Здавалася б, толькі нядаўна апусцілася заслона вераснёўскага фестывалю «Белая вежа» ў Брэсце, а ўжо «Вечары» на парозе — студзеньскія. І праўда, застаўся нейкі месяц да свята класічнай музыкі, таму арганізатары і склікалі прэс-канферэнцыю. Утваральнікі форуму засталіся ранейшыя, а вось удзельнікі, як нам сказалі, будуць спрэс новыя.
Заснавальнік, дырэктар і галоўны рэжысёр фестывалю, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За развіццё міжнародных культурных сувязяў» Лілія БАТЫРАВА чатыры гады таму адзначыла сваё 80-годдзе, але ўзрост ёй не перашкода. Лілія Рыгораўна вядзе перагаворы з самымі рознымі зоркамі музычнага мастацтва, ездзіць на конкурсы і фестывалі, дзе знаходзіць будучых удзельнікаў зімовага фэсту. Так было і цяпер, калі рыхтаваўся сёлетні фестываль — трыццаць другі па ліку.
Да пачатку брыфінгу заставалася крыху часу, і Лілія Батырава згадзілася адказаць на пытанні карэспандэнта «Звязды».
— Лілія Рыгораўна, з чаго ўсё пачыналася, як нарадзілася ідэя праводзіць міжнародныя фестывалі класічнай музыкі, і не ў сталіцы, а ў Брэсце? Тым больш што ў канцы 80-х стаў адчувальным дэфіцыт усяго, у тым ліку сродкаў...
— Ну, не адразу ўзнік фестываль. Колькі сябе памятаю, заўсёды працавала, вучыла дзяцей музыцы ў сваім каледжы. А каб дзеці маглі пачуць ужывую і душой адчуць высокую музыку, па магчымасці запрашала яе майстроў. Так арганізоўваліся канцэрты, завязваліся знаёмствы. З часам усё гэта перарасло ў фестываль. І на нашым фэсце пабывалі ўжо дзясяткі оперных зорак сусветнага маштабу.
— Адкуль вы чэрпаеце энергію на такую вялікую работу?
— Вядома, ад гледачоў, аматараў сапраўднай музыкі. Уявіце сабе, іду па плошчы Леніна 6 верасня пасля ўрачыстага адкрыцця святкавання 1000-годдзя Брэста, а да мяне падыходзяць людзі і пытаюць: «Скажыце, а ў студзені фестываль будзе?» Кажу: «Вядома, будзе». Аказваецца, людзі непакоіліся, што ў сувязі з вялікімі святкаваннямі можа не хапіць сродкаў альбо сіл на арганізацыю «Вечароў». Больш за тое скажу: у нас у горадзе ёсць каля дзясятка сем'яў пенсіянераў, якія з кожнай пенсіі адкладваюць пэўную суму грошай, каб наведаць усе канцэрты фестывалю. Ну хіба можна нейкім чынам падмануць іх спадзяванні?!
Ёсць усе падставы чакаць, што і гэтым разам мы адчуем сапраўдную асалоду класічнай музыкі. Афіша фестывалю разнастайная і цікавая. Выступяць удзельнікі з 10 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Грузіі, Літвы, Кітая, ЗША, Нідэрландаў. Магчыма, і з Італіі, пакуль ідуць перагаворы і ўзгадненні.
«Гэтым разам удалося запрасіць многа цікавых галасоў, будзе аж 12 вакалістаў, такога ніколі не было. З іх многія выступяць на фестывалі ўпершыню, — паведаміла арганізатар форуму на прэс-канферэнцыі. — Напрыклад, Тарас Штонда, бас, зорка сусветных оперных тэатраў, саліст Нацыянальнай оперы Украіны. Будзе таксама лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў брастаўчанка Аляксандра Момінава, сапрана. Хачу прапанаваць ім заспяваць дуэтам, і гэта можа стаць прыемным сюрпрызам фестывалю», — падзялілася даволі смелымі планамі яго дырэктар.
Да яго сюрпрызаў, відаць, можна аднесці і выступленне зусім юных піяністак з Літвы Каі і Клеі Кашубайтэ. Дзяўчынкам 9 і 11 гадоў, але іграюць яны чароўна, паводле слоў Ліліі Батыравай. Яна пачула іх у Вільнюсе, там і запрасіла.
Цікавым абяцае стаць выступленне саліста опернай трупы Паўночнай Амерыкі і Еўропы, саліста Балтыморскага опернага хору барытона са Злучаных Штатаў Амерыкі Альберта Нідэля. Як і трыа кампазітара і лаўрэата міжнародных конкурсаў з Польшчы Канстанціна Віленскага (фартэпіяна), дырэктара Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р. Шырмы Алега Роўды (ударныя інструменты) і лаўрэата міжнародных конкурсаў Вячаслава Пляско з Брэста (кантрабас). Яны выступяць у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава.
Як ужо гаварылася, многія музыканты і выканаўцы прыедуць у Брэст упершыню. У іх ліку саліст Вялікага тэатра Масквы Георгій Чалідзэ (бас), лаўрэат міжнародных конкурсаў выкладчык інстытута імя Гнесіных Кацярына Мачалава (мандаліна, домра), лаўрэат міжнародных конкурсаў Дар'я Іонкіна (фартэпіяна) з Масквы, а таксама салісты Вялікага тэатра Беларусі Станіслаў Трыфанаў (барытон) і Ілья Сільчукоў (барытон). Апошні з названых — лаўрэат трох гранд-прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, уладальнік залатога медаля за перамогу ў намінацыі «Акадэмічныя спевы» ІІ Сусветных Дэльфійскіх гульняў, лаўрэат першых прэмій шэрагу міжнародных конкурсаў.
Прыедзе да нас і Кіеўскі маладзёжны хор «Сафія». Хор з такім трыумфам выступіў летась, што яго з радасцю запрасілі зноў.
Усяго на фестывалі, які пройдзе з 9 да 12 студзеня, выступяць пяць аркестраў, два хоры. Запланаваны калядны баль, які адбудзецца 11 студзеня. Музычныя вечары пройдуць у два аддзяленні, пачатак у 18 гадзін. Акрамя таго, 12-га чысла а 12-й гадзіне адбудзецца канцэрт у музычным каледжы. Туды можна трапіць усяго за 5 рублёў. А ў касцёле ў гэты дзень прагучыць канцэрт арганнай музыкі. У праграме пазначана выступленне народнага артыста Беларусі прафесара Ігара Алоўнікава, а таксама Таісіі Засім (сапрана) і Ніны Залатніцкай (мецца-сапрана). Цана білетаў на асноўныя канцэрты выглядае дэмакратычна, за іх просяць ад 20 да 50 рублёў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Валерыя КАРАЛЯ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?