Вы тут

Аляксандра Мятлеўская: “Традыцыі – не пакланненне попеплу, а захаванне агню”


Таленавітая Аляксандра Мятлеўская – аматар традыцыйнага беларускага адзення, адораны майстар і дапытлівы даследчык. Аляксандра працуе ў лабараторыі захавання гісторыка-культурнай спадчыны Нацыянальнай акадэміі навук, спявае ў ансамблі народнай песні “Гаманіна” і з’яўляецца сябрам Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.


З чаго пачалася ваша цікавасць да беларускай этнаграфіі?

Я цікавілася культурамі розных народаў, а потым захапілася сваім, беларускім. Вырашыла сама зрабіць вясельны ручнік. Ёсць такая народная прыкмета: каб выйсці замуж, трэба вышыць спецыяльны ручнік. Дарэчы, я ўжо замужам, а ён яшчэ недавышываны (смяецца)... Але калі бралася за працу 7 гадоў таму, шукала паўсюль інфармацыю пра беларускі арнамент. На той момант у інтэрнэце былі толькі схемы, у якіх былі выяўлены ўзоры арнаментаў, што належалі славянскім народам, але ці былі яны беларускія?  Мае пошукі прывялі мяне ў Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (СЭТ). Тут пачалося маё асэнсаванае захапленне беларускай народнай культурай, якую СЭТ даследуе, аднаўляе і папулярызуе. Праводзяцца заняткі па спевах, традыцыйных рамёствах, майстар-класы, летнікі. Як сябра таварыства, цяпер я шыю, спяваю, танцую, удзельнічаю ў розных мерапрыемствах. Да прыкладу, мы аднаўляем каляндарныя святы, у асноўным гэта Купалле, Багач, Каляды і Гуканне вясны. Багач і Гуканне вясны праводзім звычайна ў музеі Янкі Купалы ў Вязынцы. На Каляды ладзім канцэрты, ходзім ва ўборах калядаваць па запрашэннях гараджан. Весела бывае, апрануўшы маскі казы і мядзведзя, ехаць у грамадскім транспарце.

Выходзіць, той вясельны ручнік звязаў вас са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам. А навыкі шыцця вы дзе набылі?

Раней доўгі час я займалася рэканструкцыяй сярэдневяковага аддзення, спачатку ў мінскім клубе “Княжыч”, потым у “Дзікім паляванні”. Вядома, там я больш шыла, а не вышывала. Патрабаванні для касцюмаў цалкам ручнога пашыву дапамаглі развіць якасць і хуткасць працы. Потым ужо захапілася народнымі строямі і рэканструкцыяй традыцыйнага адзення.

Што самае складанае ў рэканструкцыі строяў?

Пра адзенне жыхароў нашай краіны захавалася не вельмі шмат інфармацыі. Не хапае малюнкаў або карцін, па якіх можна было б аднаўляць кроі. Калі я толькі пачынала, было практычна немагчыма штосьці даведацца з музейных крыніц. Таму былі пэўныя домыслы. Бачым на гравюры ці нейкай мініяцюры фігуру – і спрабуем зразумець, які там крой. А гэта справа досыць прынцыповая для рэканструкцый – і адзення Сярэднявечча, і традыцыйнага народнага строя.

  Не баяліся памыліцца?

Памылкі здараліся, але праз іх назапашваўся досвед. Дзякуючы ў тым ліку памылкам і іх аналізу, з’явілася адчуванне, як трэба. Нават калі няма магчымасці ўбачыць арыгінал адзення, ты ўжо прыкладна ведаеш, што рабіць.

Як ні дзіўна, менавіта калі я пачала цікавіцца народным касцюмам Беларусі ХІХ стагоддзя, да мяне прыйшло разуменне, якія памылкі я рабіла раней, працуючы з адзеннем Сярэднявечча. А справа ў тым, што некаторыя прынцыпы кроя сыходзяць каранямі ў мінулае і ўпіраюцца ў такую рэч, як шырыня кроснаў. Раней ткалі вельмі вузкае палатно, 30-50 см шырынёй, зараз да 70 см. Адпаведна, калі мы нешта шыем з тканіны сучасных памераў, трэба краіць з невялікіх кавалкаў. Падаецца, дробязь, але гэта надае строю зусім іншы выгляд. Такія веды дазваляюць зразумець, што наш народны строй значна больш архаічны, чым можна пра гэта падумаць.

Можаце ўзгадаць першы строй, які вы цалкам пашылі самі?

Мая першая спроба Наваградскі строй, бо мая бабуля паходзіць з вёскі, дзе бытаваў менавіта ён. Але так хацелася хутчэй апрануць народнае адзенне, што я вырашыла зрабіць папрасцей: мінімум вышыўкі, і тканіна была пакупной, а не даматканай. Таму ўсё атрымалася “крывавата”. Напрыклад, у народнай вышыўцы трэба лічыць ніткі, а я доўга спрабавала “абхітрыць сістэму”. У выніку гэтую кашулю і фартух я потым аддала. Здалёк ўсё выглядае добра, але я перфекцыяніст па жыцці, а рэчы сталі для мяне непрыемнай узгадкай.

Іншая справа – Кобрынскі строй. Яго я шыла, выкарыстоўваючы даматканае палатно, працавала доўга і ўпарта, каб зрабіць усё ідэальна. Выбрала яго, таму што мне спадабалася, як выглядае жаночая кашуля. Нягледзячы на тое, што каранёў у гэтым раёне ў мяне няма, я вельмі люблю гэты строй. У маёй калекцыі яго больш, чым іншых строяў. Дарэчы, мы са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам былі ў экспедыцыі ў Кобрынскім раёне. Там неверагодныя мясціны і людзі.

Расскажыце пра самы цікавы выпадак ці незвычайнае ўражанне падчас экспедыцый.

Самае важнае, што застаецца пасля экспедыцый, – сувязь з людзьмі на доўгія гады. А цікавых выпадкаў бывае нямала. У маёй першай экспедыцыі ў вёсцы Гулідаўка Магілёўскай вобласці была жанчына – Галачкіна Надзея Кірылаўна, самая яркая спявачка, якая мне трапілася. Яна пачала пець ледзь не адразу, як мы пераступілі парог. Накарміла нас, прыняла гасцінна, столькі ўсяго распавяла. У яе быў найцудоўнейшы голас, я дагэтуль пераслухоўваю запісы. Пела Надзея Кірылаўна жорсткія рамансы, гэта больш позні жанр. Праз некалькі дзён мы зноў завіталі ў яе хату. “Дзеці, па мяне “хуткая дапамога” едзе”, сказала гаспадыня. Аказваецца, у яе была чацвёртая стадыя раку лёгкіх. На голасе хвароба не сказалася…

Рознае пабачыш у экспедыцыях. Прыязджаем да гарманіста, 90-гадовага дзядулі, ён бярэ ў рукі гармонік, на якім апошні раз граў 15 год таму. Ён памятае ўсе адчуванні, памятае, як пальцы лёталі па гэтых клавішах. А рукі ўжо не слухаюцца, дзядуля нават не можа басы націснуць…

Сустракалі і бабуль, якія ў 80 год гойсаюць на ровары. Адна з апошніх маіх гутарак у экспедыцыі была якраз з такімі жанчынамі з вёскі Золькі. Дзве сяброўкі, яны шмат жартавалі, пасмейваліся адна з адной. Пачалі нам спяваць, і гэта быў проста космас… У нашым атачэнні ёсць такое паняцце – “касмічаскія бабушкі”, менавіта так, на трасянцы (усміхаецца). Гэта калі ты слухаеш спевы ці размовы бабуль, і быццам правальваешся ў іншае вымярэнне. А калі голас у спявачкі зычны ці калі гэта хор, то адчуваеш, як гук ахінае цябе, “чысціць” прастору навокал.

У апошні час моладзь актыўна цікавіцца беларускай культурай. Як вы думаеце, чаму?

Па-першае, мы родам з 90-х, раслі ў тыя часы, калі быў уздым беларускага нацыянальнага адраджэння, і нейкае зерне ў нас было кінута. А зараз спрыяльныя ўмовы для яго прарастання. Тагачасныя юнакі і дзяўчаты пасталелі, могуць самі вырашаць, на што траціць вольны час. Але ёсць і маладзейшае пакаленне, ім таксама гэта цікава. Чаму яны прыходзяць да нас,  для мяне загадка. Калі разагадаем яе, зразумеем, як гэтую цікаўнасць павысіць.

Па-другое, шмат людзей з нашай супольнасці маюць дзяцей, якіх стараюцца далучаць да народнай культуры з маленства. Бацькі бяруць іх на святы, многія дзеці наведваюць беларускамоўныя групы, авалодваюць беларускім народным танцам і спевамі. У іх будзе зусім іншае стаўленне да мовы і культуры. Ніхто з іх не будзе лічыць гэта нечым “вясковым”. У мяне самой было калісьці падобнае меркаванне пра народную культуру.

Што змяніла ваша стаўленне?

Я пасталела і зразумела, што народная культура ў шырокім сэнсе – гэта крыніца мудрасці, жыццёвага досведу, прыгажосці. Людзі імкнуліся ўпрыгожваць сваё жыццё не толькі з матэрыяльнага боку, але і ў сакральных рэчах: у спевах, міфах, легендах. Мае адносіны перамяніліся яшчэ да таго, як я займела магчымасць кантактаваць з носьбіткамі гэтай культуры – вясковымі жыхаркамі. Думала, размаўляць з імі будзе страшна, баялася нейкай агрэсіі з іхняга боку. Але аказалася, што самае страшнае – гэта пакрыўджаныя на жыццё гараджане. Вясковыя бабулі, якія перажылі шмат цяжкасцей, застаюцца добрымі, адкрытымі, гатовымі падзяліцца сваёй сардэчнай цеплынёй. Гэта ўзвышае душу і сэрца.

Сёння этнографы імкнуцца захаваць тое, што мы маем, ці ўсё ж здараюцца нечаканыя адкрыцці?

Ёсць рэчы, якія мы ведаем больш дасканала, напрыклад, каляндар народных святаў, спевы, вясельныя абрады. Але ёсць і шмат патаемнага, бо людзі ўспрымаюць свае традыцыі не як штосьці асаблівае, а як звычайны элемент жыцця. Напрыклад, у Пружанскай экспедыцыі мы выпадкова даведаліся пра вясельную традыцыю выпякаць “саву”. На вяселле выпякалі два караваі, бо святкавалі два дні. Адзін дзень у нявесты, другі ў жаніха. Калі выпякалі каравай для нявесты, з рэшткаў цеста рабілі “саву”. Потым каравайніцы, што пяклі яе, выходзілі ў залу, падкідвалі яшчэ гарачую выпечку і імітавалі гукі, якія робіць сава. Па некаторых версіях, хлопцы з боку маладога павінны былі “саву” адабраць, расцягнуць на кавалачкі і з’есці. Іншыя казалі, што яе проста выносілі да стала. Казалі таксама, што для маладога пяклі “філіна”, што цалкам лагічна. Цікава, што мясцовыя жыхары пра гэты абрад ведалі, але не надавалі яму асаблівага значэння.

Ведаю, што не так даўно і вы правялі сваё вяселле па народных традыцыях. Самі рабілі святочныя строі?

Так, я зрабіла строй для мамы, для жаніха, шмат чаго яшчэ арганізавала, а пра сябе крыху забылася (усміхаецца). І ў выніку выходзіла ў сваім першым, самым любімым, Кобрынскім строі.

Дарэчы, вясельная кашуля майго мужа зроблена з даматканай тканіны маёй бабулі. Калі я толькі пачынала шыць, бабуля мне казала, што даматканкі не мае. Але калі яна ўбачыла плён майго захаплення, знайшоўся адзін рулончык (смяецца). Сімвалічна, што менавіта ён стаў асновай нашага святочнага адзення. Такую пераемнасць вельмі прыемна адчуваць. Калі апранаю хустку маёй прабабулі, а гэтай рэчы больш за 100 год, адчуваю душэўны ўздым.

ю

Ці можна выкарыстоўваць якія-небудзь элементы народнага адзення ў паўсядзёным жыцці?

Гэта можна рабіць са спадніцамі, толькі трэба ўшыць у іх сучасную засцёжку.Трошкі пагуляцца з даўжынёй, колерамі, фактурай... Можна зрабіць сучасны крой і пакінуць тыя матэрыялы. Ці наадварот. Атрымаецца этна-мікс. Рэчы, якія паходзяць з позняй традыцыі, выглядаюць вельмі цікава. Напрыклад, Гарадзенскія чорныя прыталеныя гарсэты.

Вам заказвалі пашыць якія-небудзь рэчы?

Мне замаўляюць часам самыя розныя элементы строю, жаночыя і мужчынскія кашулі. Першую замову атрымала, калі займалася шыццём усяго два гады. Было крыху страшна, бо гэта былі вясельныя кашулі для мужчыны і жанчыны. Жаночыя кашулі я на той момант шыла, а вось мужчынскія… гэта была першая спроба. Але ўсё атрымалася, зараз бачу на фотаздымках, што людзі дагэтуль іх носяць.

У вашай калекцыі вельмі шмат строяў. Як выкарыстоўваць будзеце гэтае багацце?

Мне хочацца, каб усё гэта бачылі сучаснікі. Каб знік стэрэатып, што беларускае народнае  – гэта непрыгожа, што нашыя продкі апраналіся як прыйдзецца, у нейкія анучы... Усе народы і культуры мелі не лепшыя перыяды гісторыі, мы таксама. Але людзі ва ўсе часы імкнуліся сябе ўпрыгожваць, асабліва ў святочныя моманты. Гэта натуральнае жаданне, каб хараство заўсёды было побач.

Што  трэба рабіць, каб традыцыйныя абрады і адзенне працягвалі жыць?

Традыцыі – гэта не пакланенне пеплу, а захоўванне агню. Таму мы абрады не рэканструюем, мы іх працягваем. Часам выкарыстоўваем нейкія элементы абрада з розных мясцін, каб зрабіць яго больш насычаным.

Трэба ладзіць больш такіх мерапрыемстваў і запрашаць тых, хто цікавіцца гэтай тэмай. Калі чалавек расце ў атмасферы нацыянальнага, прыязна ставіцца да культуры, гэта становіцца да яго натуральнай традыцыяй. Таму варта больш працаваць з дзецьмі, размяшчаць інфармацыю ў інтэрнэце. Ну і, канечне, трэба любіць народную культуру. Калі любіш, то ў тваіх вачах гарыць агонь, які запальвае цікавасць і ў іншых людзях.  

Гутарыла Віталіна БАНДАРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.