Вы тут

Фестывальныя сенсацыі, «папулярны» док і грузінскія акцэнты


«Лістапад» абвясціў конкурсныя праграмы.

Глядзець — не пераглядзець. 26-ы Мінскі міжнародны кінафестываль, што пройдзе з 1 да 8 лістапада пад слоганам «Да радасці», на гэтым тыдні абвясціў конкурсныя праграмы ігравога і дакументальнага кіно — уласна кажучы, усіх сваіх конкурсаў апроч Нацыянальнага. Форум, што кожны год рыхтуе некалькі эксклюзіўных кінападборак і факусуецца на краінах былой камуністычнай прасторы, паказваючы, што яна з сябе ўяўляе, гэтым разам прадэманструе 154 карціны з 50 краін.


Кадр з філь­ма «Стрып­тыз і вай­на» Анд­рэя Ку­ці­лы.

Гэты фокус з'яўляецца галоўнай фішкай «Лістапада». Пакуль у паралельных секцыях ідуць фестывальныя хіты, новыя работы славутых рэжысёраў і ўвогуле карціны з усяго свету, Асноўныя конкурсы ігравога і дакументальнага кіно робяць агляд прасторы, якую некалі аб'ядноўвала адна ідэалогія. Краіны былога сацыялістычнага лагера і Кітай гэтым разам паўстануць у дванаццаці ігравых і трынаццаці дакументальных фільмах.

* * *

«Гэтая секцыя — тое, дзеля чаго «Лістапад» і задумваўся, — прадстаўляе праграмны дырэктар Ігар Сукманаў Асноўны конкурс ігравога кіно. — Мы жывем у зменлівым свеце, дзе праблемы Кубы, Кітая, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Грузіі аб'ядноўваюць нас, бо з гэтымі краінамі, можа, тэрытарыяльна і далёкімі, мы маем агульнае гістарычнае мінулае. Нам хацелася б, каб конкурс адлюстраваў усе болевыя пункты, уласцівыя гэтым грамадствам, і разам з тым уявіў сабой галерэю славы сучаснага кінамастацтва».

Магчыма, першы ЛГБТ-фільм на грузінскай мове «А потым мы танцавалі», зняты шведскім грузінам Леванам Акінам пра двух маладых танцораў грузінскіх народных танцаў, сустрэўся з супрацівам яшчэ з часу здымак, але быў прадстаўлены ў адной з секцый Канскага кінафестывалю і, па словах Ігара Сукманава, выклікаў там фурор.

У Асноўным конкурсе «Лістапада» карціна будзе адной з трох знятых грузінскімі рэжысёрамі. Уладальнік Гран-пры Шанхайскага кінафестывалю фільм «Удых-выдых» Дзіта Цындадзэ і «Злачынны чалавек», які адсылае да Дастаеўскага, Дзмітрыя Мамуліі (прэм'ера апошняга адбылася ў Венецыі) дапоўняць грузінскі акцэнт.

Адзін з самых правакацыйных і скандальных расійскіх аўтараў Валерыя Гай Германіка паўдзельнічае ў конкурсе з містычнай фантазіяй «Мысленны воўк», а адным з герояў карціны «Басаногі бягун» ужо вядомага мінскаму гледачу Мірлана Абдыкалыкава з'яўляецца трактар «Беларус». З нецярпеннем варта чакаць новай карціны балгарскіх аўтараў Петра Вылчанава і Крысціны Грозевай «Бацька». Работа гэтых аўтараў «Урок» у свой час атрымала галоўную ўзнагароду «Лістапада», а «Слава» стала ўладальнікам Прыза глядацкіх сімпатый.

«На які высокі ўзровень духоўнага асэнсавання жыцця могуць падняцца хіпстары», паказвае адна з самых важных карцін сучаснага польскага кіно «Цела Божае» Яна Камаса. У Асноўны конкурс увайшоў таксама адзін з самых спрэчных фільмаў кінасезона з Чэхіі «Размаляваная птушка» Вацлава Маргоўла, які падзяляе гледачоў на два лагеры. Чорна-белую амаль трохгадзінную карціну, прэм'ера якой адбылася на Венецыянскім кінафестывалі, параўноўваюць з фільмам «Ідзі і глядзі» Элема Клімава. «Фільм узрушвае натуралізмам і праводзіць гледача праз пекла ад пачатку і да канца, але вядзе да радасці», — кажа Ігар Сукманаў.

Важнае імя сучаснай украінскай кінематаграфіі адкрые адна з галоўных сенсацый сёлетняга Венецыянскага кінафестывалю — карціна «Атлантыда» Валянціна Васяновіча. А кітайскае кіно на конкурсе будзе прадстаўлена работай «карыфея і жывога класіка» Вана Сяашуая «Бывай, сын мой», дзе падрабязна, з 70-х гадоў да нашага часу, прасочваецца гісторыя адной сям'і. «Фільм пра тое, як жорны гісторыі спрабуюць зламаць людзей, але яны застаюцца незгінальныя, прычым на месца галоўных герояў можна паставіць любога беларуса».

* * *

Асноўны конкурс дакументальнага кіно ўключыў у сваю праграму фільм «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы, і гэта галоўнае на сёння. Леташні «Лістапад» суправаджаўся скандалам, выкліканым прызнаннем у тым, што Міністэрства культуры не дазволіла паказаць у Нацыянальным конкурсе некалькі адабраных дырэкцыяй карцін. Сярод іх была і гэта работа Андрэя Куцілы, між іншым, лаўрэата найпрэстыжнейшага фестывалю дакументальнага кіно ІDFА ў Амстэрдаме.

Фільм, што здымаўся чатыры гады, паказвае сумеснае жыццё ў адной кватэры дзядулі, падпалкоўніка авіяцыі ў адстаўцы, і ўнука-стрыптызёра. Беларускі глядач пакуль не меў магчымасці ўбачыць на вялікім экране адну з галоўных дакументальных беларускіх работ апошняга часу, таму рэабілітацыя «Лістапада» тут вельмі дарэчы.

Яшчэ адным беларускім удзельнікам конкурсу стане свежая карціна Віктара Аслюка пра ўчастковага «Абход». «Па-першае, гэта работа аднаго з вядучых беларускіх рэжысёраў, што працуюць у дакументальным кіно, — тлумачыць свой выбар праграмны дырэктар Ірына Дзям'янава. — Па-другое, яна зроблена на «Беларусьфільме». Па-трэцяе, фільм завершаны толькі-толькі, таму мог бы трапіць у рубрыку «Сусветная прэм'ера», калі б яна ў нас была».

На 26-м «Лістападзе» гэты конкурс будзе паказвацца ўжо не ў «Міры», а ў кінатэатры Sіlvеr Sсrееn у Gаlіlео. Несправядліва недаацэненае гледачом дакументальнае кіно стала вымагаць меншых залаў і камерных прастор. Тут жа будуць адбывацца сустрэчы з аўтарамі і іншыя мерапрыемствы кшталту канцэртаў. «Ігравое таксама, але дакументальнае кіно ў абсалютнай ступені павінна выклікаць гледача на размову, таму што яно расказвае пра нас з вамі, прадстаўляе непрыдуманыя гісторыі і паказвае тое, што, умоўна кажучы, адбываецца за акном і ў суседнім пакоі», — кажа Ірына Дзям'янава.

Вытворчасць фільмаў Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно мае больш шырокую геаграфію, але ўсё роўна расказвае пра краіны постсацыялістычнага лагера. «Мы адбіраем карціны, што дыхаюць асаблівым паветрам гэтых краін і перадаюць асаблівы нерв нашага жыцця, якое, на жаль, не заўсёды прыстасаванае да радасці».

Пераезд у Sіlvеr Sсrееn спалучаецца і з пэўным падыходам да фарміравання сёлетняй праграмы. «Мы больш уважліва, чым у мінулыя гады, арыентаваліся на рэакцыю гледачоў і думалі, як чалавек прыйдзе, упершыню, можа быць, паглядзіць дакументальнае кіно і на яго адрэагуе. Адкрыю сакрэт: калі трэба было выбраць паміж фільмам у эксперыментальнай манеры, пра які можна пагаварыць з крытыкамі і прафесіяналамі, і гісторыямі, здольнымі зацікавіць многіх, мы выбіралі другое. Таму ў праграме ёсць эмацыянальныя, маляўнічыя, вясёлыя, іранічныя, смешныя работы, якія ўсё яшчэ апроч эмацыянальнага ўздзеяння прымусяць задумацца і «зрабіць паўзу ў словах».

Нельга не пагадзіцца, што сучасны глядач мае пэўную прадузятасць да неігравога кіно як да менш відовішчнага. Напэўна, «Лістападу» сапраўды трэба дазволіць сабе некалькі кампрамісаў, каб спачатку прыцягнуць увагу да дакументалістыкі, а ўжо потым паказаць усе яе магчымасці.

* * *

Ужо без геаграфічных абмежаванняў, але па пэўных канцэпцыях складаюцца іншыя конкурсы «Лістапада». «Маладосць на маршы», як звычайна, уключае ў сябе першыя і другія карціны рэжысёраў і часцяком паказвае будучых зорак аўтарскага кіно. У свой час у конкурсе ўдзельнічала работа «Апантанасць», а праз нейкі час яе рэжысёр Дэм'ен Шазэл на ўвесь свет прагрымеў фільмам «Ла-ла-лэнд». У конкурс увайшлі дванаццаць карцін, сярод якіх работы з Германіі, Ірана, Ізраіля, Украіны, Тайваня, Аўстрыі, Чылі ды іншых краін. Амаль усе аўтары прыедуць у Мінск, каб прадставіць свае работы і пакамунікаваць з беларускай публікай.

«Гэта карціны, якія нам хацелася прадставіць з пункту гледжання не толькі звышсуровай драматычнай рэальнасці, але і спроб аўтараў працаваць у абсалютна розных кірунках, напрыклад, у складаным і няўдзячным жанры драмедзі. Мы таксама хацелі зрабіць акцэнт на так званым жанравым кіно, бо для аўтараў гэта не заўсёды лёгкая задача, таму каб прарвацца да радасці, трэба будзе прайсці праз церні», — каментуе Ігар Сукманаў.

У конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» увайшлі стужкі з Канады, Індыі, Нарвегіі, Кітая і іншых краін. «Гэта праграма, што ўключае ў сябе толькі сем карцін, — адна з самых складаных на «Лістападзе». Дзяцінства і юнацтва — імклівы час, за кароткі прамежак успрыманне свету змяняецца некалькі разоў. Нам было важна ўкласці ў гэтыя сем карцін розныя дзіцячыя пачуцці, каб даць маленькі п'едэстал маленькаму чалавеку і дапамагчы юным гледачам крыху глыбей і танчэй успрымаць рэальнасць».

Дакументальнае кіно можна будзе паглядзець і ў Конкурсе нацыянальных кінашкол, у якім удзельнічаюць карціны, створаныя студэнтамі. «Для многіх удзельнікаў конкурсу гэта першая магчымасць убачыць свой фільм на вялікім экране ў сапраўдным кінатэатры. Амаль дзесяць гадоў свайго існавання конкурс факусаваўся на задачы стаць не экзаменам для маладых кінематаграфістаў, а майстэрняй», — кажа каардынатар конкурсу Марыя Касцюковіч. У ім возьмуць удзел студэнты з пятнаццаці адукацыйных устаноў Польшчы, Эстоніі, Даніі, Ізраіля, Іспаніі, Фінляндыі і іншых краін. У праграму ўвайшла і работа студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — «Мой французскі дзядзька» Анастасіі Лашкевіч.

На будучым тыдні «Лістапад» мае абвясціць, якія фільмы ўвайшлі ў Нацыянальны конкурс і якіх хітоў чакаць у пазаконкурсных секцыях.

  • Паказы Асноўнага конкурсу ігравога кіно, Асноўнага конкурсу дакументальнага кіно, Нацыянальнага конкурсу, «Маладосці на маршы», «Лістападзіка», Конкурсу нацыянальных кінашкол і пазаконкурсных секцый будуць праходзіць на шасці пляцоўках — у кінатэатрах «Цэнтральны», «Піянер», «Беларусь», Fаlсоn Сlub Буцік Кіно, Sіlvеr Sсrееn у Gаlіlео і Музеі гісторыі беларускага кіно. Цырымоніі адкрыцця і закрыцця па традыцыі апошніх гадоў адбудуцца ў кінатэатры «Масква». Білеты на кінапаказы стануць даступныя 21 кастрычніка. Ад «Лістападзіка» да начных сеансаў у «Цэнтральным» іх кошт будзе вар'іравацца ад 2,5 да 7 рублёў, на паказы ў Fаlсоn Сlub Буцік Кіно можна будзе трапіць за 8 рублёў, а на вячэрнія фільмы ў Sіlvеr Sсrееn — за 6 рублёў. Праход на цырымоніі адкрыцця і закрыцця каштуе 20 рублёў.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.