Вы тут

Як не стаць ахвярай кіберашуканцаў


У Гомелі следчымі завершана расследаванне рэзананснай справы — пенсіянерка па ўказаннях ашуканцаў падпаліла два аўтамабілі. Па легендзе аферыстаў гамяльчанка павінна была дапамагчы вывесці на чыстую ваду нібыта нядобрасумленных працаўнікоў банка. Яны, быццам бы, аформілі на пенсіянерку 10 крэдытаў і збіраліся збегчы за мяжу. Каб дапамагчы затрымаць злачынцаў, жанчыну пераканалі ўзяць крэдыты амаль на 50 тысяч рублёў і перавесці на ўказаныя рахункі. Пенсіянерка пагадзілася. 


Верыла ў спецаперацыю 

У ходзе следства па гэтай справе стала вядома, што ў ліпені гэтага года з гамяльчанкай па тэлефоне звязаліся ілжэправаахоўнікі. Злачынцы ўнушылі пенсіянерцы, што яна ўдзельнічае ў спецаперацыі. Падчас афармлення ўжо рэальных крэдытаў на імя жанчыны, банкаўскія работнікі папярэджвалі, што яна, магчыма, стала ахвярай махляроў. Жанчына не паслухала і не стала абмяркоўваць ні з кім сваю сітуацыю, бо была пераканана, што напісала па ўказанні «куратара» «падпіску аб неразгалошванні ходу спецаперацыі». Між тым махляры не супакоіліся. Раніцай 27 ліпеня пенсіянерка атрымала па мабільным тэлефоне заданне — падпаліць два аўто, прыпаркаваныя ў розных раёнах Гомеля. Жанчына ўключыла на тэлефоне аднабаковую відэасувязь і пад бесперапыннае суправаджэнне «куратара» зрабіла ўсё, што той ёй сказаў. У выніку агульны ўрон уладальнікам падпаленых машын склаў звыш 21 тысячы рублёў. Падчас следства жанчына ўсвядоміла маштаб падману тэлефонных ашуканцаў і абсурднасць сваіх дзеянняў, раскаялася і пакрыла прычыненую шкоду. Тым не менш 61-гадовай гамяльчанцы прад’яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 218 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — наўмыснае знішчэнне, пашкоджанне чужой маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам, што прывяло да прычынення ўрону ў буйным памеры.

Куды зніклі грошы на «камуналку»? 

— Уражвае ступень нахабства махляроў, якія, можа, думаюць, што застануцца без пакарання і не толькі падманваюць, вымагаюць грошы ў ахвяр, але ўжо і нават здзекваюцца, зневажаюць даверлівых людзей, а зараз, як бачна, уцягваюць сваіх ахвяр яшчэ і ў злачынную дзейнасць, — звяртае ўвагу намеснік начальніка ўпраўлення па супрацьдзеянню кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама Вадзім Борсук.

Як зазначае Вадзім Уладзіміравіч, адным з самых распаўсюджаных відаў махлярства ў рэгіёне па-ранейшаму застаецца так званы вішынг. Гэта перанакіраванне карыстальнікаў на падробленыя інтэрнэт-рэсурсы.

— Як правіла, ашуканцы падрабляюць сайты банкаўскіх устаноў, — кажа Вадзім Борсук. — Кібер-ашуканцы за кошт раскручанай рэкламы дамагаюцца таго, што іх падроблены сайт падымаецца на першыя пазіцыі ў пошукавых сістэмах. Чалавек, увёўшы ў пошукавіку запыт «інтэрнэт-банкінг», пераходзіць менавіта на першы па выніку пошуку сайт і трапляе ў пастку.

Праваахоўнікі звяртаюць увагу на шэраг рэкамендацый, як пазбегнуць такую сітуацыю.

— Падроблены сайт адразу вас вядзе на поле аўтарызацыі, дзе трэба ўвесці свае асабістыя дадзеныя — логін і пароль ад вашага інтэрнэт-банкінгу. Перад тым, як уводзіць свае асабістыя дадзеныя, праверце работу астатніх укладак сайта — кантакты, навіны. На сайце рэальнай банкаўскай установы заўсёды будуць працаваць усе ўкладкі. Калі ж вы не можаце перайсці на галоўную старонку сайта, дзе пазначана агульная інфармацыя, то 99% гэта падроблены сайт. Акрамя гэтага не забываем праверыць правільны адрас у адрасным радку. Не так даўно ўсе банкаўскія арганізацыі масава рассылалі свае кліентам СМС- паведамленні з па-літарна карэктным адрасам рэсурсу. Тым людзям, якія не ўпэўненыя, можна зверыцца з гэтай інфармацыяй і па-літарна ў адрасным радку ўвесці правільны адрас сайт. Пасля гэтую старонку перавядзіце ў «закладкі», каб кожны раз не шукаць сайт у пошукавіку і выпадкова не зайсці на падробленую старонку, — тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення па супрацьдзеянню кіберзлачыннасці.

Дарэчы, у верасні за адзін тыдзень па факце крадзяжу грошай з асабістых рахункаў звярнуліся 15 пацярпелых-гамяльчан. Усе заяўнікі сталі ахвярамі менавіта фішынг-сайтаў. Большасць хацелі аплаціць камунальныя паслугі праз інтэрнэт-банкінг. Пацярпелыя ўводзілі ў пошукавы радок назву банка, пераходзілі па першай спасылцы, якую выдаў пошукавік, пазначалі логіны і паролі асабістых кабінетаў, пасля чаго сайт выдаў памылку. Атрымаўшы асабістыя дадзеныя гамяльчан, ашуканцы скралі з рахункаў людзей грошы.

Трапіць на такую жа хітрасць махляроў могуць і карыстальнікі пляцовак бясплатных аб’яваў, звяртаюць увагу праваахоўнікі. Тут не важна, прадаёце вы тавар ці купляеце. Пакупнікоў махляры прыцягваюць, як правіла, нейкім таварам па «гарачым» кошце. Ахвяры губляюць пільнасць, бо «прадавец» таропіць — у яго ўжо «чарга з пакупнікоў» і прадасць таму, хто першым ўнясе перадаплату. Пакупнікі вераць і, каб перавесці задатак, пераходзяць па дасланай спасылцы нібыта банкаўскага сайта, уводзяць рэквізіты сваёй банкаўскай карты. 

— Звяртаем увагу, што пры пакупцы або продажы тавараў праз інтэрнэт неабходна карыстацца толькі афіцыйнымі аператарамі, якія ажыццяўляюць дастаўку праз афіцыйныя пункты выдачы. Калі вы жадаеце купіць нешта дарагое, то лепш сустрэцца ў жывую з прадаўцом і агледзець тавар. Калі патрабуецца ўнясенне задатку, то таксама лепш асабіста перадаць грошы прадаўцу, бо, калі здзелка потым акажацца махлярствам, будзе да каго прад’явіць прэтэнзіі, — заклікае суразмоўца.

Пад чарамі хуткага заробку

Гомельскія праваахоўнікі акцэнтуюць увагу грамадзян на новую схему ашуканцаў — ілжэінвестыцыйныя прапановы. У Гомелі ўжо ёсць пацярпелыя па такіх злачынствах. Нядаўна ў такую пастку махляроў патрапіла гамяльчанка, якая пазбавілася 70 тысяч рублёў.

Жанчына ўбачыла ў сацыяльнай сетцы рэкламу, якая прапаноўвала зарабіць грошы на інвесціраванні ў акцыі афіцыйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Цікава, што гамяльчанка, сапраўды, цікавілася гэтай тэмай. Аналізуючы яе пошукавы запыт, ашуканцы наўмысна дасылалі ёй адрасную рэкламу. Спекулявалі тым, што прадпрыемствы, у акцыі якіх можна ўкласці грошы, добра вядомыя, абяцалі маментальны даход па працэнтах ад укладу — літаральна за некалькі дзён можна прымножыць капітал ледзь не ўдвая. Калі чалавек верыць ашуканцам і ўкладвае грошы ў гэтую піраміду, яго падаграваюць тым, што ў яго «асабістым кабінеце» наглядна відаць, як растуць працэнты па ўкладу і, адпаведна грошы на рахунку. Пацярпелая, калі прыйшоў час, захацела вывесці заробленыя працэнты на карту, але «куратары» пераканалі, што неабходна для гэтага аплаціць камісію. Атрымаўшы грошы спынілі зносіны ў месенджэрах і выдалілі сайт.

Праваахоўнікі папярэджваюць, што ні ў якім разе нельга выдаляць перапіску ў месенджэрах з адрасатамі па нейкіх здзелках, пераводзе грошаў. Здараецца, што людзі, ужо здагадаўшыся, што сталі ахвярай ашуканцаў, выдаляюць спасылку на падроблены рэсурс. Тлумачаць, што баяліся, каб з іх рахункаў не працягвалі здымаць грошы. 

Ледзь не пазбавіцца жылля 

На Гомельшчыне цяпер ідзе расследаванне па справе аб махлярстве ў дачыненні да пажылой жанчыны. 

— На сувязь з пенсіянеркай па месенджэру выйшаў зламыснік, які назваўся палкоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў. Ён пераканаў жанчыну, што яна павінна дапамагчы вывесці на чыстую ваду бандытаў. Для гэтага варта скласці дагавор аб продажы кватэры ў рыэлтарскай фірме, каб гэтымі грашыма потым дапамагчы, нібыта, затрымаць злачынцаў. Грамадзянка зрабіла ўсё як папрасілі ашуканцы. Яна сустрэлася ўжо з кліентамі на кватэру і ў аднаго з іх ўзяла задатак. Але тут нечакана спрацавалі рыэлтары. Работнікі фірмы змаглі пераканаць жанчыну, што яна патрапіла на кручок ашуканцаў. Угаварылі скасаваць дамову па продажы кватэры і звярнуцца ў міліцыю. Можна толькі падзякаваць супрацоўнікам агенцтва, якія не захацелі нажывацца на пажылым чалавеку, умяшаліся і парушылі планы махляроў, — адзначае Вадзім Борсук.

Праваахоўнікі звяртаюць увагу, што супрацоўнікі міліцыі не маюць права па службовых пытаннях звязвацца з грамадзянамі ў месенджарах. 

— Калі да вас паступіў званок ад невядомага супрацоўніка банка, следчага, праваахоўніка, неабходна спытаць і запісаць яго прозвішча і пасаду. У любым выпадку, можна заўсёды патэлефанаваць па 102 і спытаць, ці працуе такі супрацоўнік, калі гэта рэальны чалавек, вы зможаце прыйсці да яго на прыём. Калі звязваецца супрацоўнік банка, таксама можна зайсці на сайт банка, патэлефанаваць па кантактных нумарах, «гарачай лініі» і праверыць, ці звярнуўся да вас рэальны супрацоўнік, і распавесці аб сітуацыі, — дадае суразмоўца. 

Алё, мама!

Па-ранейшаму застаюцца актуальнымі выпадкі махлярства па так званай схеме «Алё, мама!». Па тэлефоне звязваецца нібыта ваш знаёмы, родны чалавек і хутка перадае трубку «следчаму», які просіць праз кур’ера перадаць грошы. Так, маўляў, вырашыцца праблема з ДТЗ, у якое зноў-такі нібыта трапіў ваш блізкі.

Фота: pixabay.com

— Характэрна, што ашуканцы могуць складаць асабісты партрэт будучай ахвяры. Яны манітораць уліковыя запісы тых жа пажылых грамадзян у сацыяльных сетках. Уліковы запіс, як правіла, адкрыты для ўсіх. Людзі адзначаюць сваіх дзяцей, бацькоў, сваякоў. Пасля махляры тэлефануюць ахвяры ужо з поўнай інфармацыяй. Яшчэ раз неабходна пазначыць, што ў Рэспубліцы Беларусь ніякія пытанні за грошы не могуць вырашацца як у крымінальных серыялах, што глядзяць людзі. Калі вам паступіў падобны званок, адразу тэлефануйце чалавеку, на якога спасылаюцца, усім яго сваякам, знаёмым. У любой падобнай сітуацыі, адказвайце: «Мне трэба падумаць». Ёсць правіла 24-х гадзін, калі нават моцна ўзрушаны чалавек супакойваецца і можа крытычна ацаніць сітуацыю, — раіць намеснік начальніка ўпраўлення па супрацьдзеянню кіберзлачыннасці.

«Гэта не трывіяльныя злачынствы»

Дарэчы, на Гомельшчыне нядаўна ў вельмі непрыемную падобную сітуацыю патрапіла маладая дзяўчына. Ашуканцы па тэлефоне падштурхнулі яе перавесці грошы на рахунак зламыснікаў. Але на гэтым не спыніліся.

— Пераканалі яе, што нібыта супрацоўніку банка трэба ідэнтыфікаваць дзяўчыну як уладальніцу рахунку, з якога яна перавяла грошы. Зрабіць гэта можна толькі па фота ў голым выглядзе. Дзяўчына паверыла і адправіла сваё фота. Пасля ашуканцы вымагалі ў яе грошы, пагражаючы выкласці здымкі ў інтэрнэт, зганьбіць яе, — прыводзіць адзін з апошніх фактаў злачынства супрацоўнік. 

Па словах праваахоўнікаў, як правіла ў адносінах да беларусаў падобныя схемы ажыццяўляюць групы ашуканцаў з-за мяжы. Яны ведаюць, што міжнароднае супрацоўніцтва па раскрыцці такіх злачынстваў патрабуе часу. 

— Сёлета супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення супрацьдзеяння кіберзлачыннасці на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі затрыманы грамадзянін, які генерыраваў вішынгавыя спасылкі сайтаў. Дзякуючы таму, што нашы супрацоўнікі старанна дакументавалі адрас створаных ім спасылак, а ў яго быў свой «почырк» у гэтай справе, нам удалося гэтыя справы аб’яднаць у адну вытворчасць і затрыманаму грамадзяніну выставіць агульную шкоду. Гэта сведчыць аб тым, што вядзецца скрупулёзная праца, якая ў далейшым дасць магчымасць устанавіць ашуканцаў, даказаць факт іх злачынстваў, — рэзюмаваў Вадзім Борсук. 

Апошнія два гады праваахоўнікамі былі таксама затрыманы «воркеры» — людзі, якія за грошы ўдзельнічаюць у перапісцы з патэнцыйнымі ахвярамі, выманьваюць рэквізіты, высылаюць спасылкі на падробленыя сайты. У дадзеным выпадку гэтыя грамадзяне нясуць адказнасць як члены злачыннай транснацыянальнай групы. 

Супрацоўнікі нагадваюць, што ўзмоцнена адказнасць па асобным складзе 222 артыкула Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь — незаконны абарот сродкаў плацяжу і інструментаў. Так называецца прадажа свайго банкаўскага рахунку, прывязанай да яго карты, якую выкарыстоўваюць зламыснікі ў сваіх схемах. У выпадку паўторнага здзяйснення такога злачынства чалавеку пагражае абмежаванні волі тэрмінам да 10 гадоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота УСК па Гомельскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.