Вы тут

Вялікі экран абвяшчае кінапраграму


На будучым тыдні, хоць і з мерамі засцярогі, ужо можна на ўсе застаўкі глядзець кіно ў кінатэатрах — у «Кінавідэапракаце», сетцы Sіlver Screen, а таксама ў Falcon Club Буцік Кіно складзены праграмы паказаў на ліпень. Асноўная маса фільмаў пачне дэманстравацца з 2-га — у меню на летнія месяцы не толькі знаёмыя ўжо шэдэўры, але і, напрыклад, прэм'ера новай работы Крыстафера Нолана «Довад», што паводле ўсіх спісаў з'яўляецца адным з самых чаканых рэлізаў года. Паказы ў кінатэатрах апроч сталіцы таксама аднаўляюцца ў іншых гарадах краіны.


«Довад» Крыстафера Нолана.

На вялікім экране, што ў асобных выпадках дарагога варта, цяпер можна будзе паглядзець фільмы «Тытанік» Джэймса Кэмерана, «Дом, які пабудаваў Джэк» Ларса фон Трыера, «Цябе тут ніколі не было» Лін Рэмсі з Хаакінам Феніксам у галоўнай ролі альбо японскую анімацыйную карціну «Знесеныя прывідамі» Хаяо Міядзакі — адным словам, неабходнасць збіраць рэпертуар з былых набыткаў зрабіла кінапраграму яшчэ прывабнейшай за дакаранавірусную.

Другі старт атрымае шэраг хітоў масавага галівудскага кіно накшталт «Дэдпула», «Логана», «Маліфесэнты», пэўных частак серый «Мсціўцаў» альбо «Фарсажу», «Караля льва» і некалькіх мультфільмаў накшталт «Звераполіса». Упершыню на вялікім экране будуць паказаны брытанская камедыя «Міс Дрэнныя паводзіны» альбо «Уцёкі з Прэторыі» з Дэніэлам Рэдкліфам у галоўнай ролі.

Што да доўгачаканага Нолана, прэм'еры фільма «Довад» будзе папярэднічаць пракат стужкі рэжысёра «Пачатак» з Леанарда
Дзі Капрыа ў галоўнай ролі — сёлета карціне спаўняецца дзесяць гадоў. Закручаная фантастычная гісторыя пра падарожжы па чалавечай свядомасці, якая ў свой час атрымала шэраг «Оскараў», праўда, тэхнічных, з'яўляецца адным з самых знакамітых твораў Нолана і ў кінатэатрах будзе паказвацца з сярэдзіны месяца.

«Довад», гледзячы па апісанні, падтаквае «Пачатку» ў фантастычнасці, баевіковасці і матывах — у сюжэце зноў міжародны шпіянаж, падарожжы па нефізічных матэрыях і місіі, ад якіх залежыць усё. У фільме задзейнічаны акцёры Джон Дэвід Вашынгтан, Роберт Пацінсан, Элізабет Дэбікі і традыцыйны ў Нолана Майкл Кейн — прэм'ера карціны, якая першапачаткова была прызначана на 30 ліпеня, пасунулася на жнівень.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.