Вы тут

Марыя Разанава: Моцныя эмоцыі пражываеш на сцэне, асабліва пасля выступлення


Сёлета часопіс «Алеся» адзначае юбілей. Чарговая гераіня нашай рубрыкі «Алесі» — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі" — балерына Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Марыя Разанава. А «прататыпам» для фотастылізацыі паслужыла гераіня вокладкі N1 «Работніцы і сялянкі» за 1967 год удзельніца студыі класічнага танцу Мінскага палаца прафсаюзаў, студэнтка інстытута замежных моў Лідзія Волкава.

Балерына Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Марыя Разанава на сцэне выяўляе добрых і вясёлых персанажаў. І нават калі станцавала ролю шмат разоў, пражывае яе кожны раз нанова. 


Марыя Разанава

«Адчуваеш сябе часцінкай тэатра» 

Сваё першае выступленне на вялікай сцэне Марыя і сёння добра памятае. Гэта была пастаноўка «Маленькі прынц» у Вялікім тэатры. 

— Мы, дзеці, бегалі па сцэне ў белых прыгожых сукенках, імітуючы самалёцікі. Памятаю, як мяне ўразіла атмасфера за кулісамі. Вакол — прафесійныя балерыны, табой займаюцца ў грымёрцы... Адчуваеш сябе часцінкай тэатра. Зараз магія закулісся крыху згубілася, бо для мяне гэта стала паўсядзённасцю, працай. Моцныя эмоцыі пражываеш на сцэне, асабліва пасля выступлення, калі выходзіш на паклон і чуеш апладысменты. І тады магія вяртаецца, — з усмешкай кажа Марыя. 

Вокладка першага нумара часопіса «Работніца і сялянка» за 1967 год

Дзяўчына пачала танцаваць, калі яшчэ вучылася ў школе. Пасля яе заканчэння па парадзе настаўніцы паступіла ў Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж. Цяпер Марыя — балерына ў Музычным тэатры. 

— Танцую ў класічнай трупе. У тэатра рэпертуар разнастайны: ёсць пастаноўкі, сцэнарый якіх не змяняецца, а ёсць сучасныя, неакласіка і інш. Я танцую ва ўсіх балетных спектаклях, напрыклад, у такіх знакамітых пастаноўках, як «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера». 

«Да прыма-балерыны трэба дарасці!»

Марыя танцуе цяпер у кардэбалеце, часам выконвае невялікія сольныя партыі. У «Лебядзіным возеры», напрыклад, — «Неапалітанскі танец», у «Шчаўкунку» — ролю Мышкі. Балерына лічыць, што калі ставіць перад сабой невялікія мэты і рухацца паступова, па кроках, вынік атрымаецца найлепшы. 

— Да вядучай, прыма-балерыны трэба яшчэ дарасці! Можа, у будучым я змагу станцаваць ролю Адэты ў «Лебядзіным возеры». Буду вельмі старацца, працаваць. Хачу быць упэўненай, што выступлю дастойна, — дзеліцца артыстка.

Марыя прызнаецца, што ў дзяцінстве выступаць на сцэне было весела і цікава. Цяпер разам з пачуццём адказнасці перад гледачом з’явілася і хваляванне. З апошнім дапамагаюць змагацца рэгулярныя выступленні: чым часцей ты на сцэне, тым менш хвалюешся. Хаця прыемнае трымценне перад спектаклем ёсць заўсёды.

— Калі пачынаеш танцаваць, супакойваешся і канцэнтруешся на сваім целе і на ролі, — распавядае мая суразмоўніца. — Любімай у мяне няма, да ўсіх роляў стаўлюся з адказнасцю, не магу сабе дазволіць недапрацаваць. Нават калі станцавала тую ці іншую партыю 30 разоў, усё роўна пражыву яе на сцэне наноў. Звычайна граю добрых, вясёлых персанажаў і раблю гэта з усмешкай. Толькі ў чацвёртай сцэне «Лебядзінага возера», калі прыходзіць злы персанаж Роберт, даводзіцца станавіцца сумнай. 

Здараюцца ў артыстаў балета і траўмы. Марыя прызнаецца: часам танцуе і з мазалямі, і з болем у назе, — падвесці гледачоў і калектыў нельга. Менавіта такія адносіны да прафесіі і вылучаюць добрага артыста, лічыць яна. 

— Часта з-за пуантаў дэфармуюцца ногці, пальцы. У гэтым годзе на гастролях у Кітаі я траўміравала нагу і не змагла выступаць. Не дапамаглі нават уколы. Было вельмі крыўдна. У тэатры артысту даюць столькі часу, колькі спатрэбіцца, на выздараўленне. Цяпер з нагой ужо ўсё добра. 

«Шчаўкунок» на Каляды 

Трупа Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра часта бывае ў розных краінах на гастролях. Восенню мінулага года калектыў выступаў у Германіі. Кожны дзень у балерын быў заняты рэпетыцыямі і канцэртамі. 

— У такім напружаным графіку галоўнае — не згубіць пачуццё спектаклю, бо важна перадаць эмоцыі гледачам. У гэтым і праяўляецца прафесіяналізм артыста, — падкрэслівае мая суразмоўніца. 

Беларускі калектыў выступае ў Германіі не першы раз, і заўсёды яго прымаюць цёпла. І гэтым разам публіка шчыра апладзіравала. 

А нядаўна калектыў тэатра вярнуўся з гастроляў у Калінінградзе. Выступалі са «Шчаўкунком» — якраз перад Калядамі. 

— У тэатры была вялізная сцэна, сабралася поўная зала гледачоў. Я танцавала партыю Мышкі, сняжынак і вальс. Выступілі добра. Да таго ж, адчувалася асаблівая перадсвяточная атмасфера. 

Працаваць над недахопамі 

Працоўны дзень у тэатры пачынаецца з урока класічнага танцу, дзе артысты адточваюць рухі, закачваюць цягліцы. Гэта — база, якой балерыны навучаюцца ўсю сваю кар’еру. Потым праходзяць рэпетыцыі. Вечарам зазвычай у танцораў яшчэ рэпетыцыі альбо канцэрты. 

— З каледжа ў тэатр ты прыходзіш гатовым артыстам. Выкладчыкі добра навучылі нас дысцыпліне і прафесіяналізму. Здаецца, ты прайшоў столькі трэніровак, але ўсё роўна ёсць недапрацоўкі. Я бачу свае недахопы і іх выпраўляю, падкрэсліваю добрыя якасці. З гэтым дапамагаюць і кіраўнікі калектыву. Кажуць, што ў мяне добры пад’ём. Значыць, у танцы трэба максімальна яго паказваць. Часта на аснове тваіх вартасцяў ставяцца маленькія варыяцыі. А над недахопамі даводзіцца працаваць, доўга і ўпарта. 

У вольны час балерына вельмі любіць займацца рукадзеллем: вяжа, складае алмазныя мазаікі і пляце з бісеру. Нядаўна зрабіла цэлую сям’ю вязаных жабак. 

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.