Вы тут

Як у Беларусі агучваюць фільмы і спектаклі для невідушчых


Чалавек жыве не хлебам адзіным і, калі задаволеныя асноўныя фізіялагічныя патрэбы, жадае рэалізацыі ў іншых сферах — спасцігаць свет, знайсці сваё месца ў грамадстве, далучыцца да культуры і гістарычнай спадчыны... Добра разважаць пра гэта, калі адчуваеш наваколле напоўніцу, без межаў і перашкод. Калі ж гаворка ідзе пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ім усё даецца нашмат больш складана. Напрыклад, ці магчыма паказаць кіно альбо карціну невідушчаму? Аказваецца, невідушчы глядач — гэта зусім не аксюмаран, а хоць і складаная, але цікавая, высакародная і вельмі патрэбная задача, якую выконваюць ціфлакаментатары.


Дасье «Звязды»

Аўдыядэскрыпцыя (або ціфлакаментаванне) — лаканічнае апісанне прадмета, прасторы альбо падзеі, незразумелых людзям з глыбокімі парушэннямі зроку і цалкам невідушчым без спецыяльных слоўных тлумачэнняў. Развіццё гэтага кірунку, які стаіць на мяжы сацыяльнай і культурнай сфер, ішло паралельна на Захадзе і ў СССР, таму і з'явіліся два розныя тэрміны для адной з'явы. Зрэшты, азначэнне «ціфлакаментаванне» спецыялісты лічаць больш шырокім: калі аўдыядэскрыпцыя прадугледжвае толькі гукавое апісанне візуальнага рада і дзеяння — у кіно, тэатральных пастаноўках, спартыўных спаборніцтвах, — дык ціфлакаментаванне датычыцца і пісьмовых, і друкаваных крыніц — карцін, фотаздымкаў, геаграфічных картаў, чарцяжоў і г. д.

Дарэчы, на сёння, па звестках РГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», у Беларусі налічваецца каля 20 тысяч інвалідаў па зроку І і ІІ груп — людзей з цяжкімі формамі парушэння зроку.

Нягледзячы на тое, што першымі ўзорамі ціфлакаментавання можна лічыць радыётрансляцыі, напрыклад, спартыўных матчаў, якія ў СССР распачаліся яшчэ з канца 1920-х, спецыяльныя «гукафільмы» з тлумачэннямі для невідушчых пачалі з'яўляцца толькі праз паўстагоддзя. Першы метадычны дапаможнік для бацькоў, у якіх растуць невідушчыя дзеці, выйшаў толькі ў 1989 годзе, а інструкцыйны дапаможнік для спецыялістаў — усяго 10 гадоў таму.

Для параўнання: у ЗША 25 кабельных тэлеканалаў абавязаныя змяшчаць у квартальнай праграме не менш чым 50 перадач, якія суправаджаюцца аўдыядэскрыпцыяй. У Францыі закон абавязвае 10 асноўных вяшчальнікаў кожны тыдзень паказваць па дзве перадачы з аўдыядэскрыпцыяй. У Германіі з 1998 года гэтым займаецца арганізацыя Dеutsсhе Horfіlm gеmеіnnutzіgе GmbH (між іншым афіцыйны партнёр Берлінскага кінафестывалю), што спецыялізуецца на фільмах, спектаклях, музейных экспазіцыях ды фестывалях і агучвае для невідушчых каля 100-110 кінастужак штогод, прычым 20 % з іх — пры дзяржаўным фінансаванні. У суседняй Расіі ціфлакаментаванне актыўна падтрымлівае канцэрн «Масфільм», які змясціў на сваім YоuTubе-канале дзясяткі сваіх фільмаў мінулых гадоў, агучаных для невідушчых людзей. У Расіі на сёння больш за 50 прафесійных ціфлакаментатараў, сярод якіх, напрыклад, актрыса Ірына Бязрукава. А што ў нас?

У Беларусі піянеры ціфлакаментавання — сацыяльна-культурная ўстанова «МоцАрт», якая рэалізавала ўжо мноства інклюзіўных праектаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. «Мы ставім перад сабой дзве асноўныя задачы, — расказвае дырэктар «МоцАрта» Алесь Калоша, — гэта інклюзія, рэабілітацыя людзей з інваліднасцю, і падтрымка і развіццё нацыянальнай культуры».

Адзін з кірункаў работы ўстановы — падрыхтоўка аўдыякніг (у прыватнасці, выдадзены дзевяць аўдыякніг «Гродна: гісторыя ў гуку», у DАІSY-фармаце выдадзена хрэстаматыя па гісторыі Беларусі для 8 класа — дадатак для падручніка, які па замове Міністэрства адукацыі быў надрукаваны шрыфтам Брайля для невідушчых дзяцей). У 2016 годзе пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў «МоцАрт» быў здзейснены сумесны беларуска-польскі праект «Развіццё тэхнік прыстасавання інфармацыі і мастацтва да патрэб невідушчых і глухіх. Аўдыядэскрыпцыя для невідушчых людзей у музеях, тэатрах і іншых установах культуры». У яго межах прайшлі спецыялізаваныя экскурсіі ў Нацыянальным мастацкім музеі (аўдыягід, падрыхтаваны для невідушчых наведвальнікаў, апісваў 25 карцін з музейнай экспазіцыі) і ў Доме-музеі Марка Шагала ў Віцебску (аўдыягід з шасцю трэкамі — апісаннямі самога дома-музея, лаўкі, пакоя хлопчыкаў, гасцёўні, чырвонай залы і кухні, а таксама падрыхтоўка некалькіх экспанатаў для тактыльнага агляду). Летась упершыню ў Беларусі адбыўся тэатральны спектакль з аўдыядэскрыпцыяй — невідушчыя гледачы змаглі «ўбачыць» у Купалаўскім тэатры пастаноўку «Школа падаткаплацельшчыка». У канцы мінулага года выпусцілі для невідушчых кнігу пра Ефрасінню Полацкую з унікальным дадаткам — тактыльнай іконай.

А літаральна на мінулым тыдні ў сталічным кінатэатры «Беларусь» адбылася прэзентацыя сумеснага праекта «МоцАрт» і РГА «Белая Русь» — бясплатны прагляд для людзей з парушэннем зроку мастацкага фільма «Вянок санетаў» з аўдыядэскрыпцыяй.

Як адзначыў перад пачаткам сеанса старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька, гэтая работа — «дэманстрацыя павагі адно да аднаго, дадатковая магчымасць для тых, каму выпаў няпросты лёс, адчуць жыццё і мастацтва ва ўсіх яго праявах». Больш за 150 гледачоў з парушэннямі зроку, слабым зрокам і невідушчых, якія прыйшлі на сеанс, змаглі не толькі «ўбачыць» тое, што адбывалася на экране, але і атрымалі падарункі — дыскі з фільмамі ў аўдыядэскрыпцыі, якія можна будзе перагледзець сям'ёй дома.

«Акрамя пандусаў, афарбаваных прыступак і тактыльных плітак, людзі з глыбокім парушэннем зроку маюць патрэбу ў далучэнні да культуры, прычым у даступных фарматах, — падкрэслівае Алесь Калоша. — Разам з дзяржавай мы стараемся адаптаваць да іх магчымасцяў найлепшыя ўзоры беларускай нацыянальнай і сусветнай культуры. Хачу паведаміць усім вельмі добрую навіну: мы заключылі з кінастудыяй «Беларусьфільм» дагавор, паводле якога ўсе агучаныя намі фільмы, адаптаваныя для людзей з інваліднасцю па зроку, будуць змешчаныя на YоuTubе-канале нацыянальнай кінастудыі».

Дарэчы, гэта ўжо сёмы фільм з аўдыядэскрыпцыяй, якую здзейснілі супрацоўнікі «МоцАрт». Усяго ж маштабны праект «Бязмежнае кіно», які рэалізуецца сумесна з нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм», уключае 12 кінастужак — своеасаблівы «залаты фонд», склад якога вызначылі на кінастудыі да ўласнага 90-годдзя. З 2016 года ўжо былі паказаныя ў Мінску і іншых абласных цэнтрах фільмы «Горад майстроў», «У жніўні 44-га», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Белыя росы», «Прыгоды Бураціна» і «Пра Чырвоную шапачку» — апошнія дзве карціны выклікалі суцэльнае захапленне ў вучняў 188-й сталічнай школы для дзяцей з парушэннямі зроку (некаторыя маленькія гледачы ўпершыню даведаліся, што Бураціна — драўляная цацка, а не ўяўны персанаж).

Асноўны ціфлакаментатар гэтых фільмаў — акцёр Уладзімір Лісоўскі, які за час работы і праходжання спецыяльных курсаў у Польшчы лепш зразумеў псіхалогію і асаблівасці светаўспрымання невідушчых людзей. Наогул працэс агучвання няпросты і няхуткі: кожны фільм патрабуе каля двух месяцаў працы і 400—500 долараў выдаткаў. Сцэнарысты аўдыядэскрыпцыі пераглядаюць кожную стужку, каб зрабіць хранаметраж і запоўніць паўзы апісаннем таго, што адбываецца ў кадры, але пры гэтым не «наехаць» на дыялогі герояў, музыку і так званыя «значныя шумы», потым ідзе ўласна агучванне, потым з дапамогай невідушчых тэсціроўшчыкаў удакладняюць, ці ўсё зразумела, ці трэба выправіць некаторыя хібы. Пры гэтым ціфлакаментатар мусіць не толькі мець выразную дыкцыю, моцны і прыемны голас, але і прытрымлівацца пэўных стандартаў: не даваць ацэнку эмоцыям герояў, не навязваць сваю ацэнку, не падаваць як адзіную правільную сваю версію, «што хацеў сказаць аўтар».

Як гэта зроблена

«Івану, падлетку гадоў 12, ручной машынкай састрыгаюць валасы. Арцём, светлавалосы хлопец гадоў 14, смяецца, галавой ківае ў бок партрэта з выявай лысага вайскоўца — Катоўскага. У Арцёма і Івана на валасах пена, яны ўмываюцца, мыюць галовы...»

(фрагмент аўдыядэскрыпцыі фільма «Вянок санетаў»)

— Праект «Бязмежнае кіно» стаў магчымы дзякуючы дасягнутай дамоўленасці з «Беларусьфільмам» і падтрымцы старшыні Кастрычніцкага раённага аддзялення РГА «Белая Русь», кіраўніка гандлёвай кампаніі Максіма Крупейчанкі, для якога сацыяльная адказнасць бізнесу не проста прыгожыя словы, а неад'емная частка жыцця, — адзначае Алесь Калоша. — Планаў мноства — наперадзе яшчэ пяць кінастужак «Бязмежнага кіно», неўзабаве хочам зрабіць з Аленай Масла аўдыяверсію дзіцячай кнігі пра Лахнеску... На ўсё гэта, безумоўна, нашых рэсурсаў не хапае, хоць мы і спрабуем зарабляць: пішам аўдыякнігі па замовах і прадаём іх, але далёка не ўсе пра іх ведаюць. Таму, шчыра скажу, будзем удзячныя нераўнадушным прадстаўнікам бізнесу, грамадскім дзеячам за піяр-падтрымку і дапамогу. Працаваць у гэтым кірунку безумоўна неабходна, бо патрэба ў людзей ёсць. Многія людзі з парушэннем зроку пасля першых нашых паказаў фільмаў з аўдыядэскрыпцыяй тэлефанавалі мне і прызнаваліся, што нарэшце, упершыню за шмат гадоў, зразумелі сутнасць фільмаў, тыя падрабязнасці і дэталі, якіх не бачна. Бо прыблізна зразумець сюжэт можна і на звычайным кінасеансе, але па-сапраўднаму атрымаць асалоду ад фільма — канешне, аўдыядэскрыпцыя ў гэтым вельмі дапамагае.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота mоtsаrt.bу

Загаловак у газеце: Пачуць... колеры

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.