Вы тут

Вызваленым па амністыі будзе аказана дапамога


Падчас чарговага пасяджэння другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу быў разгледжаны адразу ў двух чытаннях законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў». Асабліва актыўна дэпутаты абмяркоўвалі пытанні амністыі непаўналетніх асуджаных па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса.


news.myseldon.com

«Я шмат гадоў аддаў барацьбе са злачыннасцю і выдатна памятаю часы, калі мы працавалі да дэкрэта Прэзідэнта аб узмацненні жорсткасці мер па барацьбе з наркаманіяй. Выязджаў на месцы здарэнняў як начальнік міліцыі, і тады нам маці задавалі пытанні, маўляў, чаму мы нічога не робім? Я лічу, што ўзмацненне адказнасці за распаўсюджванне наркотыкаў выратавала вялікую колькасць падлеткаў. Мы былі заклапочаны, ці не паўплывае своеасаблівае змякчэнне ў гэтай сферы на барацьбу ў адпаведным кірунку, на агульны ўзровень злачыннасці, — растлумачыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег ГАЙДУКЕВІЧ. — Прыйшлі да высновы, што не, амністыя — гэта праяўленне гуманізму з боку дзяржавы, і яна будзе на карысць».

За аснову законапраекта была ўзятая структура папярэдняга закона аб амністыі, але многія палажэнні актуалізаваныя і перапрацаваныя з улікам практыкі яго прымянення, аналізу судовай статыстыкі, інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральнай пракуратуры.

— Новае ў гэтым законе тое, што сёлета пад амністыю трапляюць непаўналетнія, якія здзейснілі злачынствы, прадугледжаныя часткамі 4 і 5 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса — за незаконны абарот наркотыкаў, — дадала член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ. — Таксама пад амністыю трапяць асуджаныя па карупцыйных злачынствах, безумоўна, толькі пры кампенсацыі шкоды. Традыцыйна пад дзеянне гэтага закона трапяць ільготныя катэгорыі грамадзян: непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, адзінокія жанчыны ці мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў, асобы, якія хварэюць на анкалогію, і іншыя.

Тэрмін выканання новага закона — шэсць месяцаў. Летась тэрмін выканання закона аб амністыі складаў дзевяць месяцаў. Пад амністыю не трапляюць асобы, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы і некаторыя злачынствы з катэгорыі менш цяжкіх.

«Закон аб амністыі — унікальны нарматыўна-прававы акт, — расказала старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святлана ЛЮБЕЦКАЯ. — Ён сам па сабе не адмяняе прызначанага пакарання, ён не ставіць пад сумненне законнасць, абгрунтаванасць і справядлівасць прысуду. Гэта шанц для асуджаных аднавіць нармальнае жыццё і весці законапаслухмяны лад жыцця. Сёння актуальны запыт грамадства на ўзаемадзеянне з уладай. Да нас паступіла некалькі дзясяткаў зваротаў ад бацькоў тых, хто асуджаны па артыкуле 328, і гэты законапраект — пасыл людзям, што мы іх чуем».

Мяркуецца, што з нагоды свята па амністыі будзе вызвалена больш за пяць тысяч асуджаных. Аказанне дапамогі гэтым людзям у бытавым і працоўным уладкаванні прадугледжана законапраектам.

«МУС працуе над гэтым ва ўзаемадзеянні з Мінпрацы і мясцовымі ўладамі, — запэўніў міністр унутраных спраў Юрый КАРАЕЎ. — У адносінах да кожнага вызваленага накіроўваецца інфармацыя па месцы жыхарства для аказання пэўнай дапамогі».

Што датычыцца дзяцей і падлеткаў, якія ўчынілі злачынствы па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса, дык іх на самай справе няшмат. Таму іх доля сярод тых, каго амнісціруюць, невялікая. «Да ўсіх падышлі па-чалавечы, па справядлівасці. Усіх, каго толькі можна было, мы не выключылі з гэтага працэсу, ніхто не забыты», — дадаў міністр.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?