Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» зазiрнулi ў закулiсны свет Беларускага акадэмiчнага музычнага тэатра


Паводле адной з тэатральных баек, аднойчы нейкая прыма заявiла рэжысёру, што выйдзе на сцэну, толькi калi брыльянты на ёй будуць сапраўдныя. «Усё будзе сапраўднае, — запэўнiў рэжысёр, — i брыльянты ў першай дзеi, i атрута ў апошняй»... Карэспандэнты «Звязды» зазiрнулi ў закулiсны свет Беларускага акадэмiчнага музычнага тэатра, якi сталiчныя жыхары па старой завядзёнцы завуць «музкамедыяй», — туды, дзе нараджаюцца iдэi, макеты, касцюмы, рэквiзiт ды iншыя неад'емныя часткi будучых пастановак.


Закулiссе тэатра — нiбыта iншы сусвет. Цi, сама меней, музей, дзе захоўваюцца рэчы з розных эпох i краiн. У кiшэнi сцэны ў адным кутку дзявочая постаць — статуя ў антычным стылi, надмагiльны помнiк, кандэлябры, у другiм — упрыгожаная кветкамi альтанка i некалькi коней, у якiх ёсць галава i тулава, а ногi кудысьцi сышлi. Крыху далей, за невядома чыiм тронам, шчарбата ўсмiхаецца зусiм нястрашны шкiлет, якi, расказваюць дэкаратары, з дапамогай акцёраў зухавата «аддае гонар». А побач — практычна гатовая венецыянская гандола... на колах. Каркас, абцягнуты тканiнай, каб пазбегчы стрэмак у выканаўцаў i падоўжыць тэрмiн дзеяння дэкарацый, на нашых вачах становiцца «драўляны». Усе гэтыя рэчы ў свой час аказваюцца на сцэне i аздабляюць спектаклi розных жанраў.

...З глядзельнай залы назiраем, як на сцэне паўстае Венецыя — аркi, балконы, ажурныя мосцiкi, гандолы... Мастак па святле падбiрае патрэбныя фiльтры i камандуе памочнiку: «Гэты цiкавы, пакiнь, гэты таксама, а гэты — не, адстой, прыбяры i схавай, каб нiхто не бачыў». У пражэктары адцення халоднага месяцовага святла асаблiва таямнiчымi здаюцца вялiзныя, амаль у чалавечы рост, карнавальныя маскi, якiя хутка будуць лунаць у паветры.

— Гэта што, вось калi ў нас проста на падлозе будзе вада, атрымаецца яшчэ прыгажэй», — на хвiлiну адрываецца ад работы Андрэй Меранкоў, галоўны мастак Музычнага. — Паколькi ў цэнтры падзей — каханне, то ў нас асноўны вобраз — масты, якiя могуць злучацца i раз'язджацца, да таго ж святло дазволiць маляваць на светла-шэрых, амаль белых дэкарацыях усякiя цуды...

«Мне цiкава рабiць спектакль роўна да таго моманту, як яго ўбачыць глядач, — прызнаецца мастак-пастаноўшчык, — потым ужо нiчога не пераробiш, i толькi публiка вырашае, атрымалася ў цябе або не. Але галоўнае, што ў нас усе працуюць шчыра, сумленна, нiхто не халтурыць — калi i каманда, i цэхi дзейнiчаюць як зладжаны арганiзм, працаваць — адно задавальненне. Мне ёсць з чым параўноўваць, бо я рабiў спектаклi практычна ва ўсiх вядучых тэатрах i магу засведчыць: у музычным тэатры жывапiсна-бутафорскi, сталярны, iншыя цэхi — найлепшыя з усiх».

Канешне, пагаджаецца Андрэй Меранкоў, пасля кожнага здадзенага спектакля бывае «дэпрэсiя дасягнення», калi нават ад добра зробленай работы адчуваеш не задавальненне, а пустэчу. Але справа ў тым, што ў тэатральным iмклiвым жыццi няма часу на рэфлексii, i за адной пастаноўкай тут жа iдзе наступная. А калi трэба аднавiць моцна патрачаную творчую энергiю, ратуе жывапiс. Таму ўсе спектаклi, пастаўленыя ў Музычным тэатры, для яго, як дзецi, па-свойму родныя i любiмыя. Бо, зноў жа, крэда — працаваць сумленна. А яшчэ мыслiць, як вучыў настаўнiк — Барыс Герлаван. «У нас, яго вучняў, дэкарацыi разумныя. Бо дэкарацыя — як жанчына, мусiць не толькi быць прыгожай, але i пра нешта гаварыць. Тым больш цяпер час iншы — патрэбная дынамiка, крэатыў, неабходна зацiкавiць гледача i ўтрымаць увагу, каб ён не засынаў на дзясятай хвiлiне класiчнага спектакля».

Нiбыта iлюструючы ўласную пазiцыю, мастак бярэ ў рукi шрубакрут i дапамагае «галоўным людзям у тэатры» сабраць частку моста, каб той не правалiўся ў самы адказны момант. А кiраўнiк жывапiсна-бутафорскага цэха Тамара Жэран вядзе нас далей у закулiсныя нетры, дзе таксама вiруе работа. Вось бутафоры падкладваюць у распiсную мiску кавалачкi «мяса» i «памiдоры».

— Гэта наш кухар. Што «гатуе»? Збольшага — парэзаны на кавалачкi пенапласт, — смяюцца работнiкi цэха, — але выглядаць мусiць так, каб у гледачоў з чацвёртага рада слiнкi пацяклi, а з дзясятага — каб пабеглi ў антракце ў буфет!

На стале, бы ў моднай краме, раскладзеныя яркiя капелюшы. Усе ручной работы, таксама як i вееры, да якiх адна з дзяўчат цяпер прышывае пышныя карункi, а другая наносiць малюнкi. «Хадземце, пакажу, якiя ў нас карнавальныя маскi!» —Тамара Уладзiмiраўна дэманструе, якiм прыгожым ва ўмелых руках можа атрымацца спалучэнне пап'е-машэ, тканiны i фарбаў.

Кулiсы ўжо гатовыя i размешчаныя на сцэне, цяпер чарга за калонамi — хлопцы пераносяць iх унiз, нiбы бярвёны на суботнiку. У цэху на суседнiх крэслах мiрна суiснуюць стравы для вячэры ў доме заможнага купца — рыбiна з лiмонам i зяленiвам на падносе (таксама пенапласт, але каб гэта зразумець, даводзiцца ледзь не абнюхаць рыбiну), антычныя (насамрэч — фанерныя) слупы з капiтэлямi i рыцарскi даспех, якi вянчае шлем са страусавым пер'ем (пер'е сапраўднае, шлем — каркас, паралон, тканiна i шыза-сталёвыя фарбы, што з трох крокаў ствараюць поўнае ўражанне металу). Штосьцi з гэтага рэквiзiту будзе выкарыстана ў найблiжэйшы час, штосьцi яшчэ чакае сваiх пастановак — напрыклад, адкладзенага праз каранавiрус балета «Праметэй».

Мастакi i бутафоры кажуць, што ў тэатры для iх няма простай цi складанай работы — ва ўсiм патрэбныя майстэрства i фантазiя: «Гледачы гэтага працэсу не бачаць, а нам здаецца, тут адбываецца самае цiкавае». Нам — таксама. А публiцы ў зале даводзiцца толькi здагадвацца, што ў спектаклi — бутафорыя, а што сапраўдныя рэчы, якiм закулiсныя ўмельцы надалi новае жыццё.

...Апошнiм часам, калi праз каранавiрус адмяняюцца або пераносяцца на няпэўны тэрмiн многiя вiдовiшчныя мерапрыемствы, тэатры, у тым лiку беларускiя, падтрымлiваюць сувязь з публiкай дыстанцыйна i выкладваюць частку пастановак на YouTube-каналы. У Музычным таксама не выключаюць такi варыянт.

...Учора тут далі апошняе красавіцкае прадстаўленне. Ад сёння і па 10 мая ўсе спектаклі адмененыя, квіткі на іх можна здаць у касу не пазней за дату, калі мусіў адбыцца спектакль.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Чараўнiкi закулiсся

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Валанцёры супраць каранавіруса: адзін дзень з жыцця мінскага хаба ByCovid19

Запушчаная кампанія па дапамозе медыкам ByCovid19 перарасла ў буйны «антыкаранавірусны» рух.

Культура

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Кіназнаўца Мiкалай Iзволаў: На маёй памяцi адкрыццё такога маштабу здарылася ўпершыню

Гэта была сенсацыя: у 2018 годзе быў паказаны страчаны фiльм Дзiгi Вертава.

Грамадства

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Спрыяльнае навакольнае асяроддзе ствараецца там, дзе над гэтым працуюць на месцах — у гарадскіх мікрараёнах ці на вясковых падворках і вуліцах

Маленькі прынц у аднайменнай казцы кожны дзень пачынаў з таго, што прыводзіў у парадак сваю планету. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Пажадана, каб нікога да слёз не даводзіла. Але ж бывае па-іншаму.