Вы тут

«Музей павінен нараджаць пытанні, каб пасля чалавек захацеў сюды вярнуцца і пашукаць на іх адказы»


Як ператварыць музей у так званае «трэцяе месца» (пасля дому і работы), дзе чалавек будзе адчуваць сябе ўтульна і камфортна і дзе зможа правесці ці не цэлы дзень? Як абудзіць цікавасць да гісторыі і як падаваць інфармацыю, каб яна ўздзейнічала на пачуцці? Што зрабіць для таго, каб наведвальнік захацеў сюды вярнуцца другі, трэці, дзясяты раз? Адказы на гэтыя пытанні я шукала ў музеях Польшчы, якія працуюць з ваеннай тэматыкай.


Экспазіцыю трэба «чытаць»

Экспазіцыя — гэта сэрца музея, але не трэба абмяжоўвацца толькі ёй, — упэўнены стваральнікі музея Другой сусветнай вайны ў горадзе Гданьску, аднаго з самых маладых музеяў Польшчы. Сюды можна прыйсці, каб адпачыць, даведацца пра нешта новае, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Тут ёсць кіназала, бібліятэка, выставачныя пляцоўкі, кавярня і рэстаран, канферэнц-зала, якая ператвараецца ў тэатральную зону, у канцэртную пляцоўку. Усё гэта таксама можа працаваць на развіццё, культуру, выхаванне, па-рознаму ўздзейнічаць на чалавека.

Нават сам будынак ужо натхняе наведвальніка на пошук. Створаны ў стылі дэструктывізму, ён выклікае розныя асацыяцыі. Некаторыя госці параўноўваюць яго са снарадам, які ўпаў у зямлю і не ўзарваўся, другія — з пабудовай, якая падае. Трэція заўважаюць, што ўсё звязанае з вайной знаходзіцца пад зямлёй на ніжніх паверхах, а будучыню сімвалізуе вежа, якая цягнецца ў вышыню. Музей створаны так, што тут не патрэбны экскурсаводы. Ён насычаны інфармацыяй, і кожны чалавек сам вырашае, колькі і чаго яму ўзяць. Таму і падаецца тут усё па-газетнаму — ёсць загаловак, падзагаловак і асноўная частка, не большая за 600 знакаў. Пры стварэнні музея было пралічана, колькі тэксту можа засвоіць чалавек, асабліва калі чытаць яму давядзецца ў паўзмроку і шмат часу ён правядзе на нагах. Усё ж адным наведвальнікам патрэбны аповед на глыбейшым узроўні — яны будуць усё чытаць і слухаць, — а другія не гатовы многа часу думаць пра вайну. Але нават турысты, якія спяшаюцца, проста прабегшы па экспазіцыі і звярнуўшы ўвагу толькі на «загалоўкі», выйдуць адсюль з галоўнай ідэяй: «Такая трагедыя не павінна паўтарыцца».

— Наша экспазіцыя наратыўная. Яе трэба «чытаць», інтэрпрэтаваць. У кожным аповедзе ёсць пачатак, кульмінацыя і канец, — тлумачыць Дзмітрый Панто, галоўны спецыяліст навуковага аддзела музея Другой Сусветнай вайны. — Мы сыходзім ад ведаў цвёрдых, як было ў музеях у 50—70-х гадах, калі куратар прапісваў нейкую ісціну і хацеў, каб яна дакладна перадавалася ў галаву наведвальніка. Мы імкнёмся працаваць па іншым прынцыпе, не навязваем пэўнага пункту гледжання. Хочам, каб адукацыя не заканчвалася пасля таго, як чалавек выйшаў за парог музея, а, наадварот, пачыналася. Музей павінен нараджаць пытанні, каб пасля чалавек захацеў сюды вярнуцца і пашукаць на іх адказы.

Дамінанта пераходзіць ад ведаў у бок эмоцый, суперажыванняў. Экспазіцыя пабудавана так, што наведвальнік ператвараецца ў саўдзельніка падзей. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прыватным гісторыям — тут пададзена вялікая колькасць вусных успамінаў, каля 480 хвілін. І калі чуеш аповед сведкі, задумваешся: «А што б я рабіў на яго месцы?» Гісторыя становіцца больш блізкай, зразумелай.

Аўдыягіды дапамагаюць наведвальніку зарыентавацца, а пасля пачынаецца самастойны пошук. Кожны госць музея знаходзіць дэталі, якія чапляюць, прымушаюць спыніцца, задумацца: эмацыянальныя фота, рэчы з гісторыяй, кінахроніку, гукі, колеры, сімвалы. Тут можна пачуць галасы з мінулага, убачыць агітплакаты з розных краін, затрымацца каля панэляў з сотнямі фатаграфій ахвяр Халакосту, альбо апынуцца на разбуранай вуліцы...

Дзеці становяцца даследчыкамі

Самых маленькіх наведвальнікаў яшчэ трэба навучыць «чытаць» музейныя аповеды. На асноўную экспазіцыю школьнікаў не павядзеш (яна разлічана на ўзрост 12+), таму для іх у ваенным музеі Гданьска створана асобная адукацыйная прастора. Тут выкарыстаны метад пагружэння: дзеці параўноўваюць тры віды адной і той жа кватэры, бачаць, як яна мянялася падчас вайны. Яны самастойна спрабуюць знайсці адказы на разнастайныя пытанні — напрыклад, што за сям'я тут жыла, ці мела яна дастатак, чым займаліся яе гаспадары. Адрыўны каляндар падкажа дату, з копій старых газет можна даведацца, што за падзеі адбываліся. Напрыклад, першы пакой паказвае жыццё пэўнай сям'і ў самым пачатку вайны. У шуфлядах стала дзеці знойдуць дакументы, звернуць увагу на біжутэрыю, посуд, пейзаж за акном. Але вось яны пераходзяць у наступнае памяшканне і заўважаюць, як жытло змянілася, — зніклі ўпрыгажэнні, кнігі, карціны, шафа, маці перашыла сваю сукенку на вопратку для дачкі, з'явіліся прымус і буржуйка (значыць, няма цэнтралізаваных святла і ацяплення), адно з сямейных фота перавязана чорнай стужкай, пасцелена на падлозе (відаць, што сюды падсяліліся новыя людзі). Самыя ўважлівыя юныя даследчыкі могуць нават знайсці тайнік з фальшывымі дакументамі, улёткамі. Так выглядала кватэра ў акупаванай Варшаве ў 1943 годзе. Яшчэ некалькі крокаў — і дзеці ўбачаць гэта ж памяшканне напаўразбураным: у канцы вайны амаль не засталося цэлых будынкаў. У выніку школьнікі вучацца самі шукаць факты, пазнаваць гісторыю, да таго ж перажываць яе. І гэтая рэфлексія — ці не найлепшы сродак для засваення ведаў. Дарэчы, школы запісваюцца за тры месяцы, каб прывесці сюды дзяцей. Тут ладзяцца музейныя лекцыі, можна сесці за сталы ў «ваеннай кватэры», падзяліцца думкамі ці перамясціцца ў памяшканне, аформленае як даваенны клас.

— Гэта новая форма аповеду пра Другую сусветную вайну. Мне здаецца, сёння мала хто зразумее гісторыю, пададзеную на картах са стрэлкамі, што паказваюць перамяшчэнне войскаў. Іншая справа — калі мы гаворым пра тое, што не было чаго есці і людзям даводзілася змагацца за выжыванне, — дзеліцца думкамі Дзмітрый Панто.

Дарэчы, новыя падыходы, якія выкарыстаны ў музеі Другой сусветнай вайны ў Гданьску, не засталіся па-за ўвагай беларускіх калег. Нашы музейшчыкі прыязджалі сюды на стажыроўку, глядзелі, як працуе ўстанова, збіралі ідэі. У сваю чаргу, беларусы дапамагаюць польскім даследчыкам з пошукам інфармацыі і сведак, успаміны якіх яшчэ можна запісаць на відэа. Гданьскі музей цікавіць не толькі тое, як вайна закранула Польшчу, а наогул усё, што адбывалася ў гэты час ва ўсім свеце. Таму яны працуюць у замежных музеях, архівах, наладжваюць кантакты з гісторыкамі з розных куткоў свету, збіраюць кнігі, прысвечаныя ваеннай тэматыцы. На сёння ў іх больш за 150 тысяч экзэмпляраў на 37 мовах, у тым ліку была закуплена калекцыя беларускіх Кніг Памяці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Трэцяе месца, альбо Як завабіць людзей у музеі?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.