Вы тут

Як прайшоў парад у Мінску


Шоу асілкаў, кірмаш цудоўных вырабаў, легендарны Т-34 на галоўным праспекце і феерычны салют — Мінск, а разам з ім і ўся краіна з размахам адзначылі Дзень Незалежнасці і 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Карэспандэнты «Звязды» з раніцы да вечара былі ў самым эпіцэнтры падзей, каб расказаць і паказаць чытачам, як беларуская сталіца сустрэла свята.


Каля 80 мерапрыемстваў у розных раёнах Мінска былі падрыхтаваны для мінчан і гасцей горада да 3 ліпеня. Самыя маштабныя гулянні разгарнуліся на пляцоўцы каля Палаца спорту. Для прысутных працавалі фудкорты з разнастайнымі стравамі беларускай і іншай кухні, былі ўсталявалі сталы з пасадачнымі месцамі для дзвюх тысяч чалавек. Непадалёку размясціліся рады з прылаўкамі майстроў, у якіх можна было набыць разнастайныя хэндмэйд-упрыгожанні, цацкі, кавальскія вырабы і шмат іншага. Для гараджан зладзілі канцэрт. А трынаццатай гадзіне пачаўся турнір па сілавым экстрыме «Mіnsk Strоng Bаttlе — 2019».

У гэты асаблівы дзень на галоўных вуліцах з кожным годам менш тых, каму ў першую чаргу прысвечана свята вызвалення і каму мы абавязаны сваёй незалежнасцю, — у Мінску пражывае крыху больш за 1700 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Самым маладым з іх ужо амаль 90 гадоў, таму сустрэць іх у шумных гуляннях складана. Але шматлікая моладзь, якая ўдзельнічае ў святочных мерапрыемствах, імкнецца выказаць ім словы падзякі.

«У Дзень Незалежнасці адчуваецца гонар за нашу краіну і яе незалежнасць. Нашы бабулі і дзядулі падчас вайны былі маленькія, але яны памяталі гэтыя падзеі і расказвалі нам, — дзеляцца прыгажуні Таццяна і Настасся, якіх мы сустрэлі на гуляннях. — Трэба абавязкова падзякаваць ветэранам. Трэба, каб моладзь іх ведала ў твар, каб пра іх расказвалі. Ветэранаў застаецца няшмат, і трэба ўсімі сіламі дапамагаць пераможцам».

Акрамя моладзі, на галоўных забаўляльных пляцоўках сталіцы былі і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Каля імправізаванай фотазоны з рарытэтнымі аўтамабілямі мы пазнаёміліся з вайскоўцамі ў адстаўцы. Палкоўнік запасу Мікалай Аляксеевіч расказаў, што асабіста для яго значыць свята вызвалення. «На пачатку вайны мне было 10 гадоў, але я памятаю яе пачатак, як бацька на вайну пайшоў. Ён у мяне таксама ваенны чалавек быў. Першая палова вайны была асабліва цяжкая для савецкага народа, — успамінае новы знаёмы, і ў яго вачах я адразу заўважаю самоту. — Дзякуючы дзеянням беларускіх, украінскіх партызан немцаў змучылі, і да Масквы яны прыйшлі ўжо змардаваныя. Я сам расіянін па нараджэнні, але ўжо лічу сябе беларусам — жыву тут 30 гадоў. Наш народ у той час быў згуртаваны. І сучаснае маладое пакаленне павінна разумець: калі мы ўсе будзем адзіныя, тады нам нічога не страшна».

Нечакана надвор'е змянілася і наляцела хмара. Мы таксама схаваліся пад дахам аднаго з павільёнаў. Пакуль чакалі, калі скончыцца дождж, завязалі размову з Надзеяй. «Няхай нават надвор'е дрэннае, але святкаваць трэба абавязкова. Будні нашы не такія простыя, таму трэба радавацца. Паглядзіце на італьянцаў, яны ж без свята не жывуць. А мы, беларусы, часам ходзім пахмурныя. А гэта свята натхняе, — адзначае жанчына. — У мяне тата рускі, але ён удзельнічаў у вызваленні Гомельскай вобласці. Для яго гэтыя святы былі асаблівыя. Трэба захоўваць памяць і для моладзі, каб яны ведалі і паважалі традыцыі».

75-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — свята не толькі для нашага народа. Каля Палаца спорту мы сустрэлі калегу, журналіста прававога партала Гусейнсоя Яшара. У руках ён трымаў партрэт Героя Савецкага Саюза Наджафгулу Рафіева, імя якога ўвекавечана ў назве адной з вуліц Маскоўскага раёна сталіцы. Як мы даведаліся, карэспандэнт прыехаў на свята ў Мінск з Азербайджана. «Я прыехаў, каб успомніць пра герояў-азербайджанцаў, якія прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі. Гэта Герой Савецкага Саюза малодшы лейтэнант Рафіеў, камандзір узвода, — паказвае ён на партрэт. — Калі савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі, яго ўзвод абышоў ворага з тылу і адкрыў праход іншым часцям для ўдару па ворагу».

Увечары святкаванне перамясцілася да абеліска «Мінск — горад-герой». Там чакалі пачатку кульмінацыі дня — парада войск Мінскага гарнізона. Сёлета галоўную падзею перанеслі на вечар.

А дзявятай гадзіне сэрцы гледачоў, здаецца, замерлі ў трывожна-святочным чаканні: над горадам пачуўся гул авіяцыі. Сучасныя баявыя самалёты і верталёты разрэзалі неба сталіцы, быццам чырвоную стужку, і распачалі парад.

Затым у строі прамаршыравалі 25 пешых парадных разлікаў. Упершыню ў парадзе прынялі ўдзел аж тры разлікі жанчын-вайскоўцаў. Два з іх прадстаўлены прыгажунямі Узброеных Сіл і адзін — супрацоўніцамі Міністэрства ўнутраных спраў.

Добрай традыцыяй стаў удзел у парадзе разлікаў Узброеных Сіл Расіі і Народна-вызваленчай арміі Кітая. Сёлета ў страі — і сцягавыя групы вайскоўцаў з Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана.

Перад трыбунамі пранеслі Сцяг Перамогі, Дзяржаўныя сцягі Беларусі і СССР, штандары франтоў, якія вызвалялі Беларусь. Пачэснае месца знайшлі ў страі баявыя сцягі партызанскіх фарміраванняў ваенных часоў.

Дарэчы, прамаршыраваў і партызанскі парадны разлік. Яго ўдзел у парадзе — асаблівы знак пашаны і сімвал усенароднай барацьбы.

Увагу прысутных, асабліва маленькіх гледачоў, прыцягнуў парад ваеннай тэхнікі. Сёлета прадстаўлена 24 разлікі. 70 % узораў тэхнікі — найноўшая або якая прайшла найглыбейшую мадэрнізацыю. Як звычайна, узначальваў механізаваную калону легендарны танк Перамогі Т-34.

Завяршылася мерапрыемства, мабыць, самай чаканай дзеяй — пляц-парадам зводнай роты ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры.

Усяго ў ваенным парадзе прыняло ўдзел каля пяці тысяч вайскоўцаў, а ў складзе механізаванай калоны — больш за 280 адзінак колавай і гусенічнай тэхнікі. У паветраным парадзе было задзейнічана каля 50 самалётаў і верталётаў.

Акурат з завяршэннем парада і тэатралізаванага эпізоду «Беларусь гераічная» з акцыяй «Праспяваем гімн разам» неба над Мінскам расквеціў святочны салют.

Але на гэтым святкаванне не закончылася. Самыя трывалыя і бадзёрыя мінчане і госці сталіцы засталіся на канцэрт каля абеліска, дзе іх чакалі выступленні айчынных артыстаў з найлепшымі сучаснымі кампазіцыямі і хітамі мінулых гадоў.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.