Вы тут

Не «наКЛІКаць» бы бяды. Прынамсі, на свае зберажэнні


Спытайцеся сябе: колькі разоў на дзень вы чуеце ці бачыце папярэджанні аб тэлефонных або інтэрнэт-махлярах? А колькі разоў вы казалі «Ну як так проста аддаць свае грошы? Я б ніколі не павёўся на такі прымітыўны развод!» Можа і так, але статыстыка няўмольная, і яна сведчыць: ахвярай можа стаць хто заўгодна. Дастаткова толькі аднаго неасцярожнага «кліку» па спасылцы.


Фота: pixabay.com

Сапраўды, нягледзячы на намаганні праваахоўных органаў і службаў бяспекі банкаў, справа фінансавага махлярства, асабліва ў сеціве, жывей за ўсіх жывых. Толькі ўявіце, у гэтым годзе ўстановы аднаго толькі Беларусбанк правялі больш за тры з паловай тысячы мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку кіберзлачыннасці. Прычым ільвіная доля прафілактыкі прыпала не на школьнікаў, моладзь і пенсіянераў, а на дарослых, людзей сярэдняга ўзросту — 70% захадаў тычыліся менавіта іх. Аб чым гэта сведчыць? Толькі аб тым, што залішняя ўпэўненасць у асабістай бяспецы можа выйсці бокам. Сучасныя махляры вельмі вынаходлівыя, а галоўнае — яны хутка мяняюць свае схемы падману. Сёння прапануем вам агляд найбольш распаўсюджаны (і не толькі) махінацый, бо хто інфармаваны — той абаронены.

Не вер сваім вушам…

Трэба адзначыць, што абсалютна новых схем, па сутнасці, не так і многа. Асноўны алгарытм дзеянняў застаецца нязменным — мяняюцца акалічнасці і нюансы. Як адзначаюць супрацоўнікі банкаўскіх службаў бяспекі, ускладняюцца старыя спосабы падману, што павышае шанцы махляроў на поспех і не дазваляе аператыўна выкрыць і затрымаць злачынцаў.

Так, напрыклад, змяняецца частая, усім вядомая схема з «заблакіраванай» карткай (афармленнем крэдыту, падазронымі дзеяннямі ў асабістым кабінеце мабільнага або інтэрнэт-банкінга). Калі раней у мэсэнджары проста тэлефанаваў нібыта супрацоўнік банка або праваахоўных органаў і спрабаваў выведаць дадзеныя банкаўскай карткі, то цяпер спачатку тэлефануе адзін з іх і загадзя «папярэджвае» пра тэлефонны званок ад праваахоўнікаў ці з банка. Такім чынам увага ахвяры аслабляецца, а давер да субяседніка ўзрастае. Больш за тое, злачынцы ўсё часцей выкарыстоўваюць праграмы для падмены тэлефонных нумароў, і вызначальнік вашага смартфона пакажа, што тэлефануюць менавіта з банка. А вынік гэткіх шматхадовак адзін — страчаныя грошы даверлівага кліента. Дарэчы, від махлярства з дапамогай тэлефоннай сувязі завецца вішынгам. Да яго ж адносяцца і паведамленні аб блізкіх, якія трапілі ў непрыемнасці або ў бальніцу.

...І вачам

Яшчэ адзін распаўсюджаны спосаб падману — фішынг, сутнасць якога ў стварэнні ашуканцамі фальшывых інтэрнэт-старонак. Яны могуць імітаваць любыя афіцыйныя сайты: ад банкаўскіх да вядомых інтэрнэт-магазінаў ці службаў дастаўкі. Праз іх злачынцы атрымліваюць дадзеныя картак і скрадваюць з іх усе сродкі. У гэтую пастку лёгка трапляюць, напрыклад, як прадаўцы, так і пакупнікі сайтаў прыватных аб’яў, або карыстальнікі сацыяльных сетак, дзе часцяком анансуюцца «грандыёзныя распродажы астаткаў» нейкіх тавараў. І, канешне, абавязкова па перадаплаце. На жаль, не дапамагаюць тут шматлікія папярэджванні наконт асцярожных зносін у месенджарах, недапушчальнасці паведамлення CVV2 кода (лічбаў на адваротным баку карткі) каму-небудзь і тых жа пакупак па перадаплаце... Аднак, ёсць у арсенале махляроў і больш грозная зброя: шкодныя спасылкі ў электронных лістах, паведамленнях у сацсетках або SMS-паведамленнях. У гэтым выпадку вы можаце загрузіць на свой камп’ютар або смартфон вірусную праграму, якая прадаставіць зламыснікам доступ да асабістага кабінета ў мабільным ці інтэрнэт-банкінгу. А гэта ўжо нашмат небяспечней.

«Раніцай — грошы, вечарам — крэслы»

Калі вышэйназваныя спосабы даволі вядомыя, то некалькі наступных не настолькі відавочныя, але не менш шкодныя. Па-першае, звернем увагу на заўзятараў VPN-сэрвісаў. Здавалася б, што тут такога, наадварот — я абараняю сваю канфідэнцыяльнасць! Але не ўсё так проста. Справа ў тым, што ўсе дадзеныя, якія вы ўводзіце на камп’ютары ці смартфоне па сутнасці становяцца бачнымі для трэціх асоб — распрацоўшчыкаў сэрвісу. Добра, калі тыя добрасумленныя, а калі не? Іх жа зараз столькі, што лічыць — не пералічыць. Да слова, спецыялісты па лічбавай бяспецы ўвогуле раяць не карыстацца нават бясплатнымі VPN, не гаворачы ўжо пра ўзламаныя дадаткі.

Наступная махінацыя тычыцца працаўладкавання. Дакладней — работы ў інтэрнэце: нядобрасумленныя «работадаўцы» абяцаюць высокія заробкі кандыдатам без адукацыі ці вопыту работы. А потым патрабуюць грашовыя ўнёскі, маўляў для страхоўкі або доступу да нейкіх заказаў. Ці, як у выпадках з «платнымі» апытаннямі і «выйгрышамі» ў латарэю, трэба ўнесці пэўную суму нібыта для вываду заробленых сродкаў. Зразумела, што ўнёсак гэты пойдзе ў кішэню ашуканца. Схема немудрагелістая, але... Чалавечае жаданне зарабіць многа і без якіх-небудзь значных намаганняў — раскошнае поле дзеяння для махляроў. Тут яны могуць таксама прапанаваць набыць каштоўныя паперы вядомых прадпрыемстваў, укласціся ў «перспектыўную» крыптавалюту…

Асобным радком стаяць тыя, хто падманвае людзей пад выглядам збору сродкаў на лячэнне дзяцей або родзічаў. Яны часцей за ўсё арудуюць у сацыяльных сетках і папросту падрабляюць існуючыя дабрачынныя зборы: бяруць сапраўдныя фатаграфіі ці аб’явы і мяняюць у іх рэквізіты плацяжоў. Таму, перш чым зрабіць пералічэнне на дабрачынны рахунак, пашукайце ў інтэрнэце падобныя аб’явы і параўнайце рэквізіты. А лепш за ўсё — дапамагайце праз вядомыя і буйныя дабрачынныя фонды.

«Мяне крояць трывожныя сумненні...»

І ўсё ж, якімі б выкрутлівымі ні былі жулікі, выявіць іх можна: у большасці схем яны выкарыстоўваюць адны і тыя ж прыёмы ўздзеяння на патэнцыяльных ахвяр. Дык што павінна вас насцярожыць?

Па-першае, тое, што вас паскорваюць, нават падганяюць, маўляў усё трэба зрабіць вельмі хутка, бо... А далей варыянтаў безліч: аформяць крэдыт на ваша імя, картка заблакіруецца разам з рахункам, не паспеем дапамагчы родзічу, раскупяць апошнія высокадаходныя акцыі і гэтак далей. Па-другое, у вас выпытваюць коды, патрабуюць зняць у банкамаце наяўныя грошы, а калі тэлефануе нібыта супрацоўнік праваахоўных органаў, то яшчэ і пагражаюць пакараннем за адмову супрацоўнічаць. Гэта што тычыцца вішынгу. У іншых выпадках звяртайце увагу, напрыклад, на розныя, здавалася б, дробязі: абяцанні высокіх заробкаў ці велізарных даходаў ад грашовых укладаў, гарантыі 100-працэнтнага прыбытку, прапановы папаўнення рахунку праз крыптавалюту, нават на наяўнасць «замочка» ў адрасным радку сайта і гэтак далей. Увогуле ж, трэба заўсёды памятаць адну простую ісціну: «Бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы».

Як засцерагчыся?

Спецыялісты дэпартаменту бяспекі Беларусбанка даюць наступныя рэкамендацыі:

  • нікому не паведамляйце рэквізіты банкаўскай карткі (нумар, тэрмін дзеяння, CVV2/CVC2 код, пароль 3D-Secure), логіны, паролі, дадзеныя карты кодаў, коды аўтарызацыі;
  • заўсёды пераправярайце інфармацыю, якую атрымалі ад тэлефоннага субяседніка або ў паведамленнях у сацсетках і мэсэнджарах. У падазроных ці незразумелых абставінах абавязкова патэлефануйце ў банк самастойна;
  • не пераходзьце па незнаёмых спасылках, не адкрывайце ўкладанні ў электронных лістах ці паведамленнях у сацыяльных сетках;
  • памятайце — банкі ніколі не запытваюць дадзеныя па тэлефоне, у мэсэнджарах, праз рассылку SMS-паведамленняў, лістоў на электронную пошту;
  • калі здымаеце наяўнасць ў банкамаце, уважліва агледзьце яго на пабочныя прадметы;
  • усталёўвайце і рэгулярна абнаўляйце антывіруснае праграмнае забеспячэнне на камп’ютарах, планшэтах, смартфонах;
  • захоўвайце лічбавую гігіену.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.