Вы тут

Маладая шматдзетная сям'я расказвае пра тое, з якімі праблемамі сутыкнулася пры будаўніцтве жылля


Жыллёвае пытанне лічыцца адным з самых вострых у нашай краіне. Пра падтрымку шматдзетных сем'яў кажуць так многа, і з'яўляецца адчуванне, што быццам кватэры атрымліваюць толькі шматдзетныя. Але калі быць аб'ектыўным, то ў 2019 годзе арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 46,9 тысячы новых кватэр, і толькі крыху больш за 10,3 тысячы для шматдзетных сем'яў. На самай справе, не так ужо і шмат, але гэта вялікая падтрымка. І хоць па сутнасці шматдзетныя складаюць каля пяці працэнтаў ад усіх сем'яў з дзецьмі, менавіта на іх адрас часам гучаць крыўдныя словы: маўляў, «нараджаеце дзеля кватэр» або «атрымалі кватэру на халяву». Сям'я Савічавых выхоўвае чатырох дзяцей: васьмігадовую Ганну, шасцігадовага Сашу, чатырохгадовага Аляксея і двухгадовага Арцёма. У студзені яны пераехалі ў дзве новенькія кватэры: аднапакаёвую і двухпакаёвую на адной лесвічнай пляцоўцы. Маладая сям'я запрасіла журналістаў да сябе ў госці, расказала пра тое, з якімі праблемамі сутыкнулася пры будаўніцтве жылля і як усё ж такі сталі шчаслівымі навасёламі.


Заходзім з фатографам у новенькі дом, які яшчэ мае спецыфічны пах новабудоўлі. У дамафон не званю, бо яго пакуль няма. Але ёсць код, які Юля даслала мне, каб бесперашкодна дабрацца да яе жылля. Дзверы адчыняе дзіця. Маладая прыгожая жанчына строга глядзіць на малых, якія без яе дазволу ўпусцілі гасцей, але хутка жаночы твар змякчаецца, маці ўжо абдымае хлопчыка, які правініўся. Праходзім у пакой з адной невялічкай канапай і маленькім ложачкам.

— Многія лічаць, што дзяржава раздае кватэры бясплатна і такім чынам прывучае шматдзетных да ўтрыманства, — пачынае Юля. — Але гэта не так. Дзяржава дапамагае шматдзетным набываць жыллё, а не дорыць кватэры. Мы з мужам шмат працуем, каб выплачваць доўг па крэдыце. Кожны месяц мы вяртаем у банк каля 550 рублёў. І гэта не першы наш крэдыт...

Юля пазнаёмілася з будучым мужам пасля першай сваёй буйной пакупкі — машыны. Маладая дзяўчына толькі атрымала правы кіроўцы і набыла старэнькае аўто ў крэдыт. У той жа дзень паехала на сваёй машыне на Мінскае мора, дзе і сустрэла яго.

Пажаніліся ў 2010 годзе і сталі жыць у бацькоў Юлі ў трохпакаёвай кватэры. Тут трэба адзначыць, што Юліны бацькі ў маладую сям'ю са сваімі парадамі не лезлі, каб не напалохаць маладых і не вымусіць іх з'ехаць на здымнае жыллё.

«Мы, вядома, адразу сталі на чаргу як маладая сям'я, але разумелі, што чакаць давядзецца доўга. Я зацяжарала, і ў нас з мужам, натуральна, узнікла жаданне жыць асобна ад бацькоў. Хацелася мець свой уласны кут — і мы рашыліся. Гэта была сапраўдная аперацыя па здабыванні грошай. Прадалі машыны, пазычылі ў сяброў пэўную суму, каб купіць хоць аднапакаёўку. Але грошай усё роўна не хапала. Вырашылі ўзяць крэдыт».

Здавалася, мара спраўдзілася: ёсць аднапакаёвая кватэра, але маладыя не змаглі сабе дазволіць у яе пераехаць — проста не хапала заробку і на сціплае жыццё, і на аплату крэдыту. На сямейным савеце вырашылі здаваць набытую кватэру, каб трошкі разлічыцца з крэдытам.

«Спачатку было вельмі цяжка фінансава, — кажа Юля. — Толькі праз два гады ўдалося пераехаць ва ўласнае жыллё. Мы былі шчаслівыя! Праз пяць гадоў пасля набыцця кватэры цалкам разлічыліся з крэдытам. Мне даводзілася працаваць у дэкрэтным водпуску, але інакш было не выкруціцца».

Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці Аляксея сям'я стала лічыцца шматдзетнай і, натуральна, пайшла станавіцца на чаргу, якую называюць «ільготнай».

«Памятаю, нам сказалі ў выканкаме: маўляў, не спадзявайцеся атрымаць жыллё хутка — такіх, як вы, шмат, таму прапаноў у наступныя два гады не чакайце... Але мы не падалі духам — два гады не такі ўжо вялікі тэрмін».

Не ўсё так проста

Самае галоўнае для Юлі было не праспаць садок.

«Дождж, снег, вывяржэнне вулкана, ды ўсё што заўгодна, — але галоўнае — адвесці малых у сад. У аднапакаёвай кватэры вельмі няпроста арганізаваць парадак. Калі дома знаходзіліся ўсе дзеці, я практычна нічога не магла зрабіць па гаспадарцы».

Спачатку ў пакоі па перыметры стаялі ложкі для дзяцей, канапа для дарослых і іншая мэбля. Але з нараджэннем чацвёртага малога бацькі зразумелі, што трэба больш папрацаваць над арганізацыяй прасторы. Так быў замоўлены прыгожы трох'ярусны ложачак, «як у дзіцячым садку».

Пакуль дзеці былі малыя, Юлі здавалася, што месца ў кватэры дастаткова. Але чым даўжэй яны жылі ў аднапакаёўцы, тым часцей прыходзіла ўсведамленне, што дзецям і дарослым у адным пакоі цесна. А больш за ўсё маладая мама баялася зламанага ліфта.

«Мы жылі на восьмым паверсе. Памятаю, сапсаваўся ліфт, а мне з малым у паліклініку трэба. Добра, што іншыя дзеці былі ў садку. Сама цяжарная, ледзь дацягнула каляску да першага паверха. Патэлефанавала ў ЖЭС, пакінула заяўку і сышла ў паліклініку. Вяртаюся — не працуе ліфт. Думаю, я, пакуль спускалася, ледзь не нарадзіла, а тут — падняцца. Людзі на рабоце, ніхто не дапаможа. Зноў тэлефаную ў ЖЭС, пытаюся ў іх, колькі давядзецца чакаць. А яны мне ў адказ: маўляў, а чаго вы ходзіце невядома дзе? Бачыце, ліфт не працуе — не выходзьце з дому, а прадукты наступны раз набывайце з запасам. Я так раззлавалася, што сказала: калі праз 20 хвілін ліфт не будзе працаваць, выклікаю МНС сабе ў дапамогу. У выніку на працягу паўгадзіны праблема была вырашана».

Перыядычна сям'я глядзела на сайце выканкама, як рухаецца чарга на жыллё. Здавалася, што вельмі павольна. Але ў адзін цудоўны вясновы дзень з выканкама патэлефанавалі і сказалі рыхтаваць дакументы.

«Званок быў настолькі нечаканы, што я разгубілася і некаторы час не магла нічога рабіць. Памятаю, сядзела на канапе і спрабавала ўсвядоміць, што гэта адбываецца тут і цяпер».

Савічавы «паляцелі» ў выканкам з дакументамі. Але там іх чакала расчараванне. «Нам прапанавалі трохпакаёвую кватэру без адстройвання ў раёне, вельмі далёкім ад кватэры маёй мамы, якая нам моцна дапамагала. Да таго ж, мы разумелі, што рамонт не пацягнем. Муж ўвесь час на рабоце, я — з чатырма дзецьмі... Ды і дзе грошы на гэта ўзяць?»

Сям'я напісала адмову ад кватэры і новую заяву на кватэру з адстройваннем. Пасля гэтага зноў апынуліся ў канцы чаргі на жыллё.

Праз чатыры гады

Праз дзевяць месяцаў пасля першай спробы пабудаваць Савічавым патэлефанавалі зноў.

«Мы радаваліся, але ўжо было не столькі эмоцый. Па ідэі, нам павінны былі пракрэдытаваць 120 метраў — на кожнага члена сям'і па 20 метраў, але паколькі мы сваімі сіламі пабудавалі аднапакаёўку, то ў нас колькасць яе метраў адмінусавалі. Таму ў выніку нам крэдытавалі 88 метраў, і адпаведна, на кожны метр дзяржава выдзяляла крыху больш за 700 рублёў. А кошт метра складаў больш за тысячу».

Розніцу трэба было кампенсаваць уласнымі сродкамі. Сям'я звярнулася ў банк, каб узяць крэдыт на неабходную суму — 46 тысяч рублёў. Але аказалася, што яны, па падліках банка, неплацежаздольныя. «Мы вельмі хваляваліся. Атрымалася, што калі падзяліць наш сукупны даход на ўсіх членаў сям'і, мы недацягваем да крэдыту».

Юля з мужам вырашылі зноў пераехаць да бацькоў, каб уключыць у сукупны даход сродкі ад здачы сваёй аднапакаёўкі. Не хапала зусім трошкі. Тады Юля выйшла на работу на чвэрць стаўкі, і нарэшце сумы даходу стала хапаць. Банк іх пракрэдытаваў.

«Калі пачулі аб станоўчым рашэнні, умомант усе праблемы забыліся, адчувалі толькі радасць і надзею, што ўсё наладзіцца».

Праз чатыры гады сям'я нарэшце пабудавалася. У студзені Савічавы пераехалі ў дзве новенькія кватэры з адстройваннем. Вось яны, уласныя 100 метраў на адной пляцоўцы! Так, канешне, маладым хочацца хутчэй купіць мэблю і кухню, але не ўсё адразу, трэба выплачваць крэдыт і на нешта жыць. Юля ўпэўнена, што праз некаторы час у іх усё будзе, бо галоўнае — ёсць дах над галавой.

«На самай справе, дапамога дзяржавы ў будаўніцтве жылля вельмі істотная. Я ведаю, што людзі дзесяцігоддзямі стаяць на чарзе, каб мець магчымасць пабудавацца. Нам жа давялося чакаць усяго чатыры гады. Набыць жыллё на другасным рынку для нас наогул было б нерэальна», — кажа яна.

У новенькай кватэры здаецца, што чуваць рэха. Пакоі пакуль амаль пустыя, затое на падаконніку горда сядзіць мэйнкун — кошка. Дзеці пацягнулі гасцей праз калідор у ванны пакой, каб паказаць новых членаў сям'і — двух кацянят, якія сядзелі за трубамі, але нават у такой вялікай кватэры ад дзяцей ім не схавацца.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: «Усё ў нас будзе!»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.