Вы тут

Зігзагі лёсу сядзібы Храптовічаў. Ці верне культурна-асветніцкі праект «Вяртанне» былую славу Шчорсам?


Некалі бібліятэка, якую заснаваў у сваім палацы ў Шчорсах пад Навагрудкам апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага Іахім Літавор-Храптовіч, лічылася адным з найбуйнейшых кніжных збораў на тэрыторыі Беларусі ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Па розных звестках, яна налічвала ад 10 да больш чым 20 тысяч асобнікаў кніг, рукапісаў, геаграфічных картаў і ўнікальных гістарычных дакументаў. Тут працавалі Адам Міцкевіч, які менавіта ў Шчорсах пісаў сваю «Гражыну», Ігнат Даніловіч і Уладзіслаў Сыракомля, тут у 1846-м шчыраваў на пасадзе бібліятэкара Ян Чачот, падтрымліваючы асаблівую інтэлектуальную атмасферу...


На пачатку мінулага стагоддзя бібліятэка паводле спрэчнага «завяшчання» аднаго з апошніх гаспадароў была перададзеная ў Кіеўскі ўніверсітэт і мусіла быць вернута на радзіму, калі б у Беларусі зноў адкрыўся і пачаў працаваць свой універсітэт. Аднак гісторыя распарадзілася па-свойму — рэвалюцыя, нацыяналізацыя «панскай уласнасці», Вялікая Айчынная вайна, — таму вярнуць кніжную спадчыну не ўдалося ні ў 1920-я, ні ў 90-я. Пакуль што адзіная рэалізаваная дамоўленасць — электронная копія тытульных лістоў дзвюх тысяч захаваных у Кіеве кніг, арыгіналы ж застаюцца па-за межамі нашай краіны. На сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выяўлены толькі два асобнікі з вялізнай кніжнай калекцыі, што пацвярджаюць экслібрысы ўладальнікаў. Яшчэ адну кнігу (на фота) адшукаў у прыватным зборы беларускі калекцыянер, краязнавец Дзмітрый Шаўня, які выкупіў яе і прывёз зноў у Шчорсы.

Таксама часткай маштабнай працы стаў культурна-асветніцкі праект «Вяртанне», прэзентаваны на мінулым тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і прысвечаны спадчыне графаў Храптовічаў. Ён уключае, у прыватнасці, жывапісныя работы, эцюды і акварэлі, створаныя сучаснымі майстрамі за апошнія шэсць гадоў падчас мастацкіх пленэраў у Шчорсах. Плануецца, што пасля завяршэння экспазіцыі ў Мінску копіі палотнаў пераедуць у сядзібу «Шчорсы», дзе іх змогуць убачыць усе ахвотныя.

З учора ў сёння

Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў — гэта часткова захаваны помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя ў аграгарадку Шчорсы, за 25 кіламетраў ад Навагрудка. Палац быў узведзены ў 1770—1776 гадах паводле праекта вядомых еўрапейскіх архітэктараў Джузэпе дэ Сака і Якуба Габрыэля і цалкам разбураны ў ХХ стагоддзі падчас Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Да нашых дзён у парку, дзе расло звыш 200 разнастайных відаў раслін, захаваліся некалькі штучных каскадных сажалак (адну з іх засыпалі пад стадыён) і фрагменты маёнтка: двухпавярховы будынак дома ўпраўляючага (пазней тут размяшчаліся школа, рамеснае вучылішча і сельская бібліятэка), левы флігель (тут доўгі час працаваў дзіцячы садок), карэ службовых корпусаў, вяндлярня, рэшткі кузні і канюшні.

За кіламетр ад палаца ў так званай «мураванцы Храптовіча» размяшчаўся вялікі гаспадарчы двор — па сутнасці, агракамбінат. Тут разводзілі пародзістых кароў, рабілі масла і варылі славутыя сыры, якія потым на сваіх жа караблях везлі па Нёмане ў Літву і Кёнігсберг, пяклі хлеб, рабілі натуральнае ўгнаенне — касцяную муку, выпускалі цэглу і трубы для дрэнажу, на ўрадлівай мясцовай глебе вырошчвалі лён, збожжа, разнастайную агародніну. А з графскай вінакурні выходзіла штогод 16 тысяч вёдзер гарэлкі (прычым у яе вытворчасці былі задзейнічаны толькі маладыя нежанатыя хлопцы). Недахопу ў работніках ніколі не было — Храптовічы першыя ў Беларусі адмянілі прыгоннае права ў сваім маёнтку, амаль на стагоддзе раней да яго афіцыйнага скасавання, заснавалі для сялян школу і касу ўзаемадапамогі, а ручную працу дзе толькі магчыма механізавалі. Нездарма сучаснікі ставілі ў прыклад іншым землеўласнікам «узорную сельскагаспадарчую культуру».

У савецкі час, згадвае былы сакратар Шчорсаўскага сельвыканкама і мясцовая краязнаўца Марыя Паддубіцкая, у мураванцы размяшчаліся калгасныя склады, была ветлячэбніца, працаваў цэх асфальтавага завода і ажно да 1990-га ў службовых кватэрах жылі некаторыя работнікі. Цяпер былы гаспадарчы двор не выкарыстоўваецца. «Але ж так усцешвае, што ў многіх нашых людзей наспела душэўная неабходнасць адрадзіць гэтыя мясціны, у якія проста немагчыма не ўлюбіцца», — разважае Марыя Пятроўна.

Дзмітрый Шаўня марыць адрадзіць былую славу Шчорсаў.

З сёння ў заўтра

Сучасны музей-сядзіба «Шчорсы» — так бы мовіць, асабісты ўнёсак Дзмітрыя Шаўні ў маштабны праект «Вяртанне», мэта якога — пазнаёміць беларусаў са страчанымі нацыянальнымі каштоўнасцямі і творамі мастацтва, што ўваходзілі ў калекцыю Храптовічаў. Яшчэ некалькі гадоў таму калекцыянер набыў напаўразбураны домік і некалькі гаспадарчых пабудоў на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу ў Шчорсах, рэканструяваў домік і змясціў на ўваходзе дэвіз з фасада маёнтка Храптовічаў «Мір і свабода», збудаваў альтанку над скляпеннямі ХІХ стагоддзя, дзе плануе адкрыць музей беларускай наліўкі, сабраў шэраг арт-аб'ектаў і пастараўся вярнуць у наваколле дух мінулай эпохі. З гэтай мэтай ён зладзіў згаданы раней выставачны праект «Вяртанне», правёў у сядзібе ўжо некалькі мастацкіх пленэраў, а таксама адкрыў у Шчорсах пастаянна дзеючую фотавыстаўку, якая дае ўяўленне пра тое, як выглядаў палац Храптовічаў і наваколле да 1937 года, як жылі і чым захапляліся яго апошнія гаспадары. «Мая дзейнасць, пошук кніг і карцін з калекцыі магнатаў, работа ў архівах і бібліятэках — толькі невялічкі ручаёк у вялікай плыні, у дзейнасці многіх людзей, якія працуюць над вяртаннем гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусь, — падкрэслівае Дзмітрый. — Мяне часта пытаюць, на які перыяд разлічаны праект «Вяртанне», калі ён скончыцца — праз год, пяць, дзесяць? Думаю, што ніколі, што гэта справа на ўсё жыццё. Бо кожны год трапляюцца ўсё новыя матэрыялы, падключаюцца новыя людзі, хочацца разам паспець як мага больш і адрадзіць былую веліч палаца Храптовічаў, каб людзі ведалі не толькі Мір і Нясвіж».

Балазе, аднадумцаў на гэтым шляху сапраўды нямала. З дапамогай спецыялістаў раённай ЖКГ, валанцёраў і саміх жыхароў Шчорсаў, расказвае галоўны спецыяліст аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко, пазалетась і летась удалося добраўпарадкаваць значную частку парку, прыбраць аварыйныя і самасейныя дрэвы, якія разбуралі фундамент і будынкі маёнтка і мураванкі. На чарзе — далейшае добраўпарадкаванне тэрыторыі, рамонт даху вяндлярні, пытанні кансервацыі мураванкі і распрацоўка праекта магчымай рэстаўрацыі і рэканструкцыі палацава-паркавага комплексу, шмат іншай работы. Нашчадкі роду Храптовічаў — унук апошняга ўладальніка Пётр Буцянёў, які жыве ў ЗША, а таксама сваякі з Парыжа і Мілана — дапамаглі з пошукам інфармацыі ў архівах і перадалі ў Беларусь пэўныя дакументы і фотаздымкі. Пэўныя задачы дазваляе вырашыць краўдфандынг, з дапамогай якога актывісты культурна-асветніцкага фонду «Шчорсы і Храптовічы» ладзяць валанцёрскія летнікі і працягваюць добраўпарадкаванне вялізнай — у 32 гектары — тэрыторыі комплексу.

А вось інвестараў, гатовых вырашыць матэрыяльнае пытанне: выкупіць усе будынкі палаца цалкам і аднавіць яго былую веліч, знайсці пакуль што не ўдалося. Аб'ект неаднаразова выстаўляўся на аўкцыён і з кожным разам траціў у цане; на сёння яго агульны кошт, зніжаны ад першапачатковага на 80 %, складае каля 50 тысяч беларускіх рублёў, але, як сцвярджаюць спецыялісты, укласці ў аднаўленне гістарычнага помніка трэба яшчэ некалькі мільёнаў, а такія выдаткі можа сабе дазволіць хіба толькі буйны бізнес. «І ўсё ж мы вельмі спадзяёмся, што знойдуцца прадпрымальнікі і мецэнаты, якія палюбяць гэта месца і захочуць тут разам з намі працаваць і быць, — кажа Наталля Жышко. — Тым больш, турыстычны паток, асабліва летам, у нас заўжды вялікі — каб палюбавацца месцамі, дзе быў напісаны, на мой погляд, самы шыкоўны твор пра беларускую жанчыну, па сіле духу мацнейшую за Жану Д'Арк, — «Гражына» Адама Міцкевіча, у Шчорсы едуць і беларусы, і замежнікі».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Шчорсы — Мінск

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.