіта таму трэба вельмі ўважліва падыходзіць да выбару выканаўцы. Напрыклад, не так даўно да нас звярнуўся заказчык, у якога ўзнікла сумненне, ці ўсе заказаныя і аплачаныя работы былі праведзены. Мы выехалі на аб'ект, ускрылі дах і вызначылі, што не быў пакладзены адзін з пазначаных у дагаворы слаёў. І ўзнікла дылема: патрабаваць пераробкі або вяртання грошай за нязробленую работу? Калі перарабляць, то трэба было ледзь не ўсё пачынаць па новай…

Таму хачу параіць: не адмаўляйцеся ад складання ўсёй неабходнай дазвольнай і выканаўчай дакументацыі, перш чым пачынаць любыя будаўнічыя работы або ўзвядзенне дома. Так, некаторыя моманты могуць падацца даволі бюракратычнымі. Але калі ўзнікне канфліктная сітуацыя, то без неабходных дакументаў адстаяць свае інтарэсы ў праблеме будзе вельмі і вельмі складана.

Цікава ведаць

У кампетэнцыю экспертаў-будаўнікоў уваходзіць і вызначэнне граніц зямельных участкаў падчас адпаведных канфліктаў. Новыя тэхналогіі дазваляюць зрабіць гэта прасцей, без доўгіх вымярэнняў. На дапамогу прыходзіць GPS-абсталяванне.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзена Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз

Загаловак у газеце: Будоўля з многімі невядомымі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.