Вы тут

У Маскве прайшлі мерапрыемствы да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі


Ва ўрачыстасцях напярэдадні знакавай падзеі — 25 гадавіны падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы — прынялі ўдзел знакамітыя грамадскія і палітычныя дзеячы абедзвюх краін, навукоўцы і выдатныя мастакі, а таксама прадстаўнікі бізнес-колаў.


Спярша — невялікія назіранні і ўражанні. Нават і не ўражанні, а нейкія адчуванні. Яны няпэўныя, іх цяжка сфармуляваць, але менавіта яны найбольш яскрава перадаюць... не, не атмасферу мерапрыемстваў — надзвычай цёплую і сяброўскую, а стан таго самога яднання двух народаў, пасылы і запыты грамадства, якія не адлюстраваны ў афіцыйных дакументах, але ад гэтага не страцілі сваёй важкасці.

Выразна адчуваецца запыт на аб’яднанне з абодвух бакоў. Як расіяне, так і беларусы імкнуцца да яго. І калі на дзяржаўным узроўні гэты працэс не такі просты, бо існуе нямала юрыдычных, эканамічных і палітычных нюансаў, то на простым, бытавым, узроўні працэс прасунуўся далёка наперад. Гэта адчуваецца паўсюль: на вуліцах, у крамах. Нават паліцэйскія мяняюць афіцыйны тон і пачынаюць усміхацца. Так, мерапрыемствы былі азмрочаны бесчалавечным тэрактам у Краснагорску, вынік якога — павышаныя меры бяспекі ў сталіцы Расіі падчас масавых мерапрыемстваў. Але да беларусаў стаўленне асаблівае. Давер. Вось тая заўважная адметнасць, што адчуваецца адразу. Беларусам давяраюць і не чакаюць ад іх здрады.

Дарэчы, на гэта звярнуў увагу Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў падчас адкрыцця Музейна-выставачнага комплексу Галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі выставы-праекта вядучых мастакоў Расіі і Беларусі «Саюзная дзяржава — адзінства праз культуру». Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, ён падкрэсліў, што менавіта Беларусь першая прыйшла на дапамогу, выказала спачуванні, а беларусы ўспрынялі трагедыю як асабістае гора. Дзяржсакратар адзначыў, што сёння, акрамя відавочных аспектаў інтэграцыі — эканамічнага, юрыдычнага, палітычнага, — усё большае значэнне набывае пытанне стварэння адзінай культурнай прасторы. Па яго словах, культура павінна стаць адным з грунтоўных фактараў Саюзнай дзяржавы. Тым больш што нашы народы звязвае шматвекавая гісторыя братэрскіх адносін, а ўзаемапранікненне культур стала натуральным працэсам. Выстава, якая сабрала больш за 40 работ беларускіх і расійскіх мастакоў, стала яшчэ адным пацвярджэннем таго, што і ў Расіі, і ў Беларусі захоўваецца права мастака на творчасць без цэнзуры, без ціску. «Напярэдадні Дня яднання нашых народаў гэта добры знак і сімвал. Так, эканоміка — безумоўны прыярытэт: супрацоўніцтва рэгіёнаў, міжпарламенцкае ўзаемадзеянне, падтрымка новых праграм на ўзроўні ўрада і міністэрстваў. Але і тое, што робяць творчыя і адораныя людзі дзеля мільёнаў грамадзян, таксама вельмі важна і патрабуе дзяржаўнай падтрымкі», — падкрэсліў Дзмітрый Мезенцаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Крутой у сваю чаргу адзначыў, што маштабнасць мастацкіх работ, прадстаўленых на выставе, гаворыць аб тым, што на самай справе адзіная культурная прастора ўжо створана. Проста трэба сабраць тыя пазлы, што ёсць у нашых краінах, трэба скласці ў адзіную карціну, аднавіць тым самым існуючы патэнцыял. «На прыкладзе жывапісу мы бачым велізарны інтарэс простых людзей, яны просяць, каб такога роду ініцыятыў было як мага больш. Колькасць карцін вялізная, трэба тэматычна правільна іх выбіраць і падбіраць да адпаведных падзей», — сказаў ён. І дадаў, што на фоне трагічных падзей у Падмаскоўі ў Маскве адменены ўсе забаўляльныя мерапрыемствы і канцэрты, але кіраўніцтва краін вырашыла не адмаўляцца іменна ад гуманітарных ініцыятыў — спакойных, светлых і прасякнутых чысцінёй сяброўскіх адносін. Гэта найлепшы адказ на ўсе сучасныя выклікі.

Пасол таксама паведаміў, што ў Беларусі і Расіі вялікія планы па асноўных напрамках развіцця інтэграцыі да 2026 года. У прыватнасці, будуць значна ўзмоцнены культурны, гуманітарны і сацыяльны блокі, наперадзе шмат розных ініцыятыў, у тым ліку і маладзёжных. Напрыклад, сёння абмяркоўваецца канкрэтны пералік гістарычных і культурных аб’ектаў, якія патрабуюць аднаўлення. Сярод іх — замкавыя комплексы, помнікі сумеснай гісторыі, прычым не толькі Вялікай Айчыннай вайны, але і Першай сусветнай, і Айчыннай вайны 1812 года.

Своеасаблівае рэзюмэ вышэйсказанаму падвёў Прэзідэнт Расійскай акадэміі мастацтваў Зураб Цэрэтэлі: «Мы сёння так рэдка кажам дзякуй адно аднаму. А гэта вельмі важна, трэба быць удзячнымі за ўсё: за шчырасць, за сяброўства... Што такое мастак? Ён павінен ствараць і дарыць прыгажосць людзям».

Другой значнай падзеяй урачыстасцяў стаў Экспертна-медыйны форум «Саюзная дзяржава. Навуковы прарыў», які сканцэнтраваўся на намаганнях па навуковай інтэграцыі. Дарэчы, навука — тая галіна, дзе аб’яднанне намаганняў дасягнула найбольшага эфекту. А найярчэйшае пацвярджэнне таму — знаходжанне на Міжнароднай касмічнай станцыі беларускай касманаўткі Марыны Васілеўскай. Зразумела, што без цеснага супрацоўніцтва навукоўцаў Саюзнай дзяржавы гэты палёт наўрад ці адбыўся.

Падчас форуму, удзел у рабоце якога ўзялі вядучыя навукоўцы абедзвюх краін, прадстаўнікі кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы, а таксама профільных міністэрстваў і ведамстваў Расіі і Беларусі, абмяркоўваліся пытанні забеспячэння навукова-тэхнічнага прагрэсу як неад’емнай функцыі сучаснай краіны. Значная ўвага — задачы, якія ставяць перад вышэйшай адукацыяй сучасныя выклікі новага тэхналагічнага ўкладу, значнасць фундаментальных даследаванняў і іх рэзультатаў у развіцці патэнцыялу навукі і вытворчасці.

Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў форуму выклікала абмеркаванне Стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года, якая была зацверджана на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета 29 студзеня гэтага года ў Санкт-Пецербургу. Так, сярод найбольш перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык назваў адзіную інфармацыйна-камунікацыйную прастору. Яна павінна інтэграваць праграмныя і апаратныя сродкі, укараняць смарт-сістэмы ў розных галінах, штучны інтэлект. Другі напрамак — навуковае суправаджэнне распрацоўкі і стварэння кампанентнай базы мікраэлектронікі. Безумоўна, павінна працягвацца і інтэнсіфікавацца работа па развіцці тэхналогій даследавання касмічнай прасторы, стварэнні новых спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Асобна навуковец абазначыў неабходнасць стварэння перспектыўных мадэляў беспілотнай тэхнікі — не толькі лятальных апаратаў, але і велікагрузных аўтамабіляў, тэхнікі для дакладнага земляробства. Таксама сярод прыярытэтаў — фарміраванне і рэалізацыя праграмы «Саюзны электрамабіль», распрацоўка тэхнічных сродкаў у сферы ўзнаўляльных крыніц энергіі, стварэнне мабільных ядзерных энергаўстановак, даследчых рэактараў, распрацоўка найноўшых лекаў і клетачных тэхналогій, персаніфікаваная медыцына.

Сяргей Чыжык адзначыў, што ў Беларусі і Расіі ёсць асновы для фарміравання адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы. «Павінны быць стымулы для эканамічнай зацікаўленасці вытворчага сектара і бізнес-супольнасці ў развіцці навукі, а таксама ўмовы для камфортнай творчай работы навукоўцаў і распрацоўшчыкаў. Усё залежыць менавіта ад іх, ад таго, што ствараецца ў лабараторыях. У нас захаваліся адзіныя сумесныя калектывы яшчэ з папярэдніх часоў, а моладзь ладзіць новыя праекты», — зазначыў беларускі навуковец. Дарэчы, між навуковымі арганізацыямі і ўніверсітэтамі краін-саюзніц літаральна штодня наладжваюцца новыя, прамыя кантакты. Толькі за мінулы год падпісана больш за 600 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж расійскімі і беларускімі ВНУ.

Трэба адзначыць і тое, што ўзаемадзеянню маладых вучоных у Саюзнай дзяржаве ўдзяляецца асаблівая ўвага. Стварэнне максімальна спрыяльных умоў для работы, рознага роду заахвочванні і стымулы, а галоўнае — магчымасць вучыцца і развіцца на навуковых прасторах абедзвюх краін — аб гэтым гаварылася на першым этапе ХІІІ Форуму ВНУ інжынерна-тэхнічнага профілю. Пасяджэнне, у якім прынялі ўдзел больш за 60 маладых навукоўцаў з Беларусі, праходзіла ў павільёнах ВДНГ, што дало магчымасць беларускай дэлегацыі на свае вочы ўбачыць апошнія дасягненні расійскай навукі і прамысловасці: гэтымі днямі там праходзіць маштабная міжнародная выстава «Расія».

З найбольш значных практычных крокаў па пашырэнні маладзёжнага навуковага супрацоўніцтва — анансаванае міністрам навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Валерыем Фальковым (падчас экспертна-медыйнага форуму «Саюзная дзяржава. Навуковы прарыў») стварэнне сеткавага ўніверсітэта высокіх тэхналогій. Расійскі міністр паведаміў, што ў Саюзнай дзяржавы ёсць патрэба ў кваліфікаваных кадрах, якія здольны працаваць над новымі задачамі, і ўніверсітэт павінен задаволіць гэтую патрэбу. Гэта будзе пляцоўка для падрыхтоўкі кадраў, якая праз рэалізацыю сумесных унікальных праграм узмоцніць адукацыйны кампанент на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец таксама адзначыў, што ў сеткавым універсітэце будуць рыхтаваць кадры вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Па яго словах, у найбліжэйшы час, у другім квартале гэта года, адбудзецца сумеснае пасяджэнне калегіі профільных міністэрстваў Расіі і Беларусі, на якім будзе разглядацца канцэпцыя сеткавага ўніверсітэта. У першую чаргу навучальная ўстанова павінна рыхтаваць унікальных спецыялістаў, запатрабаваных у высокатэхналагічных галінах. «Таму ў дадзеным выпадку размова ідзе не аб масавай падрыхтоўцы студэнтаў, а аб вылучэнні навуковых прыярытэтаў, якія нам сёння патрэбны», — падкрэсліў Андрэй Іванец і дадаў, што пералік прыярытэтаў вызначаецца.

Звярнуў ён увагу таксама і на высокую ступень інтэграцыі сістэм адукацыі Беларусі і Расіі, аб чым сведчыць рэалізацыя шэрагу сумесных адукацыйных праграм. Адзначыў міністр адукацыі значны прагрэс у стварэнні адзіных умоў для атрымання вышэйшай адукацыі. «Сёлета ўпершыню беларускія ВНУ будуць прымаць на бюджэтную форму навучання грамадзян Расіі па выніках адзінага дзяржаўнага экзамену. Такім чынам, маладыя людзі, не пакідаючы Расійскай Федэрацыі, змогуць паступіць у нашы ВНУ на шэраг спецыяльнасцяў медыцынскага, педагагічнага, інжынерна-тэхнічнага профілю. Усяго больш за 1 тысячу месцаў», — удакладніў ён.

Пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння краін абмяркоўваліся ў межах Міжнароднага эканамічнага форуму краін — удзельніц СНД «Ад дыялогу да сумесных праектаў на прасторы СНД, ЕАЭС, ШАС». Падчас яго адкрыцця Дзмітрый Мезенцаў паведаміў, што за гады існавання Саюзнай дзяржавы рэалізавана больш за 80 праграм на агульную сума каля 65 млрд расійскіх рублёў. Ён падкрэсліў гатоўнасць Саюзнай дзяржавы да ўкаранення новых эканамічных практык, адкрытасць да прапаноў і ініцыятыў. Як прыклад — рэалізацыя праграм у галінах космасу, мікраэлектронікі, электронікі, аўтамабілебудавання, прамысловасці, ліцейнай справы, аховы здароўя, сацыяльнай сферы. Характарызуючы агульны ўзровень эканамічнай інтэграцыі дзвюх краін, дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што эканамічнае узаемадзеянне ў Саюзнай дзяржаве можа служыць прыкладам эфектыўных зносін як для СНД, так і для ЕАЭС. Ён таксама звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на павелічэнне бюджэту Саюзнай дзяржавы на 38 % і заўважыў, што гэтыя сродкі пойдуць у тым ліку на рэалізацыю праграмы ў ахове здароўя і трох праграм абароннага характару.

Больш канкрэтна пра перспектыўныя напрамкі для Беларусі ў рэгіянальных эканамічных інтэграцыях паведаміў у сваім выступленні віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў мінулым годзе ў СНД зацверджаны канцэпцыя развіцця прамысловай кааперацыі і комплекс мер па яе выкананні да 2030 года. А ў ЕАЭС распрацаваны і ўкараняецца новы механізм фінансавага стымулявання прамысловай кааперацыі за кошт субсідзіравання з адзінага бюджэту эканамічнага саюза. «Гэта тая сфера, у якой мы проста павінны знайсці сумесныя праекты для ўзаемадзеяння», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Яшчэ адзін пункт узаемнага перасячэння інтарэсаў інтэграцыйных фарміраванняў — выбудоўванне ўстойлівых лагістычных ланцужкоў. Па словах Ігара Петрышэнкі, у межах Саюзнай дзяржавы аб’ёмы перавозкі грузаў праз транспартныя калідоры Расіі выраслі амаль удвая, але патэнцыял яшчэ далёка не вычарпаны. На рэалізацыю новых сумесных праектаў накіравана рэзалюцыя Вышэйшага Дзяржсавета аб удзеле ў мадэрнізацыі чыгуначнай інфраструктуры да партоў Паўночнага Захаду Расіі. Таксама сярод перспектыўных вектараў супрацоўніцтва інтэграцыйных аб’яднанняў віцэ-прэм’ер Беларусі назваў забеспячэнне харчовай бяспекі, лічбавізацыю эканамічных зносін і электроннага гандлю, узаемадзеянне па пытаннях клімату.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.