Вы тут

Вечна тваё


102 гады «Звяздзе»! Святкавалі ўсе разам у мінулую пятніцу. Урачыста ўпрыгожылі фае. Сёе-тое падрыхтавалі з прысмакаў. Зладзілі «Газетныя гульні» — па аналогіі з фільмам «Галодныя гульні». Праўда, у нас ніхто нікога не забіваў і людзі адно на аднаго не палявалі. Наадварот, сваю вікторыю аддавалі іншаму, дзесьці вырашалі, што перамагло сяброўства — як і заўсёды ў «Звяздзе»!


З гэтых 102 гадоў сем з паловай — мае. Час станаўлення як журналіста, час сталення. Спадзяюся, што за тое, што з мяне атрымалася, калегам не сорамна! Усміхаюся і радуюся іх кампліментам.

Фота Ганны Занкавіч.

Што ж было за гэту больш чым векавую гісторыю найстарэйшай беларускамоўнай газеты? Для многіх такая лічба гучыць вельмі і вельмі паважна. Але за любой лічбай, за прыгожай падзеяй стаяць канкрэтныя асобы. Не заўсёды іх імёны ўпісаны ў гісторыю. Часта многіх насамрэч вартых памяці людзей усё-такі забываюць. Аднак нічым не сцерці іх справы. Ніякім карэктарам не замазаць і лязом з асабістай справы не выскрабці тое, што паспеў зрабіць чалавек. Нават калі гэта і не занатуюць летапісцы, яно застаецца.

Хтосьці выдаваў «Звязду» ў часы вайны: у зямлянках, на востраве, у падпольных кватэрах. Сёння гэтыя імёны мы ведаем як імёны герояў. Аднак і тое, што робіцца ў мірны час, мае не меншую каштоўнасць. Пісаць якасныя артыкулы, думаючы пра свайго чытача. Распрацоўваць праблемныя тэмы, імкнучыся некаму дапамагчы. Рабіць інтэрв'ю з цікавымі героямі — каб больш людзей даведалася пра іх карысныя ініцыятывы і каб іх уласнае меркаванне пра сябе крыху палепшылася. І калі іншы журналіст ці фотакар дазваляе сабе слабіну, ты зноў згадваеш твары тых чытачоў, якіх ведаеш асабіста, — нібы яны, прысутныя тут, зараз глядзяць менавіта на цябе. Таму даводзіцца трымаць планку, уздымаць яе яшчэ вышэй. І дзесьці на нябачных вагах узважваецца тое, што ўнёс кожны ў 102-гадовую гісторыю газеты.

Для тых людзей, якія працуюць з табой кожны дзень, пад бокам, каштоўнасці і шкала вымярэння крыху іншыя. Усё вымяраецца яшчэ і колькасцю праведзеных разам абедаў, выпітай сумесна кавай і гарбатай за добрымі размовамі, печывам, прынесеным з дому, каб пачаставаць любімых калег. Вядомы факт, што для тых, хто працуе побач, важна не тое, што мы робім, а тое, якія мы ёсць. Наколькі з намі прыемна, добра. Наколькі проста!

Пра ўсё, што я напісала вышэй, хтосьці скажа, што такое магчыма толькі ў ідэальным свеце! Не заўсёды ў рэальнасці навокал спрыяльныя ўмовы: матэрыяльнага стымулявання хацелася б больш, не надта зручна з кімсьці ісці на гарбату — работу ж, вечную сваю работу трэба дарабіць. Але класік наш, Уладзімір Караткевіч, з гэтай нагоды праз дзесяцігоддзі прамаўляе: «Але вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў». Не заўсёды гэта зручна, проста, і нават не заўсёды хочацца. Але такія яны, каштоўнасці вечнасці: аддаваць, дбаючы найперш пра іншага, а пра сябе — у другую ці трэцюю чаргу.

Для мяне гэты палёт у космасе «Звязды» быў прыемным. Любімая тэма гісторыка-культурнай спадчыны. З радасцю арганізаваныя многія рэдакцыйныя святы. І ўсё тыя ж прыемныя паходы на абед і проста цёплыя размовы з добрымі калегамі. Дзякуй за нашу сумесную гісторыю! Нават тое, што не запісана, запомніцца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?