Вы тут

У сталічнай галерэі Леаніда Шчамялёва пачне працаваць выстаўка «Салют Радзіме»


У сталічнай галерэі Леаніда Шчамялёва з 6 мая пачне працаваць выстаўка жывапісу «Салют Радзіме», прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.


«Тэма мастацкага летапісу Вялікай Айчыннай вайны ў выяўленчым мастацтве Беларусі — асаблівая тэма, якая нікога не можа пакінуць раўнадушным і ніколі не страціць сваёй хвалюючай сілы. З першых дзён вайны мастакі разам з усім народам сталі ў шэрагі абаронцаў сваёй Радзімы. Яны служылі ў розных родах войск, мелі розныя вайсковыя званні і спецыяльнасці, але кожны з іх выконваў цяжкую, небяспечную працу, якую адводзіла яму вайна, — падкрэсліваюць арганізатары выстаўкі. — У творах франтавікоў шчырасць і боль, сапраўднасць пачуццяў выяўленыя ў кожнай рысе, у кожным штрыху, намаляваным, здаецца, не рукой, а аголеным нервам...»

Уласна, да плеяды мастакоў-франтавікоў належыць і Леанід Шчамялёў, які ў снежні 1941-га быў мабілізаваны ва ўзросце 18 гадоў, служыў у пяхоце і кавалерыі, быў цяжка паранены ў баі пад Мазыром, але прайшоў усю вайну і стаў адным з першых мастакоў у СССР, хто паказваў вайну без гераічнага пафасу — такой, якой яе бачыў і запомніў.

На выстаўцы «Салют Радзіме», зладжанай як даніна павагі і ўдзячнасці героям вайны, якія цаной уласнага жыцця разам з усім народам абаранялі родную краіну і перамаглі, прадстаўленыя творы 97-гадовага майстра з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — «Салют Радзіме», «Ветэран нашага двара», «Акупацыя» і іншыя, а таксама з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея — «Музыканты 1941 года (памяці Георгія Свірыдава)», Беларускага саюза мастакоў — «Генерал Леў Даватар», «Першы дзень міру», калекцыя твораў майстра з Музея гісторыі горада Мінска. Экспазіцыя будзе працаваць да 5 ліпеня.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Салют для герояў і нашчадкаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.