Вы тут

Бабруйскія дэпутаты падзяліліся вопытам


Гэтым разам месцам пераймання вопыту быў абраны Бабруйск — сёмы па колькасці насельніцтва горад у краіне. Праграма была досыць шчыльная, на парадку дня — шэраг пытанняў. Асноўныя — стан выканання на Магілёўшчыне пяцігадовай — да 2025-га — дзяржпраграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка», а таксама вопыт работы Бабруйскага гарсавета па павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.


З выездам на месца

У Бабруйску да ўдзельнікаў сесіі (у тым ліку дэпутатаў парламента і парламентарыяў) далучыліся старшыня Бабруйскага гарсавета дэпутатаў Міхаіл Жалудоў і першы намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Дзмітрый Максіменка. Удзельнікам было прапанавана падзяліцца на дзве групы, каб з выездам на месца больш дэталёва пазнаёміцца з работай асобных прадпрыемстваў і ўстаноў. Пакуль першыя знаёміліся з асаблівасцямі адукацыйнага працэсу на прыкладзе сярэдняй школы № 35 г. Бабруйска імя П. І. Батава і вывучалі магчымасці ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «БабруйскАграМаш», другія (у тым ліку і карэспандэнт «МС») наведалі дзіцячы садок № 84 Бабруйска і мэблевую вытворчасць «ФанДОК».

Дашкольная дзіцячая ўстанова знаходзіцца ў самым маладым мікрараёне горада «Маладзёжны». Ён забудоўваўся ў 70—80-я гады мінулага стагоддзя. У назвах вуліц увекавечаны імёны гераічных ваенных дзеячаў, лёс якіх звязаны з горадам, — Барыса Коўзана, Сяргея Сікорскага, генерала Паўла Батава, які вызваляў Бабруйск у 1944-м.

Свае дзверы дзіцячы садок расчыніў тры гады таму. Будаваўся па дзяржаўнай інвестпраграме Бабруйскім заводам КПД. На плошчы болей чым 2,3 тысячы квадратных метраў размясціліся ўсе неабходныя для развіцця і заняткаў дашкалят памяшканні і нават басейн. Садок наведвае 240 дзяцей, якія размеркаваныя па 13 узроставых групах. Адна з іх — спецыялізаваная, для выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Прыярытэтны кірунак, які пазіцыянуе ўстанова, — фарміраванне асноў бяспечнай жыццядзейнасці. Пры падтрымцы Бабруйскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях тут абсталяваны спецыяльны пакой бяспекі. Яшчэ адзін кірунак, які распаўсюджваецца ў тым ліку і на бацькоў выхаванцаў, — патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне. Дарослыя дапамагаюць ў падрыхтоўцы да свят, удзельнічаюць разам з дзецьмі ва ўрачыстых шэсцях, выставах.

Загадчыца дзіцячага садка Таццяна Анцюшэня разам са сваімі калегамі правяла экскурсію па садку і паказала, наколькі творчая праводзіцца тут работа. Вельмі кранула, як маленькія дзеці ў нацыянальных касцюмах сур'ёзна і артыстычна спявалі дарослым на роднай мове. І па-добраму пазайздросціла малым, якія пялёскаліся ў цёплым, вельмі сучасным і прыгожым басейне.

— У праграме будаўніцтва дзіцячых дашкольных устаноў гэты сад тыповы, — адзначыў дэпутат аблсавета, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Анатоль Глаз. — Ён прадугледжвае наяўнасць усіх тых атрыбутаў, якія павінны забяспечваць паўнавартаснае выхаванне дзіцяці. Цудоўны калектыў, добра працуе. Для дзетак, якія маюць патрэбу ў індывідуальным навучанні, ёсць адпаведныя спецыялісты. Кожнае дзіця абыходзіцца бюджэту ў 4900 рублёў за год. А бацькоўская даплата складае 103 рублі ў месяц — за харчаванне, калі шматдзетная сям'я — напалову танней, а калі дзіця-інвалід, то наогул бясплатна. Трэба, каб бацькі памяталі, што наша дзяржава сацыяльна-арыентаваная, і сумленна працавалі на яе карысць.

Дарэчы, яшчэ ў садку ўсе звярнулі ўвагу, якая зручная і прыгожая тут мэбля. Высветлілася, што свайго ж вытворцы — бабруйскага прадпрыемства «ФанДОК».

Падчас візіту на яго можна было ўбачыць і іншыя ўзоры мэблі, прычым на любы густ. На жаль, санкцыі сур'ёзна паўплывалі на, лічы, горадаўтваральнае прадпрыемства Бабруйска. Яно было амаль цалкам завязана на экспарце мэблі ў цяпер не дружалюбныя краіны. Некаторыя з іх і зараз невялікімі партыямі заказваюць тут мэблю, але гэта кропля ў моры. Прадпрыемства наладжвае сувязі з усходнімі партнёрамі, павялічваюцца адгрузкі прадукцыі ў Кітай, але вельмі запаволена выходзіць з крызісу. Тым не менш прагнозы даволі аптымістычныя, і паказчыкі пакрыху, але ж паляпшаюцца. Удзельнікі сесіі наведалі таксама самы прыбытковы ўчастак на сёння гэтага вытворцы — фанерны завод. Сярэдняя зарплата на сёння тут , па словах яго кіраўніка, каля 1300 рублёў.

Сёння на «ФанДОКу» працуе 6800 чалавек. Прадпрыемства працуе разам з лесатэхнічным каледжам, які забяспечвае яго кадрамі. Сёння гэта філіял Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Генеральны дырэктар ААТ «ФанДОК» Андрэй Парцянкоў перакананы, што візіт дэпутатаў і парламентарыяў вельмі карысны для прадпрыемства. Нехта па-новаму адкрыў «ФанДОК», ацаніў новую лінейку яго мэблі.

— Еўропа закрыла для нас рынкі, мы пераарыентаваліся на іншыя, але яны менш маржынальныя, — канстатуе генеральны дырэктар. — Патрэбны час, перабудова, у тым ліку і па асартыменце. На жаль, працэс не вельмі хуткі.

Старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, будаўніцтве, транспарце, сувязі, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарцы Магілёўскага аблсавета, кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Андрэй Ярцаў рэзюмуе: прадпрыемства перажывае наступствы сектаральных санкцый.

— У краіне прымаюцца ўсе магчымыя меры, каб нівеліраваць сітуацыю ў галіне дрэваапрацоўкі, — адзначыў ён. — Ідзе барацьба за новыя рынкі збыту. Гэта работа і дзяржавы праз пасольствы тых краін, праз афіцыйныя візіты, і непасрэдна канцэрна «Беллеспаперапрам», у які ўваходзіць прадпрыемства. У Расіі празмернасць драўніны, але трэба шукаць нішу, больш танныя варыянты сыравіны.

Лепш адзін раз убачыць...

Карэспандэнт «МС» пацікавілася ва ўдзельнікаў, чым асабіста ім было карысна знаёмства з патэнцыялам Бабруйска.

Старшыням Крычаўскага і Мсціслаўскага райсаветаў Ірыне Пруднікавай і Алене Клеянковай было цікава даведацца, як працуе бабруйская моладзь і ўзаемадзейнічае з мясцовай уладай. Уразіла прадпрыемства «БабруйскАграМаш», на якім атрымалася пабываць упершыню.

— Вельмі добрая практыка — паехаць і паглядзець, што робіцца ў раёнах, — перакананыя яны. — Можна сто разоў пачуць, але лепш адзін раз убачыць. Каб нешта прымяніць на свой раён. Захапіў узровень работы з моладдзю. На тым жа «БабруйскАграМашы» замацаванасць кадраў у 2019 годзе была ўсяго 18 %, цяпер — 40! Спрацавала тое, што была ўведзена дадатковая стаўка — спецыяліст па рабоце з моладдзю. Наогул, вопыт добры, трэба акцэнт рабіць на працоўнай моладзі. Каб яе прыцягнуць, варта стварыць неабходныя ўмовы. Мы і ў сябе ў раёнах практыкуем выязныя мерапрыемствы. Часам, нават на месцах адкрываеш для сябе шмат яшчэ няўлічаных славутасцяў і цікавых людзей.

Старшыня Хоцімскага райсавета Яўген Нікалаенка таксама адзначыў дзейсную работу з моладдзю.

— Мяне вельмі ўразіла моладзь, як яны захоўваюць памяць пра Вялікую Айчынную вайну, — адзначыў ён. — Я вельмі рады за гэтых дзяцей, яны — наша надзейная будучыня. Работа па выхаванні моладзі ў Бабруйску праводзіцца сістэмная, мэтанакіраваная.

— Мы аб'ездзілі практычна кожны раён, і можна смела казаць: якая прыгожая ў нас краіна, — падзяліўся член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско. — Бабруйск — наогул выключны горад. Мы наведалі шыкоўную вельмі сучасную школу. Я вучыўся ў звычайнай, а гэта проста фантастыка. Афармленне, напаўненне, — сапраўдны палацава-паркавы ансамбль. Знаходжанне ў такім прыгожым месцы вымушае і весці сябе высокакультурна. «БабруйскАграМаш» уразіў сваёй магутнасцю і аб'ёмам. На заводзе практычна ўсе брэндзіравана. Асабіста мяне як урача парадавала, што ў месцах для курэння — інфармацыя, што гэта вялікая шкода арганізму.

— Спадабалася адладжаная сістэма ідэалагічнай работы ў сярэдняй школе № 35 імя П. І.Батава, — рэзюмаваў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег Дзячэнка. — Выдатная музейная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, шырокае выкарыстанне беларускай арнаменталістыкі пры афармленні холаў школы, папулярызацыя класікаў беларускай літаратуры — гэта першае, што кідаецца ў вочы кожнаму, хто пераступае парог школы, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў 2021 годзе. Светлыя і ўтульныя класы, сучасныя спартзала, трэнажорка, басейн, бібліятэка, кабінет ратавальнікаў, сталовая з кардынальна абноўленым меню — у школе створаны вельмі камфортныя ўмовы для навучання, выхавання, адпачынку і ўмацавання здароўя дзяцей.

Разам з жыхарамі

Падчас пленарнага пасяджэння разгледжаны ход рэалізацыі дзяржпраграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» з улікам досведу, атрыманага падчас наведвання аб'ектаў сферы адукацыі і прамысловасці. На прыкладзе Бабруйска вывучана практыка работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. У прыватнасці, якую ролю яны іграюць у прыцягненні насельніцтва для стварэння камфортнага асяроддзя пражывання і выхавання рупліўцаў. Калегіяльна яны дзейнічаюць у рамках ЖЭУ. У Бабруйску іх налічваецца 13. Тут працуе 81 чалавек — дэпутаты, работнікі ЖКГ, адукацыі, міліцыі, жыхары. Сюды сцякаецца ўся карысная інфармацыя, сістэматызуецца, кантралюецца. Актывісты вядуць кантроль за ўборкай прыдамавых тэрыторый захавальнасці жылога фонду ў належным стане, прыцягваюць грамадзян да суботнікаў, заахвочваюць гараджан удзельнічаць у конкурсах і падключацца да самафінансавання цікавых для іх праектаў з удзелам абласной Асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў: добраўпарадкаванне гульнявых і спартыўных пляцовак, зон адпачынку. Разам абмяркоўваюцца грамадзянскія ініцыятывы, найлепшыя з якіх фінансуюцца. Расказаў пра дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання старшыня Бабруйскага гарсавета Міхаіл Жалудоў.

Старшыня Магілёўскага аблсавета Ірына Раінчык назвала выязную сесію практыкаарыентаванай.

— Мы наведалі бабруйскія прадпрыемствы і сацыяльныя ўстановы з мэтай пазнаёміцца з ходам сацыяльна-эканамічнага развіцця Бабруйска, сферы адукацыі. Сістэма адукацыі ў Магілёўскай вобласці функцыянуе стабільна, рэалізоўвае права кожнага дзіця на атрыманне на годным узроўні якаснай адукацыі, духоўнага і фізічнага развіцця. Дзяржава накіроўвае значныя сродкі на стварэнне камфортных умоў для арганізацыі вучобы і вольнага часу дашкольнікаў і школьнікаў. Толькі сёлета для правядзення капітальных і бягучых рамонтаў з абласнога бюджэту было выдзелена каля 68 мільёнаў рублёў. Будуецца два новыя дзіцячыя садкі ў Магілёве і Бабруйску, дзве школы — у Магілёве і Асіповічах, завершана рэканструкцыя дзіцячага садка ў аграгарадку Вейна Магілёўскага раёна, уведзены ў эксплуатацыю басейн «Каскад» у гарадскім пасёлку Хоцімск, адкрыты дом сямейнага тыпу ў Бабруйску. На правядзенне работ па рамонце фізкультурна-спартыўных пляцовак устаноў адукацыі накіравана 850 тысяч рублёў. На набыццё высокатэхналагічнага халадзільнага абсталявання — болей чым адзін мільён. Хочацца звярнуць увагу яшчэ на такі важны момант. З улікам заўваг Прэзідэнта мы павінны забяспечыць ва ўстановах адукацыі парадак і дысцыпліну. Школа закладвае падмурак не толькі будучага грамадзяніна, але і патрыёта сваёй краіны. Паўсюль павінен быць наведзены парадак у памяшканнях і на тэрыторыі. Усе работы трэба праводзіць з удзелам дзяцей. Выхоўваючы дзяцей працай, мы закладваем у іх беражлівыя адносіны да школы, імкненне прымнажаць каштоўнасці і традыцыі свайго народа. Асобная тэма — арганізацыя харчавання ў школах. У кіраўніка ўстановы павінна быць на штодзённым кантролі якасць харчавання. І трэба не забываць, што якасць навучання — гэта не толькі абноўленае абсталяванне, праграмы і падручнікі, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, але і паспяхова ўладкаваны чалавек, яго канкурэнтаздольнасць у цяперашнім свеце і цвёрдая грамадзянская пазіцыя. Час патрабуе новых падыходаў, падрыхтоўкі кадраў з улікам неабходных для эканомікі прафесійных кампетэнцый. Паспяховае вырашэнне кадравых пытанняў непарыўна звязана з актыўным уцягваннем у працэс абучэння арганізацый — заказчыкаў кадраў. Пры наведванні прадпрыемстваў у Бабруйску мы змаглі ўбачыць, як гэта функцыянуе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Бабруйск.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.