Увагу на новы дом Вярхоўнага суда, праязджаючы па вулiцы Арлоўскай, звяртае, бадай, кожны. Манументальны шкляны будынак, абрамлены з боку нацыянальным арнаментам, у сонечныя днi быццам ззяе. Ды i ўвогуле раён асаблiвы: насупраць — Палац Незалежнасцi, абноўлены выставачны комплекс («Рамонак») i Плошча Дзяржаўнага сцяга. Дызайнерскiя рашэннi для Вярхоўнага суда заслугоўваюць увагi. Экскурсii туды водзяць не так часта, але пятага красавiка будынак будзе святкаваць першы год з адкрыцця, i з гэтай нагоды менавiта для чытачоў «Звязды» зрабiлi выключэнне. «Гiдам» выступiў першы намеснiк старшынi Вярхоўнага суда Рэспублiкi Беларусь Валерый Калiнковiч, якi кантраляваў усе этапы будаўнiцтва i памятае дом правасуддзя яшчэ пустой бетоннай каробкай.
Месца, з якога мы пачалi наш агляд, — зала для пасяджэнняў па грамадзянскiх справах. Яна аснашчана сiстэмай аўдыя-, вiдэафiксацыi, што дазваляе запiсваць працэс. Адсюль маё пытанне: калi ўся судовая сiстэма краiны будзе лiчбавiзавана i чым гэта карысна?
— Лiчбавiзацыя дазволiць адмовiцца ад папяровых пратаколаў. Мы падрыхтавалi адпаведны законапраект, чакаем, што на гэтай сесii парламента ён будзе прыняты ў другiм чытаннi. Дзякуючы папраўкам падрабязныя пратаколы заменiць кароткая анатацыя для запiсаных файлаў, — адказвае Валерый Калiнковiч.
— Ведаю таксама, што Вярхоўны суд займаецца стварэннем адкрытай базы даных судовых рашэнняў. Якiм чынам тут iдзе працэс? Цi не будзе гэта сiстэма раскрываць асабiстыя звесткi грамадзян?
— Чалавек iдзе ў суд вырашаць свае праблемы. Толькi адзiнкi зацiкаўлены ў тым, каб пра iх ведала ўся краiна. Мы сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой iнфармацыi распрацоўваем рэсурс для фармiравання банка даных судовых рашэнняў, якi будзе функцыянаваць з улiкам аховы персанальных звестак. Ствараецца камп'ютарны модуль, якi заштрыхоўвае ў тэкстах судовых рашэнняў прозвiшчы, адрасы i iншую асабiстую iнфармацыю.
Рухаемся далей. У некаторых залах пасяджэнняў усталяваны манiторы, якiя дазваляюць убачыць, як iдзе працэс у iншых залах. Тэхнiка таксама дае магчымасць устанавiць вiдэамасты з iншымi судамi, юрыстамi. Такая сувязь асаблiва актуальная ў цяперашнi час самаiзаляцыi.
Такiм чынам праводзiўся i Прэзiдыум Вярхоўнага суда, падрыхтоўка да якога супала з нашай экскурсiяй — намеснiк старшынi заадно праверыў якасць сiгналу вiдэасувязi з прадстаўнiкамi абласцей.
Вярхоўны суд ажыццяўляе шмат задач, асноўныя з якiх — нагляд i забеспячэнне дзейнасцi агульных судоў, разгляд спраў у апеляцыйным, касацыйным парадку. Часам Вярхоўны суд выступае ў якасцi суда першай iнстанцыi — па шэрагу эканамiчных спрэчак, спраў, звязаных з выбарчай дзейнасцю, крымiнальных злачынстваў з удзелам вышэйшых службовых асоб. Вярхоўны суд таксама можа ўзяцца за любую справу, якая мае шырокi грамадскi рэзананс. Прыклад таму — суд над Андрэем Уцюрыным, былым першым намеснiкам дзяржсакратара Саўбеза. Што датычыцца спраў з вышэйшай мерай пакарання, яны не адносяцца да прамой падсуднасцi Вярхоўнага суда. Iх разглядаюць абласныя суды, Вярхоўны суд можа быць задзейнiчаны ў iх у якасцi апеляцыйнай iнстанцыi. Штодня ў Вярхоўным судзе разглядаецца каля 20 эканамiчных спраў, каля пяцi спрэчак, звязаных з iнтэлектуальнай уласнасцю. Па крымiнальных справах на першага красавiка значылiся дзве справы па першай iнстанцыi — аб карупцыi ў банкаўскай сферы i справа ў дачыненнi былога старшынi аднаго з раённых судоў.
Далей азнаёмiлiся з залай пасяджэнняў па крымiнальных справах. Там, акрамя прывычных сталоў i крэслаў, усталявана кабiна для абвiнавачаных з асаблiвага шкла, якое можа вытрымаць кулю пiсталета. Сведкi чакаюць, пакуль iх выклiчуць для дачы паказанняў, у спецыяльным пакоi з двайнымi дзвярыма. Яны забяспечваюць выкананне правiла, паводле якога дапытаны сведка не можа кантактаваць з недапытаным.
— Праблема сёння — так званы стрым з суда, якi, на жаль, пакуль не забаронены законам. Сведка, седзячы тут, можа з мабiльнага тэлефона глядзець справаздачу, што адбываецца ў зале. Такiя рэчы перашкаджаюць правасуддзю, — лiчыць Валерый Леанiдавiч.
Паказалi нам i кабiнет суддзi. Усяго ў Вярхоўным судзе iх працуе 64. У кожнага асабiсты пакой. Завiталi мы да суддзi калегii па крымiнальных справах Наталлi Сурмы. Стол, камп'ютар, шафа... Што гэта кабiнет суддзi, выдаюць папка з надпiсам «Справа №» на стале, сцяг ды герб. Пытаюся: як абжылiся ў новым будынку?
— Вельмi камфортна, утульна, — адказвае суддзя.
На другiм паверсе выходзiм у фае з канапамi i невялiкiм зiмовым садам з вiдам на вулiцу Арлоўскую i Палац Незалежнасцi. Дарэчы, будынкi яднае не толькi вулiца, на якой яны размешчаныя, але i агульны архiтэктар — Уладзiмiр Архангельскi.
Асаблiва ўразiла мяне зала пасяджэнняў Пленума — вiтражнае шкло на столi, арнаменты на сценах, выразаныя ў дрэве гербы абласцей.
— А кажуць, у вас ёсць сакрэтны падвал? — задаю пытанне Валерыю Леанiдавiчу.
— Сакрэтны? — засмяяўся суразмоўца. — Нiчога сакрэтнага там няма. Гэта iзалятар для абвiнавачаных. Пусцiць туды не магу, бо ключы ад гэтага памяшкання аддалi канвою. Чужыя толькi з яго дазволу туды могуць трапiць. Там 24 адзiночныя камеры для ўтрымання абвiнавачаных, якiх прывезлi на суд. Дарэчы, для iх прадугледжана i асобная лесвiца для праходу ў залу.
Наступны пункт экскурсii — кавярня. Ежа, праўда, прывазная. Магутнасцi дазваляюць i самiм гатаваць, але выгадней выходзiць заказваць.
— Калi ўзводзiлi новы будынак, многiя асуджалi яго за раскошу... — выказваю Валерыю Калiнковiчу адно з меркаванняў.
— Вядома, у абласных судах у нас такiх люстраў i фантанаў няма, але гэты будынак — сiмвал усёй галiны судовай улады. Элементы раскошы — толькi пры ўваходзе ў фае. Вы бачылi кабiнеты суддзяў, там нiчога лiшняга.
Пабывалi мы i ў музеi. Пакуль ён дастаткова сцiплы. Яго «iскрынкi» — канешне, сiмвалiчны ключ, якi ўручалi пры адкрыццi будынка, i галерэя партрэтаў былых кiраўнiкоў Вярхоўнага суда з часоў БССР, а таксама асабiстая справа Марыi Осiпавай — падпольшчыцы, якая ўдзельнiчала ў аперацыi па знiшчэннi гаўляйтара Кубэ падчас Вялiкай Айчыннай вайны. Марыя Осiпава была суддзёй Вярхоўнага Суда БССР.
Падчас экскурсii давялося крыху паразмаўляць i пра асаблiвасцi штодзённай работы суддзяў. Па словах Валерыя Калiнковiча, праца суддзi не рэгламентавана часам, бо заўсёды — нават на выхадных i ў святы — галава працуе над складанай прававой сiтуацыяй.
— Наколькi псiхалагiчна цяжка суддзi выносiць прыгаворы, разумеючы, што вырашаецца лёс чалавека?
— Практычна ўся судовая дзейнасць штодзённа звязана з чалавечымi лёсамi. Мы вырашаем iх кожны дзень. Чамусьцi вырашэнне лёсу звязваюць з крымiнальнай справай — турма, расстрэл, не дай Бог. А калi мы разглядаем жыллёвую спрэчку, дзе каму жыць, — гэта што, не лёс чалавека? А калi два былыя сужэнцы, бацькi не могуць вызначыцца, як iм выхоўваць дзяцей, — гэта што, не лёс?
— Якiмi якасцямi павiнен валодаць суддзя?
— Асноўная — адчуванне справядлiвасцi. Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш. Заўсёды ўзнiкаюць сiтуацыi, якiя ў рамках закона можна вырашыць тым цi iншым спосабам. I сваiм рашэннем суддзя вызначае шлях чалавека на многiя гады наперад. Гэта складаныя выпадкi, i журналiстам пiсаць пра iх складана. У нас асвятленне судовых спраў раскладваецца па дзвюх палiцах — цi ўсё дрэнна — цi ўсё добра, цi ўсiх саджаць — цi ўсiх адпускаць.
— А вы чытаеце каментарыi пад публiкацыямi пра судовыя працэсы?
— Вядома, чытаю, мне i мае сябры, родныя выказваюць гэтыя каментарыi без iнтэрнэту. Напрыклад, асудзiлi чалавека на доўгi тэрмiн за забойства. А мой сябар кажа: ты што, за такое расстрэльваць трэба! Пытаю: а ты б змог падпiсаць смяротны прысуд? Адказвае: не ведаю. Адна справа казаць, iншая — самому прымаць рашэннi. Са сваёй канапы ў нас усе юрысты, эксперты i публiцысты. А калi чалавек садзiцца ў залу ў якасцi, напрыклад, народнага наглядальнiка, успрыняцце адразу змяняецца.
Марыя ДАДАЛКА
Фота Ганны Занкавiч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyarhouny-sud
[5] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-kalinkovich-0