Вы тут

Фільмы славутага беларускага рэжысёра Рубінчыка раяць кінааналітыкі (+бонус)


Валерый Рубінчык — адзін з самых значных беларускіх рэжысёраў, і 17 красавіка яму б споўнілася 80 гадоў. Да юбілею мы папрасілі прафесіяналаў, што маюць справу з аналізам кіно, а таксама рэжысёра, які ведаў майстра асабіста, успомніць творчасць Рубінчыка і расказаць пра адзін з яго фільмаў.


Кадр з фільма «Дзікае паляванне караля Стаха»

«Магіла льва» 1971 года

Антаніна Карпілава, кіназнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства (Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі):

— Гэта першы буйны фільм Рубінчыка і адна з самых шматпакутных і недаацэненых яго работ. Пакуль у суседніх кінематаграфіях былі створаны шэдэўры «Андрэй Рублёў» Таркоўскага альбо «Цені забытых продкаў» Параджанава, наш кінематограф увайшоў у 1970-я з дэфіцытам на прысвечаныя гісторыі, а тым больш далёкаму мінуламу стужкі. Таму «Магіла льва» сапраўды была наватарская, прычым не толькі па асваенні новай тэмы, але і па выразнасці кінамовы.

У аснове фільма ляжыць паэма Янкі Купалы «Курган» — услед за паэтам аўтары пагрузіліся ў побыт ХІІ—ХІІІ стагоддзяў і старажытныя беларускія легенды, а так глыбока ў нашым кіно больш ніхто не спускаўся. Дагэтуль найкаштоўнейшымі для беларускай кінематаграфіі застаюцца намаганні Рубінчыка і мастака Яўгена Ігнацьева па стварэнні матэрыяльнай фактуры той эпохі: былі зроблены ўнікальныя выдзеўбаныя чаўны, постаці драўляных ідалаў, складаныя дэкарацыі паселішча з частаколам. Дарэчы, вопыт пастаноўкі «Магілы льва» адбіўся ўжо ў сучасным гістарычным фільме Нацыянальнай кінастудыі «Авантуры Пранціша Вырвіча» Аляксандра Анісімава.

Што да ўвасаблення паэзіі Янкі Купалы, дык тут Рубінчыку не ўсё ўдалося, затое ў фільме ёсць яркія характары народнага героя каваля Машэкі і каварнага князя Усяслава ў выкананні культавага акцёра Алега Відава і знакамітага танцоўшчыка Марыса Ліепы, што забяспечыла поспех стужкі ў гледачоў. У свой час «Магіла льва» зазнала жорсткую крытыку і на доўгія гады засталася забытай, але на самай справе Валерый Рубінчык, які ў адной з тэлеперадач сціпла выказаўся аб сваёй місіі як рэжысёра, «які заўсёды знаходзіцца ў фарватары», стаў першаадкрывальнікам многіх тэм беларускага кіно і стваральнікам уласнай, аўтарскай стылістыкі.


«Дзікае паляванне караля Стаха» 1979 года

Вольга Раманава, культуролаг, кандыдат філалагічных навук (ECLAB):

— Выхаду гэтага фільма чакалі і гледачы, і крытыкі, і асабліва беларуская інтэлігенцыя. Ледзь не ўпершыню за гісторыю «Беларусьфільма» каля білетных кас выстраіліся доўгія чэргі. Аднак масавай рэакцыяй стала расчараванне: адны не знайшлі ў карціне чаканых жахаў, іншыя — прозы Караткевіча.

Роскід паміж меркаваннямі кінакрытыкаў і сэнсавымі трактоўкамі «Дзікага палявання» быў надзвычай шырокі: зацягнутая, млявая і поўная памылак экранізацыя; цалкам паспяховы фестывальны праект «Беларусьфільма»; арыгінальнае кіно, што раздзяляе з «Віем» Аляксандра Птушко славу першага савецкага фільма жахаў і гэтак далей. Карціна дагэтуль застаецца самым шматзначным і парадаксальным праектам, можа быць, за ўсю гісторыю савецкага беларускага кіно, а значыць, «Дзікае паляванне караля Стаха» ўсё яшчэ адкрыта інтэрпрэтацыям, таму яго можна і трэба глядзець і пераглядаць.

Я і сама на днях перагледзела фільм зноў, і ён зноў мяне зацягнуў. Пры тым, што асобныя сцэны, дэкарацыі, дыялогі здаюцца штучнымі і ў карціне вельмі не хапае жывой мовы — беларускай, польскай, трасянкі замест амаль татальнай літаратурнай рускай. Адам Мальдзіс, які пісаў, што ад філасофіі Караткевіча, ды і ад Беларусі таксама, тут нічога не засталося, меў рацыю, але прыцягальнасць фільма — хутчэй не ў сюжэце, а атмасферы. У сумнай чароўнасці замкавых руін і затопленых падзямелляў. У тузе і дзіўнай прыгажосці балотных раўнін, слоты, туманаў і голых дрэў і шчымлівай радасці ад першага снегу.

Трэба сказаць, што Валерый Рубінчык задумваў «Дзікае паляванне» як аўтарскае кіно, а кіраўніцтва і мастацкі савет кінастудыі разварочвалі сцэнарый да ідэі класавай барацьбы. У выніку ў фільме шмат намёкаў, прагаворак і нават адсылак да Федэрыка Феліні, любімага рэжысёра Рубінчыка. І хоць тут нідзе не згадваюцца важныя для Караткевіча беларуская гісторыя і пошукі беларусамі нацыянальнай ідэнтычнасці, усё ж гэта вельмі беларускае кіно. Я заўсёды ўспамінаю «Дзікае паляванне», калі блукаю па парках у мінскім лістападаўскім тумане, і лаўлю тое ж адчуванне крохкасці жыцця і разбаўленую страхамі разгубленасць і тугу па пэўнасці ва ўласным жыцці, нашай гісторыі і нашай будучыні.


«Культпаход у тэатр» 1982 года

Максім Карпіцкі, кінакрытык:

– У правінцыйным тэатры іграюць шараговую п'еску, у вясковым клубе – адчайна змагаюцца за тое, каб саматужныя песенькі былі мо' і напісаныя не Лучанком ці яшчэ якім заслужаным кампазітарам, да таго ж ідэалагічна нявытрыманыя, але – свае, якіх іншыя не спяваюць.

На фоне знятай Юрыем Ялховым шырокафарматнай прыгажосці восеньскіх краявідаў ўсе гэтыя творчыя патугі выглядаюць дробнымі ды нікчэмнымі, як і самыя звычайныя праблемы галоўных персанажаў: жонка механіка Ціхамірава раўнуе яго да краўчыхі, іх дачка рассталася з жаніхом і вярнулася да бацькоў, пісьменнік Скарабагаты развёўся і жыве ў камуналцы. Такія сабе «простыя» праблемы, якім нярэдка цяжэй за ўсё даць рады.

Але ўжо ў першай сцэне камера рухаецца па глядацкай залі асцярожна, як чалавек, каторы нікому не хоча замінаць. Гэтыя далікатнасць і ўважлівасць да дробязяў і ўражваюць у фільме Рубінчыка, каторы ў першы і бадай што апошні раз у сваёй кар'еры адмовіўся ад сваіх ліхаманкавых – няхай сабе і нязменна майстэрскіх, – стылізацый.

Жыццё ў «Культпаходзе ў тэатр» роўнавялікае мастацтву, яны пераліваюцца адно ў другое і пераплеценыя, як ручаіны абалоны, на якой стаіць выспа вёскі, дзе адбываюцца падзеі фільма. Яны шчыльна звязаныя, але не могуць стаць адным: ніхто не крыўдуе на недарэчныя парады пісьменніка, якога як знаўцу чалавечых душ запрасілі ўпарадкаваць вясковыя турботы, і яго наіўнасць не перашкаджае перанесці ўбачанае на сцэну.

Не зразуметыя аўтарам п'есы ўчынкі, позіркі і жэсты складваюцца ў новую «рэальнасць», каторая дзіўным чынам працягвае сапраўдную. Галоўны эстэт беларускага кіно прызнае абмежаванасць мастацтва, недасканалага, як і усё, што робіць чалавек, але сцвярджае і неабходнасць гэтага сумеснага руху навобмацак. І нарэшце, дэльтаплан ляціць – і кожны мае крылы.


«Нелюбоў» 1991 года

Дар'я Амяльковіч, журналіст, кінакрытык (газета «Культура»):

— «Нелюбоў» пазначае «масфільмаўскі» перыяд рэжысёра, які распачаўся ў 1989 годзе з «Камедыі аб Лісістраце». Карціна знятая па сцэнарыі Рэнаты Літвінавай — гэта ўжо 1991 год, час глабальных змен, свабоды і адчужэння — і Валерый Рубінчык, ідучы за ідэяй экзістэнцыйнай неўладкаванасці і сардэчных пакут галоўнай гераіні, робіць фільм не грамадскага краху і татальнай расчараванасці, а персанальнай пачуццёвай згубленасці і эфемернасці. «Нелюбоў» цікавая тым, што гэта ўжо не кіно савецкага канона, а адкрыты па форме і змесце незалежны кінематограф.

Галоўная гераіня Рыта — загадкавая, далікатная і трошкі «не от мира сего» дзяўчына — мы бачым знаёмы вобраз, што атрымае развіццё ў работах Рэнаты Літвінавай. Ва ўвасабленні Ксеніі Качалінай аблічча «фам фаталь» трымаецца на адкрытасці і шчырай бескампраміснасці дзіцячага светапогляду. Ты робіш тое, што робіш, — і не ў стане супрацьстаяць уласнай няправільнасці. Паралельныя стасункі з двума мужчынамі — маладым Ромам і сталым Фатографам (адна з самых нечаканых роляў Станіслава Любшына) — вымотваюць, але Рыта не можа зрабіць выбар. Існаванне безабароннай і дзіўнай гераіні ў горадзе пустых вуліц і дамоў з абшарпанымі і размаляванымі графіці сценамі робіць ніштаватым толькі захапленне прыгажосцю — вобразам бессмяротнай Мерылін Манро. У стужцы мы бачым кадры фільмаў з удзелам галівудскай кінадзівы: на кантрасце з выпусташаным асяродкам горада Рыты яна — цудадзейная мроя, бляск якой толькі падкрэслівае бессэнсоўнасць твайго жыцця.

У «Нелюбові» халодная зачараванасць вобразаў Рэнаты Літвінавай сустракаецца з цёплым дотыкам летуценняў Валерыя Рубінчыка, галоўнага фантазёра і паэта беларускага кіно. Менавіта яго рэжысура запускае ў стужку ўцёкаў ад самога сябе столькі святла — яно пранікае праз вялікія вокны пад'ездаў і кватэр з высокімі столямі. Менавіта Рубінчыку належыць такі чалавечны і лірычны погляд на непрыкаяных персанажаў, якія не ведаюць, што рабіць са сваім жыццём. У яго вачах Мерылін Манро ашаламляе не толькі прыгажосцю, але і ранімасцю. Ды і згубленая Рыта, што пакутуе ад кахання і адначасова жорсткасці свету, — па волі рэжысёра не памірае, а знікае ў паветры, нібыта яе ніколі і не было. Свет летуценняў і мрояў — вось тое, што аб'ядноўвае сцэнарыста і рэжысёра. «Нелюбоў» стала яшчэ адным трапным і ўдалым, свежым на кінамове выказваннем майстра, у якім святло залатых валасоў Манро падкрэсліла цемру «перабудоўчага» грамадства.


«Кіно пра кіно» 2002 года

Андрэй Кудзіненка, рэжысёр («Акупацыя. Містэрыі», «Масакра», «Розыгрыш», «Хард Рэбут»):

— Я лічу Валерыя Рубінчыка адным з самых значных, а можа, нават самым значным беларускім рэжысёрам. Звычайны мінскі хлопец, хоць і з мастацкай багемы, скончыў нашу Акадэмію мастацтваў і стаў аўтарам сусветнага ўзроўню, да таго ж вельмі сучасным для свайго XX стагоддзя. Нездарма яго — пра гэта могуць расказаць многія калегі — дражнілі «Фелінчыкам», бо па маштабе ён быў рэжысёрам з вышэйшай лігі.

Канешне, кожны згадае «Дзікае паляванне караля Стаха» альбо — зразумела чаму — «Вянок санетаў», абсалютна лірычны, фестывальны, авангардны фільм. Мне ж падабаюцца, напрыклад, яго першыя карціны кшталту «Чырвонага агітатара Трафіма Глушкова». Альбо «Апошняе лета дзяцінства» — Рубінчык дарабляў трылогію Мікалая Калініна, і ў яго рабоце відаць зусім іншы стыль, яна лёгкая, прыўзнятая, джазавая, зробленая на іншым дыханні, з гэтым трыкстарам Еўсцігнеевым, з устаўкамі хронікі — сучаснае, сусветнага ўзроўню кіно. Потым мяне ўразіў «Адступнік» з Мікалаем Яроменкам: тут Рубінчык бачыцца мне такім Вісконці, а фільм — нечым у кірунку італьянскага арыстакратычнага кіно.

Я згадаў ужо тры стужкі, якія трэба абавязкова ўбачыць, а не так даўно я раптам перагледзеў «Кіно пра кіно». Некалі я з сябрамі, у тым ліку са сцэнарыстам Сашам Качаном, глядзеў гэты фільм на «Лістападзе» і мы злыя сышлі з паказу. Тады нам здалося гэта нечым такім архаічным, а ўрэшце мы з Сашам — я сказаў яму таксама перагледзець — здзівіліся, а чаму мы, уласна, з яго сышлі. Цяпер мы ўбачылі, што «Кіно пра кіно» — сучасны, з вялікім гумарам, дакладным разуменнем часу, класнымі акцёрскімі работамі фільм, да таго ж ён шмат у чым прадказаў, куды рушыць постсавецкае кіно. Карціну забылі — гэта часта здаралася са стужкамі канца 90-х — нулявых, — і яна сышла ў небыццё, хоць на яе трэба звярнуць асаблівую ўвагу: гэта вельмі важны фільм і па сутнасці запавет Рубінчыка, які па хваробе даволі нечакана пайшоў з жыцця.

Запісала Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Глядзім Валерыя Рубінчыка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.