Вы тут

«Мы не сімвалічна — мы вельмі сур'ёзна працуем над сумеснымі праграмамі Беларусі і Расіі»


Рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Маскву, можна сказаць, праходзіў пад знакам космасу. Учора кіраўнікі дзвюх дзяржаў прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў Крамлі, прысвечаным Міжнароднаму дню касманаўтыкі. На ім прысутнічалі і самі касманаўты, якія нядаўна вярнуліся з палёту, што безапеляцыйна зацвердзіў статус Беларусі як касмічнай дзяржавы, — Алег Навіцкі і Марына Васілеўская. Наша суайчынніца, дарэчы, якая напярэдадні ў Мінску з рук Прэзідэнта атрымала Зорку Героя Беларусі, прыляцела ў Маскву разам з Аляксандрам Лукашэнкам.


На сустрэчы з касманаўтамі беларускі лідар яшчэ раз выказаў падзяку расійскаму боку за супрацоўніцтва ў сферы космасу і падтрымку. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сфера касманаўтыкі для беларусаў не чужая. Ды і сам ён ужо даўно паглыблены ў спецыфіку: бываў на розных касмадромах і ў галіновых установах розных краін, вывучаў тэхнічны бок пытання. «Мы не сімвалічна — мы вельмі сур’ёзна працуем над сумеснымі праграмамі Беларусі і Расіі. Спадарожнікавыя праграмы мы робім разам. Мы з савецкіх часоў захавалі гэтыя заводы па вытворчасці спадарожнікаў. Разам з расіянамі працуем. Цяпер — пілатаваныя палёты», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Размова ідзе і аб оптыцы беларускай вытворчасці, і аб рабоце ў цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў.

Самыя шчырыя віншаванні прагучалі ў адрас касманаўтаў. Як і спадзяванні на тое, што сумесныя палёты беларусаў і расіян прадоўжацца. Планы тут сапраўды грандыёзныя: у найбліжэйшыя гады Расія плануе вывесці на арбіту першы модуль айчыннай арбітальнай станцыі. Гэта адкрывае вялікія перспектывы для двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

У сваю чаргу самі касманаўты адзначылі, што братэрскія і саюзніцкія адносіны дзвюх дзяржаў дарагога вартыя. Алег Навіцкі пахваліў надзейную касмічную тэхніку, а Марына Васілеўская выказала жаданне і надалей працаваць у касмічнай галіне.

Але за ўрачыстым падвядзеннем вынікаў прэзідэнты Беларусі і Расіі не забыліся пра справы зямныя, надзённыя. У першы ж дзень візіту позна ўвечары яны правялі перагаворы, якія працягваліся каля чатырох гадзін. Лідары абмяркоўвалі пытанні развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у розных сферах. У цэнтры ўвагі таксама была рэгіянальная і міжнародная абстаноўка, каардынацыя дзеянняў па рэагаванні на існуючыя выклікі і пагрозы. Падрабязна прэзідэнты спыніліся на пытаннях бяспекі і сітуацыі на ўкраінскім напрамку.

«Мы разумеем, што трэба рабіць»

Пагаварыць аб узаемаадносінах у эканамічнай сферы, як напачатку адзначыў Уладзімір Пуцін, было пра што. Супрацоўніцтва развіваецца, набірае тэмпы, расце кааперацыя, узаемная дапаўняльнасць — усё на пад’ёме. У цэлым сітуацыю ў эканоміцы на фоне санкцыйнага ціску Аляксандр Лукашэнка назваў цярпімай: «Мы пераадолелі санкцыйны гэты націск эканамічны. Дакладна, як і ў Расіі. Слухайце, нам калі забяспечыць вось гэты вялізны беларуска-расійскі рынак, яшчэ дружалюбных краін, з імі працаваць, — хопіць і вам, і нам. Таму мы вытрымаем. У нас ёсць рынак, рэсурсы. Мы разумеем, што трэба рабіць».

Прэзідэнт таксама падзякаваў расійскаму калегу за падтрымку ў пастаўках праз расійскія парты. «Дапамагаюць расіяне — партавікі — нам адгружаць прадукцыю. Словам, няма такога, што валяецца тавар на беразе акіяна або мора і мы не можам вывезці, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — У Санкт-Пецярбургу, Мурманску працуем, на Далёкім Усходзе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «На Поўначы», — дадаў Уладзімір Пуцін. Кіраўнік беларускай дзяржавы пацвердзіў, што, сапраўды, перспектыва работы па Паўночным марскім шляху добрая.

Закранулі лідары краін і тэму далейшага супрацоўніцтва ў космасе. Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў Уладзіміру Пуціну за падтрымку Беларусі ў адпраўцы яе першага касманаўта на МКС. «Ясна, што, калі б тады не ваша рашэнне, ніякага палёту не было б», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «Раскосмас» заявіў аб гатоўнасці працаваць з Беларуссю па развіцці паўнацэннай касмічнай праграмы.

«Мы хочам з расіянамі на працягу будучага і, можа, праз два гады закінуць на арбіту новы спадарожнік з распазнавальнай здольнасцю 25 сантыметраў. Гэта будзе моцнае слова. Мы працуем над ім, ужо няма сумневаў, што мы гэта зробім. І будзем у плане касманаўтаў працаваць разам. Мы гатовы ўключыцца ў вашу праграму — тое, што расійскія касманаўты робяць (неабавязкова, каб беларуская, — расійская праграма)», — заявіў Прэзідэнт.

Таксама Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Расіі адправіць у космас яшчэ аднаго беларускага касманаўта. Першая з прэтэндэнтаў — Анастасія Лянчэўская, якая была дублёрам Марыны Васілеўскай.

«Сёння ўсё ёсць для таго, каб сесці і дамаўляцца»

Аляксандр Лукашэнка ў курсе, што адбываецца на ўкраінскім напрамку, але яго расійскі калега скарыстаўся сустрэчай, каб праінфармаваць яго асабіста ў дэталях. «У цэлым вы ведаеце: мы ніколі не адмаўляліся ад мірнага вырашэння спрэчак. Больш за тое, мы былі схільныя менавіта да гэтага, — адзначыў расійскі лідар. — Цяпер, як вы ведаеце, ідзе ідэя правесці нейкую канферэнцыю ў Швейцарыі. Нас туды не запрашаюць. Больш за тое, лічаць, што нам там рабіць няма чаго. І ў той жа час кажуць, што і без нас вырашыць нічога немагчыма».

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы — за (мірнае ўрэгуляванне. — „Зв.“). Але толькі не ў фармаце навязвання нам якіх-небудзь схем, якія нічога не маюць агульнага з рэчаіснасцю», — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі і выказаў надзею ў садзейнічанні Беларусі ў вырашэнні гэтых пытанняў, калі такая неабходнасць будзе.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў час апошніх сустрэч бакі заўсёды абмяркоўваюць сітуацыю ва Украіне, у тым ліку магчымасць мірнага ўрэгулявання канфлікту. «Калі яны хочуць у Швейцарыі (яны ж гэта называюць мірнай канферэнцыяй) без нас гаварыць аб міры ва Украіне, Бог з імі. Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што яны могуць там дамовіцца, толькі як узмацніць эскалацыю гэтага канфлікту. Без Расіі які можа быць мірны там працэс? Не можа быць мірнага працэсу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым жа Прэзідэнт Беларусі падтрымаў пазіцыю кіраўніцтва Расіі і выказаў упэўненасць, што сёння ёсць усё для перагавораў аб міры ва Украіне: «Сёння ёсць усё для таго, каб сесці і дамаўляцца. Не хочуць — зразумела, чаму не хочуць. Калі за акіянам захочуць размаўляць аб міры, то і ва Украіне гэты голас пачуюць. Таму ўкраінцы, асабліва насельніцтва, павінны ведаць, што гэта ад нас не залежыць. Мяч, груба кажучы, на іх баку».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба ў тым ліку вярнуцца да таго дакумента, які бакі раней выпрацавалі ў ходзе мірных перагавораў у Беларусі, а затым у Стамбуле. «Дастаць той дакумент, які вы некалі мне паказалі і перадалі, пакласці на стол і рухацца па ім. Гэта разумная пазіцыя. Там прымальная пазіцыя і для Украіны. Яны ж пагадзіліся», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

«Вядома», — пацвердзіў Уладзімір Пуцін.

«Таму ў дадзеным выпадку абсалютна падтрымліваю мірны працэс, ад якога Расія ніколі не адмаўлялася, і сёння ў тым ліку. Калі мы нейкую ролю ў гэтым можам адыграць, вы ведаеце нашы магчымасці. Мы заўсёды будзем побач і будзем дзейнічаць у адным ключы з вамі, — запэўніў беларускі лідар і выказаў думку, што расійскія мірныя ініцыятывы знойдуць водгук ва Украіне, як ні дзіўна, у ваенных.

«Мы не збіраемся нідзе ваяваць»

На пытанне Уладзіміра Пуціна, як ідуць справы на заходніх граніцах Беларусі, Аляксандр Лукашэнка шчыра прызнаўся, што сітуацыя няпростая. «Больш за ўсё мяне хвалюе палітыка польскага кіраўніцтва. Навошта ім гэтая канфрантацыя? І літоўцы, латышы... Па-першае, дзясяткамі выкідваюць трупы праз граніцу. Ідзе нейкая колькасць туды мігрантаў — яны іх выкідваюць — за агароджу выкідваюць да нас на граніцу. Цяпер снег растаў — агаліліся трупы, валяюцца прама на граніцы», — распавёў беларускі лідар. Па яго словах, усё гэта стварае напружанне на граніцы. Акрамя таго, заходнія суседзі закрываюць граніцу для Беларусі і Расіі, ад чаго церпяць у тым ліку і трэція краіны.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на ваенную падрыхтоўку на сумежным баку: «Праводзяць вучэнні. У маі яны яшчэ плануюць праводзіць. Лоб у лоб стаім на граніцы. Амерыканцаў перакінулі, немцаў. Што дзіўна — урок не пайшоў на карысць. У Літву, у Польшчу батальёны. Мы, вядома, вымушаны былі разгарнуць свае часці і выстраіцца насупраць. Не ведаю, навошта ім гэта. Мы не збіраемся нідзе ваяваць».

«Крычаць, што Лукашэнка з Пуціным заўтра Еўропу захопяць. Ніколі не абмяркоўвалі такіх планаў, што мы кагосьці хочам захапіць. Сваіх праблем хапае», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін у сувязі з гэтым заявіў: «Гэта лухта, патрэбная кіруючым колам для таго, каб растлумачыць і апраўдаць свае выдаткі на вайну ва Украіне. Вось і ўсё». «І сваю неплацежаздольнасць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. «Перш за ўсё — выдаткі. Гэта галоўная прычына, чаму раздзімаецца гэтая тэма — нейкая агрэсіўная палітыка з боку Расіі», — адзначыў Уладзімір Пуцін.

Абодва дні візіту журналісты літаральна бегалі за беларускім лідарам, каб задаць яму свае пытанні. Аляксандр Лукашэнка, хоць і адказваў практычна на хаду, быў, як заўсёды, шчыры ў сваіх адказах. Сабралі цытаты Прэзідэнта.

Аб эканамічным супрацоўніцтве

«Па вялікім рахунку, эканоміка заключаецца ў тым, калі мы ўжо «агрэсары», шчыра кажучы, то роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання і для людзей павінны быць роўнымі. Вось што нам трэба. Сёння вы, напэўна, зразумелі (расіяне), што беларусы шмат што могуць. Раней гэтага не бачылі».

«Цяпер вы ўбачылі, што і электроніку мы закрываем (вялікі пласт), і сельскую гаспадарку, і ў прамысловасці, і ў станкабудаванні (нядаўна Уладзімір Уладзіміравіч пра гэта казаў), гэта значыць, вы зразумелі, што ў Беларусі мы не проста захавалі савецкі пласт навукі, прамысловасці, вёскі, але і асучаснілі, павысілі яго як след. Мы сёння вельмі патрэбны Расіі, як і Расія нам. Таму вельмі важна, каб мы цяпер ураўнавалі людзей і нашы прадпрыемствы. Гэта галоўнае пытанне».

Аб «санітарнай зоне» з Украінай

«Беларусі пакуль я не бачу неабходнасці ў такой зоне. Мы там (у прыграніччы з Украінай. — «Зв.») вельмі сур'ёзна працуем».

Наконт санітарнай зоны паміж Расіяй і Украінай Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яе трэба яшчэ стварыць: «Гэта ж не простыя пытанні. Думаю, што шмат будзе залежаць не толькі ад краін, якія ваююць, але і ад заходніх».

«Там праблемы сур'ёзныя ва Украіне, яны ўжо гэта прызнаюць. Не хацелася б, каб Захад працягваў гэтую эскалацыю. А эскалацыя — гэта пастаўка зброі, боепрыпасаў. І цяпер яны пачалі пагаворваць аб перакідванні сваіх ужо ваенных ва Украіну. Хутчэй за ўсё, на граніцу да Беларусі. Чакаем».

Аб перспектывах мірнага ўрэгулявання ва Украіне

«Мне здаецца, што сёння момант, гэта найперш для ўкраінцаў і для Захаду, сесці за стол перагавораў і канчаткова дамовіцца. Прынцып адзін, Пуцін у гэтым плане малайчына (ён не адступае ад сваіх ранейшых заяў): дакументы ёсць (выпрацаваныя раней па выніках мірных перагавораў у Беларусі і Турцыі. — «Зв.»), яны парафіраваны і расійскім, і ўкраінскім бокам. Давайце вернемся да гэтых дакументаў і ад гэтага будзем танцаваць. Або спынімся на тых прынцыпах, якія закладзены ў дакументах. Што, няправільна? Правільна».

«Таму вельмі добры момант для Украіны і куратараў украінскіх прыняць рашэнне. Яго трэба прымаць. Я так разумею Прэзідэнта Расіі, ён разумна гэта робіць. Гэта — лакмусавая паперка. Хочаце перагавораў — давайце, мы адкрыты, мы дамаўляемся. Вось дакументы, садзімся за стол... Не будзем далей разгортваць, спыняемся на тым, што было тады — у гэтых дакументах. Або на падставе дакументаў ідзём далей, шукаем нейкія кампрамісы. Калі пасля гэтага не будзе рэакцыі Украіны і Захаду, значыць, яны проста не хочуць міру ва Украіне. Вельмі разумна пастаўленае расійскім бокам пытанне. Я цалкам падтрымліваю».

Аб тым, чаму Украіна хутка адумаецца

«Я адчуваю, што адбываецца ва Украіне. Не хачу, каб Уладзімір Аляксандравіч Зяленскі пакрыўдзіўся на мяне — я ўчора Прэзідэнту Пуціну аб гэтым казаў, параўноўваў. Мы вельмі ўважліва назіраем, што адбываецца ўнутры Украіны. Галоўнае — гэта ўнутры. У пачатку СВА Валодзю Зяленскага падтрымлівалі амаль 98 %. Сёння адрозніваюцца лічбы. Хтосьці кажа 34 %, а апошнія даныя ў расіян — каля 14 %. Самы высокі рэйтынг у Залужнага — 35 %. Усё роўна няшмат. Бачыце, якое падзенне, калі казаць аб прэзідэнце».

«У маі ва Уладзіміра Зяленскага заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў, і гэта можа спарадзіць праблему легітымнасці тых ці іншых патэнцыяльных пагадненняў. Можа стварыцца сітуацыя, калі той жа Пуцін скажа: «Хлопцы, а з кім падпісваць дагавор? Паўнамоцтвы ў Прэзідэнта Украіны скончыліся». Сёння мы падпішам з ім, дапусцім, нейкі дагавор, заўтра вы (іншы палітык. — «Зв.») прыйдзеце да ўлады, станеце прэзідэнтам, вам гэта не спадабаецца. А яны ўмеюць гэта рабіць, як па Мінскіх пагадненнях. Памятаеце. Яны гэта ўсё адкінуць і скажуць: «Дык гэта нелегітымны прэзідэнт падпісваў!». «Я ўвогуле гэтага не ведаю!» — новы прэзідэнт скажа».

Аб верагоднасці ўступлення Беларусі ў баявыя дзеянні

«Такой неабходнасці няма. І не будзе такой неабходнасці. Я неяк сказаў напярэдадні, што Расіі цяпер патрэбна такая Беларусь — мірная, ціхая, спакойная, якая робіць сваю справу. У дэталях я вам не буду расказваць, чым мы займаемся, і гэтак далей. Я ж не адмаўляюся, што мы «суагрэсары». Кожны робіць сваю справу. Але я шчыра кажу: ні я, ні Пуцін (мы ўчора таксама гэтую праблему абмяркоўвалі) не хочам, каб пакутаваў братэрскі нам украінскі народ. Не хочам!»

«Гэтыя заклікі — Беларусь у вайну ва Украіне — гэта на карысць НАТА. Гэта яны хочуць і робяць усё, каб нас уцягнуць у вайну з Украінай».

«У гэтым выпадку працягласць фронту за кошт граніцы Беларусі з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі павялічыцца на тысячы кіламетраў. Нам з вамі давядзецца гэты фронт закрыць, калі мы ўступім у вайну. Мы зможам гэта зрабіць? Не зможам. Гэта я вам кажу: не зможам. Мы жадаем сабе праблем? Не жадаем. Гэта па-другое. Па-першае — можа быць, Украіне гэтак жа, як сёння Расіі, спатрэбіцца такая Беларусь (мірная. — «Зв.»)».

«У нас паўкраіны знаходзіцца ў радыусе 100 кіламетраў ад Кіева. У тым ліку і Мазырскі НПЗ, які, на шчасце, сёння працуе без перабояў, мадэрнізаваны, і вы запраўляецеся палівам з Мазырскага НПЗ. Вашы і нашы збеглыя (гэта мне пазаўчора інфармацыю перадалі) увесь час палякам і іншым пакрыкваюць: «Давайце па Мазыры ўдарым, па НПЗ, яны ж агрэсару пастаўляюць паліва для ваенных патрэб у тым ліку. Значыць, законная цэль». Я тады сваіх вайскоўцаў паклікаў, кажу: «Пастаўце на пазіцыі ўсё, што ў нас ёсць (не буду пералічваць), і тады адкажам так, што мала не падасца».

«Калі б мы сёння ўступілі ў вайну супраць Украіны, гэта б нічога не дало. Таму што ў іх граніца з Беларуссю забарыкадзіравана так, што туды не падысці. Яна замініравана цалкам, забетаніравана і 120 тысяч украінскіх вайскоўцаў на гэтай граніцы. Ну, яны хочуць на фронт туды іх кінуць супраць Расіі, а тут французаў паставіць. Мы чакаем. Французы будуць абараняць Украіну... Слухайце, смех! Гэта ўсё размовы. Ніякія французы туды не палезуць, і ніхто там абараняць не будзе. Яны нас спрабуюць з Пуціным запалохаць. А тое, што Беларусь уступіць у вайну і іншае, — гэта з той оперы, што мы з Пуціным заўтра хочам захапіць Еўропу (ну, для пачатку Польшчу і Прыбалтыку). Гэта лухта, як ён учора сказаў, гэта хлусня поўная, мы ніколі нават не абмяркоўвалі гэтае пытанне».

«Паблізу граніц Беларусі ў Польшчы і Літве размешчаны амерыканская і нямецкая батальённыя тактычныя групы. У адказ Беларусь была вымушана разгарнуць свае часці. І стаім цяпер лоб у лоб. Таму самае простае сёння — пачаць Беларусі вайну супраць Украіны. Але яна Расіі, гэтая вайна, не патрэбная. Нам, дай бог, там разабрацца».

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.