Вы тут

Наўскі чацвер. Што можна знайсці на вясковых могілках


Вы, напэўна, здзівіцеся, але я, вясковае дзіця, выхаванае ў спрадвечных традыцыях, лічы, да гадоў сямнаццаці не ведала, што такое Радаўніца. Канешне, дзесьці штосьці чула і чытала, але тады гэты дзень не быў выхадным і ў нашай мясцовасці ніяк не адзначаўся. Каталікі згадвалі сваіх памерлых увосень, на Усе Святыя. 1 лістапада на могілках, якія ў нас зусім блізка ад былой мяжы, з «польскага» боку, збіралася процьма людзей, ехалі адусюль, не зважаючы на працоўны дзень. А пасля ў ранняй восеньскай цемры, калі надвор'е было зацішнае, на магілах, дагараючы, трымцелі яркімі агеньчыкамі свечкі. Вясной жа ішлі да спачылых з раніцы непасрэдна на Вялікдзень, пакідалі ім чырвоныя яйкі і ішлі адзначаць вялікае свята па дамах.


Фота: sovetok.com

Гэта там, дзе я вырасла. А вось на радзіме маёй мамы, зусім недалёка, у тым жа раёне, толькі бліжэй да Мінска, адзначалі «мёртвы Вялікдзень», ці Наўскі чацвер. Мы кожны год у першы чацвер пасля праваслаўнага Вялікадня едзілі на могілкі да бабулі, бо яна калісьці маме, сваёй дачцэ, наказала: часта прыходзіць на магілу не трэба, але ў Наўскі чацвер — абавязкова. І мама запавет выконвала: штогод адпрошвалася з працы, кідала і ўрокі, і справы завуча — і мчала ў свае Кукшавічы. Аб тым, каб яе не адпусціць, у дырэктара нават думкі не было — ведаў: усё роўна паедзе. Мяне матуля брала з сабой усяго некалькі разоў, але менавіта гэтыя паездкі да родных на Наўскі чацвер і сёння асацыююцца ў мяне з памяццю продкаў і з повяззю Роду.

Ехаць трэба было на першым аўтобусе да Дзяржынска, таму прачыналіся рана, гадзін у пяць. Мама бегла да цёткі Юзэфы — у яе пад хатай на сонечным баку раней чым ва ўсіх расцвіталі ярка-жоўтыя нарцысы і пунсовыя з жоўта-чорнымі асяродкамі цюльпаны, і гаспадыня заўсёды дазваляла Васілеўне нарэзаць з іх букет. Так і ішлі мы на аўтобус у суседнюю вёску — у настылай нясмелай вясновай раніцы, амаль не размаўляючы, а ў руках пагойдваліся крохкія ад красавіцкай прахалоды кветкі. Прыязджалі ў Дзяржынск, хуценька пераскоквалі ў аўтобус на Станькава. Ехалі зусім нядоўга. За чыгуначным пераездам, праехаўшы наскрозь Малінаўку, прасілі кіроўцу спыніцца і, збочыўшы на шэрую, мяккую пад падэшвамі дарогу, кіравалі не да вёскі, што свяцілася прыветлівымі хатамі на даляглядзе, а на яе ўскраіну, да купкі бялюткіх бяроз, на якіх дзе-нідзе чарнелі вялізныя шматгадовыя буслянкі.

Менавіта на гэтых светлых кукшавіцкіх могілках раз на год, у Наўскі чацвер, збіралася ўся наша далёкая і блізкая радня з мамінага боку. Цэлы «квартал» на тых кладах быў наш. Прадзед Кірыл і прабабка Серафіма, яе маці Алеся, мамін дзядзька Валодзя, які пасля службы на Тоцкім палігоне памёр у дваццаць дзевяць гадоў, дзед, бабуля, маміны цётка Марыя, дзядзька Коля, іншыя далейшыя сваякі... Многія з іх памерлі задоўга да майго нараджэння, але мама расказвала пра іх як пра жывых, і таму яны ў свядомасці заўсёды былі неад'емнай часткай сям'і.

Пакуль мы парадкаваліся на магілах, збіраліся іншыя сваякі і зблізку, і здалёк. Адпрошваліся з работы, бралі за свой кошт — але на могілках былі ўсе. Пасля прывітанняў-пацалункаў ішлі хрыстосавацца з памерлымі. Кожны прывозіў з сабой пачастункі для іх — яйкі, цукеркі. Мы з мамай ішлі разам з усімі з мяшэчкам, даставалі свае гасцінцы: прадзеду і прабабцы, яе маці Алесі, дзядзьку Валодзю, дзеду, бабулі, цётцы Марыі, дзядзьку Колю... На кожнай магілцы пасля такога агульнага абходу заставалася ляжаць з паўтузіна яек і жмені цукерак... Гэткае матэрыяльнае сведчанне таго, што іх, памерлых даўно і нядаўна, памятаюць, любяць, расказваюць пра іх сваім дзецям.

Пасля на прагаліне паміж агароджамі проста на траве засцілалі абрус, ставілі прывезеныя стравы, даставалі бутэльку (шмат не пілі ніколі, але прыгубіць у гэты дзень павінен быў кожны дарослы). Сядзелі дружнай сям'ёй, расказвалі адно аднаму навіны, а мы, іхнія дзеці, паміж сабой ужо траюрадныя, а то і чацвераюрадныя, насцярожана пазіралі адно на аднаго, але вельмі хутка смялелі, знаходзілі агульныя інтарэсы. Я і сёння думаю: што гэта — покліч крыві? Бо мы ж былі амаль незнаёмыя паміж сабой, бачыліся толькі зрэдку, і адкуль тады нешта няўлоўна-агульнае, і гэта разуменне з паўслова, і нешта роднае ў рысах і рухах?.. А можа, гэту еднасць давала веданне таго, што Алеся, якая ляжыць на кладах ужо больш за паўвека пад чорным металічным крыжам, — агульная для нас усіх прапрабабуля, а значыць, і мы — родныя людзі?

З гэтых чацвярговых паездак на могілкі я шмат даведалася пра маміну радзіму. Пасля могілак нас абавязкова клікала да сябе ў госці цётка Вера з суседняга пасёлка і, знайшоўшы ўдзячных слухачоў, гаварыла, гаварыла. Пра тое, як было раней, як хадзіла замуж за татарына, як яе пасля з таго замужжа бацька з братамі ездзілі пад Казань вызваляць. Пра Кукшавічы, вялікую вёску, якую ў 30-я спаліла адна раўнівая кабета — падпаліла хату саперніцы, а ў выніку пыхнула ўся вуліца. Пра дзіўныя назвы навакольных пасёлкаў: Малінаўка, Рабінаўка, Вінаградаўка, Марс, Юпіцер. Пра тое, як з'явіліся гэтыя паселішчы сярод чыстага поля — у іх прымусова рассялілі пагарэльцаў з Кукшавіч, каб не будавалі хаты страха да страхі на ранейшым месцы... Мы слухалі ўважліва, пілі кіславаты бярозавік, які цётка даставала са склепа, а твары дарослых, якія нарадзіліся і выраслі тут, а пасля раз'ехаліся па ўсёй краіне і толькі ў Наўскі чацвер збіраліся разам у родных мясцінах, станавіліся такімі сумнымі і кранальна-пяшчотнымі...

Пасля Радаўніцу зрабілі выхадным і на Наўскі чацвер збірацца ў Кукшавічах пакрысе перасталі. Агульная традыцыя выцесніла мясцовую, так таксама бывае. Пакрысе тыя дарослыя, якія гэтую мясцовую традыцыю падтрымлівалі, якія давалі сваім бацькам абяцанне бываць у іх на магілах у гэты дзень, самі перасяліліся на клады ў розных месцах, нас, колішніх дзяцей, падобным абяцаннем ужо не звязваючы. Мы — траюрадныя, чацвераюрадныя, цяпер рэдка бачымся, хіба што на Радаўніцу. Атрымліваецца сустрэцца не кожны год, сёлета дык дакладна не паедзем. Але, калі выпадзе добры час, абавязкова зноў збярэмся пад светлымі бярозамі, на якіх чарнеюць цяжкія шапкі старых буслянак. Мы ўжо не такія, як нашы бацькі. Мы сустракаемся без застолля, без цёплых абдымкаў. Але вітаемся, размаўляем, натоўпам ходзім з мяшэчкамі гасцінцаў ад адной магілкі да другой. Знаёмім адно з адным сваіх дзяцей, якія спачатку насцярожваюцца, а потым, глядзіш, ужо і гуляюць дружна. А наша агульная пра-пра-пра.. бабуля Алеся, што ляжыць пад чорным металічным крыжам, напэўна, светла ўсміхаецца ў гэты час праз ледзь прыкметны зялёны флёр на тонкіх бярозавых галінках.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.