Вы тут

Рабін Шауль Хабаба: Чалавек жыве ў гэтым свеце не для сябе


На пачатку жніўня па вуліцы Чангарскай, 31, што ў Бабруйску, адчыніўся яўрэйскі дворык. На гэту падзею з'ехаліся госці з усяго свету — прыбыло каля 50 чалавек. Цяпер дворык можа наведваць кожны ахвотны ў любы час, акрамя начнога. Сцяна старой сінагогі, якая змяшчаецца ў дворыку, акуратна дапоўнена сучаснай чырвонай цэглай — так, што кладка амаль не адрозніваецца. Колішнія праёмы акон пакрытыя белай тынкоўкай, на якой змешчаны вялікія прыгожыя малюнкі, што сведчаць пра розныя аспекты жыцця народа — традыцыйную вопратку, адукацыю, побыт.

Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з рабінам Бабруйска Шаулем Хабаба. Яму ўсяго 33 гады. А ў Бабруйск з Ізраіля ён прыехаў, калі яму было 19 — усяго праз год пасля заснавання ў Ізраілі ўласнай рэкламнай кампаніі. У 22 гады Шауль Хабаба стаў бабруйскім рабінам.


— У мяне было шмат розных прапаноў — запрашалі ў Кіеў, Санкт-Пецярбург ды іншыя месцы. Чамусьці я выбраў менавіта Бабруйск — і не пашкадаваў пра гэта.

— У горадзе шмат грамадскіх згуртаванняў яўрэяў...

— Так, іх шэсць — усе супрацоўнічаюць між сабой, многае робяць сумесна. Усе святы мы адзначаем супольна. А работу падзялілі паміж згуртаваннямі — таму не канкурыруем, а, наадварот, падтрымліваем. Людзі сталага веку збіраюцца адно з адным, моладзь — з моладдзю, дзеці — таксама разам. Для кожнага ёсць варыянт, як спазнаць хоць невялікі кавалак іўдаізму праз шлях, які яму больш блізкі.

— Ваша супольнасць збіраецца ў старым, прыгожым будынку. Раскажыце яго гісторыю.

— Тут раней размяшчалася ешыва — рэлігійная навучальная ўстанова. Адсюль паходзіў знакаміты рабін Шмар'яў-Наах Шнеерсон — ён памёр дзесьці ў 1923 годзе і пахаваны на мясцовых яўрэйскіх могілках. Ён быў вялікім чалавекам і мог аб'яднаць вялікую частку яўрэяў, якія жылі ў Бабруйску ў той час, а яны складалі каля 80 % насельніцтва горада. Фактычна гэта было яго ешыва, яго вучылішча, дзе ён выхоўваў будучае пакаленне. І адсюль выйшла шмат знакамітых людзей, ва ўсякім разе па ізраільскіх мерках. Дагэтуль на самай вялікай у Ізраілі купюры, 200 шэкеляў (прыблізна 100 рублёў), выяўлены Натан Альтэрман. Гэта вядомы пісьменнік, паэт — яго бацька нарадзіўся недалёка ад Бабруйска, каля Буда-Кашалёва. Вельмі шмат вядомых асоб, калі капнуць іх біяграфію, паходзяць з Бабруйска ці ваколіц, вучыліся тут. Сучасную сінагогу агулам наведвае каля 750 чалавек — як тых, хто прыходзіць раз на год, так і тых, хто наведвае штодзённую службу.

— Ці сябруеце з бабруйчанамі, які не з'яўляюцца яўрэямі?

— Гэта цікавае пытанне. У Бабруйску не яўрэяў не бывае. У наш дворык, на Чангарскай, толькі што завітвалі мясцовыя, беларусы, — яны прынеслі і высадзілі там кветкі. Не толькі найбліжэйшыя суседзі, але і людзі з суседніх раёнаў прыходзілі са скрынкамі кветак і дапамагалі іх пасадзіць, дапамагаюць іх паліваць. Мы рэгулярна атрымліваем добрыя водгукі ад бабруйчан, і гэта надзвычай прыемна — ці то артыкулы чытаем, ці нейкія каментары бачым. Натуральна, заўсёды знаходзяцца тыя, хто імкнецца адшукаць нешта дрэннае, але большасць настроена пазітыўна. Нельга судзіць народ па меншасці, трэба глядзець на большасць — і гэта цудоўныя людзі, сапраўднае святло! Прыемна ісці па вуліцы, вітацца з месцічамі, яны настроены станоўча. У нас добрае супрацоўніцтва з насельніцтвам і з уладамі. У любой сферы, якой займаецца грамада, мы бачым падтрымку.

— Раскажыце пра дворык, які адкрыўся на Чангарскай.

— Там калісьці дзейнічала сінагога. Розныя крыніцы па-рознаму тлумачаць яе разбурэнне. Сённяшняя сінагога знаходзіцца зусім побач, на адлегласці менш чым квартал. У нас з'явілася магчымасць узяць гэты аб'ект, які быў у аварыйным стане, і адрамантаваць яго. Па-першае, мы ўшаноўваем яго як колішнюю малельню — людзі могуць азнаёміцца там з традыцыямі, не заходзячы ў сінагогу, не будучы нікому нічым абавязаны. Гэты будынак мог быць разбураны, аднак у нашай традыцыі нельга знішчаць старыя сінагогі — калі толькі не збіраешся будаваць на яе месцы новую, лепшую. Таму трэба было прымаць пэўнае рашэнне, і мы прыдумалі зрабіць там яўрэйскі дворык. Каб любы бабруйчанін і госць горада мог прыйсці і добра сябе ў ім адчуваць.

— Каго запрашаем на адкрыццё дворыка?

— Да нас з'ехалася каля 50 чалавек з Ізраіля, Канады, ЗША, Вялікабрытаніі, ехалі спецыяльна на адкрыццё. Я ўпэўнены, што гэты першы за 35 гадоў раз, калі яны вярнуліся ў Беларусь (не былі тут з таго моманту, як з'ехалі), разбудзіць іх «апетыт» зноў прыязджаць у Беларусь. Завітваць у госці, дакранацца да сцен, побач з якімі яны гулялі ў дзяцінстве, сустракацца з цікавымі людзьмі, якія чакаюць іх тут.

— Цікава, як бы вы апісалі гэты «апетыт» прыязджаць у Беларусь?

— У людзей ёсць свае «народныя» густы. Ёсць людзі, з якімі яны выраслі, і месцы, дзе жылі, але яны не ведаюць, які там цяпер стан... Я прыйшоў са свету бізнесу (і цяпер жыву ў ім), дзе трэба рызыкаваць, скакаць у невядомае, не ведаючы, паспяхова гэта будзе ці не. Аднак ты ўпэўнены, што зробіш правільны крок. Людзі, якія прыязджаюць сюды цяпер, пакуль не ведаюць, куды яны трапяць, некаторыя запытваюцца, ці нармальна тут працуе электрычнасць. Нягледзячы на тое, што некаторыя з іх пастаянна ў сеціве сочаць за навінамі ў Бабруйску, ім трэба прыехаць, каб зразумець, што гэта за месца. Мы вазілі іх па розных кропках Бабруйска, каб паказаць розны горад, — насамрэч па ім прыемна нават проста прайсці. Таксама яны ўбачылі будынкі, у якіх нарадзіліся, выраслі, тыя школы, у якіх вучыліся, дошкі гонару з імёнамі і фотакарткамі найлепшых вучняў. Я ўпэўнены, гэта аднавіла іх жаданне прыязджаць у Беларусь. Тут шмат натуральных прадуктаў (чаго не хапае ў свеце). Я часта бываю за мяжой і сам ведаю, што там зусім не тыя прадукты, не тое паветра. У нас у Беларусі вельмі ашчадна ставяцца да прыроды, а прырода аднаўляе сілы чалавека.

— Атрымліваецца, вы пакінулі бізнес, каб стаць рабінам?

— Так, натуральна. Аднак я яго не кінуў. З гэтага бізнесу я і жыву сёння — я не жыву на грошы грамады, наадварот, я ёй дапамагаю. У Ізраілі ў мяне сваё рэкламнае агенцтва, у якім працуе 35 чалавек. У 18 гадоў я адкрыў маленькае агенцтва — з таго часу яно вырасла ў агромністую арганізацыю.

— Як вы зразумелі, што вам трэба ўсё кінуць і прыехаць у Беларусь?

— У пэўны момант, калі мой бізнес стаў на ногі, я зразумеў, што чалавек жыве ў гэтым свеце не для сябе. Калі жыць толькі для сябе, станеш эгаістам і будзеш нікому не патрэбны. Можна зарабляць шмат грошай, але быць нікому не патрэбным. Так, зарабляць трэба, асабліва калі Бог дае табе такую магчымасць, і трэба дзяліцца з некім. У пэўны момант я ўбачыў, што работа ў агенцтве ідзе вельмі ладна, падумаў: «Навошта я там патрэбны?» У гэтай кампаніі я маю акцыі, з якіх атрымліваю прыбытак, — на іх мне добра жывецца тут. Я там не вельмі патрэбны, а тут, мне здаецца, прыношу пэўную карысць для грамады, для сябе, для людзей, якія таксама мяне чамусьці вучаць. Узаемаабмен — надзвычай карысная рэч.

— Вы вучыліся і на рабіна, і на рэкламшчыка?

— Не, я вучыўся толькі на рабіна. А рэклама — гэта проста падарунак мне ад Бога: я ёй нідзе не вучыўся. У студэнцкія часы, паралельна з духоўнай вучобай, я пачаў гэты рух. Спачатку, у 12 гадоў, усё было проста валанцёрствам. На хлеб мне зарабляць не трэба было, сям'я ў нас дастаткова забяспечаная: мама — кандыдат навук, тата — вялікі чалавек у Ізраілі. Таму я распачаў гэты занятак не таму, што меў патрэбу, а таму, што бачыў прыклад сваіх бацькоў — трэба займацца, трэба штосьці рабіць, падпрацоўваць, імкнуцца нешта добрае зрабіць у гэтым свеце. Першай у мяне была рэклама кавы, якую я распрацаваў для вялікай кампаніі ў Ізраілі. Гэта рэклама добра пайшла, на яе атрымаўся вялікі попыт. Я падумаў, што калі першае пайшло добра, то трэба паспрабаваць і другое. Наступнай зрабіў рэкламу для кампаніі мабільных тэлефонаў. На сённяшні дзень мы трымаем даволі вялікі рынак без майго знаходжання ў краіне. Калі трэба, Бог узмацняе гэту сферу, а калі трэба, узмацняе іншае — маю сям'ю, служэнне як рабіна: усё распісана вельмі слушна.

— Наколькі складана было з'ехаць з Ізраіля ў іншую краіну? І што аказалася самым няпростым тут?

— Натуральна, складана з'язджаць са свайго дома, пакідаць камфорт, да якога ты прызвычаіўся. Тут жа няпроста было прыстасавацца да іншага менталітэту, а асабліва да іншай мовы. Аднак калі ў цябе ёсць мэта, у правільнасці якой ты ўпэўнены, усё атрымліваецца прыемна і добра.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.