Вы тут

У Гродне ў адмысловай лабараторыі ткацтва робяць эксклюзіўны габелен з выявай самой маці Беларусі


Незвычайны рукатворны падарунак землякам у гонар святкавання 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне рыхтуюць у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Тут у адмысловай лабараторыі ткацтва робяць эксклюзіўны габелен з выявай... самой маці Беларусі.


Аўтар эскіза сімвалічнага габелена — кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка. Менавіта ён сумясціў у адной карціне і замалёўкі з мінулага, і адвечныя сімвалы, і элементы традыцыйнага арнаменту, і сучасныя краявіды. У цэнтры кампазіцыі, абрамленай традыцыйным арнаментам, мастак змясціў вобраз маці Беларусі, у ніжняй частцы габелена будуць знаходзіцца замалёўкі ваенных гадоў, у сярэдзіне — будні гараджан і сельскіх жыхароў, наверсе — пазнавальныя панарамы беларускіх гарадоў. Над стварэннем шматколернага палатна памерам 1,5 на 2 метры працуе родная сястра Яўгена Феліксавіча, метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, майстар габеленаў Алена Шунейка. Любоў да народнай творчасці ў іх сямейная — перайшла ў спадчыну ад бацькі, вядомага гродзенскага мастака-тэкстыльшчыка і даследчыка Фелікса Шунейкі.

Ужо на працягу амаль 40 гадоў Алена Шунейка працягвае бацькаву справу: натхнёна працуе за ўнікальным станком — вертыкальнымі кроснамі, якія не маюць аналагаў у краіне. Ды і сама тэхніка ткацкага рамяства, якой валодае гродзенская майстрыха, адзіная ў сваім родзе, бо працягвае традыцыі так званага падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва («закладання»). Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, дарэчы, восем гадоў таму папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У творчай скарбонцы ткачыхі — шэраг арыгінальных сюжэтна-тэматычных габеленавых кампазіцый з выявамі помнікаў архітэктуры, рэлігійнымі, гістарычнымі сюжэтамі, у якіх традыцыйныя ўзоры ў прамым і пераносным сэнсе пераплеценыя з уласным аўтарскім стылем.

Алене Шунейка дапамагае ў рэалізацыі новай задумы калега і пераемніца ткацкага рамяства Юлія Барадзіна — малады метадыст прызнаецца, што загадзя прадчувае радасць і захапленне ад канчатковага выніку працы «ў чатыры рукі».

«Безумоўна, гэта вялікі і складаны творчы працэс, праца не аднаго дня і нават не аднаго месяца, — расказала «Звяздзе» загадчык аддзела традыцыйнай культуры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Шлавянец. — Калі б над ім працаваў толькі адзін майстар, праект доўжыўся б каля года, але паколькі праца ідзе ў чатыры рукі, спадзяёмся, што вынік зможам прадставіць жыхарам і гасцям Гродна калі не ў маі, да Дня Перамогі, то напярэдадні Дня Незалежнасці 3 ліпеня. Пакуль яшчэ прапрацоўваецца пытанне, дзе будзе выстаўлены габелен — магчыма, у нас у цэнтры, а магчыма, ён будзе перададзены ў падарунак аднаму з музеяў».

Творчая група ўжо прадумала дэталі аб'ёмнай работы, падабрала патрэбныя колеры і літаральна днямі заклала першую нітку ў станок. Але будучая «тканая акварэль» пакуль безназоўная, таму абвешчаны конкурс на лепшую назву габелена. Прапановы прымаюцца да 9 сакавіка на электронную паштовую скрыню оnmсnt@tut.bу з пазнакай «габелен» і ў сацыяльных сетках. А сачыць за пакрокавым стварэннем рукатворнага цуду можна на афіцыйным сайце цэнтра і ў сацыяльных сетках УКантакце і Instagram.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота Гродзенскага АМЦНТ

Загаловак у газеце: Звязаныя адной музай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.