Вы тут

Як напярэдадні навагодніх свят не трапіць на хітрыкі інтэрнэт-ашуканцаў?


Людзі настолькі прызвычаіліся ажыццяўляць пакупкі праз інтэрнэт, што не лічаць патрэбным хадзіць у звычайныя крамы. Апранаюцца ў адзенне, якое прыгледзелі ў віртуальнай прасторы, набываюць там сродкі гігіены, посуд, падарункі, і нават прадукты замаўляюць у інтэрнэце. Вядома, гэта зручна: не трэба марнаваць час на паходы па гандлёвых цэнтрах і крамах. Прычым нярэдка набыты тавар табе даставяць да самых дзвярэй. Аднак, як паказвае жыццё, не ўсе пакупкі трапляюць да адрасата...


Вярнуць грошы практычна немагчыма

Апошнім часам выпадкі махлярства пачасціліся ў сацыяльнай сетцы Іnstagram. За дзесяць месяцаў бягучага года на гэтай платформе зафіксавана звыш 2800 злачынстваў.

Як гэта працуе? Інтэрнэт-карыстальнікі заходзяць на канкрэтны акаўнт, які ажыццяўляе продаж тых ці іншых тавараў. Гартаюць стужку, выбіраюць патрэбную рэч і замаўляюць яе ў прадаўца. Апошні ўступае з пакупніком у перапіску, у ходзе якой прапаноўвае перавесці перадаплату за тавар, які карыстальнік сацсеткі плануе набыць. Чалавек пагаджаецца і чакае, пакуль аплачаная пакупка прыйдзе яму па пошце, як паабяцаў прадавец. У выніку пасылка да адрасата не даходзіць: як высвятляецца, яе нават не адпраўлялі. Ды і грошы, пераведзеныя прадаўцу за тавар, вяртаць ніхто не збіраецца. Пасля таго як махляры атрымалі кругленькую суму, на сувязь з пацярпелым яны не выходзяць.

Падманутыя грамадзяне звяртаюцца ў міліцыю, аднак разлічваць на тое, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў дапамогуць вярнуць страчаныя грошы, асабліва не варта.

— Калі махляры знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, карыстаюцца банкаўскімі картамі і рахункамі банкаўскіх устаноў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у нашай краіне, то ўстанавіць зламысніка не складае цяжкасцяў, — тлумачыць начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС палкоўнік міліцыі Васіль Шупляк. — Калі яго віна ў здзяйсненні злачынства будзе даказана, то махляр абавязваецца выплачваць пацярпеламу нанесеную матэрыяльную шкоду. Калі ж грошы трапляюць на рахункі замежных банкаў (гэта азначае, што злачынцы дзейнічаюць з-за мяжы), вярнуць іх практычна немагчыма. І трэба, каб нашы грамадзяне, якія ажыццяўляюць інтэрнэт-пакупкі, гэта ўсведамлялі.

Па словах начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС, большасць людзей, якія трапляюць у злачынныя сеткі інтэрнэт-махляроў, задумваюцца аб прычыне нізкай цаны. Некаторых насцярожваюць іншыя дэталі ажыццяўлення пакупкі. Аднак у выніку псіхалагічных маніпуляцый, якія выкарыстоўваюць махляры, чалавек плаціць за тое, чаго ніколі не атрымае.

Заніжаная цана і дастаўка па пошце

Што павінна насцярожыць таго, хто збіраецца ажыццявіць пакупку ў інтэрнэце? Па-першае, цана тавара. Кошт на патрэбную вам рэч у махляроў будзе значна меншы, чым у звычайнай краме ці на правераным маркет-плэйсе. Пры гэтым цана ў фэйкавай аб’яве або старонцы можа быць заніжана ледзь не ўдвая. Вядома, гэты фактар спакушае людзей, якія прызвычаіліся лічыць кожную капейку. Другі момант, які павінен насцярожыць: калі ад вас будуць прасіць перавесці перадаплату за тавар — ад 50 да 100%. Як правіла, у зносінах з патэнцыяльным пакупніком махляры пазбягаюць размоў па тэлефоне. У абмеркаванні дэталяў ажыццяўлення пакупкі яны аддаюць перавагу перапісцы ў якім-небудзь з месенджараў. Гэта трэці момант, які павінен насцярожыць пакупніка.

— І калі вы, напрыклад, папросіце даць некалькі фотаздымкаў таго ці іншага тавара, для большасці махляроў гэта створыць праблему, — звяртае ўвагу Васіль Шупляк. — Яны выстаўляюць адзін-два фотаздымкі на сайце або фэйкавай старонцы інтэрнэт-крамы і не гатовы да дадатковых маніпуляцый. Як правіла, сур’ёзную падрыхтоўку ашуканцы не праводзяць, бо часта вымушаны мяняць старонкі і прыдумляць новыя фэйкавыя тавары.

Чацвёрты момант, які сведчыць аб тым, што вы трапілі на злачынцаў, — даставіць тавар вам абяцаюць выключна па пошце. Калі ж грамадзянін прапаноўвае забраць пакупку самастойна, ашуканцы не пагаджаюцца з гэтым і настойваюць на дастаўцы праз паштовую сувязь.

Акрамя таго, злачынцы паспяхова карыстаюцца рэкламай. Прычым яркай, запамінальнай — той, на якую абавязкова адрэагуеш. Зайшоўшы на старонку крамы, якой не існуе, пакупнік звяртае ўвагу і на высокую колькасць падпісчыкаў, што стварае пэўны давер да прадаўца. Хоць мала хто ведае, што падпісчыкі тыя таксама могуць быць «ліпавымі». Зламыснікі карыстаюцца спецыяльнымі праграмамі, якія не толькі «накручваюць» ім падпісчыкаў, але і пішуць хвалебныя каментарыі на іх уяўную прадукцыю. Пры гэтым водгукі будуць толькі станоўчыя — гэта пятая дэталь, якая павінна засяродзіць увагу пакупніка.

Дарэчы, ашуканцы аператыўна рэагуюць на запыт пакупнікоў. Напярэдадні дачнага сезона на шматлікіх інтэрнэт-рэсурсах назіраецца шырокі асартымент садовай тэхнікі і мэблі. Яшчэ нядаўна, калі аўтамабілісты набывалі зімовую гуму, на гэтую тэму было створана нямала фэйкавых старонак. Напярэдадні навагодніх свят віртуальная прастора відавочна стракаціць прапановамі набыць ёлку, ёлачныя цацкі, гірлянды і іншую навагоднюю атрыбутыку.

Праваахоўнікі звяртаюць увагу і на яшчэ адну дэталь. Ажыццяўляючы пакупкі ў інтэрнэце, большасць грамадзян не задумваецца, куды пералічвае свае грошы. Мала хто цікавіцца, якім банкам карта выдадзена і каму яна належыць. «Апошнім часам мы затрымліваем вельмі шмат нядобрасумленных людзей, якія гандлююць у інтэрнэце банкаўскімі картамі, — тлумачыць супрацоўнік крымінальнага вышуку. — Прычым, афармляючы на сябе банкаўскую карту і затым прадаючы яе ў віртуальнай прасторы, яны не задумваюцца, што ў выніку гэтая карта выкарыстоўваецца ў злачынных мэтах. Між іншым, за падобныя дзеянні з банкаўскай картай прадугледжана адміністрацыйная і ў пэўных выпадках крымінальная адказнасць».

Небяспечны заробак

Пакупкі ў інтэрнэце ўвайшлі ў наша жыццё настолькі масава, што скласці сацыяльны партрэт пакупніка ў віртуальнай прасторы немагчыма. Чаго не скажаш пра вобраз кіберзлачынцы. Як высветлілася, такім злачынным спосабам у асноўным зарабляе моладзь. Нярэдка ў поле зроку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў трапляюць школьнікі старшых класаў. «Ім здаецца, што яны нічога страшнага не робяць і яны няўлоўныя, — заўважае Васіль Шупляк. — Насамрэч, як паказвае практыка, такія махляры затрымліваюцца. Тут ужо ідзе размова і аб кампенсацыі шкоды, і аб адміністрацыйнай адказнасці». Не выключана, што заканадаўства ў гэтым плане стане больш жорсткім.

Супрацоўнік крымінальнага вышуку прыводзіць аналогію з так званымі злачынствамі «Алё, мама!», калі махляры тэлефанавалі пажылым грамадзянам, прадстаўляліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў і казалі, што іх блізкія сталі віноўнікамі дарожна-транспартнага здарэння. Пры гэтым прапаноўвалі пазбегнуць адказнасці за немалую грашовую суму. Калі грамадзяне гатовы былі ахвяраваць уласнымі фінансавымі сродкамі дзеля «ратавання» сваякоў, злачынцы адпраўлялі кур’ераў, якім пацярпелыя і перадавалі грошы.

«У выніку маладыя людзі, якіх выкарыстоўвалі ў якасці кур’ераў, зразумелі, што гэта за падпрацоўка і чым яна заканчваецца, — канстатуе палкоўнік міліцыі. — Калі кур’ераў сталі прыцягваць да крымінальнай адказнасці як саўдзельнікаў злачынства і яны атрымалі не толькі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі, а яшчэ і іскі аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, то колькасць такіх злачынстваў істотна скарацілася. На працягу апошніх месяцаў мы іх увогуле не фіксуем».

Затое ашуканцы знайшлі іншы спосаб «разводу» людзей на грошы. Спадзяёмся, вы не папоўніце шэрагі іх ахвяр і не сапсуяце сабе настрой перад навагоднімі святамі.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.