Вы тут

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара


На поўначы краіны самы вялікі «фронт работ» у барацьбе з інвазійнай раслінай. З ёй змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара.


Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне. Расліна-паразіт расце на плошчы каля трох тысяч гектараў.

Фінансаванне павялічваецца

Найбольш праблемнымі з'яўляюцца Ушацкі раён, дзе плошча распаўсюджвання баршчэўніку больш за 1260 га, Віцебскі — каля 521, Гарадоцкі — каля 404,5 гектара.

Як паведаміў старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў, выяўлена 3432 месцы вырастання баршчэўніку Сасноўскага на тэрыторыях 455 землекарыстальнікаў.

У канцы красавіка на пасяджэнні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта разгледжана пытанне аб арганізацыі работ па барацьбе з інвазійнымі відамі раслін. Адказным выканаўцам і службам былі дадзены канкрэтныя даручэнні.

Актуальнае пытанне фінансавання. У раённых і гарадскіх бюджэтах прадугледжаны сродкі на выкананне мерапрыемстваў — больш за 530,7 тысячы рублёў. У тым ліку ў Браслаўскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Аршанскім, Ушацкім, Шаркаўшчынскім раёнах і Віцебску. Для параўнання, летась з абласнога бюджэту выдзелена было 310 тысяч рублёў.

Паводле інфармацыі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на 1 чэрвеня, мерапрыемствы па барацьбе з баршчэўнікам выкананы на плошчы больш за дзве тысячы гектараў. Асвоена 275,5 тысячы рублёў, або 44 % ад прадугледжаных сродкаў.

Багаты арсенал

Абласнымі службамі і арганізацыямі, іх падначаленымі падраздзяленнямі выкананне работ па барацьбе з інвазійнымі відамі раслін праводзяцца за ўласны кошт.

Так, Віцебскім дзяржаўным лесагаспадарчым аб'яднаннем накіравана на знішчэнне баршчэўніку больш за 40 тысяч рублёў. Леснікі купілі 40 кілаграмаў гербіцыду «Тэрсан» і 40 літраў «Тарнада». Іх уносяць з дапамогай ручных апырсквальнікаў, а таксама паветранадзімалак з падачай вады. Праведзены работы на 293,3 га зямель ляснога фонду.

Змагаюцца з «зялёным ворагам» і дарожнікі. У палосах адводу аўтамабільных дарог выкананы мерапрыемствы на плошчы 55,2 га. І энергетыкі бяруць удзел у барацьбе з «паразітам». Для выканання гэтых работ у філіялах РУП «Віцебскэнерга» маюцца мотакосы, кустарэзы і трактары з навясным абсталяваннем.

Чыгуначнікі вельмі актыўна наводзяць прыгажосць у паласе адводу чыгункі. Віцебскім аддзяленнем БЧ сёлета на правядзенне работ выдаткавана 15 тысяч рублёў. Усяго ў Віцебскай вобласці для правядзення работ выкарыстоўваецца больш за 170 трактароў, абсталяваных касілкамі і навяснымі апырсквальнікамі. У арсенале знішчальнікаў баршчэўніку 184 ранцавыя апырсквальнікі, каля 340 трымераў і бензакос. Набыта 578 кг гербіцыдаў, больш за 2680 літраў гліфасатаў...

У Віцебскім раёне работы на землях сельскагаспадарчага прызначэння праводзяцца ўласнымі сіламі сельскагаспадарчых арганізацый, якім для закупкі гербіцыдаў выдзелена больш за 82,6 тысячы рублёў. На землях сельскіх выканаўчых камітэтаў на конкурснай аснове вызначаны выканаўцы работ на суму каля 37,3 тысячы рублёў. Работы праводзяцца спецыялізаванымі брыгадамі, створанымі на базе Віцебскай ПМС, УП «Вітрайкамгас» (сумесна з райаддзелам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях) і ААТ «Віцебскі райаграсэрвіс».

Як знішчаюць на Ушаччыне?

Ва Ушацкім раёне за кошт выдзеленых бюджэтных сродкаў закуплены гербіцыды «Тэрсан», «Тотал» 480. Работы на землях запасу, а таксама агульнага карыстання населеных пунктаў, сельскагаспадарчага прызначэння агульнай плошчай 505 га выконваюць ратавальнікі. Плануецца дадатковае набыццё 40 кг гербіцыду «Магнум».

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Садоўскі канстатуе, што для выканання мерапрыемстваў з абласнога бюджэту перададзена ў раённы 226 тысяч рублёў. На работах задзейнічаны тры брыгады па пяць чалавек з мотаапырсквальнікам, трактар з садовым апырсквальнікам. Падраднай арганізацыяй выкананы работы па хімічнай апрацоўцы месцаў вырастання на плошчы 300 га. Работы праведзены на землях сельскагаспадарчага прызначэння, сельсаветаў.

На механічнай апрацоўцы задзейнічаны трактарныя касілкі дарожных арганізацый, прадпрыемства ЖКГ, сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама рабочыя лясгаса з мотакосамі і косамі. Сельскагаспадарчыя арганізацыі заворваюць землі, занятыя баршчэўнікам. Усяго заарана 710 га.

Аляксандр ПУКШАНСКІ


Каментарый у тэму

— Планам мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму ўстаноўлены штомесячныя заданні па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага, — гаворыць начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай СВІДЗІНСКІ. — У маі запланавана знішчэнне баршчэўніку па ўсёй краіне на плошчы, якая ахоплівае 1817,75 га. Па стане на 1 ліпеня мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага ў цэлым па краіне праведзены на плошчы 2556,53 га, або 140,6 % ад устаноўленага задання. Напрыклад, у месцах адпачынку на водных аб'ектах ліквідаваны зараснікі баршчэўніку на 6,2116 га, што склала 121,5 % ад устаноўленага задання, на сельскагаспадарчых тэрыторыях і аб'ектах — на 1290,4687 га (136,7 %). Выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя спосабы выдалення баршчэўніку: механічны, хімічны і камбінаваны. Знішчэнню гэтай інвазійнай расліны аддаецца сур'ёзная ўвага, работа па выкананні мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага знаходзіцца на кантролі ў тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Баршчэўнік не здаецца, але пакуль...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.