Вы тут

У Міністэрстве інфармацыі падвялі вынікі мінулага года


На пасяджэнні калегіі разглядаўся шэраг пытанняў, якія датычыліся дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі ў 2023 годзе. Гэта і дзейнасць рэгіянальных і электронных СМІ, развіццё блогасферы і інтэрнэт-прасторы ўвогуле, падрыхтоўка кадраў для галіны і якасць журналістыкі ў час распаўсюджвання штучнага інтэлекту. Усебаковы, грунтоўны аналіз мінулагодняга медыяполя Беларусі дазволіў удзельнікам пасяджэння вылучыць канкрэтныя задачы на бягучы год і на далейшую перспектыву.


Фота БелТА

Так, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што ў 2023-м айчынная журналістыка зрабіла істотны крок наперад як у якасці кантэнту, так і ў яго падачы. З’явіліся новыя фарматы тэле- і радыёперадач, друкаваныя СМІ парадавалі чытачоў разнастайнасцю жанраў публікацый. У лепшы бок змяніўся і дызайн рэгіянальных газет. Гаворачы пра якасны складнік журналісцкай дзейнасці, актуальнае ў Год якасці пытанне, міністр падкрэсліў: «Якасная журналістыка — гэта беларуская журналістыка. Мы ніколі не займаліся фэйкамі, ніколі хуткасць не была ў прыярытэце над якасцю — пачынаючы ад фактчэкінгу і да крыніц інфармацыі». Гэта стала немалаважным фактарам паспяховага развіцця дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, бо чалавек заўсёды вяртаецца да таго канала інфармацыі, якому давярае, які дае дакладную, праўдзівую інфармацыю. І тут відавочны рост даверу менавіта да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі незалежна ад фармату распаўсюджвання.

«Падводзячы вынікі 2023 года, мы можам ужо гаварыць аб тым, што ў нас былі пэўныя поспехі ў нашых чытачоў, гледачоў і слухачоў. Без малога на 5 % вырас узровень даверу да нацыянальных СМІ. У нас на 1,4 млн павялічыўся сумарны ахоп у сацыяльных сетках, месенджарах, інтэрнэце рэгіянальных СМІ. Рост у 58 % — гэта вялікае дасягненне. У нас цэнтральныя сродкі масавай інфармацыі перасягнулі мільённую адзнаку падпісчыкаў у YouTube. Гэта БелТА, Белтэлерадыёкампанія і АНТ. Увогуле, у кожным напрамку, у якім мы працавалі, дасягнулі пэўных вынікаў... Што датычыцца тэлебачання, то калісьці мы марылі, рабілі прагнозы аб перавышэнні планкі ў 30 % уласнага, нацыянальнага тэлекантэнту. Сёння мы гаворым, што перасягнулі планку ў 51 %. А тэлеканал СТБ, напрыклад, перайшоў на ўласнае праграмаванне, сышоўшы з расійскай платформы», — зазначыў Уладзімір Пярцоў.

Але пры гэтым журналісцкай галіне есць над чым працаваць і куды рухацца. Міністр звярнуў увагу, што сёння даволі высокае канкурэнтнае асяроддзе не толькі ў частцы канвенцыянальных СМІ, тэлебачання і радыё, але і з боку лічбавых медыя. «Мы дастаткова адкрытая краіна, мы прастрэльваемся, як гаворыць Прэзідэнт, з усходу і захаду, з поўначы і з поўдня. І тут толькі прафесіяналізмам, толькі канкурэнцыяй, толькі якасным кантэнтам — праўдзівым, сумленным і аператыўным мы можам дасягаць такіх поспехаў. Высокая планка, канешне, узятая, але трэба ісці далей, уверх... І самае галоўнае — дабівацца ўвагі нашых чытачоў, гледачоў і слухачоў», — зазначаў кіраўнік ведамства. Сярод найважнейшых кірункаў работы міністр назваў таксама пашырэнне прадстаўленасці дзяржаўнай пазіцыі не толькі ў класічных сродках масавай інфармацыі, але і ў новых лічбавых асяродках.

Значным інструментам у гэтай дзейнасці павінен стаць у тым ліку і медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы. Уладзімір Пярцоў паведаміў, што холдынг аб’яднае адзін тэлеканал, некалькі друкаваных СМІ, і будзе створана рэдакцыя для адаптацыі кантэнту пад лічбавыя медыя, сацыяльныя сеткі, класічны інтэрнэт, месенджары. Рабочая група ўжо падыходзіць да завяршэння статутных дакументаў, і да канца года «мы ўжо ўбачым абрысы і рэгістрацыю базавай аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі ў Расіі».

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі ў сваю чаргу пацвердзіў тэзіс аб тым, што мінулы год — паспяховы для медыясферы. У тым ліку і для рэгіянальных СМІ, якія сёння на ўздыме. Па яго словах, раёнкі цяпер перажываюць добрыя, новыя часы перараджэння, чаму паспрыяла менавіта дзяржаўная падтрымка сродкаў масавай інфармацыі, а канкрэтна — падпісаны Прэзідэнтам 31 сакавіка 2022 года ўказ № 131 «Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі». Гэты дакумент дазволіў фінансаваць сацыяльна значныя праекты, якія выклікаюць інтарэс у беларускага гледача і чытача. Тым самым рэгіянальная прэса атрымала дадатковыя магчымасці для рэалізацыі свайго патэнцыялу. У тым ліку і ў лічбавым асяроддзі. Апошняе дасягненне, дарэчы, датычыцца не толькі рэгіянальных СМІ, але і ўвогуле ўсіх дзяржаўных СМІ.

Разам з тым ён звярнуў увагу ўдзельнікаў калегіі на пэўныя праблемныя пытанні, што стаяць перад журналісцкай супольнасцю краіны, у прыватнасці на падрыхтоўку кадраў для рэдакцый СМІ і ўключэнне іх у інфармацыйнае проціборства. Ён адзначыў, што для вырашэння гэтых пытанняў неабходна больш увагі аддаваць установам адукацыі, якія рыхтуюць журналісцкія кадры. Акрамя таго, звяртаць увагу і на профільныя ВНУ, што рыхтуюць спецыялістаў у эканоміцы, юрыспрудэнцыі. Іх выпускнікі таксама могуць стаць добрымі спецыялістамі ў медыйнай і культурнай сферы. «Насамрэч ёсць з каго выбіраць. Проста трэба гэты рэзерв рыхтаваць. Я думаю, гэта задача нумар адзін на 2024 год — падрыхтоўка кадраў і ўцягванне іх у інфармацыйнае проціборства...» — зазначыў Ігар Луцкі.

Падсумоўваючы ўсё сказанае на калегіі, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка адзначыў, што паспяховая дзейнасць дзяржавы па ўмацаванні нацыянальнага сегмента медыясферы — адзін з найважнейшых фактараў стабільнага развіцця краіны. Таму менавіта стварэнне якаснага медыяпрадукту з’яўляецца прыярытэтнай задачай айчынных СМІ.

Таксама сярод галоўных задач на 2024 год віцэ-прэм’ер назваў неабходнасць захоўваць і ўзмацняць лідзіруючае становішча дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ў медыйнай прасторы краіны, павелічэнне вытворчасці ўласнага прадукту на тэлебачанні і радыё, развіццё аўтарскай журналістыкі, грамадска-палітычнага і публіцыстычнага складнікаў дзяржаўных дзяржаўных СМІ.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.