Вы тут

Выстава «Памяці вогненных вёсак Беларусі» адкрылася ў «Арт-Партале»


Сёлета самыя розныя выставачныя пляцоўкі плануюць прадставіць спецыяльныя праекты да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вядома, сярод іх — Палац мастацтва, які здольны парадаваць гледача і маштабнымі фестывалямі, і камернымі выстаўкамі. Так, нядаўна ў яго галерэі «Арт-Партал» адкрылася першая экспазіцыя вялікага праекта «Колеры Вялікай Перамогі». Яе назва — «Памяці вогненных вёсак Беларусі».


Усевалад Швайба «П’ета» (з серыі «Хатынь»), 2022 г.

Літаграфіі, афорты, лінгагравюры знакамітых беларускіх графікаў, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, — большасць з прадстаўленых работ знаходзяцца сёння ў фондах Беларускага саюза мастакоў, у якім каля паловы твораў так ці інакш прысвечаны менавіта гэтай тэме. Творчая арганізацыя вырашыла, што выставачны праект «Колеры Вялікай Перамогі» будзе працаваць у Палацы мастацтва да канца 2024 года, а экспазіцыі будуць мяняцца кожны месяц. Дарэчы, наведванне гэтых выставак бясплатнае. 

Мэта праекта — пазнаёміць з жывапісам, графікай, скульптурай, франтавымі замалёўкамі ўдзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзяцца ў скарбніцы Саюза мастакоў, і новымі работамі членаў БСМ з розных рэгіёнаў Беларусі. Так, першая выстаўка «Памяці вогненных вёсак Беларусі» прэзентуе графічныя работы народных мастакоў Беларусі Георгія Паплаўскага, Васіля Шаранговіча, Арлена Кашкурэвіча, а таксама творы слынных творцаў Паўла Любамудрава, Мікаля Гуціева, Аляксандра Дзямарына, Лазара Рана, Анатоля Ільіна, Пятра Дурчына, Аляксандра Мазалёва, Людвіга Асецкага, Рыгора Віткоўскага. Кожнага з іх у рознай ступені закранула вайна. Так, Павел Любамудраў у 1941 годзе пайшоў на фронт тапографам. Уся сам’я Лазара Рана загінула ў мінскім гета. Георгій Паплаўскі жыў у часы вайны ў Бабруйску. 

Народны мастак Васіль Шаранговіч праз усё жыццё пранёс успаміны аб спаленых вёсках Мядзельшчыны. 

— Мой бацька перажыў вайну дзіцем, — расказала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Ён заўсёды ўспамінаў аб тым, як зусім маленькім з бацькам ішоў па полі, а над імі кружыўся самалёт і страляў па двух безабаронных людзях. Бацька ўсё жыццё памятаў, як, ратуючыся, яны беглі стрымгалоў і падалі ў яр... І калі ў 1980-х гадах ён ствараў свой цыкл «Памяці вогненных вёсак», за які атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі, то ўспамінаў, як падчас вызвалення Беларусі з маці ехаў з вёскі Качаны ў Мядзельскім раёне ў вёску, дзе нарадзілася яго маці, і бачыў іншыя спаленыя вёскі па дарозе. Яму было 4 гады. Дым, чорная зямля, забітыя людзі — уражанні былі настолькі магутныя, што ў выніку прывялі да стварэння гэтай серыі. 

Людвіг Асецкі «Вязень Трасцянца», 1984 г.

Работы самага маладога з удзельнікаў праекта Усевалада Швайбы, выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прысвечаны трагедыі «Хатыні». За гэтую серыю мастак атрымаў у 2023 годзе Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва. 

— Для нас было прынцыпова важна паказаць, што і сёння графікі цікавяцца тэмай трагедыі беларускага народа. Мы выдатна разумеем, што змянілася шмат пакаленняў, і маладзейшыя мастакі ведаюць пра вайну толькі з апавяданняў, але, тым не менш, у нестабільным і складаным свеце гэтая тэма нас вельмі кранае, бо з вайной усё роўна звязана гісторыя кожнай беларускай сям’і, — падкрэсліла Наталля Шаранговіч. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.