Вы тут

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш». Як дзейнічае Вярхоўны суд?


Увагу на новы дом Вярхоўнага суда, праязджаючы па вулiцы Арлоўскай, звяртае, бадай, кожны. Манументальны шкляны будынак, абрамлены з боку нацыянальным арнаментам, у сонечныя днi быццам ззяе. Ды i ўвогуле раён асаблiвы: насупраць — Палац Незалежнасцi, абноўлены выставачны комплекс («Рамонак») i Плошча Дзяржаўнага сцяга. Дызайнерскiя рашэннi для Вярхоўнага суда заслугоўваюць увагi. Экскурсii туды водзяць не так часта, але пятага красавiка будынак будзе святкаваць першы год з адкрыцця, i з гэтай нагоды менавiта для чытачоў «Звязды» зрабiлi выключэнне. «Гiдам» выступiў першы намеснiк старшынi Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь Валерый Калiнковiч, якi кантраляваў усе этапы будаўнiцтва i памятае дом правасуддзя яшчэ пустой бетоннай каробкай.


Месца, з якога мы пачалi наш агляд, — зала для пасяджэнняў па грамадзянскiх справах. Яна аснашчана сiстэмай аўдыя-, вiдэафiксацыi, што дазваляе запiсваць працэс. Адсюль маё пытанне: калi ўся судовая сiстэма краiны будзе лiчбавiзавана i чым гэта карысна?

— Лiчбавiзацыя дазволiць адмовiцца ад папяровых пратаколаў. Мы падрыхтавалi адпаведны законапраект, чакаем, што на гэтай сесii парламента ён будзе прыняты ў другiм чытаннi. Дзякуючы папраўкам падрабязныя пратаколы заменiць кароткая анатацыя для запiсаных файлаў, — адказвае Валерый Калiнковiч.

— Ведаю таксама, што Вярхоўны суд займаецца стварэннем адкрытай базы даных судовых рашэнняў. Якiм чынам тут iдзе працэс? Цi не будзе гэта сiстэма раскрываць асабiстыя звесткi грамадзян?

— Чалавек iдзе ў суд вырашаць свае праблемы. Толькi адзiнкi зацiкаўлены ў тым, каб пра iх ведала ўся краiна. Мы сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой iнфармацыi распрацоўваем рэсурс для фармiравання банка даных судовых рашэнняў, якi будзе функцыянаваць з улiкам аховы персанальных звестак. Ствараецца камп'ютарны модуль, якi заштрыхоўвае ў тэкстах судовых рашэнняў прозвiшчы, адрасы i iншую асабiстую iнфармацыю.

Рухаемся далей. У некаторых залах пасяджэнняў усталяваны манiторы, якiя дазваляюць убачыць, як iдзе працэс у iншых залах. Тэхнiка таксама дае магчымасць устанавiць вiдэамасты з iншымi судамi, юрыстамi. Такая сувязь асаблiва актуальная ў цяперашнi час самаiзаляцыi.

Такiм чынам праводзiўся i Прэзiдыум Вярхоўнага суда, падрыхтоўка да якога супала з нашай экскурсiяй — намеснiк старшынi заадно праверыў якасць сiгналу вiдэасувязi з прадстаўнiкамi абласцей.

Вярхоўны суд ажыццяўляе шмат задач, асноўныя з якiх — нагляд i забеспячэнне дзейнасцi агульных судоў, разгляд спраў у апеляцыйным, касацыйным парадку. Часам Вярхоўны суд выступае ў якасцi суда першай iнстанцыi — па шэрагу эканамiчных спрэчак, спраў, звязаных з выбарчай дзейнасцю, крымiнальных злачынстваў з удзелам вышэйшых службовых асоб. Вярхоўны суд таксама можа ўзяцца за любую справу, якая мае шырокi грамадскi рэзананс. Прыклад таму — суд над Андрэем Уцюрыным, былым першым намеснiкам дзяржсакратара Саўбеза. Што датычыцца спраў з вышэйшай мерай пакарання, яны не адносяцца да прамой падсуднасцi Вярхоўнага суда. Iх разглядаюць абласныя суды, Вярхоўны суд можа быць задзейнiчаны ў iх у якасцi апеляцыйнай iнстанцыi. Штодня ў Вярхоўным судзе разглядаецца каля 20 эканамiчных спраў, каля пяцi спрэчак, звязаных з iнтэлектуальнай уласнасцю. Па крымiнальных справах на першага красавiка значылiся дзве справы па першай iнстанцыi — аб карупцыi ў банкаўскай сферы i справа ў дачыненнi былога старшынi аднаго з раённых судоў.

Далей азнаёмiлiся з залай пасяджэнняў па крымiнальных справах. Там, акрамя прывычных сталоў i крэслаў, усталявана кабiна для абвiнавачаных з асаблiвага шкла, якое можа вытрымаць кулю пiсталета. Сведкi чакаюць, пакуль iх выклiчуць для дачы паказанняў, у спецыяльным пакоi з двайнымi дзвярыма. Яны забяспечваюць выкананне правiла, паводле якога дапытаны сведка не можа кантактаваць з недапытаным.

— Праблема сёння — так званы стрым з суда, якi, на жаль, пакуль не забаронены законам. Сведка, седзячы тут, можа з мабiльнага тэлефона глядзець справаздачу, што адбываецца ў зале. Такiя рэчы перашкаджаюць правасуддзю, — лiчыць Валерый Леанiдавiч.

Паказалi нам i кабiнет суддзi. Усяго ў Вярхоўным судзе iх працуе 64. У кожнага асабiсты пакой. Завiталi мы да суддзi калегii па крымiнальных справах Наталлi Сурмы. Стол, камп'ютар, шафа... Што гэта кабiнет суддзi, выдаюць папка з надпiсам «Справа №» на стале, сцяг ды герб. Пытаюся: як абжылiся ў новым будынку?

— Вельмi камфортна, утульна, — адказвае суддзя.

На другiм паверсе выходзiм у фае з канапамi i невялiкiм зiмовым садам з вiдам на вулiцу Арлоўскую i Палац Незалежнасцi. Дарэчы, будынкi яднае не толькi вулiца, на якой яны размешчаныя, але i агульны архiтэктар — Уладзiмiр Архангельскi.

Асаблiва ўразiла мяне зала пасяджэнняў Пленума — вiтражнае шкло на столi, арнаменты на сценах, выразаныя ў дрэве гербы абласцей.

— А кажуць, у вас ёсць сакрэтны падвал? — задаю пытанне Валерыю Леанiдавiчу.

— Сакрэтны? — засмяяўся суразмоўца. — Нiчога сакрэтнага там няма. Гэта iзалятар для абвiнавачаных. Пусцiць туды не магу, бо ключы ад гэтага памяшкання аддалi канвою. Чужыя толькi з яго дазволу туды могуць трапiць. Там 24 адзiночныя камеры для ўтрымання абвiнавачаных, якiх прывезлi на суд. Дарэчы, для iх прадугледжана i асобная лесвiца для праходу ў залу.

Наступны пункт экскурсii — кавярня. Ежа, праўда, прывазная. Магутнасцi дазваляюць i самiм гатаваць, але выгадней выходзiць заказваць.

— Калi ўзводзiлi новы будынак, многiя асуджалi яго за раскошу... — выказваю Валерыю Калiнковiчу адно з меркаванняў.

— Вядома, у абласных судах у нас такiх люстраў i фантанаў няма, але гэты будынак — сiмвал усёй галiны судовай улады. Элементы раскошы — толькi пры ўваходзе ў фае. Вы бачылi кабiнеты суддзяў, там нiчога лiшняга.

Пабывалi мы i ў музеi. Пакуль ён дастаткова сцiплы. Яго «iскрынкi» — канешне, сiмвалiчны ключ, якi ўручалi пры адкрыццi будынка, i галерэя партрэтаў былых кiраўнiкоў Вярхоўнага суда з часоў БССР, а таксама асабiстая справа Марыi Осiпавай — падпольшчыцы, якая ўдзельнiчала ў аперацыi па знiшчэннi гаўляйтара Кубэ падчас Вялiкай Айчыннай вайны. Марыя Осiпава была суддзёй Вярхоўнага Суда БССР.

Падчас экскурсii давялося крыху паразмаўляць i пра асаблiвасцi штодзённай работы суддзяў. Па словах Валерыя Калiнковiча, праца суддзi не рэгламентавана часам, бо заўсёды — нават на выхадных i ў святы — галава працуе над складанай прававой сiтуацыяй.

— Наколькi псiхалагiчна цяжка суддзi выносiць прыгаворы, разумеючы, што вырашаецца лёс чалавека?

— Практычна ўся судовая дзейнасць штодзённа звязана з чалавечымi лёсамi. Мы вырашаем iх кожны дзень. Чамусьцi вырашэнне лёсу звязваюць з крымiнальнай справай — турма, расстрэл, не дай Бог. А калi мы разглядаем жыллёвую спрэчку, дзе каму жыць, — гэта што, не лёс чалавека? А калi два былыя сужэнцы, бацькi не могуць вызначыцца, як iм выхоўваць дзяцей, — гэта што, не лёс?

— Якiмi якасцямi павiнен валодаць суддзя?

— Асноўная — адчуванне справядлiвасцi. Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш. Заўсёды ўзнiкаюць сiтуацыi, якiя ў рамках закона можна вырашыць тым цi iншым спосабам. I сваiм рашэннем суддзя вызначае шлях чалавека на многiя гады наперад. Гэта складаныя выпадкi, i журналiстам пiсаць пра iх складана. У нас асвятленне судовых спраў раскладваецца па дзвюх палiцах — цi ўсё дрэнна — цi ўсё добра, цi ўсiх саджаць — цi ўсiх адпускаць.

— А вы чытаеце каментарыi пад публiкацыямi пра судовыя працэсы?

— Вядома, чытаю, мне i мае сябры, родныя выказваюць гэтыя каментарыi без iнтэрнэту. Напрыклад, асудзiлi чалавека на доўгi тэрмiн за забойства. А мой сябар кажа: ты што, за такое расстрэльваць трэба! Пытаю: а ты б змог падпiсаць смяротны прысуд? Адказвае: не ведаю. Адна справа казаць, iншая — самому прымаць рашэннi. Са сваёй канапы ў нас усе юрысты, эксперты i публiцысты. А калi чалавек садзiцца ў залу ў якасцi, напрыклад, народнага наглядальнiка, успрыняцце адразу змяняецца.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Ганны Занкавiч

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.