Вы тут

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?


Сёння ў нашай краіне вядзецца сур'ёзная работа па знішчэнні «зялёных агрэсараў» — распрацоўваюцца і рэалізуюцца планы навядзення парадку на зямлі, рэгулявання распаўсюджвання і колькасці інвазійных раслін. Тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды праводзяць маніторынг тэрыторый, ацэньваюць, наколькі эфектыўна (што датычыцца выкарыстання тэхналогій і асваення фінансавых сродкаў) землекарыстальнікі змагаюцца з інвазіяй.

Але кіраўніцтва краіны і Мінпрыроды ўпэўнены: неабходна пераходзіць да наступнага этапу гэтай барацьбы — уцягвання зямель, ачышчаных ад інвазійных раслін, у гаспадарчы абарот. Падчас прэс-тура журналісты даведаліся, як гэта адбываецца ў Мінскім і Валожынскім раёнах.


Знайдзі сумнік!

Мінскі раён — адзін з лідараў па распаўсюджанасці сумніка канадскага. Менавіта на тэрыторыі сталіцы і ў радыусе 60—70 кіламетраў ад яе адзначана
80 % усёй папуляцыі гэтай інвазійнай расліны ў нашай краіне.

Яшчэ нядаўна і тэрыторыя аграгарадка Хацежына, што побач з трасай Мінск—Гродна, не радавала сваім знешнім выглядам. На ёй пасяліліся адразу два агрэсіўныя віды.

— У 2009 годзе на гэтым участку быў сфарміраваны квартал жылой забудовы, частка зямель засталася для добраўпарадкавання і азелянення, — уводзіць у курс справы старшыня Хацежынскага сельвыканкама Юрый СТУКАЎ. — На ёй і пачалі расці сумнік канадскі і баршчэўнік Сасноўскага.

У рамках мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі тэрыторыю замацавалі за ААТ «Налан». На працягу трох-чатырох гадоў яна рэгулярна скошвалася. Летась сельвыканкам сумесна з прадпрыемствам і мясцовымі жыхарамі высадзіў на частцы тэрыторыі дубы і яблыні. У выніку пра тое, што тут калісьці былі зарасці сумніку, нагадваюць толькі кволыя парасткі, што выпадкова трапляюцца на вочы, ды адзіночныя асобіны баршчэўніку і сумніку на ўскрайку лесу.

— Тэхналогія, ужытая на гэтай тэрыторыі, — частка комплекснага плана, — расказвае загадчык сектара кадастра расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча, кандыдат біялагічных навук Алег МАСЛОЎСКІ. — Ён прадугледжвае не толькі выдаленне агрэсіўнага віду, але і сяўбу шматгадовых траў. У выніку на шчыльным газоне сумнік не вытрымлівае канкурэнцыі і выцясняецца абарыгеннымі відамі.

Добры эфект у барацьбе з інвазійнымі раслінамі дасягаецца толькі тады, калі работа праводзіцца ў комплексе: скошванне, апрацоўка, засеў шматгадовымі травамі, фарміраванне драўняных насаджэнняў, а таксама кантроль не толькі заражанай тэрыторыі, але і патэнцыйна небяспечнай. Калі нейкую стадыю прапусціць, сумнік ці баршчэўнік лёгка адновіць сваю колькасць за год-два.

Каб гэтага не атрымалася, спецыялісты Мінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праводзяць маніторынг тэрыторый і працуюць з землекарыстальнікамі.

— Калі яны не прымаюць адпаведныя меры, ім выдаюцца прадпісанні з указаннем тэрмінаў ліквідацыі гэтых парушэнняў, — расказвае начальнік інспекцыі Кацярына Паляшчук. — А калі і яны не выконваюцца, землекарыстальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці. За гэты год мы склалі больш за 20 пратаколаў на суму каля 2000 рублёў.

Так, за непрыняцце мер адносна сумніку канадскага быў прыцягнуты да адказнасці старшыня Каладзішчанскага сельвыканкама. Сума штрафу склала 10 базавых велічынь. Пасля чаго, па словах Кацярыны Паляшчук, знайшліся і магчымасці, і сілы, і час, каб прывесці тэрыторыю сельсавета ў парадак. Пры гэтым на барацьбу з інвазійнымі раслінамі выдзяляецца дастаткова сродкаў з бюджэту, ствараюцца ўсе ўмовы для зацікаўленых у гэтым землекарыстальнікаў.

Замест пусткі — засеянае поле

Калі ў Мінскім раёне галоўны «антыгерой» — сумнік канадскі, то на Валожыншчыне гэта баршчэўнік Сасноўскага. У 1980-х гадах апошняга завезлі ў дзве мясцовыя гаспадаркі вырошчваць на корм жывёлам. З цягам часу баршчэўнік перасталі выкарыстоўваць для гэтых мэт, а землі пад ім не апрацоўваліся. Так расліна і захапіла вялікую тэрыторыю.

— У Валожынскім раёне інвазійныя расліны займаюць агулам 40,96 га, — расказвае начальнік Валожынскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар ЯКУТОВІЧ. — Пры гэтым 36,4 % усяго баршчэўніку расце на землях ААТ «Суднікаўскае». Толькі на ўчастку каля МТФ «Суднікі» ім было занята каля 6 га зямлі.

Сёння частка гэтай тэрыторыі ўжо апрацавана і засеяна. На чарзе — участак плошчай каля 3 га. Тут ужо правялі механічнае кашэнне і хімічную апрацоўку, а цяпер глебу заворваюць, каб вясной пасеяць кукурузу.

Па словах начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалая СВІДЗІНСКАГА, калі баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадскі пераможаныя, важна на наступным этапе ўцягнуць такія землі ў гаспадарчы абарот. Гэта можа быць жыллёвае ці прамысловае будаўніцтва, стварэнне лясных культур ці, як на гэтай тэрыторыі, выкарыстанне зямель для атрымання сельгаспрадукцыі. Сёння ў краіне налічваецца каля 1500 га зямель, вызваленых ад баршчэўніку, якія можна і трэба ўцягнуць у гаспадарчую дзейнасць.

— Работа, якая вядзецца ў Валожынскім раёне, — выдатны прыклад для землекарыстальнікаў, кіраўнікоў усіх узроўняў і формаў уласнасці, як дзейнічаць пасля таго, як работа па нераспаўсюджванні інвазійных відаў праведзена, — адзначае прадстаўнік Мінпрыроды.

  • У Мінскім раёне выяўлена больш за 330 папуляцый сумніку канадскага агульнай плошчай каля 80 га.
  • Папуляцыі ў краіне баршчэўніка Сасноўскага займаюць плошчу 3600 га.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Руплівасць супраць агрэсараў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.