28 кастрычніка, серада

Вы тут

Узнагароды ў шасцi намiнацыях Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii будуць уручаныя 6 верасня


Узнагароды ў шасцi намiнацыях Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii будуць уручаныя 6 верасня на Днi беларускага пiсьменства ў Бялынiчах. Днямi журы творчага конкурсу падвяло вынiкi i абвясцiла iмёны пераможцаў.


shkolazhizni.ru

Нагадаем, прэстыжная ўзнагарода ў лiтаратурнай галiне была зацверджана мiнiстэрствамi адукацыi, культуры i iнфармацыi, а таксама Саюзам пiсьменнiкаў Беларусi ў 2015 годзе — у мэтах падтрымкi i развiцця айчыннай мастацкай лiтаратуры, стварэння новых высокамастацкiх твораў паэзii, прозы, драматургii, публiцыстыкi, лiтаратуразнаўства i крытыкi, твораў для дзяцей i юнацтва, папулярызацыi кнiгi i чытання ў грамадстве. Сёлета яна прысуджаецца ўжо шосты раз. Як расказаў начальнiк упраўлення выдавецкай i палiграфiчнай дзейнасцi Мiнiстэрства iнфармацыi Уладзiмiр Андрыевiч, на рэспублiканскi творчы конкурс паступiлi работы больш чым 80 намiнантаў. 64 з iх пасля папярэдняга разгляду экспертным саветам былi прадстаўленыя на суд журы, якое ўпершыню дзеля большай аб'ектыўнасцi правяло тайнае галасаванне.

Дарэчы, асабiста аўтары даслалi толькi шэсць работ, усе астатнiя былi вылучаныя на саiсканне прэмii абласнымi i Мiнскiм гарадскiм аддзяленнямi Саюза пiсьменнiкаў, выдавецтвамi, бiблiятэкамi, Нацыянальным гiстарычным музеем, Акадэмiяй навук i нават Чавускiм райвыканкамам.

Найбольшая канкурэнцыя ўжо традыцыйна склалася сярод пiсьменнiкаў, якiя пiшуць для дзяцей i юнацтва, — тут за званне найлепшых спаборнiчалi 19 аўтараў. Надзвычай цiкавыя, насычаныя разнастайнымi i шматпланавымi тэмамi аказалiся i намiнацыi «Публiцыстыка», у якой разглядалiся творы 13 аўтараў, «Паэзiя» — 12, «Проза» — 14. А вось, напрыклад, лiтаратуразнаўчых i крытычных твораў на конкурс было даслана ўсяго тры.

Пераможцамi Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii ў 2020 годзе сталi:

  • Проза — Уладзiмiр Сцяпан за зборнiк аповесцяў i апавяданняў «Хвалi» (прадстаўлены i выпушчаны выдавецтвам «Мастацкая лiтаратура»);
  • Паэзiя — Валерый Грышкавец са зборнiкам выбранага «Застаюся назаўжды» (прадстаўлены i выпушчаны ў свет выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя iмя П. Броўкi»);
  • Дзiцячая лiтаратура — Кацярына Хадасевiч-Лiсавая i яе кнiга-квэст «Ключ ад Вялiкай Каштоўнасцi» (прадстаўлена Мiнскiм абласным аддзяленнем Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, выдадзена ў РВУ «Выдавецкi дом «Звязда»);
  • Крытыка i лiтаратуразнаўства — Iван Саверчанка за кнiгу «Магiя слова» (беларускiя пiсьменнiкi XII—XVII стст.) (прадстаўлена i выдадзена выдавецтвам «Мастацкая лiтаратура»);
  • Публiцыстыка — Iгар Пракаповiч за кнiгу «Пастаўшчына» з серыi «Падарожжа па родным краi» (прадстаўлена i выпушчана ў свет выдавецтвам «Беларусь»);
  • Дэбют — Вольга Нiкiценка, якая пiша пад творчым псеўданiмам Iвалга, са зборнiкам вершаў «Сузор'е птушкi» (прадстаўлены Мiнскiм абласным аддзяленнем Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, убачыў свет у выдавецтве «Мiнкаппрынт»).

Намiнацыя «Драматургiя» другi год запар засталася без пераможцы. «Але мы перакананыя, што не ўсё так безнадзейна з беларускай драматургiяй, — падкрэслiвае сябра журы Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii, першы намеснiк старшынi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Алена Стэльмах. — Бачым, што працэс у гэтай галiне iдзе, але, напэўна, проста аўтары не дасылаюць на конкурс свае работы, таму будзем працаваць над гэтым, расказваць аб прэмiі шырэй».

Усе лаўрэаты ў дадатак да ганаровых дыпломаў i прызавых статуэтак — сiмвалаў конкурсу атрымаюць таксама грашовыя прэмii: у намiнацыi «Дэбют» — у памеры 50 базавых велiчынь, ва ўсiх астатнiх — па 100 базавых велiчынь.

Акрамя цырымонii ўручэння прэмii, якая абяцае стаць адной з яркiх i знакавых падзей Дня беларускага пiсьменства ў Бялынiчах, Саюз пiсьменнiкаў Беларусi рыхтуе да свята слова шэраг iншых творчых праектаў. Так, будуць абвешчаныя вынiкi рэспублiканскага творчага конкурсу буктрэйлераў «Кнiга з экрана». Ужо традыцыйна адбудзецца мiжнародны круглы стол, удзел у якiм мяркуюць узяць лiтаратары з Беларусi, Расii, Украiны, Латвii, Лiтвы, Малдовы, Грузii, Азербайджана, Казахстана, Таджыкiстана, Сербii i ЗША — яны прадставяць свае новыя творы, у тым лiку пераклады з/на беларускую мову. «Таксама будзем абмяркоўваць важную для ўсiх краiн свету тэму — уплыў слова на свядомасць людзей, лiтаратура i публiцыстыка як сродак усталявання мiру i спакою. Дыпламатыя слова — надзвычай важная рэч, якая спрыяе ўзаемаразуменню, вельмi патрэбнаму нам сёння», — расказала Алена Стэльмах.

У Бялынiцкай дзiцячай школе мастацтваў плануецца зладзiць творчую сустрэчу пiсьменнiкаў з жыхарамi горада, Мiнскi тэатр паэзii прадставiць лiтаратурны спектакль «Старонцы мiлай пакланюся». А на тэматычнай пляцоўцы «Слова пiсьменнiка» i стэндах выдавецтваў у рэжыме нон-стоп будуць праходзiць аўтограф-сесii i прэзентацыi твораў маладых i масцiтых аўтараў — толькi сталiчныя паэты i пiсьменнiкi, заўважае кiраўнiк Мiнскага гарадскога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Мiхась Пазнякоў, летась выдалi больш за 100 кнiг.

Вiкторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Слава слову

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.