Вы тут

Асцярожна: вішынг! Рэквізіты карткі, яе паролі і коды — нікому


Упраўленне абароны інфармацыі Нацыянальнага банка інфармуе аб тым, што ў нашай краіне пачасціліся выпадкі тэлефоннага махлярства — вішынгу. Менавіта так называецца адзін з метадаў махлярства, які заключаецца ў тым, што зламыснікі, выкарыстоўваючы тэлефонную сувязь і выступаючы ў пэўнай ролі (супрацоўніка банка, пакупніка і іншых), пад рознымі падставамі выманьваюць у трымальніка плацежнай карткі канфідэнцыйную інфармацыю або стымулююць да здзяйснення пэўных дзеянняў з картачным рахункам з мэтай крадзяжу грашовых сродкаў.


Устаноўлена, што зламыснікі тэлефануюць кліентам беларускіх банкаў і, прадстаўляючыся супрацоўнікамі банкаў (у тым ліку спецыялістамі па бяспецы), пад рознымі прычынамі просяць даць пашпартныя даныя, а таксама рэквізіты банкаўскіх плацежных картак і коды, якія паступаюць на тэлефонны нумар кліента банка.

Спецыялісты ўпраўлення абароны інфармацыі звяртаюць увагу на тое, што зламыснікі могуць выкарыстоўваць праграмы-ананімайзеры. У такім выпадку нумары тэлефонаў, з якіх ажыццяўляюцца званкі, вызначаюцца як афіцыйныя нумары, названыя на сайце банка. Зламыснікі могуць падмяняць афіцыйны нумар не цалкам, а толькі адну яго лічбу, і візуальна гэты падлог можа быць непрыкметны.

Пры размове для большай праўдападобнасці шумавым фонам пры тэлефанаванні можа выкарыстоўвацца імітацыя гукаў работы кантакт-цэнтра банка.

Падчас званка зламыснікі могуць прытрымлівацца наступных сцэнарыяў:

— прадстаўляюцца супрацоўнікамі банкаў і паведамляюць, што ў дачыненні да рахунку кліента адбываюцца ашуканскія дзеянні. Каб не дапусціць пераводу сродкаў альбо іх атрымання наяўнымі ў банкамаце, просяць даныя банкаўскай плацежнай карткі і іншую інфармацыю;

— ад імя банка паведамляюць пра нібыта аформленую заяўку на крэдыт, для адмены якой неабходна даць удакладненыя звесткі.

Звяртаем увагу на тое, што супрацоўнік банка пры тэлефанаванні кліенту загадзя павінен ведаць усе неабходныя яму даныя. Таму паведамляць камусьці рэквізіты банкаўскай плацежнай карткі, паролі і коды доступу, пашпартныя даныя ні ў якім разе нельга.

Упраўленне бяспекі рэкамендуе ў выпадку паступлення падобных званкоў неадкладна завяршыць размову і звярнуцца ў кантакт-цэнтр банка, які эмітаваў картку, расказаць аб сітуацыі і далей прытрымлівацца рэкамендацый супрацоўніка банка. У выпадку, калі зламысніку ўсё ж удалося атрымаць рэквізіты карткі або быў устаноўлены факт крадзяжу грашовых сродкаў, варта неадкладна заблакаваць картку і звярнуцца з заявай у праваахоўныя органы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.