Вы тут

Мастачка з СМА Марыя Прахаровіч: Ёсць мэта — няма перашкод


З дзяцінства хацела стаць мастачкай. Захаплялася фільмамі пра жывапісцаў, малявала герояў мультфільмаў. Сваю мару, нягледзячы на цяжкую хваробу, яна здзейсніла. Нядаўна з дапамогай Беларускага саюза жанчын і кіраўніцтва Беларусбанка ў маладой мастачкі адбылася першая персанальная выстава. Спыняцца на гэтым дзяўчына не збіраецца. 


«Мне гэта пад сілу!»

У дзяцінстве Марыя Прахаровіч яшчэ магла хадзіць сама. Але цяжкая хвароба — СМА (спінальная мышачная атрафія) прагрэсіравала. Шмат часу дзяўчынка праводзіла дома, а запал і энергію накіроўвала на творчыя захапленні. 

— У мяне было мільён розных спраў! Цацкі шыла: мама купляла тканіны, а настаўнікі са школы прыносілі выкрайкі. Потым мяне зацікавіла вышыўка крыжыкам. Даволі доўга займалася макрамэ. Яшчэ былі арыгамі і нават карціны з пластыліну, — расказвае Марыя. 

Мама Марыі, Людміла Прахаровіч, дагэтуль захоўвае работу дачкі з пластыліну: домік, дрэўцы, сонейка. Карціна здзіўляе: яна нібыта зроблена ў 3D. Дзяўчынцы ўдавалася развіваць свае хобі ў той час, калі пра інтэрнэт яшчэ не чулі. 

— На першым месцы ў мяне было маляванне, — усміхаецца мая суразмоўніца. — У ход ішло ўсё: фламастары, ручкі, алоўкі, крэйда. Абажала размалёўкі, якія заўжды па маіх замовах мама прывозіла з кніжных кірмашоў. Пачалося з таго, што змалёўвала любімых персанажаў мультфільмаў, толькі не пад капірку, а з дапамогай вакамера: глядзела на карцінку і спрабавала перадаць героя. Карысны навык, які мне і цяпер дапамагае. 

Настаўнікі і сям’я падтрымлівалі захапленні дзяўчынкі і адзначалі яе талент. Працы Марыі двойчы выстаўляліся на школьных конкурсах, але сама мастачка доўгі час не верыла ў свае здольнасці. І дарэмна: старанная і мэтанакіраваная, яна выдатна спраўлялася з любымі задачамі, якія ставіла перад сабой. З ахвотай вучылася, скончыла школу з залатым медалём. Потым былі курсы па вывучэнні моваў: нямецкай, англійскай. У ВНУ Марыя вучыцца не змагла, бо для чалавека з яе хваробой не было дыстанцыйнага навучання. Дзяўчына спрабавала працаваць маркетолагам, анлайн-кансультантам. 

— Такая праца не прыносіла задавальнення, адпаведна і не было стымулу рухацца наперад, — успамінае Марыя. — Тады вырашыла ператварыць у прафесію сваё захапленне творчасцю. І вось тут убачыла вынікі. Калі цябе аднойчы зачапіла мастацтва, яно цябе больш не адпусціць. Здаецца, мяне зачапіла моцна! 

Гэта насамрэч так: у дзяўчыны загараюцца вочы, а на твары з’яўляецца шчаслівая ўсмешка, калі яна расказвае пра творчасць. Тым не менш, пэўныя страхі і комплексы доўгі час заміналі Марыі рэалізавацца напоўніцу. Толькі два гады таму яна ўпершыню паспрабавала маляваць фарбамі.

— Думала: я ж не Вінцэнт ван Гог і не Леанарда да Вінчы, каб замахвацца на фарбы! Таму пачала з малявання карцін па нумарах. Пасля першага малюнка зразумела — не для мяне. Нумары заганялі ў рамкі. А маляваць фарбамі свае працы ўсё яшчэ баялася... Аднойчы ў інтэрнэце я наткнулася на бясплатны майстар-клас — навучанне жывапіcу. Падумала: чаму б не паспрабаваць? І аказалася, што гэта не так складана і мне пад сілу! З таго часу пачала больш цікавіцца жывапісам, паглыбляцца ў яго і напрацоўваць вопыт. 

Прыносіць радасць людзям 

Нядаўна ў галаўным офісе ААТ «ААБ Беларусбанк» пад эгідай Беларускага саюза жанчын прайшла першая персанальная выстава Марыі Прахаровіч. Раней яна нават і марыць не магла, што хтосьці так адзначыць яе творчасць. Пра таленавітую дзяўчыну з СМА знялі сюжэт на АНТ. Рэпартаж убачыла кіраўніцтва Беларусбанка. Аб’яднаная арганізацыя БСЖ ААТ «ААБ Беларусбанк» дапамагла з выставай, мастачцы аказалі фінансавую дапамогу. — Толькі пасля адкрыцця выставы мой страх паступова змяніўся радасцю, гонарам: вось яна, мая мара ўвачавідкі! — успамінае Марыя. — Людзі казалі столькі цёплых слоў, падтрымлівалі мяне і захапляліся тым, што я стварыла. Гэта дало новыя сілы і ўпэўненасць. Зразумела: я на сваім шляху, трэба працягваць маляваць і дзяліцца сваімі творчымі набыткамі. Не хачу складзіраваць свае працы ў шафе, яны павінны разыходзіцца па свеце і прыносіць радасць людзям. 

У планах мастачкі — засвоіць графічную ілюстрацыю і партрэт. Зараз Марыя вучыцца алейнаму жывапісу на анлайн-курсах. І калі раней яна малявала выключна акрылавымі фарбамі, то цяпер ужо ёсць некалькі карцін алеем.

— У хуткім часе пачнем вывучаць партрэт. Не церпіцца паспрабаваць, бо з дзяцінства марыла маляваць менавіта чалавека. Калі-небудзь абавязкова намалюю сваіх родных. Увогуле, мне хочацца быць універсальным мастаком, валодаць рознымі жанрамі. І пейзажы маляваць, і партрэты, і нацюрморты! 

На творчасць Марыю натхняюць любоў да сваёй сям’і, цёплыя пачуцці да сяброў, прырода, а таксама кінастужкі, мультфільмы. 

— Асабліва «Кароль Леў» і «Аладзін», — усміхаецца дзяўчына. — Гэта вельмі яскравая выразная анімацыя. Хачу, каб і мае малюнкі былі такімі, выпраменьвалі радасць, цеплыню. Каб зараджалі добрым настроем, дарылі сонейка ў душы. Творчасць павінна несці святло, станоўчыя эмоцыі. 

— У Машы позірк мастака! — уступае ў размову Людміла Прахаровіч. — На прагулках дачка ўжо не проста назірае за тым, што адбываецца побач. Яе цікавяць эмоцыі людзей, яна заўважае, як падаюць цені, дзе цёплы тон, дзе халодны, які колер у неба і як яго перадаць на малюнку. 

«Я проста вельмі моцны чалавек» 

Марыя прызнаецца: каб знайсці свой шлях, ёй прыйшлося перажыць нямала цяжкасцей. Але яно таго варта.

У дзяцінстве яна яшчэ магла хадзіць сама. Цяпер перасоўваецца толькі на інваліднай калясцы. Мышцы слабеюць з кожным днём, даводзіцца насіць гарсэт, і ўсё складней становіцца доўга сядзець і маляваць. Каб не слабелі лёгкія і мышцы, Марыя займаецца спецыяльнай гімнастыкай. П’е вітаміны, мінералы. Канешне, дзяўчына і яе сям’я вераць у лепшае. Унутраны стрыжань, аптымізм маладой мастачкі выклікаюць захапленне. 

— Стараюся не маркоціцца. Мой дэвіз: «Ёсць мэта — няма перашкод». Вельмі дапамагае вера ў Бога. Веру, што гэта мой шлях і мне трэба яго прайсці. Выпрабаванні ніколі не даюцца складней за нашыя сілы. Значыць, я проста вельмі моцны чалавек. Дапамагае сям’я, у ёй я чэрпаю бязмежную падтрымку і любоў. 

Бацькі Марыі таксама аптымісты. Людміла Прахаровіч лічыць: няма сэнсу плакаць, трэба прымаць усё як дадзенасць. Да таго ж, на свеце шмат добрых людзей, якія дапамогуць і словам, і справай. 

Дзяліцца сваёй гісторыяй, расказваць пра СМА Марыя лічыць для сябе важным. Ёй хацелася б, каб грамадства звяртала больш ўвагі на такіх, як яна. 

— Мы такія ж людзі, нам проста трэба крышачку больш увагі, больш дапамогі, — кажа мая суразмоўніца. — Жыццёва неабходная тэрапія для хворага на СМА каштуе вельмі дорага: для звычайнай сям’і сума непад’ёмная. Адкрыццё збораў — складаная справа, рэгулярна такія грошы збіраць немагчыма. Чакаем падтрымкі з боку дзяржавы, хочам, каб праз СМІ пра нас пачулі, намі зацікавіліся ўсе, хто можа дапамагчы. Пра людзей з СМА цяпер паказваюць сюжэты, пішуць, расказваюць, і гэта варта працягваць. 

«Нельга адчайвацца»

Марыя шчыра расказвае пра цяжкасці, якія давялося пераадолець.

— Не ўсе людзі ўспрымалі мяне такой, якая я ёсць, гэта моцна паўплывала на самаацэнку. На той час не было магчымасці хадзіць да псіхолагаў, і я разбіралася са сваімі душэўнымі пакутамі сама, —— кажа мая суразмоўніца. — Можа, таму захапілася псіхалогіяй, гэта яшчэ адно маё хобі. У адзін момант сабралася і сказала сабе: я — мастак і цікавая асоба. Павага да сябе зрабіла мяне больш камунікабельнай і адкрытай. 

Цяпер Марыя займаецца любімай справай. А яшчэ ёй падабаецца быць прыгожай. 

— Абажаю касметыку! У магазінах хочацца скупіць усё, — усміхаецца дзяўчына. — Вырашыла, што мастак заўсёды павінен адпавядаць свайму вобразу: выглядаць стыльна, прыгожа, з касметыкай і прычоскай. 

Марыя ўпэўненая: якія б складанасці ні ўзнікалі, нельга адчайвацца. У любым выпрабаванні лёсу трэба навучыцца шукаць кроплю радаснага і добрага. І заўжды верыць у лепшае. Гэтак жа мяркуе і яе маці.

— Хачу пажадаць усім бацькам, якія сутыкнуліся з цяжкімі хваробамі дзяцей, ніколі не апускаць рукі, — раіць Людміла Прахаровіч. — Не варта аддавацца адчаю і безнадзейнасці, бо дзецям будзе яшчэ цяжэй. Толькі любоў і падтрымка могуць дадаць моцы, здольныя не толькі прадоўжыць жыццё, але і зрабіць яго паўнавартасным і шчаслівым.

Юлія РАМАНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.