Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Праекты па дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту павінны стаць маторам абнаўлення нашай прамысловасці»


Канструктыўная, грунтоўная і прынцыповая размова на найважнейшую тэму прайшла ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную стану і задачам прамысловасці краіны. Гэтую нараду кіраўнік дзяржавы анансаваў яшчэ ў студзені падчас наведвання завода «БЕЛДЖЫ» ў студзені. Тады ён падкрэсліваў неабходнасць разгледзець вынікі работы арганізацый прамысловасці. За амаль тры месяцы Прэзідэнт неаднойчы пераносіў гэту нараду, каб узбуйніць састаў і разгледзець усе праблемы і перспектывы айчыннай прамысловасці. У выніку ў Палацы Незалежнасці сабралася больш за 250 чалавек, сярод якіх вышэйшыя службовыя асобы, члены Урада, губернатары, кіраўнікі прадпрыемстваў, навукоўцы і іншыя адказныя асобы. У такім складзе абмеркаванне атрымалася надзвычай плённым і працягвалася амаль чатыры гадзіны. 


Фота БелТА

На пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што па выніках мінулага года ўжо праведзены шэраг вялікіх нарад. І яны яшчэ будуць праводзіцца і ў іншых сферах. Прэзідэнт адзначыў, што на нарадзе па прамысловасці неабходна абмеркаваць перспектывы айчыннай прамысловасці і пытанні якасці прадукцыі. Ужо зроблены пэўныя крокі. На некаторыя ключавыя пазіцыі прыйшлі ўжо новыя людзі, і прыняты шэраг рашэнняў. «Цяпер трэба абмеркаваць, як будзем рухацца далей. І на ўзроўні стратэгіі, і на ўзроўні тактыкі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён акрэсліў блокі пытанняў, на якія варта звярнуць асаблівую ўвагу. 

Першае. Вытворчасць

«Урад дакладвае, што ў цэлым Мінпрамам апошнія некалькі гадоў забяспечваецца стабільны рост аб’ёмаў вытворчасці. За тры гады прыраслі амаль на 40 працэнтаў. Ёсць вынік і ў мінулым годзе. Прамысловай прадукцыі выраблена амаль на 30 мільярдаў рублёў, тэмп росту — амаль 113 працэнтаў. Назіраецца значнае павелічэнне выпуску электронікі, легкавых і грузавых аўтамабіляў, камбайнаў. "Планар", "ІНТЭГРАЛ" і "БелОМА" поўнасцю сфарміравалі партфель экспартных заказаў на бягучы год і часткова на 2025-ы. — пералічыў Прэзідэнт. — Але што з іншымі прамысловымі гігантамі? Чаму скараціліся аб’ёмы выпуску халадзільнікаў, трактароў, пагрузчыкаў, рухавікоў?». 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што больш чым на чвэрць прасеў «Бабруйскаграмаш». Толькі на 12 працэнтаў у 2023 годзе быў загружаны Мінскі падшыпнікавы завод. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі маецца шматгадовы досвед працы ў станкабудаванні — найважнейшай галіны ў любой індустрыяльнай эканоміцы.

«А якая сітуацыя тут сёння? Дзе выкарыстанне сучасных тэхналогій, такіх як штучны інтэлект, рабатызацыя? А менавіта яны забяспечваюць высокую дакладнасць і прадукцыйнасць у апрацоўцы матэрыялаў, эканомію рэсурсаў, зніжэнне затрат і якасць прадукцыі. Усяго гэтага няма. Але што самае сумнае — няма бачання перспектывы. Чакаю ад вас канкрэтных прапаноў, як будзем выпраўляць сітуацыю», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Другое. Рэалізацыя прадукцыі 

«Вырабіць — добра. Гэта мы ўмеем. Якасна, няякасна, дорага, танна — вырабілі. Але галоўнае пытанне — рэалізаваць прадукцыю і атрымаць грошы. У апошнія гады знешні гандаль арганізацый Мінпрама характарызаваўся з аднаго боку ростам экспартных паставак, з другога — вымушаным сыходам з заходніх рынкаў», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. У 2023 годзе галіна выдала рэкордны за апошняе дзесяцігоддзе экспарт — 6,5 мільярда долараў. Прырост да ўзроўню 2022 года — амаль паўмільярда (8 працэнтаў). «Прычым экспарт стабільна павялічваецца тры гады запар. Значыць, прамысловасць змагла нівеліраваць негатыўныя тэндэнцыі 2019 — 2020 гадоў. Дарэчы, трэба нам разгледезць структуру гэтага так званага экспарту. Пастаўкі пераарыентаваны на рынкі дружалюбных краін. У першую чаргу на традыцыйны рынак нашай Расіі і іншых дзяржаў СНД», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Але, па яго словах, на далёкім замежжы сітуацыя нашмат горшая. Аб’ём продажаў склаў менш за 20 працэнтаў у адносінах да дасанкцыйнага 2021 года. Не выкананы планы па экспарце ў дружалюбныя краіны Далёкай дугі. «У Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Азіі сёння вялізны попыт на прамысловую прадукцыю. Тут трэба шчыльна працаваць і займаць свае нішы. І перш за ўсё — на афрыканскім кантыненце. Харчовая бяспека — адно з самых жыццёва важных для Афрыкі пытанняў. Таму там асабліва запатрабаваны сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне. Я ведаю гэтыя цяжкасці, складанасці. Але пры складанасцях там трэба працаваць. І той, хто хоча працаваць, той там працуе», — заўважыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што сёння ёсць дамоўленасці аб пастаўках звыш 3 тысяч трактароў, 80 камбайнаў і 30 самазвалаў у Зімбабвэ. Больш за 150 трактароў — у Тагалезскую Рэспубліку. У 2024 годзе плануюцца пастаўкі тэхнікі ў Нікарагуа, В’етнам, Іран, Пакістан.

«А чаму пасля ўсіх праведзеных перагавораў на вышэйшым узроўні мы не працуем з Экватарыяльнай Гвінеяй? — спытаў Прэзідэнт. — Відавочна, трэба ісці далей, пашыраць супрацоўніцтва. І разумець, што наша стратэгічная задача — стварэнне зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі ў апорных краінах. Ключавая мэта сёння — дыверсіфікацыя экспарту. Усё, што патрабуецца ад мяне для гэтага, прымаецца неадкладна. Створаны неабходныя ўмовы, і вам трэба як мага больш актыўна выкарыстоўваць меры фінансавай падтрымкі беларускага экспарту». 

Па словах Прэзідэнта, нягледзячы на тое, што больш за 90 працэнтаў прадукцыі ідзе на рынак Расіі, мы страчваем там пазіцыі па традыцыйных беларускіх таварах, якія заўсёды карысталіся попытам за сваю якасць і надзейнасць. «Мне дакладваюць, што сёння айчынная прадукцыя саступае аналагам як па кошце, так і па якасці. Па кошце яшчэ вытлумачальна. Але чаму па якасці?» — спытаў кіраўнік дзяржавы. Экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18 працэнтаў. Доля беларускіх трактароў у расійскім імпарце знізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігоддзе 10,6 працэнта, грузавых аўтамабіляў — да 6 працэнтаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін вядомы брэнд «Атлант», у працы якога назіраюцца тыя ж пагрозлівыя тэндэнцыі. Аб’ёмы экспарту халадзільнікаў і маразільнікаў, яшчэ ўчора запатрабаваных, скараціліся амаль у два разы. «Што перашкаджае прадаваць прадукцыю? Кітай, Індыя і іншае... Дык вы прывыкайце да канкурэнцыі. Канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Дайшлі да таго, што сістэматычна ўзнікаюць прастоі, а людзей адпраўляюць у вымушаныя водпускі, — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. — Чаму мы губляем рынак? Усе чулі, у штогадовым Пасланні Прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб’екты Федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тысяч аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта прадугледжаны. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш як 30 працэнтаў патрэбных аб’ёмаў. Гэта наша ніша. Трэба толькі закасаць рукавы і працаваць. Тыя часы, калі за плот выкінуў трактар і аўтамабіль, і прыйшлі людзі, якія ў чарзе стаялі і купілі ваш трактар даўным даўно скончыліся». Прэзідэнт падкрэсліў, што Міністэрства замежных спраў павінна тут быць у першых радах. Па яго словах, у рэалізацыі прадукцыі на экспарт, роля знешнепалітычнага ведамства вызначальная. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адну негатыўную тэндэнцыю — унутраны рынак аддаём канкурэнтам. «Нягледзячы на наяўнасць шырокай лінейкі айчыннай тэхнікі, да гэтага часу закупляем імпартныя аналагі. І гэта не адзінкавыя выпадкі. Летась толькі трактароў набылі больш за 1000. Амаль на 40 мільёнаў долараў. Праводзім мадэрнізацыю падшыпнікавага завода. Якасць прадукцыі сёння супастаўная з прадукцыяй сусветных лідараў. Аднак высокія выдаткі на вытворчасць не дазваляюць канкурыраваць па кошце ў тэндэрных закупках нават на канвееры беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў. Толькі ці справа ў тэндарах? — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Забываем простую ісціну: скупы плаціць двойчы. Можна зэканоміць капейкі на кошце падшыпніка і страціць тысячы ад прастою тэхнікі з-за яго замены». Прэзідэнт спытаў пра меры, якія прымаюцца па абароне ўнутранага рынку. Што канкрэтна зроблена і робіцца? 

«Пакуль як следства ўсіх пазначаных негатыўных тэндэнцый — праблемы з рэалізацыяй. Склады трашчаць ад гатовай прадукцыі. Складскія запасы за 2023 год выраслі амаль на чвэрць (на 350 мільёна рублёў, ці на 23 працэнты). Віцэ-прэм’ер профільны мяне супакойвае: "Гэта нармальна, так заўсёды было, і ўчора, і пазаўчора. Мы тут зараз усё прададзім". Але мы ж перыяд да перыяду ацэньваем гэтыя запасы. А колькі тэхнікі знаходзіцца на пляцоўках у дылераў, якія шмат для каго сталі дадатковым складам за мяжой? За гэтую шырму ў чарговы раз ні ў кога схавацца не атрымаецца», — акрэсліў праблему Аляксандр Лукашэнка. 

І зноў гаворка зайшла пра Мінскі трактарны завод. Як заўважыў Прэзідэнт, на складах яго гандлёвых дамоў — амаль 6,5 тысячы адзінак тэхнікі, гэта больш за двухмесячны аб’ём вытворчасці. «Вось дзе вашы аб’ёмы і экспарт. Пры гэтым, як дакладвае Камітэт дзяржаўнага кантролю, значная колькасць суб’ектаў тавараправодных сетак увогуле не бяруць удзел у рэалізацыі прадукцыі, (навошта вы іх стваралі тады?), а яе кошт пры продажах праз гандлёва-праводзячыя сеткі значна ўзрастае. Каго кормім там?» — спытаў беларускі лідар. Ён прывёў яшчэ адзін прыклад. Пры рэалізацыі ў Расійскую Федэрацыю па схеме «вытворца — генеральны імпарцёр — дыстрыб’ютар — дылер — канчатковы спажывец» кошт франтальных пагрузчыкаў «АМКАДОР» павялічваецца ў цане больш як на 50 працэнтаў, грузавой і пасажырскай тэхнікі МАЗ — на 20 працэнтаў. «Ну і як тут канкурыраваць?», — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. Ён таксама звярнуў увагу, што не забяспечана выкананне патрабавання па скарачэнні знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. За мінулы год яна вырасла больш чым на 10 працэнтаў. «Узнікае простае пытанне: навошта мы крэдытуем пакупніка? З’яўленне запазычанасці часта з’яўляецца вынікам бяздумнай гонкі за выкананнем паказчыкаў па разгрузцы складоў і экспарту», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржвы.

Аляксандр Лукашэнка падвёў агульны вынік. Гэта — найперш падзенне якасных паказчыкаў развіцця прадпрыемстваў. Рэнтабельнасць не дацягвае да ўзроўню 2022 года. Растуць колькасць стратных арганізацый і сумы іх страт.

«Так, мы маем складаную лагістыку і рост кошту імпартнай сыравіны. Разбурэнне кааперацыйных сувязяў з заходнімі пастаўшчыкамі прывяло да неабходнасці пошуку альтэрнатыўных партнёраў або наладжвання ўласнай вытворчасці камплектуючых. У тым ліку паскоранай распрацоўкі і ўкаранення новых тэхнічных рашэнняў. Што рабіць, увогуле зразумела. Чаму тармозім? Чаму не робім?» — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Трэцяе. Імпартазамяшчэнне

«Мы можам ствараць канкурэнтаздольную тэхніку з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў і камплектуючых. Тут даказваць нічога не трэба. Мы можам. — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак па шэрагу напрамкаў абнаўленне прадукцыі і вытворчасцей ідзе вельмі марудна. Кожная крытычная пазіцыя паказвае нашыя слабыя месцы. Менавіта па іх канкурэнты потым б’юць санкцыямі». Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна прыняць меры па забеспячэнні максімальнай тэхналагічнай незалежнасці і стварэнні ўмоў для ўстойлівай работы эканомікі, якая не залежыць ні ад якіх санкцый. Аляксандр Лукашэнка назваў гэта стратэгічнай задачай для нашага прамысловага комплексу.

«Шлях адвёрткавай зборкі магчымы толькі ў пачатку новай вытворчасці. Трэба выбудаваць надзейную абарону ад любых вонкавых фактараў. Гэта яшчэ адна задача для ўсіх. Вось чаму так жыццёва важна імпартазамяшчэнне, якім трэба займацца ўвесь час. Сёння гэта прыярытэт прыярытэтаў. Мы шмат пра гэта гаворым, але разгортваемся вельмі павольна. Доля імпартнага складніка ў беларускай прадукцыі па-ранейшаму высокая», — заўважыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што для інвестараў ставяцца ўмовы па дасягненні вызначанага ўзроўню лакалізацыі. Яны іх прымаюць і выконваюць. А па беларускіх традыцыйных вытворчасцях доля імпартнага складніка ў сыравіне і матэрыялах застаецца на высокім узроўні, паказчыкі з году ў год практычна не зніжаюцца.

«К вам патрабаванне па ўсіх напрамках распрацаваць стратэгіі па павышэнні ўзроўню лакалізацыі. Давядзіце да кожнага напружаныя заданні і забяспечце іх рэалізацыю, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — Упэўнены, усе прысутныя таксама добра разумеюць, якія рызыкі нясе залежнасць ад замежнага абсталявання і праграмнага забеспячэння. Таму стварэнне айчыннага софту і яго ўкараненне павінны стаць безумоўнай першачарговай задачай для нашых распрацоўшчыкаў. Пакуль па гэтым напрамку ўвогуле нічога не робіцца. Як карысталіся заходнім праграмным забеспячэннем, так і працягваем».

Па словах беларускага лідара, асноўная маса сённяшніх праектаў — гэта мадэрнізацыя прамысловых гігантаў, якія мы захавалі з часоў Савецкага Саюза (МАЗ, Трактарны завод, БЕЛАЗ). «Гэта добра, але нам неабходна стварыць абсалютна новыя, перадавыя вытворчасці, якія выпускаюць інавацыйныя прадукты. І таму яшчэ адной задачай для вырашэння існуючых праблем бачыцца ўзмацненне інтэграцыі прамысловасці з навукай. Развіццё высокатэхналагічных галін, вытворчасць вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры. Ужо зараз мы павінны рыхтаваць навукова-даследчую базу і інжынерна-тэхнічны персанал для распрацоўкі перспектыўных тэхналогій і фарміравання навукова-тэхнічнага зачыну ў мэтах далейшага развіцця мікраэлектроннай прамысловасці», — заявіў ён.

Па словах Прэзідэнта, у гэтых умовах асаблівую важнасць набывае рэалізацыя праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, сумесных імпартазамяшчальных праектаў, якія ствараюць аснову тэхналагічнага суверэнітэту і эканамічнай бяспекі. «Сродкі выдзелены. Іх неабходна не толькі своечасова асвоіць, але і стварыць прадукт, які будзе карыстацца доўгатэрміновым попытам», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аднак, па яго словах, да якаснай мадэрнізацыі галіны профільнае міністэрства і прадпрыемствы не былі гатовы. Да нядаўняга часу не было ні праектаў, ні ідэй. «Я сумняваюся, што яны ёсць і зараз. Праца пайшла, хоць тэмпы відавочна патрабуюць паскарэння», — заўважыў беларускі лідар.
 

Камітэтам дзяржаўнага кантролю ўстаноўлены шэраг праблемных пытанняў. Не забяспечаны эфектыўнасць і выхад на праектныя магутнасці асобных мадэрнізаваных вытворчасцей, у выніку чаго выклікае сумненне іх акупнасць ва ўстаноўленыя тэрміны, заўважыў Прэзідэнт. Загрузка высокатэхналагічнага абсталявання, уведзенага ў 2023 годзе Аршанскім інструментальным заводам, па вытворчасці імпартазамяшчальнага сучаснага металарэзнага інструмента (свёрлаў і фрэз) складае толькі 50 працэнтаў.

«Зноў тармажэнне. Няўжо незразумела: будзем тармазіць і плесціся ў хвасце — нас затопчуць. Вам далі ўсе неабходныя інструменты па фінансаванні праектаў, далі паўнамоцтвы для прыняцця аператыўных рашэнняў. Што яшчэ патрэбна? — спытаў Прэзідэнт. — Наша стратэгічная задача — дасягнуць тэхналагічнага суверэнітэту ў скразных сферах, якія забяспечваюць устойлівасць усёй эканомікі краіны.

Гэта сродкі вытворчасці, станкі, робататэхніка. Праекты па дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту павінны стаць маторам абнаўлення нашай прамысловасці, дапамагчы ўсёй эканоміцы выйсці на перадавы ўзровень эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці». Таму, па словах кіраўніка дзяржавы, задача ўрада — ужо цяпер прапрацаваць і сфарміраваць доўгатэрміновы, як мінімум да канца бягучага дзесяцігоддзя, заказ ад расійскіх партнёраў на высокатэхналагічную прадукцыю, каб нашы прадпрыемствы разумелі, па якіх правілах ім працаваць у Расіі.

Чацвёртае. Дысцыпліна

«Мы зноў вяртаемся да пытанняў выканальніцкай дысцыпліны, дакладней, да яе адсутнасці і слабога кантролю на ўсіх узроўнях. Як вынік, увесь час выкрываюцца карупцыйныя схемы і, што абсалютна непрымальна, колькасць іх расце. Ну, гэта вашы праблемы. Хочаце сядзець у турме і не працаваць — калі ласка», — сказаў Прэзідэнт. 

Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, па выніках мінулага года колькасць такіх злачынстваў вырасла амаль на чвэрць. Выкрыта карупцыйная схема подкупу службовых асоб прадпрыемстваў прамысловасці за арганізацыю закупак абсталявання ў пэўных камерцыйных арганізацый. Узбуджаны крымінальныя справы ў дачыненні да службовых асоб нашага флагмана — ААТ «БЕЛАЗ».

Устаноўлены факт, калі прадугледжаная заканадаўствам магчымасць рэалізацыі прадукцыі па цэнах ніжэйшых за сабекошт (пад маркай разгрузкі складоў) выкарыстоўвалася для асабістага ўзбагачэння службовых асоб. Тавар па нізкіх цэнах адгружаўся падкантрольнаму пасрэдніку, пасля чаго перапрадаваўся па больш высокім кошце. Рэгулярна выяўляюцца факты крадзяжу гатовай прадукцыі і камплектуючых да яе. Камітэт дзяржаўнага кантролю паведамляе, што бардак і ў металургічнай галіне. «Белдругасмет» не забяспечвае металургічныя і машынабудаўнічыя прадпрыемствы ломам чорных і каляровых металаў у неабходных аб’ёмах. «Ваша безгаспадарчасць і дыспарытэт закупачных цэн на металалом стварылі перадумовы для ўзнікнення ценявога абароту на рынку металасыравіны. Я даручыў Генеральнаму пракурору надаць самую пільную ўвагу гэтым пытанням. І не трэба тут спасылацца не нейкія рызыкі. На гэта ўжо вочы закрываем. Але калі вы ўжо ў кішэню кладзеце, і гэта на вачах у тых, хто павінен глядзець і глядзець, вы не хадзіце і не плачце, што тут празмерна некага напружваюць. За памылку ніхто нікога не пакарае. Вы заўсёды можаце дастукацца нават да Прэзідэжнта і растлумачыць сваю памылку. Але калі вы крадзеце бессаромна, апускаючы працоўныя калектывы тысячныя і флагманы нашай прамысловасці — даравання тут не будзе. Я буду Прэзідэнтцам ці хтосьці іншы, калі вы хочаце захаваць краіну, будзе тое ж самае, адказнасць будзе самая жорсткая», — папярэдзіў Прэзідэнт. 

Пятае. Якасць прадукцыі

Ключавым пытаннем Аляксандр Лукашэнка назваў забеспячэнне якасці вырабляемай прадукцыі і належнага сэрвіснага абслугоўвання. «Калі па галоўных пазіцыях прасядаем, то з якой рэалізацыі можна казаць? Факты, аб якіх дакладвае Камітэт дзяржаўнага кантролю, недапушчальныя. Асабліва выпадкі, калі новая тэхніка выходзіць са строю яшчэ да пачатку эксплуатацыі. Мы гэта бачым унутры Беларусі», — сказаў ён. 

Таксама кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што апошнім часам намецілася адмоўная тэндэнцыя па якасці меліярацыйнай тэхнікі. З набытых у 2022 годзе за кошт бюджэтных сродкаў 47 аднакаўшовых экскаватараў вытворчасці ААТ «Амкадор-КЭЗ» 43 (а гэта 91 працэнт) падлягалі рамонту на працягу першых шасці месяцаў эксплуатацыі. «Як вынік, гэтым пачынаюць карыстацца дылеры нашых канкурэнтаў, патэнцыйныя пакупнікі беларускай прадукцыі ідуць да канкурэнтаў. Такое проста недапушчальна», — заўважыў Прэзідэнт.

Меліярацыйнымі арганізацыямі ў 2023 годзе закуплена 166 адзінак імпартнай тэхнікі агульным коштам 55 мільёнаў рублёў, у тым ліку 47 аднакаўшовых экскаватараў вытворчасці КНР на суму 18 мільёнаў рублёў. Недахопы выяўлены і ў арганізацыі сэрвіснага абслугоўвання. З-за адсутнасці неабходнай колькасці запасных агрэгатаў і вузлоў, па якіх меліся адмовы, парушаліся тэрміны ўхілення непаладак. Прадастаўленне сельгасарганізацыям тэхнікі з падменнага фонду на перыяд рамонтных работ не кампенсуе ў поўнай меры негатыўныя наступствы яе працяглага прастою.

«Працягваюць фіксавацца надзвычайныя здарэнні з эксплуатуемай у Расіі беларускай тэхнікай, якія потым асвятляюцца СМІ і выклікаюць грамадскі рэзананс», — заўважыў беларускі лідар. 

«У Год якасці (ды і заўсёды) вырабляемая прадукцыя павінна быць на найвысокім узроўні. І ніяк інакш. Гэта не капрыз, а суровая жыццёвая неабходнасць. Пытанне будучыні краіны і народа. Наша прадукцыя павінна быць якаснай па ўсіх характарыстыках і параметрах», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што сёння вельмі складана канкурыраваць па кошце з кітайскімі вытворцамі. «Хаця трэба, нікуды не дзенемся. Значыць, трэба браць выключнай якасцю прадукцыі і забеспячэннем неабходнага для спажыўца сэрвісу. Мы павінны выйсці прыкладна на японскі ўзровень якасці. Задача — замацавацца і павялічыць долю рынку. А калі будзем бяздумна гнацца за мінімальным коштам, страцім не толькі якасць канчатковай прадукцыі, але і вытворчасці ўласнай кампанентнай базы», — сказаў беларускі лідар. 

Шостае. Кадры

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння ўсё важна — інвестыцыі, тэхналогіі, дысцыпліна, якасць прадукцыі. «Але важней за ўсё — кадры, кадры і яшчэ раз кадры. Яны вырашаюць усе гэтыя праблемы. Высакакласны спецыяліст вырашыць любую праблему, недавучка загубіць справу. Аднак мы сёння вымушаны казаць не аб якасці падрыхтоўкі кадраў, а аб іх павальным дэфіцыце. Асабліва рабочых», — адзначыў ён. На сёння у цэлым па рэспубліцы з 27,8 тысячы вакансій у апрацоўчай прамысловасці 85 працэнтаў (23,5 тысячы) прыпадае на рабочыя спецыяльнасці. Найбольш запатрабаваны слесары, вадзіцелі, станочнікі, зваршчыкі. У ААТ «МАЗ» некамплект работнікаў складае 13 працэнтаў. У ААТ «Мінскі маторны завод» назіраецца цякучка рабочых спецыяльнасцей: слесараў, токараў, мантажнікаў, электраманцёраў, шліфоўшчыкаў і фрэзероўшчыкаў.

«Пры гэтым амаль упэўнены, што адміністрацыйна — кіраўнічы персанал у вас адкрыта разадзьмуты. Напрыклад, на МТЗ толькі маркетынгавая служба амаль 100 чалавек. А паўгадавы запас на складах дзяваць няма куды, — заўважыў Прэзідэнт. — Узнікае пытанне: як павысіць матэрыяльную зацікаўленасць рабочых на прадпрыемствах? І як іх кіраўніцтва мае намер вырашаць гэтую праблему? Бракуе рабочых? Можа быць, ураду прыйшоў час падумаць аб прыцягненні пенсіянераў. Сярод іх ёсць шмат актыўных людзей, якія жадаюць працаваць. Няхай не рванём на 30 тысяч чалавек, але мы знойдзем некалькі тысяч патрыятычна настроеных людзей, якіх можам паклікаць на вытворчасць і яны з задавальненнем прыйдуць і будуць працаваць, карысць прыносіць. Трэба вырашыць, як іх зацікавіць матэрыяльна. Гэта вашыя рэзервы».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за гэтыя гады шмат сказана за гэтыя гады аб замацаванні на месцах маладых спецыялістаў. «Пераламалі мы негатыўную тэндэнцыю на гэтым фронце? Падобна, не. Больш за тое, эксперты папярэджваюць, што растуць рызыкі страты кампетэнцый у галіне канструявання і распрацоўкі новых відаў прадукцыі. Чаму? Бо на большасці прадпрыемстваў у аддзелах канструктараў і распрацовак мала маладых спецыялістаў», — сказаў ён.
 

Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта ўжо пытанне не толькі да Мінпрама, але і да Мінадукацыі. «Мала змяніць падыход да падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў рабочых і тэхнічных прафесій. Мы павінны па досведзе савецкага мінулага істотна падняць прэстыж інжынерных прафесій, павысіць статут тых людзей, чыімі рукамі і інтэлектам ствараюцца рэальныя матэрыяльныя каштоўнасці. Інакш усе нашыя планы застануцца пустымі паперкамі. Неабходна на справе ўмацаваць сувязь усіх узроўняў адукацыі — ад школы, ВНУ да прадпрыемства. Трэба працаваць па адзінай логіцы, на агульны вынік. Крытэрыем эфектыўнасці навучальных устаноў павінна быць тое, наколькі запатрабаваны выпускнікі, як растуць заработныя платы маладых спецыялістаў», — падсумаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абазначаныя праблемы — гэта класічныя праблемы. Па ўсіх гэтых і іншых пытаннях трэба прыняць неабходныя рашэнні і безумоўна іх выканаць. 

«Яшчэ раз хачу паўтарыць. Час сур’ёзны, патрабуе вельмі жорсткай дысцыпліны і самых актыўных дзеянняў ад кожнага», — сказаў ён і папрасіў прысутных дакладваць па сутнасці, з канкрэтнымі высновамі і прапановамі.

З-за няспрытнасці пачынаем страчваць і свой унутраны рынак

Іна Мядзведзева, старшыня Нацыянальнага статычнага камітэта, адзначыла, што выпуск прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі павялічыўся на трэць. Экспарт тавараў гэтымі таварамі дасягнуў максімальнага аб'ёму за апошнія 7 гадоў. Але за агульнымі пазітыўнымі вынікамі працы прасочваюцца трывожныя сігналы ў рабоце беларускіх прадпрыемстваў. Яны ва ўмовах санкцыяй пераважную большасць замежных паставак накіравалі на расійскі рынак. Адпаведна, істотна зменшыліся пастаўкі на іншыя рынкі збыту.
 

Незапатрабаванасць шэрагу тавараў прывяла да іх запасаў на складах. Другі трывожны сігнал - высокая імпартаёмістасць вытворчасці. Таксама на прадпрыемствах павялічваецца крэдытная нагрузка. Павялічваецца і колькасць выпадкаў прагулаў ці з'язлення на працоўным месцы ў нецвярозым стане.

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў  звярнуў увагу на недастатковую работу па рацыянальным імпартазамяшчэнні.

«З-за няспрытнасці пачынаем страчваць і свой унутраны рынак. Набываецца імпартная аўтобусная, грузавая, дарожная, меліярацыйная тэхніка пры наяўнасці аналагічнай ад айчынных вытворцаў"», - падкрэсліў кіраўнік КДК, звярнуўшы ўвагу на тое, што сродкі, затрачаныя на імпартную тэхніку, маглі б атрымаць айчынныя прадпрыемствы, калі б аператыўна выпускалі запатрабаваную рынкам прадукцыю.

Неабходна развіваць галіновую навуку

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў выказаў навуковы пункт гледжання на прамысловыя пытанні, назваўшы ключавыя праблемы. Ці не самая галоўная з іх - мадэрнізацыя вытворчасці. Па словах кіраўніка НАН, сёння патрабуецца скразны падыход да мадэрнізацыі, складання доўгатэрміновых планаў мадэрнізацыі, у тым ліку навукова-тэхнічны аўдыт. Адсюль вынікае і другая праблема – выкарыстанне

лічбавых тэхналогій сучаснымі сістэмамі кіравання. Па словах Уладзіміра Гусакова, базавы навуковы патэнцыял ёсць, але патрэбны кадры.

Кіраўнік НАН закрануў тэму мадэрнізацыі выпуску кампанентаў машынабудавання і крытычнага імпарту. На яго думку гэтая мадэрнізацыя стрымліваецца недастатковай станочнай базай, асабліва з лічбавым кіраваннем. Рашэнне гэтай праблемы – набыццё сучаснай станочнай базы з кіруючай электронікай і рабатызацыяй тэхналагічных ліній, а таксама ў імпартазамяшчэнні рэжучай прылады, у тым ліку цвёрдасплаўнай.

Уладзімір Гусакоў асобна вылучыў пытанне другаснага выкарыстання каштоўных адходаў вытворчасці як складальніка эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў.   "Такія тэхналогіі сёння ў паскораным рэжыме адпрацоўваюцца ў НАН", - заўважыў ён.

Для таго, каб усе пералічныя мерапрыемствы давалі свой плён, па словах Уладзіміра Гусакова, неабходна пераходзіць на не толькі на спецыяльныя тэхналагічныя рэжымы, а на тэхналагічныя стандарты, якія робяць тэхналагічныя працэсы строга рэгламентаванымі.

Айчынная тэхніка часам добрая, часам – не вельмі

Ад эфектыўнай працы прамысловасці напрамую залежыць і харчовая бяспека краіны. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ выказаў свае ацэнкі якасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Ён падзяліў яе на тры групы. Першая - тэхніка з высокімі паказчыкамі надзейнасці, якая адпавядае сучасным патрабаванням. Напрыклад, збожжаўборачныя камбайны Гомсельмаш, трактары з магутнасцю рухавіка дол 150 конскіх сіл Мінскага трактарнага завода, зернесушыльныя комплексы Амкадор і іх глебаапрацоўчая тэхніка. Другая катэгорыя - тэхніка, якая патрабуе нязначнай дапрацоўкі ў частцы надзейнасці. Галоўным чынам гэта электраабсталяванне і гідраўліка. Трэцяя група - тэхніка, якая патрабуе прыняцця кардынальных мер па павышэнні яе надзейнасці і ўдасканаленне. У асноўным гэта тэхніка Бабруйскаграмаш, тэхніка для ўнясення мінеральных угнаенняў.

Тэму сельскагаспадарчай тэхнікі ў сваім дакладзе працягнуў і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын. Ключавой адзінкай у сельскагаспадарчай тэхніцы ён  назваў энерганасычаны трактар, які заняты ў вытворчасці цэлы год. Прастой такой адзінкі тэхнікі ў перыяд правядзення масавых палявых работ - асенне-вясновая сяўба, нарыхтоўка кармоў з'яўляецца крытычным для сельскагаспадарчага прадпрыемства. І, на жаль, энерганасычаныя трактары часта ламаюцца. Асноўнымі прычынамі паломкі тэхнікі з'яўляецца выхад са стоячы гідраўлічнай сістэмы (19 працэнтаў выпадкаў) і няспраўнасць электраабсталявання (17 працэнтаў).

У сваю чаргу кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на адносіны да тэхнікі і яе абслугоўванне, што напрамую звязана з працоўнай дысцыплінай. Складаныя, дарагія машыны, па яго словах, трэба аддаваць у гаспадаркі, дзе будуць забяспечаны адпаведныя ўмовы захоўвання, планавага рамонту, абслугоўвання і эксплуатацыі.. «Калі гэтага няма, будуць адмовы і будзе дрэнна працаваць. Абы-каму гэту тэхніку не аддасі», - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Генеральны дырэктар ААТ «Гомсельмаш». Аляксандр Новікаў расказаў, што ў холдынгу рэалізуецца шэраг інавацыйных праектаў, сярод іх стварэнне сучаснай вытворчасці кампанентаў механічных перадач для выпуску новага пакалення сельскагаспадарчай збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі, комплексная мадэрнізацыя дзеючых і стварэнне новых вытворчых магутнасцей ААТ "Гомсельмаш". Плануецца рэалізацыя шэрагу імпартазамяшчальных праектаў. Аляксандр Новікаў таксама адзначыў, што самыя распаўсюджаныя праблемы з якасцю тэхнікі, што выпускаецца на прадпрыемстве, сёння ў большасці вырашаны.

Забяспечана замена крытычнага імпарту

Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус далажыў, што з улікам даручэнняў Прэзідэнта пачата рэалізацыя шэрагу праектаў па накірунках, якія раней у Беларусі не існавалі. «Рэалізацыя праграмы імпартазамяшчэння дзяржваенпрома за 2021-2023 гады дазволіла забяспечыць замену крытычнага імпарту, . – адзначыў ён. – падчас рэалізацыі пастаўленых задач, звязаных у тым ліку з засваеннем новых тэхналогій і мадэрнізацый вытворчасці, абысціся без праблем, канешне, не атрымліваецца». Сярод гэтых праблем Дзмітрый Пантус назваў недахоп кваліфікаваных кадраў. «Тут хацелся б больш шчыльнаша ўзаемадзеяння і ўдзелу нашых беларускіх навукоўцаў у частцы распрацоўцы электронных кампанентаў і іншай прадукцыі», - падкрэсліў Дзмітрый Пантус.

Акцэнт будзе зроблены на высокатэхналагічны напрамак

Міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік адзначыў, што разам з усімі негатыўнымі тэндэнцыямі, за тры гады перавышаны арыенціры праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. «Па выніках гэтых трох гадоў рост прамысловай вытворчасці склаўся на ўзроўні 140 працэнтаў пры арыенціры 124,6. па экспарце — 168 апрацэнтаў пры арыенціры 136,3», — адзначыў міністр.

«Экспарт, гэта тое, што вы на склады загналі і там валяецца? Ці гэта грошы вярнуліся вам? — спытаў Прэзідэнт. Міністр запэўніў, што працэнты астаткаў пастаянна падае. Ёсць праблемы па халадзільніках і маразільніках, і трактарах. «Дык навошта вы адвезлі трактары за мяжу, калі яны Турчыну трэба, а вы іх адвезлі і там паставілі?». — спытаў Прэзідэнт.

Міністр прамысловасці расказаў, што ў мінулым годзе была прынята асаблівая праграма для беларускіх прадпрыемстваў. Пры ўмове аплаты 20 працэнтаў ад кошту трактара прадастаўлена растэрміноўка да двух гадоў на ўвесь мадэльны рад. І кожная вобласць па гэтай праграме набывала тэхніку. Аднак гэтая праграма распаўсюджваецца не на ўсе мадэлі трактароў.

«Бягучае развіццё прамысловасці рэалізуецца праз інвестыцыйную і інавацыйную дзейнасць, павышэнне якасці прадукцыі, павышэнне яе канкурэнтаздольнасці. Акцэнт будзе зроблены на высокатэхналагічны напрамак: мікраэлектроніка, прыборабудаванне, вытворчасць аўтамабільнай сельскагаспадарчай, будаўнічай тэхнікі, легкавых аўтамабіляў і камплектуючых да іх, электратранспарт», — адзначыў Аляксандр Рагожнік. Паводле яго слоў, у планах на 2025-2030 гадах у планах распрацоўкі больш за дзве тысячы новых мадэляў і мадыфікацый. Міністр прамысловасці таксама адзначыў, што, выконваючы даручэнні Прэзідэнта, зроблены акцэнт на рэалізацыю праектаў у малых гарадах. 
 

У Расіі трэба ствараць мультыбрэндавыя цэнтры

Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой адзначыў, што для таго, каб застацца на расійскім рынку, захаваць свае нішы і нават прыбавіць, беларускаму боку трэба разумець аб’ёмы продажаў сваёй прадукцыі па сегментах, у ідэале на пяць гадоў.

Тым больш попыт ёсць, напрыклад, у пасажырскай тэхніцы. Дзмітрый Крутой расказаў, што цяпер робіцца стаўка на стварэнне ў Расійскай Федэрацыі адзіных мультыбрэндавых цэнтраў. Стварэнне васьмі такіх цэнтраў зацверджана рашэннем урада. З іх тры фактычна гатовы, а яшчэ пяць будуць уведзены да канца 2025 года. «Гэта гарады-мільённікі — буйныя апорныя кропкі. Далей губернатары з гарадоў паменш просяць, што ім не трэба, дапусцім, гэты вялікі цэнтр: «Дайце нам паменш. Проста сэрвіс, рамонт і запчасткі». Таму на другім этапе мы зробім таксама на ўзроўні ўрада, зараз вядзем прапрацоўку, мы зробім не мультыбрэндавыя, а такія сэрвісныя цэнтры. Мы таксама будзем ведаць і забяспечваць поўную наменклатуру адпаведных кампанентаў.. Для губернатараў гэта задача нумар адзін, каб далей прасоўваць нашу тэхніку», — далажыў пасол.

«Гэта нельга адкладаць у другі эшалон. Ні ў якім выпадку. Трэба зараз», — адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што гэта балючае пытанне для губернатараў расійскіх рэгіёнаў, з якімі Аляксандр Лукашэнка часта сустракаецца. Таму, пакуль ёсць запыт на такое супрацоўніцтва — трэба выкарыстоўваць магчымасць, інакш гэтым зоймуцца іншыя.
«Вазьміце гэта на кантроль. Таму што прадаваць без рамонту нашу тэхніку — гэта дыскрэдытаваць сябе. Таму трэба сэрвіс абавязкова. Трактар туды паставіў — следам сэрвіс», — даручыў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ствараць і мультыбрэндавыя цэнтры, дзе будзе прадстаўлена прадукцыя вядучых беларускіх вытворцаў. «Трэба зараз — момант. Калі мы гэта адтэрмінуем — у буйных створым гарадах, а заўтра там у малых, — нічога там не атрымаецца. Туды з апярэджаннем прыйдуць іншыя». — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Дзмітрый Крутой таксама звярнуў увагу на неабходнасць супрацоўніцтва з расійскімі дзяржкарпарацыямі, якія зараз пачалі праяўляць цікавасць да беларускай тэхнікі. Ён таксама адзанчыў неабходнасць каардынацыі работы з расійскімі спецылізаванымі асацыяцыямі. Напрыклад, саюз прамыслоўцаў «Прагрэс» зацікаўлены ў супрацоўніцтве з МТЗ. Такі напрамак можа быць цікавы і карысны ў працы над імпартазамяшчэннем.

На кожнай сустрэчы з губернатарамі расійскіх рэгіёнаў Аляксандр Лукашэнка агучвае найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. І цэнтральнае месца тут адводзіцца менавіта пытанням прамысловасці. «У кожнага расійскага губернатара стаіць задача развіваць свае прамысловыя вытворчасці. У любым рэгіёне», — падкрэсліў Дзмітрый Крутой. Найбольшую перспектыву пасол бачыць у станкабудаванні. Па яго словах, сёння расійскія прадпрыемствы маюць патрэбу ў якасных станках, якія могуць вырабляць беларускія прадпрыемствы. Ёсць патэнцыял і ў бытавой тэхніцы. Для таго, каб планы сталі рэальнасцю, варта выканаць даручэнне Прэзідэнта аб адкрыцці ў расійскіх гарадах гандл​ёвых цэнтраў па прыкладзе Першага нацыянальнага гандлёвага дома ў Мінску.

«Я так разумею, што на расійскім рынку, як вынікае з вашага выступлення, праблем няма?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка. Дзмітрый Крутой адказаў, што ёсць пагрозы. «Так пагрозы заўсёды ёсць. Пагроза вайны і іншае, дык што — не жыць? Вайна заўтра будзе, дык што — не жыць? Не. Мы будзем жыць. Пагрозы заўсёды былі. Я зусім не бачу праблем, каб арганізаваць там работу (у Расіі — Зв.). Другое — усё, што вы пералічылі, ляжыць у плоскасці ўрада і дырэктараў. У чым праблемы? Праблемы я ведаю ў чым. У разваротлівасці прысутных тут і ўрада», — адрэагаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што большасць пытанняў супрацоўніцтва з Расіяй — гэта пытанні ўрада. І іх трэба вырашаць зараз, у моманце. «Галоўная квінтэнсецыя вашага выступлення ў тым, што любое пытанне ў Расіі можна вырашыць. На ўзроўні рэгіянальным. Губернатары гатовы ісці насустрач», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, настойвае ён, і самі беларускія вытворцы не павінны сядзець, склаўшы рукі.

Задача нумар адзін — фарсіраванае індустрыяльнае развіццё

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка акцэнтаваў увагу на тым, што трэба мяняць структуру ўзаемадзеяння навукі і прамысловасці. «У нас ёсць галіновыя інстытуты. Ёсць навукова-практычныя цэнтры. Чаму яны працуюць у адрыве ад вытворчасці? У савецкі час была галіновая навука, якая напрацоўвала новыя тэхналагічныя рашэнні і перадавала на вытворчасці, якая іх увасабляла. Давайце хаця б у парадку эксперыменту шэраг інстытутаў аддадзім тым, хто рэальна павінен карыстацца плёнам іх працы,» — прапанаваў ён. Як прыклад — Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук. Яго супрацоўнікі жадаюць стварыць электрычны спорткар. Але прэм’ер-міністр выказаў сумненне, што такая прадукцыя будзе запатрабавана. «Няхай гэта будзе дызайн-бюро, якое будзе працаваць на інтарэсы Міністэрства прамысловасці і выконваць тыя задачы, якія патрэбны айчыннай прамысловасці», — сказаў кіраўнік урада.

Задачай нумар адзін для прамысловасці на канец бягучай пяцігодкі і на наступную Раман Галоўчанка назваў фарсіраванае індустрыяльнае развіццё. «Эканоміка на працягу бліжэйшых гадоў будзе аб’ектыўна адчуваць дэфіцыт кадраў. Рашэнне толькі адно — павышэнне прадукцыйнасці працы і мадэрнізацыя прамысловасці. Што для нас стратэгія разьвіцця прамысловасьці? Простыя рэчы — выручка, сабекошт, якасць, продажы, кадры і стварэнне новых вытворчасцей высокіх тэхналагічных перадзелаў», — адзначыў ён.

Раман Галоўчанка расказаў, якія напрамкі развіцця прамысловасці ўрад бачыць да 2030 года. Першы — мікраэлектронная прамысловасць. Другі — вытворчасць электратранспарту. Раман Галоўчанка нагадаў, што ідзе рэалізацыя пілотных праектаў у Шклоўскім і Жодзінскім раёнах. На чарзе Наваполацк і далей па краіне. Па словах прэм’ер-міністра, усе планы, якія стаяць перад прамысловасцю, зразумелыя. Задача адна — іх рэалізаваць. Пры гэтым найважнейшым пытаннем застаецца якасць прадукцыі. 

Зроблена нямала, але гэтага недастаткова

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваю пазіцыю, якая ў некаторых момантах можа падацца нават жорсткай: «Час няпросты, і тое, што мы сёння ў такім ключы абмяркоўваем задачы на перспектыву (практычныя, стратэгічныя), сведчыць аб тым, што зроблена нямала. І я вам удзячны за тое, што зроблена. Усім тым, хто дадаваў у гэты час. Але сутнасць у тым, што зробленага мала. Усё, што мы дасягнулі, — дзякуй, добра. Але гэта вельмі нядосыць». Ён зазначыў, што адказныя асобы мала абмяркоўваюць праблемы, якія павінны вырашаць.

«Усе патрабавалі больш паўнамоцтваў, вось вам паўнамоцтвы, дзейнічайце, эканоміка ў вашых руках — тых, хто сядзіць тут і ва ўрадзе. Плюс іншыя сектары (прадстаўнікі, кіраўнікі сельскай гаспадаркі і іншых). Дзейнічайце!», — заклікаў ён. 

Прэзідэнт прызнаў, што на знешніх рынках працаваць няпроста. Сёння ў прынцыпе няма свабодных рынкаў, усюды вялікая канкурэнцыя. 

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на праблему пасрэдніцтва. Ён даручыў запланаваць і падрыхтаваць нараду на ўзроўні Прэзідэнта па ліквідацыі пасрэдніцтва. Ён расказаў, што нядаўна гутарыў з адным з аграрыяў, і аказалася, што той закупляе хімікаты, насенне і іншае ў Расіі. У Беларусі, паводле яго слоў, усё гэта таксама ёсць, але з-за пасрэднікаў кошт у тры разы вышэйшы. «Недзе немагчыма абысціся без гэтых пасрэднікаў, — заўважыў Прэзідэнт. — Няхай міністр прыме рашэнне, ён будзе несці адказнасць. Ці ён нейкую сістэму празрыстую ўсталюе, каб мы бачылі, што там адбываецца».

«Мы з вамі правялі сур’ёзную размову прыкладна па ўсіх праблемах, якія сёння стаяць перад прамысловымі прадпрыемствамі. Кожны з нас павінен бачыць мэту, заданне, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я агітую за тое, што разумна, не спяшаючыся трэба вярнуцца да канкрэтных вытворчых заданняў, хоць мы ніколі, у вялікім сэнсе слова, ад гэтага не адыходзілі. Але недзе ўсё гэта закінулі, выкінулі. Таму павінны быць канкрэтныя задачы».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.